геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 1,6 км на З ад в. Мілявічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Пабоева. Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату ў выглядзе таблічак і з зернямі ружовага кварцу. Даўж. 2,4 м, шыр. 1,7 м, выш. 0,8 м, у абводзе 6,3 м, аб’ём 1,9 м³, маса каля 4,9 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс.г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. На верхняй пляцоўцы захаваліся 12 паўсферычных выемак (глыб. 0,3—0,5 см, у папярочніку 3—5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс.г. назад. Меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЛО́ГІ (грэч. Palaiologoi),
апошняя дынастыя імператараў Візантыі ў 1261—1453. Род вядомы з 11 ст. Заснавальнік дынастыі — Міхаіл VIII [1261—82], б. імператар [1258—61] Нікейскай імперыі, які ў 1261 аднавіў заваяваную ў 1204 крыжакамі Візантыю. Інш. прадстаўнікі: Андронік II [1282—1328]; Андронік III [1328—41], Іаан V [1341—91], суправіцелямі якога былі ўзурпатары Іаан VI Кантакузін [1341—54], Андронік IV [1376—79] і Іаан VII [1390]; Мануіл II [1391—1425]; Іаан VIII [1425—18]; Канстанцін XI [1449—53]. Праўленне П. — перыяд паліт. і гасп. заняпаду імперыі, захопу (з пач. 14 ст.) яе тэр. туркамі-асманамі, якія ў маі 1453 узялі Канстанцінопаль, забілі Канстанціна XI і спынілі існаванне Візантыі. Пляменніца Канстанціна XI Зоя (Соф’я) — жонка маскоўскага вял.кн.Івана III, маці Васіля III.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад палеа... + магнетызм),
археамагнетызм, уласцівасць горных парод намагнічвацца ў час свайго фарміравання і захоўваць набытую (рэшткавую) намагнічанасць у наступныя геал. эпохі. Фіксатары стараж. намагнічанасці — базальтавыя лавы, чырванаколерныя адклады, асобныя шэрыя гліны і інш. пароды з вял. колькасцю ферамагнітных мінералаў (магнетыт, гематыт, ільменіт, тытанамагнетыт і інш.). П. — таксама раздзел зямнога магнетызму, які вывучае магнітнае поле Зямлігеал. мінулага. Палеамагнітныя даследаванні дапамагаюць вывучаць эвалюцыю і інверсіі геамагнітнага поля, дрэйф кантынентаў, стратыграфію і абсалютны ўзрост адкладаў (створана абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала), палеагеагр. і палеатэктанічныя ўмовы і інш.
Р.А.Зінава.
Да арт.Палеамагнетызм. Абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала для апошніх 4,5 млн. гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЫ́НАЎ (Барыс Барысавіч) (4.8.1877, г. Стаўрапаль, Расія — 16.3.1952),
расійскі глебазнавец, геахімік і географ. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1933). Скончыў Лясны ін-т (1900) і ун-т у Пецярбургу (1908). З 1920 праф. Данскога політэхн. ін-та ў Новачаркаску, з 1923 Ленінградскага, у 1935—36 і з 1947 Маскоўскага ун-таў; адначасова з 1923 у АНСССР (з 1925 у Глебавым ін-це). Навук. працы па тэорыі глебаўтварэння, фарміраванні асн. тыпаў кары выветрывання, класіфікацыі прыродных ландшафтаў і іх геахіміі, па метадах даследавання грунтоў. Вял. залаты медаль (1926) і залаты медаль імя Сямёнава-Цян-Шанскага (1928) Геагр.т-ваСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮ́ДДЗЕ,
«хаджэнне па людзях», 1) аб’езд князем і яго дружынай падуладных зямель і плямён Кіеўскай Русі дзеля збору даніны. Вядома з 10 ст. Адбывалася ўвосень або зімою, неакрэсленасць памеру даніны прыводзіла да вял. злоўжыванняў, за адно з якіх у 945 у час П. драўляне забілі кн.Ігара. Удава Ігара кн.Вольга ўпершыню вызначыла памер даніны і месцы яе збору — пагосты.
2) Назва даніны. У 12 ст. ў Наўгародскай, Полацкай і Смаленскай землях П. — грашовая павіннасць, якую збіраў князь ці феадал. У ВКЛ у 15—16 ст. П. — даніна ў форме падарункаў ад насельніцтва намеснікам або княжацкім старастам пры аб’ездзе імі валасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРО́ІД, палярызацыйны святлафільтр,
адзін з асн. відаў лінейных палярызатараў.
