кодавая назва карнай аперацыі, праведзенай ням. фашыстамі на акупіраванай Беларусі ў Вял.Айч. вайну 20.7.—10.8.1942 супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва Клічаўскай партыз. зоны. Праводзілася сіламі баявой групы групенфюрэра СС Бах-Зелеўскі, часцей ахоўных дывізій, артдывізіёнаў, камандаў тайнай палявой паліцыі і СД, зондэркамандаў пад агульным камандаваннем ген.-м. Рыхерта. Ім процістаялі 11 партыз. атрадаў, больш за 2 тыс. партызанаў, падпарадкаваных 208-му партыз. атраду імя Сталіна (У.І.Нічыпаровіч), у зоне знаходзілася некалькі тысяч жанчын, старых, дзяцей. У выніку аперацыі было загублена больш за 1,5 тыс.чал., спалена 31 вёска, захоплены больш за 3 тыс. галоў жывёлы і інш. маёмасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́Т (ад грэч. orchis яечка),
запаленне яечка. Адзначаецца ў чалавека і млекакормячых, часта спалучаецца з эпідыдымітамі. Неспецыфічныя архіты выклікаюцца бактэрыямі, вірусамі, часцей маюць другаснае паходжанне, спецыфічныя — узбуджальнікі туберкулёзу, бруцэлёзу, сіфілісу, актынамікозу. Ганарэйныя, трыхаманозныя, хламідыёзныя, мікаплазмавыя архіты перадаюцца палавым шляхам. Прычынай архіта могуць быць перакруты яечка і гідатыдаў, яго траўматычныя пашкоджанні. Пры вострых архітах павышаная балючасць пры хадзе, дотыку адзення, змена паходкі. Архіты могуць прывесці да атрафіі аднаго або абодвух яечак, што тоіць у сабе бясплоддзе і зніжэнне патэнцыі. Лечаць востры архіт ў стацыянары, хірург. ускрыццём гнайнікоў або выдаленнем яечка. Хранічныя архіты трэба дыферэнцыраваць ад злаякасных пухлін. Палавыя здольнасці, як правіла, захоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́, асіннікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс.га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА, экскрэторная сістэма,
сукупнасць органаў, якія выводзяць з арганізма жывёл і чалавека ў навакольнае асяроддзе лішкі вады, солей, канчатковых прадуктаў абмену рэчываў, ядавітых рэчываў, што паступілі ў арганізм або ўтварыліся ў ім. Экскрэторную функцыю выконваюць органы стрававання, дыхання, скура. Органамі выдзялення з’яўляюцца: у ніжэйшых чарвей, прыапулідаў, некаторых анелідаў, лічынак паліхетаў і малюскаў — протанефрыдыі; у кольчатых чарвей — метанефрыдыі; у ракападобных — антэнальныя і максілярныя залозы; у наземных беспазваночных — часцеймальпігіевы сасуды, у нематод — «ныркі назапашвання»; у дажджавых чарвей — хлорагагенныя клеткі; у павукоў — прамежкавая тканка і інш.; у пазваночных — ныркі. У філагенезе і антагенезе пазваночных адбываецца паслядоўная змена трох тыпаў нырак: пранефрасу, мезанефрасу і метанефрасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕ́ЛАЯ ЧА́ПЛЯ (Egretta alba),
птушка сям. чаплевых атр. буслападобных. Пашырана на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жыве ў бязлесных або бедных лясной расліннасцю мясцінах з вадаёмамі і вял. трысняговымі і чаротавымі зараснікамі. На Беларусі пералётная, зрэдку гняздуецца, часцей трапляецца на Палессі, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 85—102 см, маса 1,1—1,5 кг, размах крылаў 1,4—1,7 м. Апярэнне снежна-белае. У шлюбным уборы на патыліцы невял. чубок. Ногі і шыя доўгія, дзюба прамая, вострая. Корміцца буйнымі насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі млекакормячымі, рыбай, жабамі, малюскамі і інш. Гнёзды пераважна на заломах трыснягу, чароту. Выседжвае 3—5 птушанят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЗДЭНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,
