ПАБСТ ((Pabst) Георг Вільгельм) (27.8.1885, г. Роўдніцы, Чэхія — 30.5.1967),
нямецкі і аўстрыйскі кінарэжысёр. З 1905 акцёр і рэжысёр у т-рах Цюрыха, Зальцбурга, Берліна, Нью-Йорка, Вены. З 1921 у кіно, з 1923 кінарэжысёр. З 1933 працаваў у Францыі і ЗША, з 1939 у Аўстрыі. У фільмах спалучыў традыцыі экспрэсіянізму, камершпіле (разнавіднасць драмы з павышаным псіхалагізмам, імкненнем агаліць унутр. сутнасць звычайна нешматлікіх персанажаў, сац. песімізмам), тэорыю псіхааналізу З.Фрэйда з рэаліст. падыходам да адлюстравання рэчаіснасці; «Скарб» (1923), «Графіня Донелі» (1924), «Бязрадасны завулак» (1925, у сав. пракаце «Бязрадасная вуліца»), «Тайнікі душы» (1926), «Каханне Жанны Ней» (паводле І.Эрэнбурга, 1927), «Памылковы шлях» («Пажадлівасць», 1928), «Скрынка Пандоры» (паводле Ф.Ведэкінда, у сав. пракаце «Лулу»), «Дзённік паўшай» (абодва 1929), «Заходні фронт, 1918» (1930, першы гукавы фільм), «Трохграшовая опера» (паводле Б.Брэхта і К.Вейля, 1931), «Дон Кіхот» (паводле М.Сервантэса, 1933), «Зверху ўніз», «Сучасны герой» (паводле Л.Бромфілда, абодва 1934), «Мадэмуазель доктар» (1937), «Шанхайская драма» (1938), «Працэс» (паводле Ф.Кафкі, 1947, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Апошні акт» (паводле Э.М.Рэмарка, 1955) і інш.
Літ.:
Кракауэр З. Психологическая история немецкого кино: От Калигари до Гитлера: Пер. с англ.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРСУ́НА (скажэнне слова «персона» ад лац. persona асоба, твар),
умоўная назва твораў бел., рус. і ўкраінскага партрэтнага жывапісу канца 16—17 ст. Пераходны этап ад іканапісу да свецкага партрэта.
Раннія П. толькі ўмоўна перадавалі партрэтнае падабенства, захоўвалі ідэальнасць і кананічнасць вобразаў, плоскасную ўзорыстую тэхніку пісьма тэмперай па дошцы. У 17 ст. развіццё П. ішло ў двух кірунках: дамінавання абразовага пачатку (партрэт цара Фёдара Іванавіча, канец 16 — пач. 17 ст.; М.В.Скапіна-Шуйскага, каля 1630) і паступовага засваення прыёмаў зах.-еўрап. жывапісу, імкнення да перадачы індывід. асаблівасцей мадэлі, аб’ёмнасці форм пры захаванні традыц. плоскаснасці ў трактоўцы адзення (партрэт Г.П.Гадунова, 1686). П. таго часу пісалі алеем на палатне, часам з натуры. Найб. пашырылася ў творчасці жывапісцаў Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля І.Безміна, І.Максімава, С.Ушакова, М.Чаглокава і інш.
У жывапісе Беларусі 16—17 ст. арыентацыя на традыцыі ранніх партрэтных адлюстраванняў, якія трапляюцца ў фрэсках і іканапісе Стараж. Русі, прыкметна ў партрэтах Міхаіла Барысавіча (канец 16 — пач. 17 ст.), Канстанціна Астрожскага (1-я пал. 17 ст.). Рысы П. маюць партрэт сармацкі, партрэт данатарскі.
Да арт.Парсуна. Цар Фёдар Іванавіч. Канец 16 — пач. 17 ст.
французскі паэт і крытык. Брат К.Перо. Чл.Франц. акадэміі (з 1671). Па адукацыі юрыст. Аўтар пародый (паэма «Сцены Троі, або Паходжанне бурлеска», 1653), алегарычных паэм, од, пасланняў у стылі галантнай прыдворнай паэзіі. Выступаў супраць эстэтыкі класіцызму (паэма «Стагоддзе Людовіка Вялікага», 1687, дыялогі «Паралелі паміж старажытнымі і новымі...», т. 1—4, 1688—97), палемізаваў з Н.Буало (вершаваная сатыра «Апалогія жанчын», 1694). Сусв. вядомасць прынеслі казкі «Спячая прыгажуня», «Чырвоная Шапачка», «Кот у ботах», «Папялушка», «Хлопчык з ногцік» і інш. (зб. «Казкі маёй матухны Гусі», 1697). Паўплываў на развіццё сусв. казачнай традыцыі (браты В. і Я. Грым, Х.К.Андэрсен). Яго творы пакладзены на музыку (Дж.Расіні, П.Чайкоўскі, Б.Бартак, С.Пракоф’еў). На бел. сцэне паводле казак П. пастаўлены спектаклі «Дзіўныя прыгоды Ката ў ботах» (1984, Магілёўскі абл.т-р лялек), «Кот у ботах» (1988, Мінскі драм.т-р «Дзе-Я?»), «Чаравічак для Папялушкі» (1996, Мінскі малы т-р). На бел. мову яго казкі пераклалі З.Колас, Р.Яўсееў.
