МЕ́НШЫКАЎ (Аляксандр Данілавіч) (16.11.1673, Масква — 23.11.1729),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, фаварыт і паплечнік Пятра I. Граф (1704), святлейшы князь (1707), генералісімус (1727). З 1686 дзяншчык Пятра I. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96, Вялікага пасольства. У час Паўночнай вайны 1700—21 вызначыўся як военачальнік. З 1705 каманд. кавалерыяй рас. арміі ў Рэчы Паспалітай; кіраваў адыходам войск з Гродна ў Брэст (1706), атрымаў перамогу ў бітве каля г. Каліш (1706, Польшча), удзельнічаў у бітве пад Лясной 1708, Палтаўскай бітве 1709 і інш.; камендант крэпасці Нотэбург (1702, цяпер г. Петракрэпасць), губернатар Пецярбурга (1703), кіраваў буд-вам Пецярбурга і Кранштата, занятымі рас. войскамі прыбалтыйскімі землямі і Іжорскай зямлёй (1714). Кіраваў краінай у час ад’ездаў Пятра I. У 1718—24 і 1726—27 прэзідэнт Ваеннай калегіі. Пасля смерці Пятра I з дапамогай гвардыі ўзвёў на прастол Кацярыну I, фактычна кіраваў дзяржавай. Быў адным з найбагацейшых рас. памешчыкаў (валодаў 90 тыс. прыгонных, 6 гарадамі, маёнткамі ў Расіі, Украіне, Прусіі, Аўстрыі і інш. багаццямі. У Рэчы Паспалітай, напр., у 1709 дамогся ад польск. караля і вял. князя ВКЛ Аўгуста II перадачы яму ў трыманне Дзісенскага і Аршанскага старостваў, узяў у заклад у гетмана Р.А.Агінскага Язёрскае староства на Магілёўшчыне, якое паводле загаду Пятра I у 1710 вярнуў, у 1710 купіў мяст. Ула ў Полацкім ваяв., у 1711 узяў у заклад у Ю.Сапегі Горы-Горацкае графства, у 1715 купіў мяст. Дуброўна, набыў інш. маёнткі ў Беларусі). Трапіў у няміласць пры Пятру II, пазбаўлены маёмасці і высланы з сям’ёй у крэпасць Бярозаў (цяпер Бярозава Цюменскай вобл.), дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),
бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял.Айч.вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Бахтам), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1959;
Аповесць. Мн., 1985;
Палеская аповесць. Мн., 1991.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНСК»,
1) лідэр эскадраных мінаносцаў Балт. флоту, экіпаж якога вызначыўся ў Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—39 на Балт. з-дзе ў Ленінградзе; спушчаны на ваду ў 1935 у прысутнасці дэлегацыі з Мінска, якая ўзяла шэфства над караблём. Меў на ўзбраенні гарматы розных калібраў, зеніткі, кулямёты, тарпедныя апараты, бомбакідальнікі, міны; экіпаж 343 чал. Удзельнічаў у баях у сав.-фінл. вайну 1939—40, у абароне Таліна ў пач.Вял.Айч.вайны. 28—29.8.1941 пры прарыве караблёў Балт. флоту з Таліна ў Кранштат быў флагманскім караблём атрада прыкрыцця, адбіў некалькі атак герм. тарпедных катэраў, падарваўся на міне, але экіпаж ліквідаваў пашкоджанні і дайшоў да Кранштата. 23.9.1941 патоплены ням. авіяцыяй. У 1942 падняты і зноў уведзены ў строй. З 1959 быў вучэбным караблём.
2) Былы авіянясучы процілодачны крэйсер Ціхаакіянскага флоту, адзін з найбуйнейшых сав. баявых караблёў. Пабудаваны на верфі ў г. Мікалаеў (Украіна), уступіў у строй у 1978.
Меў на ўзбраенні 21 карабельны верталёт, 12 самалётаў-штурмавікоў з верт. узлётам і пасадкай, процікарабельныя і зенітныя ракеты, водазмяшчэнне каля 40 тыс.т, экіпаж каля 1 тыс.чал. (разам з лётным персаналам; значную ч. экіпажа складалі ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Мінска). З сак. 1989 у рамонце.
