МАЦЕРЫКО́ВАЕ ПАДНО́ЖЖА, кантынентальнае падножжа,

вонкавая частка падводнай ускраіны мацерыка, акумулятыўная, пакатахвалістая нахіленая раўніна, якая прылягае да падножжа мацерыковага схілу. У структурных адносінах — глыбокі прагін на стыку кантынентальнай і акіянічнай кары, запоўнены магутнай тоўшчай рыхлых асадкаў.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ЦА ў драўляным дойлідстве,

ніжняя больш пакатая частка стромкага 2-схільнага або шатровага даху. Адводзіць дажджавую ваду ад сцен, стварае больш выразны сілуэт даху. У бел. дойлідстве П. выкарыстаны ў шатровых дахах вежаў цэркваў.

Паліца.

т. 12, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́БА (ням. Probe ад лац. probo выпрабоўваю, ацэньваю),

частка доследнага рэчыва, ідэнтычная хім. саставам і фізічнымі ўласцівасцямі ўсёй яго масе. Адбіраюць П. для правядзення лабараторных аналізаў сыравіны, прамежкавых прадуктаў вытв-сці, гатовай прадукцыі і інш.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Віленская дыяцэзія, Віленскае біскупства,

царкоўна-адм. адзінка рымска-каталіцкай царквы, найстарэйшая на тэр. Літвы і Беларусі. Цэнтр — г. Вільнюс (Вільня). Утворана паводле прывілея вял. кн. ВКЛ Ягайлы ад 17.2.1387, зацверджана папам рымскім у 1388. Падпарадкоўвалася спачатку папству, у 1418—1795 гнезненскаму арцыбіскупу. Ахоплівала амаль усе парафіі ў Літве і на Беларусі (акрамя парафій Брэсцкага ваяв., якія ўваходзілі ў Луцкую епархію). Першы біскуп — Андрэй. У 1700 1773 са складу епархіі вылучылася Магілёўская епархія. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 Віленская рымска-каталіцкая епархія скасавана і замест яе ўтворана Інфлянцкая каталіцкая епархія з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленская епархія адноўлена. У яе склад увайшлі Літ. і Курляндская губ. У канцы 1840-х г. епархія засталася толькі ў межах Віленскай і Гродзенскай губ. У канцы 1860-х г.—1883 у яе склад уваходзіла тэр. скасаванай Мінскай каталіцкай епархіі. У 1918 епархія падзелена польска-літ. граніцай, большая частка з г. Вільня адышла ў 1921 да Польшчы. Булай папы Пія XI ад 28.10.1925 атрымала статус архіепархіі (арцыбіскупства) Польскай рымска-каталіцкай царквы, у яе ўваходзілі тэр. Віленскага, палова Навагрудскага і частка Беластоцкага ваяв. Пасля 1939 тэр. Віленскай епархіі апынулася ў розных дзяржавах: асн. частка на тэр. БССР, меншая з Вільняй у Літве, з 1944 зах. частка зноў у Польшчы. Пасля 2-й сусв. вайны епархія намінальна засталася ў складзе Польскай каталіцкай царквы, з 1945 рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў Беластоку. У 1991 у сувязі з рэарганізацыяй каталіцкіх епархій у адпаведнасці з нац.-дзярж. граніцамі, Віленская рымска-каталіцкая епархія афіцыйна пераведзена ў юрысдыкцыю Літ. каталіцкай царквы, атрымала статус мітраполіі.

Літ.:

Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie... Wilno, 1912.

В.​Л.​Насевіч, А.​М.​Філатова.

т. 4, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАФЕРМЕ́НТ (ад апа... + фермент),

апаэнзім, бялковая частка складаных (двух- і шматкампанентных) ферментаў. Вызначае выбіральныя дзеянні ферменту ў адносінах да субстрату і магчымасць рэгулявання яго актыўнасці. Для выяўлення каталітычнай актыўнасці апаферменту неабходная наяўнасць небялковага кампанента — кафактару (каферменту).

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́НД (англ. operand) у вылічальнай тэхніцы, частка машыннай каманды, што вызначае аб’ект, над якім выконваецца аперацыя ў працэсе выканання зададзенай праграмы; аргумент аперацыі. Напр., аперандам арыфм. аперацый звычайна з’яўляюцца лікі: пры складанні — складнікі, пры множанні — сумножнікі.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТА... (ад грэч. autos сам),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае: 1) словам «свой», «уласны» ці аснове «сама...»; 2) слову «аўтаматычны»; 3) словам «аўтамабільны», «аўтамабіль»; 4) словам «самаходны», «самарушны», напрыклад, аўтабіяграфія, аўтаблакіроўка, аўтадрызіна.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗІ́ЙНАЯ ТЭРА́СА, бенч,

прыбярэжная частка паверхні марскога дна, выпрацаваная абразіяй. Мае невял. схілы каля берага і большыя каля асновы. Старадаўнія абразійныя тэрасы бываюць пагружаныя (затопленыя) або паднятыя над узроўнем мора (у сукупнасці ўтвараюць прыморскую тэрасаваную раўніну).

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНСЦЭ́НА (ад аван... + сцэна),

пярэдняя частка сцэны (паміж заслонай і рампай). Як ігравая пляцоўка выкарыстоўваецца ў оперных і балетных спектаклях, у драматычных — як месца дзеяння перад закрытай заслонай для невял. сцэн, якія звязваюць асн. карціны спектакля.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́ (ісп. Grandes Antillas, англ. Greater Antilles),

заходняя частка архіпелага Антыльскія астравы ў Вест-Індыі. Уключае вял. а-вы Куба, Гаіці, Ямайка, Пуэрта-Рыка і менш значныя, размешчаныя паблізу. Агульная пл. 209 тыс. км².

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)