Тв.:
Бел.пер. — Чырвоная Шапачка. Мн., 1979;
Чарадзейныя казкі. Мн., 1993;
Рус.пер. — Сказки матушки Гусыни, или История и сказки былых времен с поучениями. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫПАТЭТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ад грэч. peripatoi крытая галерэя — лекцыйная зала),
лікей, філасофская школа Арыстоцеля. Была буйным цэнтрам ант. ведаў, спалучала функцыі акадэміі навук (даследаванні на падставе метаду Арыстоцеля ў розных галінах ведаў, каардынацыя даследчай дзейнасці). Адрозніваюць некалькі перыядаў перыпатэтызму. 1-ы перыяд — 4—2 ст. да н.э. Лікей створаны ў 335 да н.э. ў Афінах Арыстоцелем, пасля яго школай кіраваў Тэафраст (паклаў пачатак батаніцы; на яго лекцыях прысутнічала каля 2 тыс. слухачоў). У школе выкладалі Эўдэм Радоскі, Арыстаксен з Тарэнта і інш. Вучнямі былі Дурыс, Хамелеон з Гераклеі Пантыйскай, Праксіфан з Лесбаса. Калі школу ўзначальваў філосаф і прыродазнавец Стратон з Лампсака, характэрнай яе рысай стала схільнасць да заняткаў асобнымі навукамі (гісторыя, геаграфія, гісторыя л-ры і інш.). У 2-і перыяд (1 ст. да н.э.) вучоныя Андронік Радоскі, Ксенарх, Стасей з Неапаля былі пераважна выдаўцамі, рэдактарамі і каментатарамі арыстоцелеўскіх твораў. Падобная дзейнасць характэрна і для 3-га перыяду (1—2 ст.н.э.). Сярод вучоных таго часу Аляксандр з Эгі, Адраст, Гермін, Арыстокл з Месены, Аляксандр Афрадысійскі. Большасць з іх займалася гіст. біяграфіямі, літ.-знаўствам, папулярнай этыкай. З 4 ст. ўласна перыпатэтычныя традыцыі знікаюць, творы Арыстоцеля пачалі каменціраваць неаплатонікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙМАРСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
парламенцкая дэмакр. рэспубліка ў Германіі ў 1919—33. Узнікла ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Юрыдычна аформлена Устаноўчым сходам у г.Веймар (6.2.1919—21.5.1920). У гістарыяграфіі ФРГ неафіцыйна наз. 1-й Герм. рэспублікай (2-й рэспублікай лічыцца ФРГ). Дзейнічала канстытуцыя 31.7.1919, паводле якой абвяшчаліся дэмакр. свабоды, усеагульнае выбарчае права, надзяляўся вял. паўнамоцтвамі прэзідэнт краіны, прадстаўніцтва партый у парламенце (рэйхстагу) было прапарцыянальна атрыманым галасам выбаршчыкаў, захаваліся традыцыі федэралізму (дзяржава складалася з аўтаномных 15 рэспублік-зямель і 3 вольных гарадоў), парламент быў двухпалатны — ніжняя палата (рэйхстаг) выбіралася ўсеагульна, верхняя (рэйхсрат) складалася з прадстаўнікоў урадаў зямель. У эканоміцы захоўвалася панаванне буйных землеўладальнікаў, прамыслоўцаў і банкіраў. Кіраўнічыя колы, вымушаныя пад націскам працоўных пагадзіцца з дэмакр. канстытуцыяй, на справе не прынялі парламенцкую дэмакратыю. У жыцці краіны пераважалі правыя і рэакц. тэндэнцыі. Левыя сілы (сацыял-дэмакраты і камуністы), канфліктуючы паміж сабой, не здолелі абараніць парламенцкую дэмакратыю. Схільнасць лібералаў да кансерватызму і рэакцыі садзейнічала пашырэнню ўплыву нацыянал-сацыялісцкай партыі, якая пасля прыходу да ўлады (1933) знішчыла Веймарскую рэспубліку.
