МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗНАК,

архітэктурна-скульптурнае збудаванне, звычайна ў выглядзе невысокай стэлы з рэльефам або каменя з тэкстам. Устанаўліваецца ў гонар значнай гіст. падзеі або выдатнай асобы. Уключае надпіс-прысвячэнне, сціплы дэкор, часта партрэтную, сюжэтную ці алегарычную выяву. Бывае самаст. ці ўваходзіць у мемар. комплекс. Ставіцца звычайна там, дзе адбылася падзея або на месцы, звязаным з жыццём выдатнай асобы. М.з. ў Мінску: на бульвары Шаўчэнкі Тарасу Шаўчэнку (1978, скульпт. С.​Вакар), на пл. Незалежнасці на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газ. «Звязда» Героя Сав. Саюза У.​С.​Амельянюка (1980, скульпт. А.​Анікейчык, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), у двары Дома друку на ўшанаванне памяці рабочых друкарні, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну (1984, арх. А. і М. Ткачукі); у Барысаўскім р-не на Брылёўскім полі каля в. Студзёнка ў гонар рас. арміі, якая перамагла напалеонаўскія войскі ў час іх пераправы цераз р. Бярэзіна ў 1812 (1912) і на ўшанаванне памяці франц. салдат, што тут загінулі (1997, скульпт. І.​Міско); у Магілёўскім р-не каля в. Буйнічы на месцы, дзе быў развеяны прах рас. пісьменніка К.​Сіманава (1980), на бел.-літ. памежжы ў гонар К.​Каліноўскага (скульпт. В.​Янушкевіч), на месцы трагедыі 30.5.1999 на станцыі метро «Няміга» (скульпт. Г.​Буралкін, арх. А.​Чадовіч; абодва 1999), і інш. М.з. — састаўная ч. ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (на месцы заставы Наганава), «Праклён фашызму (на месцы спаленай вёскі Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Мемарыяльны знак на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газеты «Звязда» У.​С.​Амельянюка.

т. 10, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЧНЫЯ ЎЛАСЦІ́ВАСЦІ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,

сукупнасць паказчыкаў, якія характарызуюць супраціўленне матэрыялаў прыкладзеным нагрузкам, асаблівасці іх дэфармавання і разбурэння. Вызначаюцца пры механічных выпрабаваннях: статычных (на расцяжэнне, сцісканне, выгін, кручэнне, цвёрдасць), дынамічных, або ударных (на ударную вязкасць), стомленасных (пры шматразовым прыкладанні нагрузкі), а таксама працяглых высокатэмпературных (на паўзучасць, працяглую трываласць, рэлаксацыю).

Дэфармацыя цела пад уздзеяннем нагрузкі вызначаецца дыяграмай дэфармацыі, якая запісваецца на выпрабавальнай машыне пры расцяжэнні (сцісканні) узору. Напружанне, пры якім парушаецца прапарцыянальны нагрузцы рост дэфармацыі, наз. мяжой прапарцыянальнасці; найб. напружанне, якое вытрымлівае матэрыял без праяўлення астаткавай пластычнай дэфармацыі, наз. мяжой пругкасці; напружанне, пры якім астаткавая адносная дэфармацыя дасягае 0,2% (паводле Дзяржстандарту), наз. ўмоўнай мяжой цякучасці; адносіны максімальнай нагрузкі, якую вытрымлівае матэрыял, да плошчы папярочнага сячэння наз. мяжой трываласці матэрыялу (характарызуе яго часовае супраціўленне пластычнай дэфармацыі); тангенс вугла нахілу прамой, што апісвае суадносіны паміж напружаннем і дэфармацыяй, лікава роўны модулю пругкасці матэрыялу. Для ацэнкі супраціўлення пластычнай дэфармацыі праводзяць таксама выпрабаванні на цвёрдасць уцісканнем шарыка, конуса або піраміды (гл. Брынеля метад, Роквела метад, Вікерса метад). Пластычнасць канструкцыйных матэрыялаў пры расцяжэнні ацэньваюць падаўжэннем або звужэннем, пры сцісканні — укарачэннем, пры кручэнні — найбольшым вуглом закручвання рабочай ч. ўзору.

Літ.:

Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. 3 изд. М., 1974.

В.​К.​Грыбоўскі.

