РО́СТАВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

эндагенныя і экзагенныя рэгулятары размнажэння клетак. Маюць спецыфічную здольнасць стымуляваць ці прыгнечваць дзяленне клетак у тканках-мішэнях і падтрымліваць тканкавую раўнавагу (стацыянарны стан). З’яўляюцца натуральнымі рэгулятарамі клетачнага цыкла, нетаксічныя, уздзейнічаюць выбіральна і пераважна лакальна, таму адносяцца да аўтакоідаў. У жывёл адрозніваюць гармоны, цытакіны, фактары росту і кейлоны. Гармон росту — адзін са стымулятараў размнажэння клетак. Цытакіны (лімфакіны, інтэрлейкіны, манакіны) — нізкамалекулярныя поліпептыдныя фактары (мал. м. 10 000—45 000). Абумоўліваюць узаемадзеянне паміж клеткамі імуннай або інш. сістэм. Фактары росту (у т. л. нерваў, эпідэрмальны, тромбацытарны, інсулінападобны, калоніестымулюючы і інш.) — поліпептыды (мал. м. 5000—50 000) з’яўляюцца стымулятарамі клетачнага дзялення. Кейлоны — поліпептыды або нізкамалекулярныя глікапратэіды — прыгнечваюць дзяленне клетак і стымулююць іх дыферэнцыроўку; дзейнічаюць па прынцыпе адваротнай сувязі (напр., памяншэнне колькасці лімфацытаў пры крывацёку выклікае памяншэнне ўзроўню кейлонаў і павышэнне мітатычнай актыўнасці адпаведных тканак). Прымаюць удзел у нармальным і злаякасным росце тканак, гаенні ран, імунных рэакцыях і інш. У раслін Р.р. — арган. рэчывы, якія стымулююць або прыгнечваюць рост і развіццё раслін. Да натуральных Р.р. адносяцца фітагармоны і інгібітары негарманальнай прыроды (некат. фенолы, вытворныя мачавіны і інш.), сінт. — стымулятары тыпу аўксінаў (індалілалейная або нафтылвоцатная к-та) і інгібітары (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты і інш.). Выкарыстанне Р.р. дазваляе атрымліваць зрухі ў абмене рэчываў і развіцці раслін, ідэнтычныя тым, якія ўзнікаюць пад уплывам пэўных знешніх умоў (даўж. дня, т-ра і інш.). Напр., у сельскай гаспадарцы Р.р. выкарыстоўваюцца для прадухілення ападання завязі ў пладовых дрэў і ягаднікаў, для затрымкі прарастання клубняў бульбы пры захоўванні.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУНІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,

адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (руны) мелі завостраныя абрысы. Р.п. карысталіся з пач. н.э. скандынаўскія, англасаксонскія, герм. і некат. інш. плямёны. Руны высякалі ці выразалі на камені, метале, косці, дрэве і інш. Захаваліся і рукапісныя руны на пергаменце. Рунічныя надпісы знойдзены ў Скандынавіі (3 ст.), Германіі, Англіі (6—7 ст.), Францыі, Грэцыі, Румыніі і інш. краінах. Усяго вядома каля 4 тыс. рунічных помнікаў, самы вядомы — Дацкі кодэкс законаў 13—14 ст. Р.п. адносіцца да вакалізавана-гукавога тыпу: гукавое значэнне кожнай літары супадала з пачатковым гукам яе назвы. Літары пісаліся пераважна злева направа. Алфавіт стараж. рунаў складаўся з 24 знакаў (т.зв. старшыя руны, або футарк). З 11 ст. ў скандынаўскіх краінах пачалі ўжываць алфавіт з 16 літар (малодшыя руны), у якім адным знакам абазначаліся глухія і звонкія гукі, галосныя з умляўтам і без яго. З 11 ст. ў Даніі, пазней у Нарвегіі на базе малодшых рунаў фарміравалася пункціраванае Р.п.; да 16 літар дадаваліся кропкі і рыскі, што дазваляла больш дакладна абазначаць блізкія, але розныя гукі. З пашырэннем хрысціянства ў Еўропе язычніцкае Р.п. паступова выцеснена лацінскім пісьмом, але ў Скандынавіі яно праіснавала да 14 ст., цалкам знікла ў 20 ст. Існуе шмат гіпотэз генет. сувязі Р.п. з фінікійскім пісьмом, з алфавітамі грэч., лац. і паўн.-італійскім, а таксама з сістэмамі знакаў уласнасці, лічэння, магіі і інш.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

