АКСЕЛЬБА́НТ (ням. Achselband),

ніцяны плецены шнур (пазалочаны, пасярэбраны або каляровы) з метал. наканечнікамі. Прышпільваецца звычайна да правага (радзей левага) пляча пад пагонам (эпалетам). У арміях многіх замежных краін — прыналежнасць формы адзення ад’ютантаў, афіцэраў генштаба, жандараў і інш., а таксама асабовага складу некаторых часцей. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь — прыналежнасць параднай формы адзення ганаровай варты, удзельнікаў ваен. парадаў.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНАЛІ́Т (ад актына... + ...літ),

мінерал класа сілікатаў, манаклінны амфібол, Ca2(Mg,Fe​2+)5[Si4O11]2(OH,F)2. Крышталі ігольчастыя, ніткападобныя. Агрэгаты прамяністыя, валакністыя або масіўныя (нефрыт). Колер зялёны, розных адценняў. Бляск шкляны. Паўпразрысты, рэдка празрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,2—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал метамарфічных сланцаў і кантактных скарнаў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці аўтапакрышак як напаўняльнік.

Актыналіт.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛАПАРЫ́Т,

штучны порысты буд. матэрыял. Атрымліваецца спяканнем гліністых парод або адходаў абагачэння і спальвання вугалю (шлакаў, попелу) з далейшым драбненнем на фракцыі (друз, гравій, пясок). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для вырабу лёгкіх (аглапарытабетон), гарачаўстойлівых і кіслотатрывалых бетонаў, як цеплаізаляцыйныя, водапаглынальныя і водазатрымныя засыпкі. Тэхналогія вытв-сці аглапарыту з рыхлых гліністых парод распрацавана ў НДІ будматэрыялаў (Мінск, 1958).

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБНАРО́ДАВАННЕ ЗАКО́НУ,

давядзенне закону да ўсеагульнага ведама; афіцыйнае апублікаванне закону. Ажыццяўляецца органам, які прыняў закон, або кіраўніком дзяржавы ў вызначаныя дадзеным ці спец. законам тэрміны і ўстаноўленым парадку. У Рэспубліцы Беларусь законы і інш. акты, прынятыя Вярх. Саветам, публікуюцца ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», перадаюцца праз сродкі масавай інфармацыі (газеты, тэлебачанне, радыё), сродкі сувязі.

А.​М.​Абрамовіч.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́ЛЬ (франц. aval),

вэксальнае паручыцельства, зробленае трэцяй асобай (авалістам) у выглядзе спец. гарантыйнага запісу на вонкавым баку вэксаля ці прымацаваным да яго дадатковым лісце (алонжы) або ў выглядзе асобнага дакумента. Можа выдавацца на ўсю суму вэксаля ці яе частку. Учыніўшы аваль, аваліст бярэ на сябе абавязацельства за любую з адказных па вэксалі асоб — вэксалядаўца, акцэптанта, індасанта.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАТА́РА [санскр. літар. сыходжанне, сашэсце (Бога)],

у індуізме ўвасабленне бога Вішну ў вобразах інш. багоў, людзей або жывёл. Звязана з верай у перасяленне душы, пашырана з 4—6 ст. н.э. У міфах найб. вядомы 10 аватараў Вішну (у т. л. ў выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка), якія здзяйсняюць подзвігі на зямлі. У будызме аватара — наогул увасабленне бажаства.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПАКА́,

млекакормячае з роду ламаў, сям. вярблюдавых. Свойская жывёла высакагорнай (4200 м над узр. м.) зоны Цэнтр. Андаў Паўд. Амерыкі (мяжа Перу і Балівіі); цэнтр альпакаводства каля воз. Тытыкака. Паходжанне дакладна невядома.

Афарбоўка бурая або чорная. Галава кароткая. Корміцца расліннасцю. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Гадуюць дзеля каштоўнай шэрсці (1,1—1,25 кг раз у 2 гады).

Альпака.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАМАРФАВА́ННЕ (ад грэч. anamorphoō пераўтвараю) відарысаў, пераўтварэнне канфігурацыі відарыса аб’екта спец. аптычнымі сістэмамі або ўзаемным нахілам плоскасці прадмета і экрана. Анамарфаванне аптычнымі сістэмамі (напр., анамарфотнай насадкай) пашырана ў шырокаэкранным кінематографе для сціскання (пры здымцы) і расцягнення (пры праектаванні на экран) відарыса ў гарыз. напрамку. Анамарфаванне нахілам выкарыстоўваюць у фатаграфіі (для змяншэння перспектыўных скажэнняў), у паліграфіі і інш.

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАБЛЕМЕ́НТ (франц. entablement),

верхняя частка збудавання, якая падтрымліваецца калонамі, пілястрамі або завяршае сцяну; элемент арх. ордэра. Падзяляецца на архітраў, фрыз, карніз. Узнік на аснове драўлянага бэлечнага перакрыцця, у сваіх формах адлюстроўвае яго структуру. Сфарміраваўся ў класічных ордэрах манум. мураванай архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, дзе выпрацаваны яго прапорцыі. Антаблемент — адзін з важнейшых элементаў паяруснага члянення алтароў і іканастасаў.

Антаблемент.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФЕРМЕ́НТЫ (ад анты... + ферменты),

спецыфічныя бялкі з групы антыметабалітаў, якія затрымліваюць або блакіруюць дзеянне ферментаў праз утварэнне з імі неактыўных комплексаў. Наяўнасць антыферментаў у органах і тканках ахоўвае іх ад разбуральнага ўздзеяння пэўных ферментаў (напр., сценкі страўніка і кішэчніка ад уздзеяння стрававальных ферментаў). Штучна сінтэзаваны лек. прэпараты, якія маюць уласцівасці антыферментаў, напр. эзерын, празерын, факурыт (дыякарб), трасілол і інш.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)