Уяўляе сабой тонкую палярызацыйную плёнку, якая мае вял. колькасць аднолькава арыентаваных мікракрышталікаў рэчыва і заклеена для аховы ад мех. пашкоджанняў і ўздзеяння вільгаці паміж 2 празрыстымі пласцінкамі. Плёнка раскладае светлавы прамень, што падае на яе, на 2 прамяні (гл.Падвойнае праменепераламленне) і адзін з іх паглынае. Натуральнае святло пры праходжанні праз яе палярызуецца (гл.Палярызацыя святла). Выкарыстоўваецца ў палярызацыйных прыладах у розных дыяпазонах аптычнага выпрамянення, а таксама для розных тэхн. мэт, напр., П. на фарах і ветравым шкле аўтамабіля ахоўваюць вадзіцеля ад асляплення святлом сустрэчных машын, акуляры з П. засцерагаюць вочы ад яркага святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАГЕНЕ́З,
сукупнасць працэсаў пераўтварэння асадкавых горных парод пры іх апусканні ў глыбокія гарызонты літасферы ва ўмовах нарастання ціску і т-ры; заключная стадыя літагенезу, якая апераджае працэсы метамарфізму. На стадыі М. працягваецца пераўтварэнне асадкавых парод, пачатае на стадыях дыягенезу і катагенезу. У адрозненне ад катагенезу працэсы М. працякаюць пры больш высокай т-ры (300—450 °C) і геастатычным ціску (400—600 МПа), сярод іх вял. роля стрэсавых дэфармацый і цвердафазавых рэакцый. На стадыі М. фарміруюцца бластычныя, шыпападобныя і катакластычныя структуры, тэкстуры кліважу і крышталізацыйнай сланцаватасці. У выніку працэсаў М. ўтвараюцца кварцыта-пескавікі, кварцыты, філітападобныя сланцы, мармурызаваныя вапнякі і даламіты, графітызаваныя антрацыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛІ́ЧНЫХ КАНСТРУ́КЦЫЙ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
падгаліна прам-сці машынабудавання і металаапрацоўкі, што выпускае маласерыйныя або адзінкавыя віды вырабаў вял. памераў з металу (металічныя канструкцыі). Найб. шырока такая прадукцыя выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, асабліва пры ўзвядзенні лёгкіх часовых збудаванняў, вырабе вентыляцыйных і цеплавых сістэм. На Беларусі падгаліна аб’ядноўвае 7 прадпрыемстваў, у т. л. 3 з-ды металаканструкцый (у Віцебску, Гомелі, Магілёве) спецыялізуюцца па вырабе металаканструкцый для с.-г.буд-ва (нестандартызаванае абсталяванне для ферм і жывёлагадоўчых комплексаў і інш.). У Мінску працуюць арэндныя прадпрыемствы «Доследны завод металаканструкцый» і па праектаванні буд.метал. канструкцый «Белпраектстальканструкцыя», у г. Маладзечна — з-д лёгкіх металаканструкцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ «МА́СТРА».
Засн. ў 1939 у Мінску як арцель «20-годдзе Кастрычніка». У Вял.Айч. вайну разбурана, пасля вайны адноўлена. У 1960 перайменавана ў Мінскую ф-ку маст. вырабаў. З 1979 галаўное прадпрыемства Мінскага ВАмаст. вырабаў, у склад якога ўваходзілі Маладзечанская і Барысаўская ф-кі маст. вырабаў. У 1988 аб’яднанне расфарміравана. З 1990 арэнднае прадпрыемства «Мінская ф-камаст. вырабаў», з 1992 акц.т-ва, з 1996 адкрытае акц.т-ва «Мастра». Асн. прадукцыя (1999): да 150 мадэлей жаночага адзення (блузкі, сукенкі, касцюмы, спадніцы, штаны), да 60 мадэлей трыкат. вырабаў (дзіцячыя, падлеткавыя, жаночыя), вырабы дзярж. сімволікі (флагі, сцягі, штандарты і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д «АЛІВА́РЫЯ».
Засн. ў 1864 у Мінску. У 1894 пабудаваны мураваны будынак, у якім з-д працуе да цяперашняга часу (помнік прамысл. архітэктуры 19 ст.) Належаў у розныя гады Р.Фрумкінай, графу Чапскаму, братам Лекертам. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У Вял.Айч. вайну працаваў. Пасля вайны пераабсталяваны, атрымаў назву піўзавод «Беларусь». У 1976—92 у ВА «Мінскпіўпрам». З 1994 адкрытае акц.т-ва «Піўзавод Аліварыя». На 1.1.1999 вырабляе 16 гатункаў піва (1927 тыс. дэкалітраў за год): «Мінскі бровар», «Няміга», «Няміга-арыгінальнае», «Лекерт-1», «Лекерт-2», «Лекерт-люкс», «Граф Чапскі», «Троіцкае», «Аліварыя» (моцнае, лёгкае, цёмнае, залатое, фірменнае), «Народнае», «Сябры».