Да арт. Механічныя ўласцівасці матэрыялаў. Тыповая дыяграма дэфармацыі пры расцяжэнні канструкцыйных матэрыялаў: σ — напружанне; δ — адносная дэфармацыя; σn — мяжа прапарцыянальнасці; σe — мяжа пругкасці; σm — умоўная мяжа цякучасці; σв — мяжа трываласці; P — нагрузка; Fo — пачатковая плошча папярочнага сячэння ўзору; в — пункт максімуму крывой расцяжэння пры раўнамерным дэфармаванні; в′ — пункт абрыву; к — крывая дэфармавання пасля ўтварэння «шыйкі».

т. 10, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,

метад сінтэзу палімераў, пры якім макрамалекула ўтвараецца шляхам паслядоўнага далучэння малекул аднаго ці некалькіх манамераў да актыўнага цэнтра, што знаходзіцца ў канцы растучага ланцуга; адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў. У П. ўступаюць нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх маюць кратныя сувязі (алефіны, дыенавыя і ацэтыленавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрыты і інш.) або цыклічныя групоўкі, здольныя раскрывацца (аксіды алефінаў, цыклічныя эфіры, лактоны, лактамы і інш.).

Паводле колькасці манамераў, што ўдзельнічаюць у П., адрозніваюць гамаполімерызацыю (адзін манамер) і суполімерызацыю (2 і больш), паводле прыроды актыўнага цэнтра — радыкальную П., калі актыўны цэнтр — свабодны радыкал (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі), і іонную П., актыўныя цэнтры — іоны (аніённая ці катыённая П.) або палярызаваныя малекулы (каардынацыйна-іонная П.). Пры П. развіццё кінетычнага ланцуга (працэс П. ўключае некалькі асн. стадый, т.зв. элементарных актаў — ініцыіраванне, рост ланцуга, яго абрыў і перадача) адбываецца адначасова з ростам матэрыяльнага ланцуга макрамалекулы. Найб. пашыраныя спосабы ажыццяўлення П.: П. ў масе, ці блочная (П. вадкага манамера ў адсутнасці растваральніку), П. ў растворы (полімерызуецца раствораны манамер), эмульсійная П. і суспензійная П. (П. манамера, дыспергаванага ў вадзе), газафазная (П. газападобнага манамера пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ці на паверхні каталізатара), а таксама цвердафазная П. (П. манамераў у крышт. або шклопадобным стане). Метадам П. атрымліваюць каля 75% агульнага аб’ёму сінт. палімераў, што вырабляюць у свеце, (у т. л. найб. буйнатанажныя поліалефіны, полістырол, полівінілхларыд), а таксама асн. масу каўчукоў сінтэтычных.

Літ.:

Оудиан Дж. Основы химии полимеров: Пер. с англ. М., 1974;

Иванчев С.С. Радикальная полимеризация. Л., 1985;

Брук М.А., Павлов С.А. Полимеризация на поверхности твердых тел. М., 1990.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТАРНАЯ МАШЫ́НА,

машына, рабочым органам якой з’яўляецца ротар. Да Р.м. належаць ротарныя рухавікі, помпы, землярыйныя машыны, снегаачышчальнікі і інш. Комплекс машын (ротараў), у якім загатоўкі, што апрацоўваюцца, рухаюцца па дугах акружнасці разам з рабочым інструментам, наз. аўтам. ротарнай лініяй.

У ротарнага рухавіка энергія згараючых газаў пераўтвараецца ў мех. з дапамогай трохграннага ротара, які верціцца ў цыліндры (статары) спец. профілю. Паміж паверхнямі ротара і статара ўтвараюцца камеры, аб’ём якіх перыядычна змяняецца пры вярчэнні ротара. Выкарыстоўваецца ротарна-поршневы рухавік Ф.​Ванкеля (сканструяваны ў 1957), у якім грані ротара адсякаюць пераменныя аб’ёмы камер, дзе адбываюцца звычайныя для поршневых рухавікоў працэсы. Устанаўліваецца на аўтамабілях, лодках, верталётах і інш. Ротарная помпа — аб’ёмная, з вярчальным або вярчальным і зваротна паступальным рухам рабочых органаў (гл. Помпа). Выкарыстоўваецца пераважна для падачы вязкіх вадкасцей без цвёрдых дамешкаў. Ротарная землярыйная машына — многакаўшовы экскаватар, рабочы орган якога (кола або ротар) аснашчаны па акружнасці каўшамі са зменнымі зубамі. Выкарыстоўваецца для выемкі мяккіх парод у вугальных і рудных кар’ерах, для капання траншэй. Ротарнымі бываюць таксама каналакапальнікі і інш. меліярацыйныя машыны. Ротарныя снегаачышчальнікі выкарыстоўваюцца для ачысткі чыг. пуці (робяцца на чыг. колавым хаду) і аўтадарог (на аўтамабілях або спец. шасі; гл. Снегаўборачныя машыны).

