БАДЗЯ́КА (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 17.8.1914, в. Пячары Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Чл.-кар.АН Беларусі (1974), д-ртэхн.н., праф. (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі (1941). З 1950 у БПІ, з 1953 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі. Навук. працы па тэрмадынаміцы структурных і фазавых ператварэнняў у металах і сплавах ва ўмовах звышвысокіх скарасцей награвання. Распрацаваў тэарэт. асновы тэрмадынамікі рэкрышталізацыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Термокинетика рекристаллизации. Мн., 1968 (разам з С.А.Астапчыкам, Г.Б.Ярашэвічам);
Мартенситностареющие стали. Мн., 1976 (з імі ж);
Электротермообработка сплавов с особыми свойствами. Мн., 1977 (разам з С.А.Астапчыкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РАН ((Baran) Пол) (1910, Украіна — 1964),
амерыканскі вучоны-эканаміст. Вучыўся ў Берліне і Парыжы. З 1939 у ЗША, працягваў адукацыю ў Гарвардскім ун-це. З 1949 праф. эканомікі Станфардскага ун-та. У кн. «Палітычная эканомія росту» (1957) імкнуўся з марксісцкіх пазіцый прааналізаваць некаторыя эканам. праблемы краін, што сталі на шлях незалежнага развіцця. У працы «Манапалістычны капітал» (1966, разам з П.Суізі) аналізаваў праблемы манапаліст. эканомікі ЗША. У шэрагу пытанняў, найперш у вызначэнні эканам. прыкмет імперыялізму, сур’ёзна адыходзіў ад марксісцкай тэорыі («Заметкі па тэорыі імперыялізму», 1964, разам з Суізі). Гал. шляхам пераходу да сацыялізму лічыў нац.-вызв. рух, а не рэв. барацьбу ў развітых капіталіст. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАЦЭ́РАС (Anthoceros),
род антацэротавых імхоў сям. антацэротавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некаторыя ва ўмераных шыротах. На Беларусі на аблогах, каля дарог, па канавах, берагах рэк трапляецца антацэрас кропкавы (A. punctatus).
Слаявіна цёмна-зялёная, разеткападобная, дыям. 2—5 см, шчыльна прылягае да субстрату, з рассечанымі лопасцепадобнымі вырастамі, унізе з слізевымі поласцямі, якія пазней запаўняюцца калоніямі водарасцяў з роду насток. Прымацоўваецца да субстрату аднаклетачнымі рызоідамі. Спарагон цыліндрычны, з калонкай і стэрыльнымі ніткамі (элатэрамі), якія служаць для разрыхлення спораў, прамастойны, даўж. 1—10 см, зялёны, потым бурэе і раскрываецца на 2 створкі. Споры тэтраэдрычныя, цёмныя, з шчытападобнымі вырастамі. Спараносіць летам і ўвосень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ЛЕ (Opole),
горад на Пд Польшчы. Адм. ц.Апольскага ваяводства. 130 тыс.ж. (1993). Маш.-буд., металаапр.. лёгкая (швейная, трыкат., мэблевая), харч., буд. матэрыялаў (шкляная, 2 цэментныя з-ды), паліграф.прам-сць. Порт на р. Одра, вузел чыгунак і аўтадарог. 2 ВНУ, 2 тэатры, музей, заапарк.
Упершыню згадваецца каля 1000 як слав. паселішча. З 1202 рэзідэнцыя Пястаў. Перад 1254 атрымаў гарадскія правы. З 1532 Аполе (ням. Опельн) у складзе Аўстрыі, з 1740 — Прусіі, пасля 1871 — Германіі. З 1945 зноў у Польшчы. Захаваліся кафедральны сабор 15 ст., францысканскі (засн. ў 1287) і дамініканскі (засн. ў 1295) кляштары, камяніцы 15—18 ст., вежа (1300) б. замка Пястаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫ ФРОНТ,
лінія падзелу паміж арктычным паветрам і паветрам умераных шырот (палярным паветрам), паўд. мяжа арктычнай паветранай масы. Фарміруецца ў Арктыцы на Пн ад Еўропы і Паўн. Амерыкі паміж 60° і 75°паўн. ш. У залежнасці ад напрамку руху арктычнага фронту на адным з участкаў можа быць цёплым, на другім халодным, з ім звязана інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць. На тэр. Беларусі прыходзіць зПнЗ (з Атлантычнага сектара Арктыкі), радзей — зПн і ПнУ. На клімат Беларусі найб. уплываюць халодныя ўчасткі арктычнага фронту, якія выклікаюць ападкі, паўн. вятры, паніжэнне т-ры паветра, зімой — мяцеліцы. За год пад уплывам халоднага арктычнага фронту ў сярэднім бывае 21—24 дні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РДЗІН (Іван Паўлавіч) (13.11.1883, в. Шырокі Уступ Саратаўскай вобл., Расія — 7.1.1960),
савецкі вучоны-металург. Акад.АНСССР (1932). Герой Сац. Працы (1945). З 1942 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Скончыў Кіеўскі політэхн.ін-т (1910). Працаваў на металург. з-дах, з 1917 кіраваў аднаўленнем металург. прам-сці. У 1929—32 узначальваў буд-ва Кузнецкага металург. камбіната. З 1939 дырэктар Ін-та металургіі АНСССР, з 1944 — Цэнтр.НДІ чорнай металургіі. Працы па праектаванні і стварэнні магутных металург. заводаў, інтэнсіфікацыі металург. працэсаў, асваенні бесперапыннай разліўкі сталі ў крышталізатарах. Чл. шэрагу замежных АН. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949. Ленінская прэмія 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГІНА,
вёска ў Беларусі, у Далёцкім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 35 км на ПдЗ ад Браслава, 273 км ад Віцебска, 67 км ад чыг. ст. Друя. 387 ж., 153 двары (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — курганны могільнік 8—11 ст.
