А́НГЕЛЫ,

дынастыя візант. імператараў у 1185—1204. Прыйшлі да ўлады пасля звяржэння Андраніка I Камніна. Заснавальнік дынастыі Ісак II (правіў у 1185—95 і ў 1203—04); прадстаўнікі: Аляксей III (брат Ісака II, 1195—1203), Аляксей IV (сын Ісака II, правіў разам з ім у 1203—04). Складаныя ўнутр. і знешнія паліт. абставіны, сепаратызм правінцый, нянавісць насельніцтва Канстанцінопаля да апошніх з Ангелаў, якія падтрымлівалі крыжаносцаў, прывялі да звяржэння дынастыі.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭ́Й,

у грэчаскай міфалогіі волат, уладар Лівіі, сын Пасейдона і Геі. Быў непераможны, пакуль дакранаўся да зямлі, якая давала яму новыя сілы. Загінуў у паядынку з Гераклам, які адарваў Антэя ад зямлі і задушыў. Гэты сюжэт адлюстраваны на франтоне храма Геракла ў Фівах, у шматлікіх жывапісных творах Л.​Кранаха Старэйшага, Г.​Бальдунга (Грына), Я.​Тынтарэта, Дж.​Цьепала і інш.

Геракл і Антэй. Скульптурная група А.​Палаёла. Каля 1475.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЙ АЛЬГЕ́РДАВІЧ (пасля 1347—99),

князь у ВКЛ, сын Альгерда і Марыі Яраслаўны Віцебскай. Упершыню ўпамінаецца як князь у г. Трубчэўск (на Браншчыне), які разам з г. Старадуб у 1378 добраахвотна здаў свайму брату Андрэю Альгердавічу (на той час прыхільніку Масквы). На баку вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Вярнуўшыся ў ВКЛ, прысягнуў на вернасць Ягайлу (16.12.1388). Загінуў у бітве на Ворскле 1399.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛКІН Уладзімір Барысавіч (9.9.1919, лясны кардон Белы ключ, Татарстан — 13.6.1997),

бел. вучоны ў галіне металургіі. Канд. тэхн. н. (1972). Сын Б.​Дз.Жылкіна. Скончыў Артыл. акадэмію ў Самаркандзе (1943), Горны ін-т (1949, Ленінград). У 1973—91 у НДІ парашковай металургіі (Мінск). Навук. працы па гідраэлектраметалічнай вытв-сці нікелю, стварэнні новых фільтравальных элементаў. Распрацаваў сістэму ачысткі электралітаў нікелевай вытв-сці на аснове тытанавых фільтраў (у сааўт). Ленінская прэмія 1965.

т. 6, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЭ́ Марк Майсеевіч (н. 21.11.1939, Масква),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1997). Сын М.Ю.Канэ. Скончыў БПІ (1962). З 1964 у БПА. Навук. працы па тэхнал. праблемах забеспячэння якасці і аптымальных умоў эксплуатацыі высоканагружаных зубчастых перадач з цыліндрычнымі коламі трансп. і рабочых машын.

Тв.:

Основы научных исследований в технологии машиностроения. Мн., 1987;

Управление процессами проектирования и изготовления зубчатых передач // Вестн. машиностроения. 1997. № 11.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ II (Charles; 29.5.1630, Лондан — 6.2.1685),

кароль Англіі [1660—85]. Старэйшы сын Карла I, брат Якава II. З 1646 жыў у Францыі. Пасля пакарання смерцю бацькі (1649) абвешчаны каралём Шатландыі. У выніку падзення т. зв. другой рэспублікі (1660) абвешчаны каралём Англіі (рэстаўрацыя Сцюартаў). У 1665—74 намагаўся забяспечыць панаванне Англіі на моры (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), дзеля чаго ў 1670 заключыў тайны саюз з франц. каралём Людовікам XIV.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НАЎ Пётр Іванавіч (1926, г. Жодзіна Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Сын Н.Ф.Купрыянавай. У Вял. Айч. вайну ў партыз. атрадзе «Радзіма» брыгады «Разгром». У Чырв. Арміі з 1944. Вызначыўся ў ліст. 1944 у баі за вышыню ў Кулдыгскім р-не (Латвія): закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На радзіме К. пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Вілейцы, Жодзіне, Мінску, Полацку, Слуцку, Смалявічах.

П.І.Купрыянаў.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЭ́НЦЬЕЎ Міхаіл Міхайлавіч (н. 21.7.1932, Масква),

расійскі матэматык. Акад. Рас. АН (1981; чл.-кар. з 1968). Сын М.А.Лаўрэнцьева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). З 1957 у Сіб. аддз. Рас. АН (з 1986 дырэктар Ін-та матэматыкі). Навук. працы па ўмоўна-карэктных задачах матэм. фізікі і шматмерных адваротных задачах для дыферэнцыяльных ураўненняў, якія ўзнікаюць пры вывучэнні будовы Зямлі па назіраннях геафіз. палёў. Ленінская прэмія 1962, Дзярж. прэмія СССР 1987.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНК (Penck) Вальтар (30.8.1888, Вена — 29.9.1923),

нямецкі геолаг і геамарфолаг, адзін з заснавальнікаў ням. геамарфалагічнай школы. Сын А.Пенка. З 1914 у Лейпцыгскім ун-це, у 1915—18 праф. Стамбульскага ун-та. Вывучаў геамарфалогію і геалогію Андаў, Гавайскіх а-воў, Апенінаў, Сіцыліі. М. Азіі, Сярэдняй Еўропы і інш. рэгіёнаў. Навук. працы па ўплыве верт. рухаў зямной кары і дэнудацыйных працэсаў на фарміраванне рэльефу. Прапанаваў марфалагічны аналіз як адзін з метадаў вывучэння рэльефу.

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕФРЭ́Н (грэч. Chephrēn), Хафра (егіп.),

егіпецкі фараон IV дынастыі канца 27 — пач. 26 ст. да н.э. Сын ці брат Хеопса. Паводле Герадота, Х. працягваў дэспатычную палітыку Хеопса. Піраміда Х. ў Гізе — другая па велічыні (вышыня 143,5 м), злучана крытым ходам з гранітным храмам у даліне, у якім знойдзены 2 дыярытавыя статуі Х. У час яго праўлення каля піраміды высечаны са скалы Вялікі сфінкс (іл. гл. да арт. Піраміда).

т. 17, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)