У.​М.​Сацута.

Ротарныя машыны: а — ротарна-поршневы рухавік Ванкеля (1 — ротар, 2 — вал, 3 — вадзяное ахаладжэнне, 4 — корпус, 5 — свечка запальвання, 6 — шасцярня, 7 — зубчастае кола; I — упуск, II — сцісканне, III — расшырэнне, IV — выпуск); б — аўтаматычная ротарная лінія (1 — рабочы ротар, 2 — лінія перамяшчэння вырабу пры апрацоўцы, 3 — клешчы, 4 — транспартны ротар, 5 — блок інструментаў, 6 — капір).

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́МА,

збудаванне пераважна яруснай кампазіцыі з каменю ці дрэва, з гал. уваходам або праездам у замак, горад, сядзібу ці інш. замкнёны комплекс пабудоў. Звычайна была звязана з абарончымі сценамі або агароджай гарадоў, замкаў і асобных комплексаў.

У еўрап. архітэктуры найб. пашыраны ў 14—17 ст. Першапачаткова мелі абарончы характар (брама «Субач» у Вільні), з 16 ст. набылі складаныя дэкар. формы і багатае вонкавае аздабленне (у архітэктуры рэнесансу і барока). Своеасаблівы тып брамы — арка трыумфальная. Будаваліся з каменю, цэглы, дрэва, часам мелі мяшаную канструкцыю («прускі мур»).

На тэр. Беларусі ўзніклі ў жал. веку як збудаванні, якія ахоўвалі ўезд на гарадзішча, пашырыліся ў стараж.-рус. крапасным буд-ве. У 14—18 ст. існавалі брамы гарадскія (іх ставілі на ўездах у горад, былі часткай сістэмы вонкавых абарончых умацаванняў), замкавыя (праезныя брамы-вежы), сядзібныя, палацавыя, кляштарныя, манастырскія і інш. З’яўляліся самаст. збудаваннямі або часткай арх. комплексу. У гар. брамах былі абарончыя памяшканні, мытня, кардэгарда, капліца і інш., іх будавалі ў выглядзе вежападобных і ярусных кампазіцый (гл. Нясвіжская Слуцкая брама, Нясвіжская замкавая вежа). Замкавыя брамы мелі пад’ёмныя масты, барбаканы і інш. У ніжнім ярусе і скляпах размяшчаліся памяшканні для варты, склады, турма, наверсе — баявыя, жылыя памяшканні, капліца (гл. ў арт. Мірскі замкава-паркавы комплекс, Кобрынскія замкі, Радашковіцкі замак). З 16 ст. замкавыя брамы паступова страчвалі абарончыя рысы, у замкава-палацавых комплексах 17—18 ст. ператварыліся ў багата дэкарыраваныя парадныя ўезды рэнесансавых і барочных палацавых рэзідэнцый і падкрэслівалі вось кампазіцыі ансамбля (уязная брама палацава-паркавага комплексу ў Нясвіжы). У 18 ст. брамы набылі пышнае дэкар. афармленне картушамі і інш. дэталямі, некат. ярусныя вежы ўпрыгожаны атыкамі, складанымі франтонамі (Ружанскі палацавы комплекс). У 19 ст. ўвайшлі ў палацава-паркавыя ансамблі, мелі рысы класіцызму і несапраўднай готыкі. У драўляным сядзібным дойлідстве брамы будавалі ў 1—3 ярусы. Асаблівы тып брамы — брама-званіца ў манастырах або пры цэрквах; мела звычайна 2 ярусы: унізе праход, гасп. і жылыя памяшканні, наверсе — званіца. Брамы адыгрывалі таксама маст. ролю ў кампазіцыі грамадскіх будынкаў: ратуш, гандл. радоў, аўстэрый, гасціных двароў. У выглядзе брамы вырашаюцца некаторыя вароты ў нар. жыллі 19—20 ст.