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1514 як уладанне роду Геталтаў. Пазней належала Кімбарам, Бенетам, Цеханавецкім, Манузі, Плятэрам. У 1738 у Богіне 5 гаспадарак, 10 валок зямлі. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав.З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не Вілейскай, з 1944 — Полацкай, з 1954 — Маладзечанскай абл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗА́НТЫЙ (грэч. Byzantion),
старажытна-грэч. горад на еўрап. беразе праліва Басфор. Засн. каля 660 да н.э. як мегарская калонія. Да 478 да н.э. належаў персам, з сярэдзіны 5 ст. ўваходзіў у Афінскі марскі саюз, тройчы выходзіў з яго, з 378 — член 2-га Афінскага марскога саюза. У 340 да н.э. вытрымаў аблогу войск Філіпа II, пасля бітвы пры Херанеі захаваў аўтаномію. Найб. росквіту дасягнуў у 4 ст. да н.э.З 1 ст. да н.э. ў складзе Рым. імперыі, стаў значным цэнтрам гандлю і рамёстваў. У 330 н.э. на месцы Візантыя заснаваны Канстанцінопаль і абвешчаны сталіцай Візантыі. З 1453 наз. Стамбул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТАРЭ́НКА (Аляксей Сцяпанавіч) (н. 29.3.1947, с. Ольгінка Паўночна-Казахстанскай вобл., Казахстан),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1987), лётчык-касманаўт СССР (1987). Скончыў Арэнбургскае вышэйшае авіяц. вучылішча лётчыкаў (1969). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 22—30.7.1987 здзейсніў касм. палёт на караблі «Саюз ТМ-3» (як камандзір; разам з А.П.Аляксандравым і М.Фарысам, Сірыя), арбітальным комплексе «Мір» (разам з Ю.В.Раманенкам, А.І.Лавейкіным, Аляксандравым, Фарысам) і прызямліўся на спускальным апараце карабля «Саюз ТМ-2» (разам з Аляксандравым і Фарысам). 6.9.1989—19.2.1990 здзейсніў касм. палёт на караблі «Саюз ТМ-8» (як камандзір; разам з А.А.Серабровым) і арбітальным комплексе «Мір». У космасе правёў 167 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РХАЎ ((Virchow) Рудольф) (13.10.1821, Шыфельбайн, Германія, цяпер г. Свідвін, Польшча — 5.9.1902),
нямецкі прыродазнавец, анатам і патолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік паталагічнай анатоміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1881). Скончыў Берлінскі ун-т (1843). З 1849 у Вюрцбургскім ун-це (з 1856 праф.), адначасова дырэктар Ін-та паталогіі. Навук. працы па тэорыі цэлюлярнай (клетачнай) паталогіі, у адпаведнасці з якой паталаг. працэс — сума парушэнняў жыццядзейнасці асобных клетак арганізма. Апісаў патамарфалогію і растлумачыў патагенез асн. агульнапаталагічных працэсаў. Займаўся антрапалогіяй, археалогіяй і этнаграфіяй. У апошнія гады жыцця праціўнік эвалюц. вучэння Ч.Дарвіна. У 1880—93 чл. рэйхстага, адзін з заснавальнікаў і лідэраў ням.бурж.-ліберальнай прагрэс. партыі (1861, з 1884 — Партыя свабодамысных).