НІ́КСАН ((Nixon) Рычард Мілхаўс) (9.1.1913, Іорба-Лінда, штат Каліфорнія, ЗША — 22.4.1994),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў (1937) ун-т Дзьюка (г. Дарэм), займаўся юрыд. практыкай. У 1942—46 афіцэр ВМС. З 1947 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, у 1951—53 сенатар. У 1953—61 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Д.Д.Эйзенхаўэра. У 1969—74 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі. Урад Н. палепшыў адносіны з Кітаем (1972), падпісаў Парыжскае пагадненне 1973 пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме (з 1969 паводле дактрыны Н. аб «в’етнамізацыі» вайны паступова скарачаўся амер.ваен. кантынгент у Паўд. В’етнаме), заключыў шэраг дагавораў і пагадненняў з СССР пра абмежаванне стратэг. узбраенняў, прадухіленне ядз. вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры (1972—74) і інш. У час афіц. візіту ў СССР 1.7.1974 наведаў Мінск. 9.8.1974 добраахвотна пайшоў у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША) перад пагрозай імпічменту з-за паліт. скандалу па справе «Уотэргейт». У 1974 амнісціраваны прэзідэнтам Дж.Фордам. Аўтар кніг «Мемуары» (1978), «Ніякіх больш В’етнамаў» (1985), «1999: перамога без вайны» (1988) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — На арене: Воспоминания о победах, поражениях и возрождении. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ (сапр.Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч
(н. 24.12.1921, в. Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),
татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял.Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «І мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн. вершаў Я.Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жук, Х.Жычка, В.Зуёнак, І.Калеснік, К.Камейша, М.Маляўка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛУ́ЖНЫ (Аляксандр Іосіфавіч) (н. 16.8.1935, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец.
Акад. Нац.АН Беларусі (1994; чл.-кар. 1989). Д-рфілал.н. (1982), праф. (1989). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Скончыў БДУ (1959). З 1962 у Ін-це мовазнаўства (з 1969 заг. аддзела, з 1983 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар), адначасова з 1997 акад.-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нац.АН Беларусі. Даследуе бел. фанетыку і фаналогію, сучасную лексікаграфію, правапіс, культуру мовы. Аўтар прац «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы» (1969), «Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977), «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), сааўт. кн. «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд. 1990), «Падручнік беларускай мовы. Для самаадукацыі» (1994), хрэстаматыі «Вусная беларуская мова» (1990), зб. «Пытанні культуры пісьмовай мовы» (1991), вучэбнага дапаможніка «Фанетыка беларускай мовы» (1984), сааўтар і навук. рэдактар «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985) і інш.Гал. рэдактар штогодніка «Беларуская лінгвістыка» (з 1989) і час. «Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук» (з 1997).
Тв.:
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987 (у сааўт.);
Практыкум па фанетыцы беларускай мовы. Мн., 1989 (разам з А.А.Крывіцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́КШЫН (Сямён Аляксандравіч) (н. 8.3.1931, г. Гомель),
бел. філосаф і гісторык-медыявіст. Д-рфілас.н. (1987), канд.гіст.н. (1965). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). З 1960 у Ін-це філасофіі і права Нац.АН Беларусі. Даследуе гуманіст. рух і рэліг.-царк. жыццё Беларусі 14—17 ст., гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі, праблемы культуры, філасофіі і гісторыі, нац. самасвядомасці бел. народа. Стварыў цэласную гісторыю станаўлення і развіцця рэнесансава-гуманіст. думкі Беларусі, вызначыў спецыфічныя рысы айч. Адраджэння і гуманізму. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), прац «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты, даведнік, каментарыі» (1989), «Скарына і яго эпоха» (1990), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974;
Франциск Скорина. М., 1981;
Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАЛАГІ́ЧНАЯ АНАТО́МІЯ,
раздзел паталогіі, які вывучае марфалагічныя асновы паталагічных працэсаў і хвароб на розных узроўнях (ад арганізмавага да малекулярнага). Падзяляецца на агульную (вывучае агульнапаталаг. працэсы) і асобную (даследуе асобныя хваробы). Аб’екты даследавання: трупы, біяпсіраваныя тканкі, тканкавыя культуры, эксперым. жывёлы. Метады даследавання: аўтапсія (ускрыццё трупа), біяпсія (прыжыццёвае мікраскапічнае даследаванне), эксперымент (стварэнне мадэляў паталаг. працэсу ці хваробы).