Уязная брама ў Ружанскім палацавым комплексе (Пружанскі раён Брэсцкай вобл.).
Уязная брама ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе (Мінская вобл.).
Брама-вежа Мірскага замка (Карэліцкі раён Гродзенскай вобл.).

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́ДАВЫЯ СТРА́ВЫ,

адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. Традыц. абрадавыя стравы беларусаў — каша, бліны, аладкі, хлеб і інш. — выконвалі знакавую функцыю і звычайна суправаджалі магічныя абрадавыя дзеянні. Каша з цэлага зерня (ячменнага, прасянога і інш.) — неад’емная частка радзіннага, вясельнага, памінальнага, каляднага, жніўнага абрадаў. Цэнтр. месца ў святкаванні радзін адводзілася бабінай кашы. На другі дзень вяселля кашу падносілі маладой. На памінкі варылі салодкую ячную кашу, а таксама рытуальную памінальную страву — канун. Ва ўсх. Беларусі сярод памінальных страў былі клёцкі. Гал. абрадавай стравай каляднага святкавання была куцця; яе абносілі вакол хаты, ставілі на покуць, каб паспрыяць будучаму ўраджаю, верх з яе аддавалі курам, каб добра несліся. На бедную куццю гаспадар або старэйшая жанчына клікалі мароз, прыгаворваючы, каб ён не марозіў «ні кійкоў, ні гуркоў, ні аратаяў старых, ні пагонічаў маладых» (Гродзеншчына). Куцця, як і бліны, была атрыбутам варажбы. На Палессі жытнюю кашу бралі з сабой, ідучы першы раз жаць: нажаўшы першы сноп, тры разы бралі ў рот кашы, астатнюю выкладвалі ў сноп і завязвалі яго. З рытуальнай сімволікай ураджаю звязаны і велікодныя стравы: рэшткі асвячоных у царкве яек, пірагоў, кумпяка (косці) закопвалі на загонах. Адно велікоднае яйка захоўвалі да пачатку сяўбы (яго бралі з сабой, едучы першы раз сеяць). Асаблівая магічная сіла надавалася блінам і аладкам, якія сімвалізавалі сонца і яго гадавы круг (бліны абавязковая страва на масленіцу і Каляды). Да абрадавых страў адносяцца і паўсядзённыя стравы, якія традыцыйна гатуюць у пэўныя святочныя або памінальныя дні. На бедную куццю варылі посны бурачны боршч (квас), падкалочаны мукой або рошчынай, з грыбамі ці алеем, крупнік, аўсяны кісель, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пяклі бліны ці аладкі, ламанцы з цёртым макам (гл. Лазанкі); на багатую куццю — бліны з салам і каўбасой, боршч з мясам, крупнік, куццю з салам і інш. На масленіцу акрамя бліноў абавязковыя былі сыр і масла, на Вялікдзень — яйкі, сыр, масла, сала, мяса, па магчымасці — кумпяк, парася, на Купалле варылі кулагу. На памінальным стале (на дзяды, радаўніцу) абавязкова былі боршч з мясам або капуста, сытая каша, каўбаса, бліны. Гл. таксама Абрадавае печыва.

Літ.:

Листова Н.М. Пища в обрядах и обычаях // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

частка нацыянальнага даходу, якая паступае ў індывід. спажыванне тых, хто працуе па найму. Адрозніваюць намінальную З.п. (сума грашовых сродкаў, атрыманых работнікам за выкананне работы на працягу пэўнага перыяду часу) і рэальную З.п. (тая колькасць тавараў і паслуг, якую можна за яе набыць). У залежнасці ад спецыфікі працы прымяняюць пагадзінную [аплата праводзіцца па тарыфных стаўках (акладах) адпаведна колькасці працы] і здзельную сістэму З.п. (аплата па фактычнай выпрацоўцы прадукцыі па здзельных расцэнках). У большасці краін мінімум З.п. ўстанаўліваецца законам.

Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.п. — гэта сукупнасць узнагароджанняў у грашовай або (і) натуральнай форме, якія атрымлівае работнік за фактычна выкананую работу, а таксама за перыяды. што ўключаюцца ў рабочы час. Мінім. З.п. з’яўляецца асновай для вызначэння памераў рэсп. тарыфаў аплаты працы, пенсій, стыпендый, дапамог і інш. сац. выплат. У калектыўных дагаворах, пагадненнях можа быць прадугледжаны больш высокі памер мінім. З.п. Максімальны памер З.п. не абмяжоўваецца. Рэсп. тарыфамі аплаты працы з’яўляюцца месячныя тарыфныя стаўкі і службовыя аклады, якія вызначаюць узроўні аплаты працы для канкрэтных прафесійна-кваліфікацыйных груп работнікаў бюджэтных устаноў і арг-цый, а таксама наймальнікаў, якія карыстаюцца дзярж. датацыямі. Інш. наймальнікі, калі гэта прадугледжана калект. дагаворамі ці пагадненнямі, абавязаны выкарыстоўваць рэсп. тарыфы для дыферэнцыяцыі аплаты працы работнікаў. Рэсп. тарыфы аплаты працы вызначаюцца ўрадам або інш. упаўнаважаным органам з удзелам прафсаюзаў. Аплата працы ажыццяўляецца, як правіла, на аснове тарыфных ставак (службовых акладаў), якія вызначаюцца ў калект. дагаворы або наймальнікам. На цяжкіх работах, работах са шкоднымі ўмовамі працы і работах у мясцовасцях з цяжкімі кліматычнымі ўмовамі ўстанаўліваецца павышаная аплата працы.

Формы, сістэмы і памеры аплаты працы работнікаў устанаўліваюцца наймальнікам на аснове калект. дагавора, пагадненняў і працоўнага дагавора; работнікаў дзярж. бюджэтных устаноў — у парадку, які вызначаецца ўрадам; у вышэйшых дзярж. органах — устанаўліваюцца законам. Наймальнік у лік атрыманага ім прыбытку можа ўстанаўліваць работнікам узнагароджанне па выніках гадавой работы. Памер узнагароджання вызначаецца з улікам вынікаў працы работніка і працягласці бесперапыннага стажу работы ў дадзенага наймальніка. Работнікі маюць права на частку прыбытку прадпрыемства ў выпадках, прадугледжаных заканад. актамі або статутам прадпрыемства. З.п. падлягае індэксацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Для забеспячэння выплат належнай работнікам З.п., гарантыйных і кампенсацыйных выплат наймальнікі абавязаны ствараць рэзервовы фонд З.п.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЦА (Triticum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.

Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.

На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел. НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.

Літ.:

Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;

Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;

Ламан Н.А., Янушкевич Б.Н., Хмурец К.И. Потенциал продуктивности хлебных злаков: Технол. аспекты реализации. Мн., 1987.

В.​М.​Прохараў.

Пшаніца: 1 — мяккая (а — безасцюковая, б — асцюкаватая); 2 — цвёрдая; 3 — культурная адназярнянка; 4 — Цімафеева; 5 — полба; 6 — польская; 7 — персідская; 8 — спельта; 9 — хлеб з мукі (а — слабай, б — сярэдняй, в — моцнай пшаніцы).

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРТУ́РА (ад лац. apertura адтуліна),

дзейная адтуліна аптычнай сістэмы, якая вызначаецца памерамі лінзаў або дыяфрагмамі. Раздзяляльная здольнасць аптычнай прылады прапарцыянальная апертуры. Вуглавая апертура — вугал α паміж крайнімі прамянямі канічнага светлавога пучка, які ўваходзіць у аптычную сістэму. Лікавая апертура вызначаецца як п n sin(α/2), дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца прадмет.

Вуглавая апертура (α) аптычнай сістэмы.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПНО́Э (ад а... + грэч. pnoē дыханне),

часовае спыненне дыхальных рухаў у чалавека і жывёл. Настае пасля фарсіраванага дыхання пры недахопе ў крыві вуглякіслага газу, моцнага павышэння артэрыяльнага крывянога ціску або раздражненнямі скуры (напр., халоднай вадой), у нованароджаных — адразу пасля нараджэння ад лішку кіслароду ў крыві. Адрозніваецца ад асфіксіі, якая ўзнікае пры кіслародным галаданні і лішку вуглякіслага газу.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)