адно з узбр. выступленняў на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі, прынятай 27.3.1849 Франкфурцкім парламентам. Адбылося 3—9.5.1849 у г. Дрэздэн як рэакцыя гараджан на адмову саксонскага караля Фрыдрыха Аўгуста прызнаць канстытуцыю. Каля 12 тыс. паўстанцаў (рабочыя, муніцыпальная гвардыя і інш., у т. л. кампазітар Р.Вагнер) пад кіраўніцтвам левых радыкалаў С.Чырнера, С.Борна і рас. эмігранта М.А.Бакуніна ўзялі штурмам цэйхгаўз і стварылі барыкады ў старой ч. горада. Ліквідавана вял. сіламі саксонскіх войск з дапамогай прускіх часцей; многія ўдзельнікі паўстання былі прыгавораны ваен. судамі да пакарання смерцю (пазней памілаваны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭПАНАКЛА́ДУС (Drepanocladus),
род брыевых імхоў сям. амблістэгіевых. Вядома 40 відаў. Большасць з іх пашырана ў халодных і ўмераных зонах. На Беларусі 8 відаў, часцей трапляюцца балотныя — Д. глянцаваты (D. vemicosus) і Д. сагнуты (D. aduncus); у вадаёмах пашыраны Д. Зентнера (D. sendtneri), Д. бяскольцавы (D. exannulatus) і Д. плаваючы (D. fluitans); Д. кручкаваты (D. uncinatus) расце ў хвойных і мяшаных лясах. Торфаўтваральнікі.
Адна- і двухдомныя лістасцябловыя імхі. Дзярнінкі звычайна бліскучыя, буйныя, зялёныя, жаўтавата-зялёныя, карычневыя, чарнаватыя. Сцябло ляжачае да прамастойнага. Лісце цэльнакрайняе ці пілаватае. Каробачка са спорамі на прамой ножцы, цыліндрычная, сагнутая; вечка з дзюбай або бародаўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ННАЕ ДРЭ́ВА, папайя (Carica papaya),
пладовае дрэва сям. карыкавых. Культывуецца ў трапічных краінах Амерыкі, Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Адно з стараж.культ. раслін. Хуткарослае, недаўгавечнае (у культуры замяняюць праз 3—5 гадоў).
Вечназялёнае дрэва выш. 4—7 м, без галін. На верхавіне разетка з буйнога лісця на доўгіх чаранках. Суквецці вісячыя, кветкі крэмавыя або белыя, часцей аднаполыя. Плод — ягада (даўж. да 30 см, маса 3—6 кг), падобная на дыню (адсюль назва). Спажываюць як дыетычны прадукт. З млечнага соку няспелых пладоў і лісця атрымліваюць фермент папаін, які выкарыстоўваецца ў харч. і лёгкай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕНІ́Т (ад лац. galena свінцовая руда),
свінцовы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід свінцу, PbS. Мае 86,6% свінцу. Прымесі: селен, серабро, вісмут, волава, цынк, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя і актаэдрычныя, вядомыя двайнікі. Часцей трапляецца ў выглядзе зярністых (свінчак) і суцэльных мас. Колер свінцова-шэры. Бляск ярка-металічны. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. 7,4—7,6 г/см³. Электраправодны. Трапляецца ў гідратэрмальных радовішчах разам з пірытам, сфалерытам, арсенапірытам і інш. сульфідамі. Галеніт — свінцовая руда і каштоўная руда серабра. З галенітавага канцэнтрату атрымліваюць бялілы і інш. фарбы. Радовішчы ў Расіі, ЗША і інш. На Беларусі галеніт трапляецца ў крышт. фундаменце, у пародах дэвону і карбону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖ,
графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «ж», перадае афрыкату «дж». У пісьмовых помніках выкарыстоўваецца з 16 ст., аднак старабел. аўтарамі гук «дж» часцей перадаваўся літарамі «ч», «ж», спалучэннямі «д» і «ч», «ж» і «ч» («ѣздживаль», «розъежчалъ», «приеждчий»). У сучаснай бел.літ. мове спалучэнне «дж» вымаўляецца па-рознаму: у словах тыпу «аджыць», «паджылкі», дзе «д» — частка прыстаўкі, а «ж» — пачатковы гук кораня, «дж» чытаецца як спалучэнне 2 гукаў «д» і «ж» («ад-жыць»); у выпадку, калі «д» і «ж» не стаяць на стыку 2 марфем, яны вымаўляюцца як адзін непадзельны гук («джунглі», «загароджаны», «ураджай»).