Рунічнае пісьмо.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),

абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід. прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).

І.​Дз.​Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ (франц. organisation ад позналац. organizo надаю зграбны выгляд, упарадкоўваю),

1) ступень і характар упарадкаванасці элементаў сістэмы, яе адэкватнасць функцыям, што выконвае гэта сістэма. Паняцце «арганізацыя» азначае сістэмны аб’ект, упарадкаванасць, мэтанакіраваную дзейнасць кібернетычных сістэм, сац. сістэму як сродак дасягнення мэты. Сама канцэпцыя арганізацыі, такім чынам, уключае агульнафіласофскі, сістэмны, кібернетычны і сацыялагічны падыходы. Стварыць агульнае вучэнне аб арганізацыі спрабаваў А.​А.​Багданаў (1913), які выказаў ідэю ізамарфізму розных арганізацыйных структур, блізкую да агульнай тэорыі сістэмы, кібернетыкі, сінергетыкі, канцэпцыі глабальнага эвалюцыянізму і інш. Вызначальныя рысы арганізацыі — упарадкаванасць, функцыянальнасць, іерархічнасць. Упарадкаванасць уключае парадак (разнастайнасць устойлівых сувязяў у патоку змен), кампазіцыю элементаў (від ўладкаванасці) і функцыянальную залежнасць (змена элемента вядзе да змены інш. элементаў ці ўсёй сістэмы ў цэлым і, наадварот, змена сістэмы вядзе да змены яе структурных элементаў). Функцыянальнасць характарызуе адносіны сістэмы з навакольным асяроддзем, дасягненне за кошт арганізацыі прыстасавальнага (функцыянальнага) эфекту. Сутнасць іерархічнасці ў тым, што кожная арганізацыя мае розныя ўзроўні (сістэмы і падсістэмы, ступені, формы, структуры, тыпы і г.д.), разуменне якіх спрыяе выяўленню генетычнай сувязі паміж імі: у нежывой прыродзе — ад субклетачнага да Метагалактыкі, у жывой прыродзе — ад субклетачнага да біясфернага (і наасфернага), у грамадстве — ад чалавека да соцыуму.

2) Аб’яднанне людзей для сумеснай рэалізацыі пэўнай праграмы ці мэты на аснове вызначаных правілаў дзеяння.

3) Сукупнасць працэсаў ці дзеянняў, якія вядуць да ўтварэння і ўдасканальвання ўзаемасувязяў паміж часткамі цэлага.

Літ.:

Богданов А.А. Текстология: Всеобщая организационная наука. Кн. 1—2. М., 1989;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986.

Г.​І.​Шчарбінкі.

т. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́НСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ў 1899—1908. Рэв. агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В.Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай В.І.Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-х г. Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У канцы 1899 узнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чал., меў б-ку, аказваў матэр. дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў паліт. і эканам. праблемы, яго члены знаёміліся з рэв. л-рай, сацыяліст. ідэямі. У 1898—99 у маёнтку Блонь жыла К.А.Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П.Кавалік, Р.А.Гершуні, Я.К.Судзілоўская, С.К.Мяржынскі, П.В.Румянцаў і інш. У 1901 гурток разгромлены, Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М.​Цехановіч высланы. У 1903 вакол селяніна В.​Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэліг. погляды. У маі 1903 пасля высылкі Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і Цехановіча. У 1905 яны заснавалі суполку Усерас. сял. саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арг-цый РСДРП і Бел. сацыяліст. грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі Бонч-Асмалоўскі, Р.​Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце Устаноўчага з’езда Усерас. сялянскага саюза (31.7—1.8.1905, Масква). З дапамогай найб. свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіралася да 500 чал. з навакольных вёсак. З 1906 з узмацненнем паліцэйскага тэрору арг-цыя страціла актыўнасць. Спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найб. актыўных сялян.