Літ.:
Руге В. Германия в 1917—1933 гг.: От Вел. От Вел. Окт. соц. революции до конца Веймарской республики: Пер. с нем. М., 1974;
Драбкин Я.С. Становление Веймарской республики. М., 1978;
Mocht und Ohnmacht der Weimarer Republik. Berlin, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЙГЕЛЬ (дакладней Брогел) Старэйшы, ці «Мужыцкі» (Bruegel de Oude, Boeren Brueghel) Пітэр (паміж 1525 і 1530, г. Брэда, Нідэрланды — 5.9.1569), нідэрландскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў флам. і галандскага рэаліст. мастацтва. У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі. У раннія гады зазнаў уплыў Х.Босха. У яго творчасці ўвасобіліся пачуцці і страсці эпохі; складана перапляталіся гумар і трагізм, гратэск і грубаватая прастата з горыччу, сарказм з сатыр. павучальнасцю. Свайго гал. героя — сучасніка ён маляваў бескампрамісна («Сялянскае вяселле», «Сялянскі танец», абедзве каля 1566—67). Пачуццё бязмежнай велічы сусвету і неабходнасці ва ўсіх выпадках памятаць пра вечнасць жыцця і арыентавацца на яго першародныя законы не пакідалі мастака і тады, калі ён звяртаўся да тэмы вайны, голаду і смерці. Сэнс яго твораў неадназначны і часам глыбока зашыфраваны: «Перапіс у Віфлееме» (1566), «Сарока на шыбеніцы» (1568), «Сляпыя» (1568). Вял. значэнне ў яго творчасці мелі нідэрл.традыцыі, фальклор і нар. міфатворчасць. Нярэдка прыказка ці прытча выкарыстоўваліся ім як іншасказальная форма для глыбокага роздуму пра лёс краіны і свайго народа («Краіна гультаёў», 1567). У канцы жыцця звяртаўся да сцэн сял. жыцця, пейзажа («Змрочны дзень», «Поры года», «Вяртанне статка», «Паляўнічыя на снезе», «Жніво», усе 1565).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Валянцін Віктаравіч) (19.4.1881, г. Ялец, Расія — 8.11.1964),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1957). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1907, вучыўся ў К.А.Савіцкага) і Пецярбургскую АМ (1915, вучыўся ў В.Я.Савінскага і П.П.Чысцякова). Выкладаў у Веліжскай маст. школе, Віцебскім маст. тэхнікуме (1919—29), Бел.тэатр.-маст. ін-це (1953—64). Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. У 1920—30-я г. стварыў пано «Індустрыялізацыя», «Калектывізацыя» для мытні на ст. Негарэлае, дэкар. фрыз «Кастрычнік на Беларусі» для павільёна БССР на Усесаюзнай с.-г. выстаўцы ў Маскве. Ілюстраваў і афармляў кнігі (1928—41). Яго карцінам, прысвечаным пераважна падзеям рэвалюцыі, грамадз. і Вял.Айч. войнаў, уласцівы рэалізм вобразаў і складанасць кампазіцыйнай пабудовы, у іх адчуваецца ўплыў традыцый акадэмічнай школы, стрыманая колеравая гама, дакладнасць дэталей. Сярод работ: «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Плытагоны» (1927), «Студэнты» (1947), «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (1954—55) і інш. У партрэтным жанры прадаўжаў традыцыіпсіхал. партрэта рус.рэаліст. мастацтва 2-й пал. 19 ст. Імкнуўся да паглыбленага пранікнення ў характары людзей. Яго пейзажы і нацюрморты прасякнуты лірычным настроем. Як рысавальшчык валодаў тонкім густам у выкарыстанні фактурных магчымасцей алоўкавага штрыха. Аўтар малюнка герба БССР (1926 і 1938).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕЧАРЫ́НКІ,
