СПІРТАМЕ́Р,
назва арэометра для вызначэння мацунку водна-спіртавых раствораў па іх шчыльнасці.
т. 15, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ РЭ́ЗКА,
рэзанне матэрыялаў спальваннем іх у струмені кіслароду; тое, што кіслародная рэзка.
т. 4, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁ...,
частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны іх да радыё, напр., радыёхвалі.
т. 13, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЫ́КАЛА (Agricola) Георг [сапр. Баўэр (Bauer); 24.3.1494, г. Глаўхаў, Германія — 21.11.1555], нямецкі вучоны ў галіне горнай справы і мінералогіі. Д-р медыцыны. На аснове даследаванняў прац антычных вучоных па геалогіі і горнай справе, уласных назіранняў абагульніў і сістэматызаваў вопыт горна-металург. вытв-сці. Навукова абгрунтаваў асновы пошуку і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, падземнай распрацоўкі рудаў і іх абагачэння, металургіі, прабірнага майстэрства. Апісаў 20 новых мінералаў, прапанаваў метады вызначэння іх па вонкавых прыкметах. Вывучаў лекавыя ўласцівасці металаў і мінералаў.
т. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭНАРЭЦЭ́ПТАРЫ, адрэнарэактыўныя сістэмы,
спецыфічныя біяхім. структуры клетак, якія ўзаемадзейнічаюць з медыятарамі — адрэналінам, норадрэналінам і некаторымі лек. рэчывамі. Вынікам узаемадзеяння з’яўляецца актывацыя або тармажэнне адпаведнай функцыі клеткі, потым органа і фізіял. сістэмы. Канчатковая будова адрэнарэцэптараў не вызначана. Яны падзяляюцца на α- і β-адрэнарэцэптары. α-адрэнарэцэптары найб. адчувальныя да норадрэналіну; пры іх актывацыі звужаюцца сасуды, скарачаецца матка, селязёнка, расшыраюцца зрэнкі. β-адрэнарэцэптары найб. адчувальныя да ізадрыну, пры іх узбуджэнні сасуды расшыраюцца, бронхі расслабляюцца, затарможваецца скарачэнне маткі, пачашчаецца рытм сардэчных скарачэнняў.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫ́ЛЬЧЫК Валянцін Вячаслававіч (8.12.1935, г. Полацк — 13.1.1993),
хімік-арганік. Д-р хім. н. (1986), праф. (1987). Засл. вынаходнік СССР (1992). Засл. дз. нав. Чувашыі (1992). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Бел. тэхнал. Ін-це і Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. З 1969 у Чувашскім ун-це. Навук. даследаванні па хіміі тэрпеноідаў і іх сінт. аналагаў. У супрацоўніцтве з бел. вучонымі атрымаў новыя біялагічна актыўныя прэпараты (пестыцыды) і даследаваў іх эфектыўнасць.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 2, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТАЭЛЕКТРО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для пераўтварэння і аналагавай апрацоўкі інфармацыі на аснове акустаэлектроннага ўзаемадзеяння. Да іх адносяцца акустаэлектронныя ўзмацняльнікі, генератары, фільтры, рэзанатары, акустычныя лініі затрымкі, дапасаваныя фільтры, прылады для кадзіравання і дэкадзіравання сігналаў і інш. Найб. пашыраны акустаэлектронныя фільтры (п’езаэл. фільтры на аб’ёмных або паверхневых хвалях); выкарыстоўваюцца для вылучэння і інтэгравання (назапашвання) сігналаў, змены іх частотнага спектра. Акустаэлектронныя прылады адрозніваюцца высокай надзейнасцю, мініяцюрнымі памерамі. Выкарыстоўваюцца ў радыёвяшчанні, тэлебачанні, радыёлакацыі, касм. сувязі і інш. Гл. таксама Акустаэлектроніка.
В.М.Дашанкоў.
т. 1, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ЖАЛЬЦЫ (halterium),
парныя булавападобныя або колбападобныя мініяцюрныя органы двухкрылых, самцоў вееракрылых і чарвяцоў. Уяўляюць сабой відазмененыя крылы — заднія ў двухкрылых і чарвяцоў або пярэднія ў вееракрылых. Аснова і галоўка Ж. маюць вял. колькасць органаў пачуццяў — сэнсіл (напр., у сляпнёў іх 565). Іх вял. колькасць у насякомых, якія добра лётаюць. У палёце Ж. вагаюцца (б’юць) з той жа частатой, што і крылы, але ў процілеглай фазе, і функцыянуюць як гіраскоп. Выдаленне Ж. (у эксперыменце) у мух парушае стабілізацыю палёту.
т. 6, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́Т,
зацвярдзенне ў тканках (падскурнай клятчатцы, мышцах) ці органе (лёгкіх, печані) з прычыны назапашвання клетачных элементаў, крыві, лімфы і хім. рэчываў. Найчасцей бываюць запаленчыя і пухлінныя І. Запаленчыя могуць разыходзіцца, расплаўляцца, склеразавацца, з утварэннем каверны, абсцэсу, рубца і інш. Пухлінныя складаюцца з пухлінных клетак рознай прыроды (рак, саркома) і праяўляюцца іх ростам. Пры І. тканка павялічваецца ў аб’ёме, мяняе колер, становіцца цвёрдай, іншы раз балючай. І. наз. таксама зацвярдзенне тканак пры насычэнні іх растворамі для мясц. абязбольвання.
т. 7, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯТЫ́П (ад карыя... + тып), храмасомны набор,
сукупнасць адзнак храмасом (іх колькасць, памер, форма), характэрных для дадзенага віду. Нязменнасць К. падтрымліваецца заканамернасцямі дзялення ядра клеткі (мітозам — для аднаго арганізма і меёзам — у межах віду). Змена адбываецца праз геномныя і храмасомныя мутацыі. Дакладна ідэнтыфікавана каля 1500 генаў чалавека (1—5% ад іх агульнай колькасці). Апісанне храмасомнага набору ўключае падлік колькасці храмасом. марфаметрыю, ідэнтыфікацыю цэнтрамеры, ядзерцавага арганізатара, спадарожніка і інш. Параўнальны аналіз К. выкарыстоўваецца ў сістэматыцы.
Э.В.Крупнова.
т. 8, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)