З.​В.​Шыбека.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ КРАЙ,

назва тэрыторыі паўн.-зах. Беларусі і паўд.-ўсх. Літвы, якая ў крас.чэрв. 1919 і кастр. 1920 захоплена польск. войскамі і да вер. 1939 знаходзілася ў складзе Польшчы. 21.4.1919 Польшча захапіла Віленскі край. 14.7.1920 яго заняла Чырв. Армія. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) Вільня і Віленскі край прызнаны часткай Літвы. Дзярж. мяжа паміж Расіяй і Літвой праводзілася па лініі Друя — Браслаў — усх. ўзбярэжжа воз. Нарач — Маладзечна — Валожын — вярхоўе Нёмана — Масты — Лунна — Індура; да Літвы меркавалася далучыць гарады Бельск і Беласток. Аднак наступленне польск. войск у 2-й пал. 1920 спыніла ўстанаўленне такой мяжы. У сувязі з уступленнем польск. войск у Віленскі край у Сувалках адбыліся польска-літ. перагаворы і 7.10.1920 падпісаны дагавор, паводле якога Вільня заставалася за Літвой. Аднак 9.10.1920 войскі ген. Л.​Жалігоўскага захапілі Вільню і Віленскі край, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39 і ўтварэнне т.зв. Сярэдняй Літвы. У лют. 1922 сейм Сярэдняй Літвы прыняў пастанову, у якой сцвярджалася, што «Віленскі край без усякіх умоў і агаворак становіцца неад’емнай часткай Польшчы». Савет Лігі Нацый ухваліў гэта рашэнне. 24.3.1922 яго зацвердзіў польскі сейм. У снеж. 1925 у выніку уніфікацыі адм.-тэр. падзелу Польшчы Віленскі край з часткай Заходняй Беларусі быў падзелены паміж Віленскім, Навагрудскім і Беластоцкім ваяв. У пач. 2-й сусв. вайны 19.9.1939 Віленскі край занялі сав. войскі. У адпаведнасці з сав.-літ. дагаворам аб узаемадапамозе ад 10.10.1939 большая частка краю і г. Вільня перададзены Літве (6909 км² з нас. 490 тыс. чал.). У жн. і ліст. 1940 Літ. ССР перададзена яшчэ больш за 2600 км² тэр. БССР.

У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеагульнага яўр. рабочага саюза ў Літве, Польшчы, Расіі (гл. Бунд) у Віцебску ў 1897—1921. Створаны на аснове прафес. (цэхавых) стачачных кас. У 1903 уваходзіў у РСДРП. Спачатку не ставіў паліт. і сацыяліст. мэт і задач, дзейнасць абмяжоўваў эканам. патрабаваннямі. Паліт. агітацыю пачаў у 1900 у сувязі з рэпрэсіямі ўлад у адносінах да ўдзельнікаў рабочага руху. Садзейнічаў разгортванню с.-д. агітацыі ў суседніх павятовых гарадах і мястэчках. У рэвалюцыю 1905—07 узаемадзейнічаў з Віцебскай арганізацыяй РСДРП, з прадстаўнікоў к-та і арг-цыі РСДРП быў створаны Віцебскі кааліцыйны камітэт, які кіраваў рэв. рухам у горадзе. У 1906 і 1907 дэлегаты к-та ўдзельнічалі ў рабоце IV і V з’ездаў РСДРП. Летам 1907 к-т разгромлены, увосень 1908 адноўлены, яго дзейнасць засяродзілася на арганізацыі дробных эканам. стачак. У пач. 1914 створана Віцебская аб’яднаная арг-цыя РСДРП і Бунда, якая 11.5.1914 ліквідавана паліцыяй. У сак. 1917 арг-цыя адноўлена, у маі 1917 налічвала 650 чал. Прадстаўнікі Бунда разам з меншавікамі занялі кіруючыя пасады ў Віцебскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Кастр. рэвалюцыю к-т сустрэў варожа. У канцы 1917 — пач. 1918 удзельнічаў у выбарах на ўсерас. яўр. з’езд, выступаў супраць роспуску Устаноўчага сходу. На пач. 1919 уплыў арг-цыі ў Віцебску паменшыўся. У канцы 1919 к-т раскалоўся. Правыя бундаўцы пайшлі на саюз з мясц. сіянісцкай рабочай арг-цыяй. Частка левых бундаўцаў уступіла ў РКП(б). У 1921 к-т самаліквідаваўся.