У 1993 карабель выключаны са складу флоту, потым з яго знята баявое і навігацыйнае абсталяванне, у 1999 ён прададзены Расіяй Кітаю. Былі аднатыпныя з «М.» крэйсеры «Кіеў» (на Паўн. флоце) і «Новарасійск» (на Чарнаморскім флоце). Іл.гл. пры арт.Крэйсер.
Літ.:
Розанов М. Лидер «Минск»: (Материалы к истории лидера «Минск» эскадры КБФ). Таллин, 1946;
Тыцких В. На крейсере «Минск»: Заметки из дальнего похода // Звезда. 1985. №5;
Полюхов А. Авианосный металлолом // Новое время. 1993. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЎНЫ БАЛА́НС,
баланс здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання розных відаў паліва.
У сусветным развіцці П.б. выразна прасочваюцца перыяды перавагі пэўнага віду паліва. Даіндустрыяльны перыяд характарызуецца выкарыстаннем аднаўляемых рэсурсаў, найперш драўніны. З пачатку прамысл. рэвалюцыі і да сярэдзіны 1950-х г.асн. энергарэсурсам быў вугаль; у 1953 яго ўдзельная вага дасягнула 70% у сусв. П.б. Спрыяльная эканам. кан’юнктура пасля 2-й сусв.вайны і навук.-тэхн. прагрэс у сферы вытв-сці і спажывання паліўна-энергет. рэсурсаў садзейнічалі хуткаму развіццю энергаёмістых галін прам-сці, а таксама агульнаму росту энергаспажывання, што абумовіла павелічэнне тэмпаў сусв. спажывання паліва. Адначасова змянілася і структура П.б., гал. чынам за кошт павелічэння долі нафты і газу.
На Беларусі ў эвалюцыі П.б. прасочваюцца заканамернасці, характэрныя для сусв. П.б. У 1913 87% П.б. прыпадала на дровы. У далейшым яе П.б. фарміраваўся за кошт выкарыстання торфу, які на працягу доўгага часу быў асн. відам паліва. У 1940 аб’ём здабычы торфу даведзены да 3,4 млн.т, яго ўдзельная вага ў П.б. вырасла да 63,5%. У 1960—80-я г.асн. відам паліва былі нафтапрадукты, як вынік развіцця ў рэспубліцы нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай прам-сці. Рост аб’ёмаў здабычы газу ў СССР, будаўніцтва магістральных газаправодаў спрыялі павелічэнню ўдз. вагі прыроднага газу. У 1990-я г. ў сувязі са скарачэннем імпарту нафты і газу ўзмацніўся працэс уцягвання ў П.б. мясц. відаў паліва (біямасы, адходы вытв-сці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛТА́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1709,
генеральная бітва паміж расійскімі і шведскімі войскамі 8.7.1709 каля г. Палтава (Украіна) у час Паўночнай вайны 1700—21. У канцы крас. 1709 войскі Карла XII (больш за 30 тыс.чал., 32 гарматы) асадзілі Палтаву, гарнізон якой (4,2 тыс. салдат, 2,5 тыс.узбр. гараджан, 29 гармат) 2 месяцы адбіваў іх штурмы. У канцы мая да Палтавы падышлі гал. сілы рас. арміі на чале з Пятром I (42 тыс. салдат, 72 гарматы), каля в. Якаўцы пабудавалі ўмацаваны лагер з рэдутамі. Уначы 8 ліп. шведы (20 тыс.чал.) пад камандаваннем фельдмаршала К.Г.Рэншыльда (Карл XII 28 чэрв. ў час рэкагнасцыроўкі быў паранены) пачалі наступаць; 10 тыс., у т. л. частка запарожскіх і ўкр. казакоў, засталіся пад Палтавай і ў рэзерве. Пасля сутычкі са шведамі рас. конніца адышла пад прыкрыццё сваёй пяхоты і артылерыі. Шведы, трапіўшы пад моцны агонь, вымушаны былі пачаць адступленне, якое пад націскам рас. войск перарасло ва ўцёкі. 11 ліп.рас. конніца ўзяла ў палон рэшткі швед. войска. Карл XII і гетман Мазепа з невял. атрадам уцяклі на тэр. Асманскай імперыі. Шведы страцілі 9234 чал. забітымі і больш за 18 тыс. палоннымі, 32 гарматы, увесь абоз; рускія — 1345 чал. забітымі, 3290 параненымі. У выніку П.б. ў вайне наступіў пералом на карысць Расіі. Перамозе ў П.б. садзейнічаў поспех рас. войск у бітве каля в.Лясная ў 1708, якую Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі».