П.а. пачала фарміравацца ў сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік — італьян. ўрач Дж.Марганьі. У 19 — пач. 20 ст. развіццю П.а. садзейнічалі працы М.Біша і Ж.Крувелье ў Францыі, К.Ракітанскага ў Аўстрыі, А.І.Палуніна, М.Н.Нікіфарава, А.І.Абрыкосава ў Расіі.
На Беларусі развіццю спрыялі заснаванне кафедры П.а. ў Мінскім мед. ін-це (1923), працы І.Т.Цітова і Ю.В.Гулькевіча. Навук. даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах Мінска, Гродна, Віцебска па пытаннях марфалогіі пухлін шчытападобнай залозы, павольных нейраінфекцый, захворванняў падстраўнікавай залозы. Вядучыя бел. спецыялісты — Г.І.Краўцова, М.К.Недзьведзь, Я.Д.Чарствой, Ю.Р.Бойка, Н.Ф.Сяляева, Ю.В.Крылоў.
Літ.:
Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997;
Струков А.И., Серов В.В. Патологическая анатомия. 3 изд М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРНІКА́РСТВА,
выраб фігурных пернікаў; від народных мастацкіх промыслаў. Пернікі здаўна адыгрывалі значную ролю на вяселлі, хрэсьбінах, памінках і інш. абрадах многіх народаў. На Беларусі ў 16—18 ст. П. пераважала ў гарадах і мястэчках (Дуброўна, Копысь, Мінск, Орша, магчыма, Смаргонь), у 19 ст. пашырана і ў вёсках. Прадукцыю збывалі на мясц. рынках і кірмашах. Пернікі выраблялі з мукі вышэйшага гатунку, у цеста дадавалі харч. фарбавальнікі, мёд, прыправы. Фармавалі іх у выглядзе розных фігур антрапаморфнага, зааморфнага, геам. характару (лялька, певень, конь, казёл, рыба, сэрца, ромб і інш.). Трактоўка фігур моцна стылізаваная, абагульненая; выбар сюжэтаў адлюстроўваў іх стараж. сімвалічны сэнс. Існавалі розныя тэхнікі фармоўкі вырабаў: узор атрымлівалі з дапамогаю спец. драўлянай дошкі, на якой выразалася адпаведная фігура, выціскалі бляшанымі штампамі з плоска раскачанага кавалка цеста, фармавалі ўручную. Пасля выпечкі пернікі аздаблялі каляровымі крэмамі, харч. фарбавальнікамі, глазуравалі расплаўленым цукрам. У сярэдзіне 20 ст. промысел заняпаў. У наш час фігурныя пернікі з аздабленнем выпускаюць прадпрыемствы харч. прам-сці.
Літ.:
Нікольскі Н.М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераньнях беларускага сялянства. Мн., 1933;
Сахута Я. Абрадавая пластыка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАВА,
гарадскі пасёлак у Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось. Аўтадарогамі злучаны са Свіслаччу, Ваўкавыскам, Ружанамі. За 22 км ад г.п. Свіслач, 112 км ад Гродна. 1,4 тыс.ж. (2000).
Вядома з 15 ст. як каралеўскае мястэчка ў Ваўкавыскім пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. З 1523 мела магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, дзярж. маёнтак, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр вытв-сці Поразаўскай керамікі. У 1897 каля 1,5 тыс.ж., 2 гарбарні, ганчарны і піваварны з-ды, пач. вучылішча, аптэка. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З ліст. 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Поразаўскага раёна Брэсцкай вобл. З чэрв. 1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў П. 354 чал. Вызвалена 15.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 20.1.1960 у Свіслацкім р-не.
