ПОЛІМЕРЫ́Я (ад грэч. polymereia шматскладовасць, наяўнасць многіх частак),
адзін з тыпаў узаемадзеяння генаў, пры якім ступень развіцця адной і той жа прыкметы абумоўлена ўплывам шэрагу т.зв. палімерных генаў (праяўляюцца падобным чынам). П. пашырана ў прыродзе. Паводле тыпу П. наследуюцца важныя гаспадарча карысныя прыкметы: вышыня раслін, колькасць бялку ў зерні, вітамінаў у пладах, хуткасць росту, маса жывёл і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГІ́Ну супраціўленні матэрыялаў,
вертыкальнае перамяшчэнне пункта, што ляжыць на восі бэлькі (аркі, рамы і да т.п.) або на сярэдзіннай паверхні абалонкі (пласціны), пад уздзеяннем сілавой нагрузкі, т-ры і інш. фактараў. Па лікавым значэнні найб. П. вызначаюць адно з гранічна дапушчальных станаў канструкцый. Макс. П. для розных збудаванняў звычайна нармуюцца. Пры выпрабаванні канструкцый П. вызначаюць спец. прагінамерамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДПАРЛА́МЕНТ, Часовы савет Расійскай рэспублікі,
дарадчы орган прырас.Часовым ўрадзе 7—25.10 (20.10—7.11).1917. Створаны паводле рашэння Дэмакратычнай нарады — з’езда прадстаўнікоў Саветаў, прафсаюзаў, арміі і флоту [14—22.9 (27.9—5.10). 1917] — у якасці прадстаўнічага органа ўсіх рас. партый. У складзе П. пераважалі меншавікі і эсэры; бальшавікі пакінулі яго пасля першага пасяджэння. Распушчаны Петраградскім ВРК ў час Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІСТАЯ́ННІ ПЛАНЕ́Т,
становішчы планет, у якіх яны відаць з Зямлі ў напрамках, процілеглых Сонцу. Маюць месца толькі для т.зв. верхніх планет, арбіты якіх знаходзяцца па-за арбітай Зямлі, — Марса, Юпітэра і інш.Пры П.п. назіраецца адваротны рух планет з прычыны іх меншай, чым у Зямлі, вуглавой скорасці ў адносінах да Сонца. Гл. таксама Канфігурацыі планет, Вялікае процістаянне Марса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
група рэдкіх элементаў, якія не ўтвараюць уласных мінералаў. У якасці ізаморфных прымесей ёсць у мінералах больш распаўсюджаных элементаў. Да Р.э. адносяцца рубідый, скандый, галій, індый, германій, талій, селен, тэлур, кадмій, бром, ёд, гафній. Атрымліваюць пры перапрацоўцы руд інш. элементаў ці з няруднай сыравіны (напр., попелу вуглёў, адходаў каксавання). З сярэдзіны 20 ст. выкарыстоўваюць у тэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ЖНЫ ПРАЦЭ́С, квазістатычны працэс,
працэс пераходу тэрмадынамічнай сістэмы з аднаго стану ў другі, пры якім сістэма праходзіць праз неперарыўны шэраг раўнаважных станаў (гл.Раўнавага тэрмадынамічная); адно з асн. паняццяў тэрмадынамікі раўнаважных працэсаў. Тэарэтычна Р.п. адбываецца бясконца павольна. Рэальны працэс набліжана лічыцца Р.п., калі адметныя змены параметраў сістэмы адбываюцца за прамежкі часу, якія значна перавышаюць час рэлаксацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА,
афіцыйная папская бібліятэка ў Рыме. Засн. ў 4 ст. У 1990 у фондах 1,3 млн. адзінак, у т. л. каля 8 тыс. інкунабул і каля 100 тыс. графічных твораў мастацтва. Неаднаразова знішчалася і мяняла месцазнаходжанне (Рым, Латэран, Авіньён). Сучасны выгляд б-ка набыла ў 15 ст.пры папе Мікалаю V, які арганізаваў скрыпторый (майстэрню па перапісванні кніг) і забяспечыў доступ да бібліятэчнага збору шырокай публікі. У 16 ст. папа Сікст V перанёс б-ку ў Ватыканскі палац, дзе яна знаходзіцца і цяпер. У 1911—18 мадэрнізавана А.Рацы (будучы папа Пій XI). Абслугоўвае царк. і навук. ўстановы. У фондах б-кі адна з найбагацейшых у свеце калекцый рукапісаў (больш як 61 тыс. адзінак) і аўтографаў (Фамы Аквінскага, Ф.Петраркі, Т.Таса, М.Лютэра, Мікеланджэла, усяго каля 100 тыс.), каштоўныя прыватныя кнігазборы: шведскай каралевы Крысціны, сем’яў Борджа, Барберыні, Кіджы, Росі. Выдае каталогі спец. збораў, тыражуе фотакопіі і мікрафільмы інкунабул. Пры б-цы 3 музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА (англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),
сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Дж.Байран, І.Рэпін, Р.Кент, Б.Шоу, Л.Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТРАЗЬсудна,
палотнішча (ільняная, баваўняная, сінтэтычная тканіна) ці гнуткая пласціна для пераўтварэння энергіі ветру ў энергію руху судна; адзін з самых стараж. відаў рухачоў. Ветразі адрозніваюць: па форме — прамыя (у выглядзе прамавугольніка ці раўнабокай трапецыі; ставяцца ўпоперак судна) і косыя (трох- і чатырохвугольныя; ставяцца ўздоўж судна); паводле месца размяшчэння — верхнія, заднія, лятучыя, ніжнія, пярэднія; паводле прызначэння — звычайныя і штармавыя. Вецер аказвае на ветразі непасрэдны ціск (пры размяшчэнні ветразяў перпендыкулярна ветру) ці стварае аэрадынамічную сілу (пры косым абцяканні ветразяў паветр. патокам). У залежнасці ад размяшчэння на судне кожны ветразь мае сваю назву. Выкарыстоўваюцца таксама на буерах.