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Дядиченко В.А. Полтавська битва. Київ, 1962.
Да арт.Палтаўская бітва 1709. Палтаўская баталія 27.6.1709. Другі этап. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст. (фрагмент).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЁМКІН (Рыгор Аляксандравіч) (24.9.1739, б.в. Чыжова Духаўшчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 16.10.1791),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Граф (1774), святлейшы князь Таўрычаскі (1783), ген.-фельдмаршал (1784). Вучыўся ў гімназіі Маскоўскага ун-та (1756—60). Служыў у коннай гвардыі (1760—68). Удзельнік дварцовага перавароту, у выніку якога прастол заняла Кацярына II (1762). З 1769 удзельнік рас.-тур.вайны 1768—74 (валанцёр, ген.-маёр, ген.-паручнік), вызначыўся ў многіх бітвах. З 1774 фаварыт Кацярыны П. У тым жа годзе атрымаў тытул графа, званне ген.-аншэфа, пасады чл.Дзярж. савета і віцэ-прэзідэнта (з 1784 прэзідэнт) Ваен. калегіі. З 1776 ген.-губернатар Новарасійскай, Азоўскай і Астраханскай губ. У 1783 далучыў да Расіі Крым. Аддаваў вял. ўвагу каланізацыі стэпаў Паўн. Прычарнамор’я і буд-ву на Чорным м.рас.ваен. і гандл. флатоў, ініцыіраваў заснаванне гарадоў Екацярынаслаў, Херсон, Мікалаеў, Севастопаль. У рас.-тур. вайну 1787—91 камандаваў Екацярынаслаўскай арміяй, якая ў снеж. 1788 ўзяла тур. крэпасць Ачакаў, з 1789 — аб’яднанай Паўд. арміяй. У 1791 вёў у г. Ясы (сталіца Малдаўскага княства) мірныя перагаворы з туркамі (перапынены ў выніку смерці П.). Адзін з найбуйнейшых памешчыкаў Расіі. На Беларусі валодаў у 1774—83 мяст. Дуброўна, з 1776 — Крычаўскай воласцю, дзе былі заснаваны Крычаўская суднаверф і Крычаўскія мануфактуры. Па запрашэнні П. каля Крычава ў с. Задобра ў 1785—87 жыў англ. філосаф І.Бентам. У 1904—05 і 1917 імем П. наз. эскадраны браняносец (з 1907 лінейны карабель) рас. Чарнаморскага флоту, вядомы ўдзелам у рэвалюцыі 1905—07.