вечары бел. нацыянальнай культуры, якія праводзіліся з пач. 20 ст. да 1920-х г. на Беларусі і па-за яе межамі. Садзейнічалі прапагандзе бел. мастацтва, арг-цыі аматарскіх гурткоў, станаўленню бел.прафес.т-ра, разгортванню культ.-асв. работы, уздыму нац.-вызв. руху. Наладжваліся бел. творчай інтэлігенцыяй, студэнтамі, рамеснікамі, сялянамі ў Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку (Столінскі р-н), Радашковічах і Красным (Маладзечанскі р-н), Карэлічах, Празароках (Глыбоцкі р-н) і інш., а таксама ў Пецярбургу, Ніжнедняпроўску (Украіна), Сібіры і інш. мясцінах, дзе жылі беларусы. Праводзіліся па ініцыятыве Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні, аматарскіх тэатр. калектываў у Мінску і Вільні (гл.Першая беларуская вечарынка). У Пецярбургу Беларускія вечарынкі праводзіў Бел.навук.-літ. гурток студэнтаў ун-та. У праграме Беларускіх вечарынак былі спектаклі («Паўлінка» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Пра шкоду тытуню» А.Чэхава, «Разумны і дурань» І.Карпенкі-Карага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі), харавыя і сольныя спевы, танцы, выступленні чытальнікаў. Беларускія вечарынкі былі папулярныя ва ўсёй Беларусі, іх традыцыі пакладзены ў аснову дзейнасці Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Форму вечарынак выкарыстоўвалі многія бел.тэатр. калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая палітычна-эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 21.10.1919 да 9.7.1920 у Мінску на бел. мове. Пераемніца газеты «Звон» (27 нумароў яе уключаны ў суцэльную нумарацыю «Беларусі»). Развівала традыцыі газеты «Наша ніва», аб’ядноўвала нац.паліт. партыі і групоўкі, якія адстойвалі ідэю суверэннай, непадзельнай і незалежнай Бел. Рэспублікі ў этнагр. межах бел. народа. Разнастайныя матэрыялы газеты — ад рэдакцыйных артыкулаў і літ. твораў да карэспандэнцый з гарадоў, мястэчак і вёсак — знітоўвала ідэя адраджэння Беларусі, яе дзяржаўнасці і культуры, нар. гаспадаркі, самабытнага духоўнага аблічча нацыі. Гіст. ролю Беларусі газета бачыла ў сінтэзе лепшых бакоў «усходняга» і «заходняга» тыпаў культуры, прымірэнні аднабокіх сац.-паліт. тэндэнцый. Выкрывала грабежніцкую палітыку польск. улад на Беларусі. Разнастайныя матэрыялы былі прысвечаны арганізацыі бел. арміі. Шмат месца газета адводзіла барацьбе за стварэнне бел. школ. У артыкулах на эканам. тэмы шукала шляхі да аднаўлення сельскай гаспадаркі, прам-сці і рамяства ў краіне. Асаблівае значэнне надавалася працоўнай кааперацыі, якая, на думку сацыяліст. крыла аўтарскага калектыву газеты, прывядзе Беларусь да дэмакр. сацыялізму. Газета апублікавала шэраг даследаванняў Я.Карскага па гісторыі бел. л-ры і культуры. Значнае месца ў «Беларусі» займаў літ. аддзел. Друкаваліся творы Я.Купалы, З.Бядулі, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа, М.Чарота, У.Галубка і інш. Рэгулярна асвятляла тэатр. жыццё ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАНЖЭ́ ((Béranger) П’ер Жан дэ) (19.8.1780, Парыж — 16.7.1857),
французскі паэт. Развіваў традыцыіфранц.нар. песні. Весялосцю, жыццялюбствам, пачуццёвасцю адметныя яго раннія творы (зб. «Песні маральныя і іншыя», 1815). «Кароль Івето» — сатыра на напалеонаўскія войны і раскошу імператарскага двара. За антыдваранскія і антыклерыкальныя песні («Маркіз дэ Караба», «Святыя айцы» і інш. двухтомніка 1821, зб-каў 1825 і 1828) двойчы зняволены. Песні 1830—40-х г. апявалі барацьбу і гераізм удзельнікаў рэвалюцый («Ліпеньскія магілы» і інш.), выкрывалі буржуазную манархію Луі Філіпа («Бандзі» і інш.), выказвалі спадзяванне Беранжэ, які знаходзіўся пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму, на магчымасць мірнага пераўтварэння грамадства, ажыццяўленне хрысціянскай ідэі роўнасці («Вар’яты», «Чатыры эпохі»). Лепшыя творы прысвяціў простым людзям («Прыдворны фрак», «Разбітая скрыпка», «Рыжая Жанна» і інш.). Песні Беранжэ жанрава разнастайныя, простыя па змесце, злабадзённыя па тэме, адточаныя па форме, дасціпныя і іранічныя; сэнсавай і эмацыянальнай кульмінацыяй у іх з’яўляецца рэфрэн. Аўтар кн. «Мая біяграфія» (не скончана, 1861). На бел. мову творы Беранжэ перакладалі Э.Агняцвет, А.Дудар, А.Зарыцкі, Н.Мацяш і інш.