П.​К.​Башко, М.​В.​Біч, Э.​М.​Савіцкі.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР»

(«БНЦ»),

сфабрыкаваная ў 1933 АДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Паводле версіі АДПУ (агентурная справа «Закардоннікі»), «БНЦ» створана ў вер. 1932 дзеячамі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.​А.​Рак-Міхайлоўскім, П.​В.​Мятлой, М.​П.​Бурсевічам, І.​С.​Дварчаніным, Ф.​І.​Валынцом, П.​П.​Валошыным, Я.​Е.​Гаўрылікам і інш., якія ў вер.кастр. 1932 перабраліся ў БССР. «БНЦ» быццам бы меў на мэце звяржэнне ў БССР сав. улады ўзбр. паўстаннем пры ваен. падтрымцы Польшчы і стварэнне Бел. бурж.-дэмакр. рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы. Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка паўстання, шпіянаж на карысць Польшчы, арганізацыя дыверсійна-тэрарыст. груп і актаў, падрыўной і шкодніцкай работы ў розных галінах сацыяліст. будаўніцтва. План паўстання — правядзенне буйной правакацыі ў пагранічных раёнах, якая павінна была выклікаць канфлікт паміж СССР і Польшчай, стаць пачаткам ваен. дзеянняў і паўстання ў БССР. У жн.ліст. 1933 органы АДПУ «выявілі» ячэйкі «БНЦ» у Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваен. акрузе і інш.: у 9 гарадах і 25 раёнах БССР. Следства «раскрыла» 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыст. групы, 20 шпіёнскіх ячэек і рэзідэнтур, філіялы ў Горках, Беразіно, Гомелі, маладзёжную арг-цыю. Усяго па справе «БНЦ» рэпрэсіраваны 161 чал. Частка з іх расстраляна, астатнія адпраўлены ў Салавецкія лагеры (Архангельская вобл.), Комі АССР. У жн.вер. 1956 вызначэннем ваен. трыбунала БВА справа «БНЦ» «у крымінальным парадку спынена за адсутнасцю саставу злачынства» і адменены рашэнні асобых нарад пры Мін-ве дзярж. бяспекі СССР і пастановай пазасудовых органаў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РНЯЕ НАВУЧА́ННЕ,