Літ.:
О приватной жизни князя Потемкина: Потемкинский праздник. М., 1991;
Лопатин В.С. Потемкин и Суворов. М., 1992;
Иоанн Грозный. Петр Великий. Меншиков. Потемкин. Демидовы: Биогр. очерки. Челябинск, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТСА́МА-КІРКЕНЕ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск Карэльскага фронту (каманд.ген. арміі, з 26 кастр. Маршал Сав. Саюза К.А.Мерацкоў) і сіл Паўн. флоту (каманд.адм. А.Р.Галаўко) 7—29 кастр. ў Вял.Айч. вайну. Пасля разгрому войск праціўніка на Карэльскім перашыйку і ў Паўд. Карэліі, выхаду з вайны Фінляндыі стварыліся ўмовы для вызвалення Сав. Запаляр’я, якое абаранялі часці ням. 19-га горнастралк. корпуса 20-й горнай арміі (ген.-палк. Л.Рэндуліч). Сав. войскі перавышалі праціўніка па асабовым складзе ў 1,8, па артылерыі — 2,8, па танках — 2,5, па самалётах — у 6,3 раза. Гал. ўдар наносілі войскі 14-й агульнавайск. і 7-й паветр. армій; Паўн. флот выконваў задачы па высадцы марскіх дэсантаў у тыле праціўніка, парушэнні яго водных камунікацый і абароне сваіх водных шляхоў. Раніцай 7 кастр. пасля артыл. падрыхтоўкі войскі 14-й арміі прарвалі тактычную зону абароны праціўніка на фронце да 20 км і глыбінёю да 16 км. Паспяхова дзейнічалі маракі і марскія дэсанты (з 10 па 25 кастр. высадзілі 6 марскіх тактычных дэсантаў). Ужо 15 кастр. войскі фронту вызвалілі г. Петсама (Печанга), 25 — г. Кіркенес (Нарвегія) і да 27 завяршылі наступленне ў Запаляр’і. У выніку П.-К.а. сав. войскі прасунуліся на глыбіню да 150 км. Праціўнік страціў каля 30 тыс. забітымі, 156 караблёў і суднаў, 125 самалётаў. За воінскую доблесць і гераізм 51 часці і злучэнню прысвоены ганаровыя найменні «Печангскіх» і «Кіркенескіх». Сярод удзельнікаў, што вызначыліся ў баях, былі беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л.нач. паходнага штаба каманд.Паўн. флотам М.Б.Паўловіч.
Літ.:
Румянцев Н.М. Разгром врага в Заполярье (1941—1944 гг.): Воен.-ист. очерк. М., 1963;
Козлов И.А., Шломин В.С. Краснознаменный Северный флот. 3 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,
сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу ў г. Полацк у 1835—1918. Засн. для падрыхтоўкі да вайск. службы дваранскіх дзяцей з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губ. Размяшчаўся ў будынку, дзе раней знаходзіліся Полацкая езуіцкая акадэмія і Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Быў разлічаны на 400 навучэнцаў, прымаліся хлопчыкі ва ўзросце 9—11 гадоў. Складаўся з 4 рот (грэнадзёрская, неранжырная, 2 мушкецёрскія), якія ўтваралі батальён. Меў 2 падрыхтоўчыя і 4 агульныя класы, у 1857 уведзены 5-ы агульнаадук. клас і 2-гадовыя спец. класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі чын афіцэра. Выкладаліся: рус., франц. і ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, маляванне, чарчэнне, закон Божы; у спец. класах дадаткова — тактыка, артылерыя, ваен. гісторыя і фартыфікацыя. У 1859—63 спец. класы падрыхтавалі 172 афіцэры. У 1865 корпус рэарганізаваны ў ваен. гімназію, якая ў 1882 зноў пераўтворана ў кадэцкі корпус з 7-гадовым курсам навучання. У пач. 1-й сусв.вайны эвакуіраваны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рэарганізаваны ў гімназію ваен. ведамства. У 1919—20 на базе П.к.к. і інш. эвакуіраваных кадэцкіх карпусоў былі створаны Крымскі (у Арэандзе) і Феадасійскі кадэцкія карпусы. За час існавання П.к.к. падрыхтаваў больш за 3 тыс. афіцэраў. Сярод іх Д.Д.Бохан, браты Кірпічовы і Манцэвічы, Р.І.Кандраценка, Н.Н. і М.Н. Кайгародавы і інш.