Працуе ф-ка лазовай мэблі; сярэдняя, муз. школа, спецшкола-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі, Свята-Троіцкая царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры 19 ст.: Поразаўскі Міхайлаўскі касцёл, Поразаўская сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ (Віктар Сазонавіч) ( 14.8.1925, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 3.6.2001),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1960—69 гал. рэдактар маст.-экспертнай калегіі Мін-вакультуры Беларусі, у 1973—77 старшыня праўлення Бел. саюза мастакоў і сакратар Саюза мастакоў СССР. Сярод твораў галерэя партрэтаў вядомых людзей Беларусі: Герояў Сац. Працы М.К.Макарэвіч (1960), А.М.Громава (1980), Герояў Сав. Саюза В.З.Харужай (1965), М.П.Шмырова (1978), Р.Н.Мачульскага (1979), М.А.Кедышкі (1984), В.А.Тумара (1985), доктара мед. навук Л.С.Вялічкі (1983), нар. мастакоў Беларусі С.І.Селіханава (1982), П.В.Масленікава (1988), Я.А.Зайцава (1994), В.А.Грамыкі (1995); групавы партрэт «Ветэраны» (1985), серыя з 39 партрэтаў «Знатныя людзі Рагачоўскага раёна» (1992), «Памяць сэрца. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.А.Кунцэвіч» (2000). Аўтар тэматычных кампазіцый «Віхуры варожыя» (1979), «Калгасныя даяркі» (1982), «Ліквідатары Чарнобыльскай аварыі» (1996); пейзажаў «Нёман» (1962), «Чэрвеньскія навальніцы» (1983), «Бярэзіна» (1984), «Над возерам» (1985), «Лясныя далі» (1992), «Перад навальніцай» (1998) і інш. Творы вылучаюцца дакладнасцю характарыстык, псіхал. напоўненасцю, духоўнай змястоўнасцю вобразаў, жывапісна-пластычнай гарманічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЧЫ,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе р. Цітаўка, на аўтадарозе Мінск—Бабруйск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на У ад г. Мар’іна Горка, 65 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Пухавічы. 2236 ж., 882 двары (2001). Прадпрыемства водна-гасп. сістэм, лясніцтва, дрэваапр. цэх, рамонтна-буд. ўчастак. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат. быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ваеннапалонных і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. За 2 км ад вёскі дом адпачынку «Пухавічы».
Вядомы з сярэдзіны 16 ст. як прыватная вёска Мінскага пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага пав. З канца 18 ст. ўласнасць Сулістроўскіх, Фрыбесаў, Эсткаў, Ваньковічаў. У 1886—860 ж., 73 двары. царква (з 1874), нар. вучылішча (з 1863), 3 сінагогі, 2 піваварні, 26 крам, 4 кірмашы на год. У пач. 20 ст. ў мястэчку 2225 ж., 418 двароў. У 1905 адбылося рэв. выступленне насельніцтва. У 1922—58 працавала бальніца. У 1924—25 цэнтр Пухавіцкага раёна. З 1938 вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Ян) (н. 20.1.1905, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел.рэліг. дзеяч, выдавец, літаратар, мовазнавец. Скончыў гімназію ў Вільні, служыў у польскім войску. Скончыў Тэалагічную школу метадыстаў у Клярысаве (1930). Быў пастарам у Варшаве, у Дзярэчыне (цяпер Зэльвенскі р-н). З 1936 пастар у Варшаве, адначасова сакратар Польскай гадавой канферэнцыі метадыстаў. З сак. 1941 пастар у Германіі, дзе быў арыштаваны гестапа. Прапаведнік метадысцкай царквы з 1945 у Аўстрыі, з 1953 у ЗША. У 1962—66 выдаваў рэліг.час. «Сьветач хрыстовае навукі». Выдаў у перакладзе на бел. мову 6 кніг дыялогаў стараж.-грэч. філосафа Платона (1966—81), кнігу ням. філосафа В.Гумбальта «Унутраная форма мовы» (1989). Складальнік і выдавец «Класічнага грэцка-беларускага слоўніка» (кн. 1—2, 1983—85), а таксама англа-бел. і бел.-англ. слоўнікаў (1993), якія ўключаюць больш за 10 тыс. слоў. У 1977 стварыў у ЗША Бел. харытатыўна-адукац. фонд з мэтай спрыяння развіццю бел. мовы і культуры і пашырэння ў краінах Захаду ведаў пра Беларусь. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1988—97), якія з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі Зах. Беларусі і бел. дыяспары.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы. Мартыралогія. Успаміны. Мн.;