адна з формаў навучання моладзі і дарослых без адрыву ад вытв-сці; састаўная частка сістэмы непарыўнай адукацыі; дае магчымасць працоўным набываць агульную сярэднюю, спец. сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Прадугледжвае правядзенне выкладчыкам рэгулярных заняткаў з навуч. групамі пастаяннага складу ў зручны для навучэнцаў нерабочы час, часцей вечарам (адсюль назва тэрміна). Першыя вячэрнія агульнаадук. пач. школы ўзніклі ў 18 ст. ў Зах. Еўропе. У 20 ст. ў сувязі з пашырэннем усеагульнага школьнага навучання вячэрняе навучанне стала выкарыстоўвацца пераважна ў прафесійнай, у т. л. вышэйшай адукацыі, павышэнні кваліфікацыі, у розных відах дадатковай адукацыі (нар. ун-ты, розныя курсы і інш.). Развіццё вячэрняга навучання на Беларусі пачалося з арг-цыі нядзельных школ (19 — пач. 20 ст.), у якіх вучыліся непісьменныя і малапісьменныя дарослыя. У 1920—30-я г. вячэрняе навучанне дапамагло ліквідаваць непісьменнасць сярод насельніцтва. Ствараліся вячэрнія школы граматы для дарослых і падлеткаў, школы для дарослых, рабочыя ф-ты і інш. У 1958 устаноўлены адзіны тып вячэрняй школы — вячэрняя (зменная) агульнаадукацыйная школа. Для атрымання сярэдняй спец. адукацыі без адрыву ад вытв-сці на Беларусі існуюць вячэрнія аддзяленні і філіялы тэхнікумаў, каледжаў і інш. Для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй праз вячэрняе навучанне ў большасці ВНУ Беларусі працуюць вячэрнія аддзяленні. Змест навучання і асн. віды заняткаў у вышэйшай і сярэдняй спец. школе адзіныя для дзённай і вячэрняй формаў навучання. У 1995/96 навуч. г. на Беларусі ў вячэрніх агульнаадук. школах займалася 20,9 тыс. чал., на вячэрніх аддзяленнях сярэдніх спец. навуч. устаноў — 1,4 тыс. навучэнцаў, на вячэрніх аддзяленнях ВНУ — 2 тыс. студэнтаў.

т. 4, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУ́К (Мікола) (Мікалай Раманавіч; н. 29 5.1933, в. Кабылянка Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. пісьменнік, краязнавец, фалькларыст. Засл. дз. культуры Польшчы (1986). Скончыў БДУ (1959). У 1959—64 выкладчык бел. і рус. моў і літаратур, лац. мовы, у 1965—71 дырэктар Бельскага бел. ліцэя. У 1971—88 у штотыднёвіку «Ніва» (Беласток). Друкуецца з 1957. Працуе ў жанрах апавядання, эсэ, нарыса, выступае як публіцыст і крытык. Выдаў зб. вершаў і перакладаў «Ціш» (Беласток, 1988). Шмат увагі аддае гіст. тэматыцы. Барацьба нашых продкаў з татарамі і крыжакамі, эпоха Усяслава Чарадзея і Вітаўта, Давыда Гарадзенскага, Міндоўга, Ягайлы, напад Батыя і жыццё яцвягаў, заснаванне Бельска і змаганне супраць каталіцкай экспансіі, паўстанне 1863—64 на Беласточчыне і інш.асн. тэмы кніг гіст. эсэ і апавяданняў «Трызна» (Мн., 1991), «Паратунак» (Мн., 1993). Апубл. каля 700 уласных запісаў бел. нар. песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік Беласточчыны, сабраны і апрацаваны ім зб. казак і легенд «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (Беласток, 1982). На польск. мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990). Аўтар публіцыст. і крытычных артыкулаў, краязн. нарысаў, бел. падручнікаў для школ у Польшчы. Даследуе бел.-польскія культ. сувязі, бел. нар. каляндарна- і сямейна-абрадавую паэзію. Пераклаў на бел. мову кн. Калеві Касаля «Праваслаўныя набажэнствы, таінствы і звычаі» (Беласток, 1992), вершы польскіх паэтаў Л.​Падгорскага-Аколава, Ц.​Абрамовіча, Е.​Плютовіча, Т.​Маславецкага, А.​Казлоўскай і інш., з лац. — М.​К.​Сарбеўскага. Складальнік зб. «Храм і верш: Праваслаўныя святыні Усходняй Польшчы і беларуская духоўная паэзія» (Беласток, 1993).

Тв.:

Белавежскія быліцы і небыліцы: Легенды, паданні. Мн., 1996;

Рус. пер. — Брестская уния 1596. Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)