Дьяков В.А. Деятели русского и польского освободительного движения в царской армии 1856—1865 гг.: (Биобиблиогр. словарь). М., 1965;
Лукашэвіч А.М. Арганізацыя вучэбнага працэсу ў кадэцкіх карпусах на тэрыторыі Беларусі ў 30-х — пачатку 50-х гг. XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 4. 1998. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ППС; Polska Partia Socjalistyczna),
левая палітычная партыя ў Польшчы. Засн. ў 1893 на падставе праграмных установак Парыжскага з’езда польскіх сацыялістаў (ліст. 1892), які абвясціў лозунг стварэння незалежнай Польскай дэмакр. рэспублікі і барацьбы за дэмакр. правы нар. мас. Да 1918 дзейнічала гал. чынам у Каралеўстве Польскім. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. рабочы к-т. Кіраўнікі ППС (Ю.Пілсудскі, С.Вайцяхоўскі і інш.) планавалі аднавіць Польскую дзяржаву шляхам нац.-вызв. паўстання. У 1900—04 у ГІПС узмацніўся левы кірунак (М.Бялецкі, Ф.Кон і інш.), да якога ў чэрв. 1905 перайшло кіраўніцтва партыяй, што актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07. 9-ы з’езд ППС (ліст. 1906, Вена) выключыў Пілсудскага і яго прыхільнікаў з партыі. У 1918 ППС, вядомая як ППС-лявіца, аб’ядналася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы ў Камуніст. рабочую партыю Польшчы (з 1925 Камуністычная партыя Польшчы). Прыхільнікі Пілсудскага стварылі ППС — «рэв. фракцыю», якая ў 1909 прыняла назву ППС. У час 1-й сусв.вайны 1914—18 ППС Пілсудскага ўдзельнічала ў яго ваен.-паліт. кампаніі на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі (стварэнне легіёнаў польскіх), у 1918 — у стварэнні незалежнай Польскай дзяржавы. У ліп. 1920 увайшла ў кааліцыйны ўрад В.Вітаса, у 1926 падтрымала дзярж. пераварот Пілсудскага, але з ліст. 1926 адмовілася ад супрацоўніцтва з «санацыйным рэжымам» і перайшла ў апазіцыю. Пасля захопу Польшчы гітлераўскай Германіяй (вер.—кастр. 1939), кіраўніцтва партыі абвясціла пра роспуск ППС. Пасля вызвалення краіны (1944—45) створана адноўленая ППС (кіраўнік Э.Асубка-Мараўскі), якая ў снеж. 1948 утварыла разам з Польскай рабочай партыяй Польскую аб’яднаную рабочую партыю. Дзейнасць ППС у Польшчы аднавілася ў 1987. У 1993—94 у складзе Саюза лявіцы дэмакратычнай. У 1995 з ППС злучыліся інш. невял. сацыяліст. партыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
завяршальная наступальная аперацыя Вял.Айч.вайны 1941—45. Праведзена 6—11.5.1945 сав. войскамі 1-га (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў), 4-га (каманд.ген. арміі А.І.Яроменка), 2-га (каманд. Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі (укр. франтоў па знішчэнні ням.-фаш. групоўкі на тэр. Чэхіі і Славакіі. У П.а. ўдзельнічалі 2-я армія Войска Польскага, 1-я і 2-я румынскія арміі і 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус. У выніку Берлінскай аперацыі 1945сав. войскі ахапілі з Пн, ПнУ і Пд левы і правы флангі ням.-фаш. войск у Чэхаславакіі, дзе абараняліся групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф.Шорнер) і ч. сіл групы армій «Аўстрыя» (каманд.ген.-палк. Л.Рэндуліч). Рашэнне аб П.а. прынята ў ходзе бітвы за Берлін (планавалася на 7 мая). Неабходнасць падтрымаць Пражскае паўстанне 1945 паскорыла наступленне сав. войск. 6 мая войскі 1-га Укр. фронту выйшлі на рубеж Рудных гор, занялі г. Дрэздэн і ўступілі на тэр. Чэхаславакіі. 6-я танк. армія 2-га Укр. фронту пераадолела рубеж Рудных гор і з Пд прасоўвалася да Прагі. Войскі 4-га Укр. фронту наступалі з У і вызвалілі г. Оламаўц. Кульмінацыяй аперацыі стала 8 мая, калі быў разгромлены штаб групы армій «Цэнтр» і парушана кіраўніцтва ням. войскамі. У ноч на 9 мая 3-я і 4-я танк. арміі 1-га Укр. фронту зрабілі 80-кіламетровы кідок і ўвайшлі ў Прагу, куды ў той жа дзень падышлі часці 2-га і 4-га Укр. франтоў. 10—11 мая праціўнік спыніў супраціўленне; у палон здаліся 860 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 60 генералаў. 11 мая 1945 сав. войскі сустрэліся з часцямі 3-й амер. арміі.