1) сістэмна арганізаваныя сродкі муз. выразнасці, якія грунтуюцца на заканамерным аб’яднанні тонаў у сугуччы і заканамернай сувязі сугуччаў. Пад сугуччам у сучаснай тэорыі музыкі разумеюць лагічна дыферэнцыраваныя гукавыя спалучэнні, якія маюць у муз. кантэксце пэўную маст. выразнасць. У паслядоўнасці сугуччаў і іх суадносінах выяўляецца значэнне кожнага з іх у ладзе (ладавая функцыя), абумоўленае заканамернасцямі пэўнай ладава-гарманічнай сістэмы. Кожнае сугучча ў залежнасці ад яго інтэрвальнага (гл.Інтэрвал) складу, падваення тонаў, іх размяшчэння, рэгістра, дынамікі і інш. мае спецыфічны характар гучання — фанізм. Асн. тып сугучча — акорд. У падзеле акордаў на кансанансы і дысанансы, устойлівыя і няўстойлівыя адлюстраваны 2 бакі адной з’явы — акустычны і ладавы. Паміж кансанантнасцю і ўстойлівасцю, дысанантнасцю і няўстойлівасцю ў класічнай гармоніі існуе прынцыповая сувязь, якая абумоўлівае існаванне лада і функцыянальнасць акордаў. Гармонія ахоплівае таксама суадносіны танальнасцей і ладоў. Рух галасоў (голасавядзенне) падпарадкаваны пэўным правілам, выпрацаваным у шматгалосай музыцы гамафоннага і поліфанічнага складу. Функцыянальна і каларыстычна асэнсаваная паслядоўнасць акордаў, танальнасцей, ладоў, рытм іх змены (адхіленні, мадуляцыі, кадэнцыі, секвенцыі, гарманічнае вар’іраванне і інш.) — адна з неабходных умоў формаўтварэння ў музыцы (гл.Форма музычная). Вобразна-маст. значэнне гармоніі раскрываецца ва ўзаемадзеянні з мелодыяй, метрарытмам і інш. кампанентамі муз. мовы, з якімі гармонія ўтварае пэўны муз.стыль (эпохі, кірунку, кампазітара, асобнага твора і інш.). На гармонію ўплывае таксама інтанацыйны склад пэўнай нац. музыкі, вызначаючы яе нац. характэрнасць. Сутнасць і ўспрыняцце гармоніі эвалюцыяніруе ў працэсе творчай практыкі.
2) Навуковая і навуч. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю вучэнняў пра гармонію, класічныя і сучасныя яе сістэмы, прадугледжвае практычнае авалоданне тэхнікай гарманізацыі і інш. сродкамі выразнасці, уласцівымі гармоніі.
Літ.:
Шевалье Л. История учений о гармонии: Пер. с фр.М., 1931;
Тюлин Ю.Н. Учение о гармонии. 3 изд. М., 1966;
Скребков С.С. Гармония в современной музыке: Очерки. М., 1965;
Холопов Ю.Н. Очерки современной гармонии: Исслед. М., 1974;
Яго ж. Гармония: Теорет. курс. М., 1988;
Гуляницкая Н.С. Введение в современную гармонию. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́НАХ (Cranach) Лукас Старэйшы
(1472, г. Кронах, Германія — 16.10.1553),
нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у бацькі. У 1505—50 працаваў пераважна ў Вітэнбергу пры двары курфюрстаў Саксонскіх. Рэнесансавыя маст. прынцыпы спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў 2 кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэт. успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асн. сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вял. ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу. У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль К., у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Гуманіст. ідэалы рэнесансавага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М.Лютэрам абумовіла з’яўленне ў творчасці К. работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некат. творах ант. і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьян. і нідэрл. мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць К. паўплывала на развіццё быт. жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М.Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І.Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515), ілюстрацыі да малітоўніка імператара Максіміляна (1515) і інш.Іл.гл. таксама ў арт.Германія.
Літ.:
Немилов А.Н. Л.Кранах Старший: [Альбом]. М., 1973.
В.Я.Буйвал.
Л.Кранах. Святы Георг стаіць з двума анёламі. 1506.Л.Кранах. Партрэт Ганны Куспініян. 1502—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ШКО́ЛА І́КАНАПІСУ,
адна з найб. значных школ стараж.-рус. мастацтва. Склалася ў 12—15 ст. ў г.Ноўгарад і яго ўладаннях. У жывапісе 12 ст. разам з арыентацыяй на мастацтва Візантыі і Кіева (фрэскі Сафійскага і Мікола-Дварышчанскага сабораў, абразы) сфарміраваўся самабытны стыль з энергічнай манерай пісьма, экспрэсіўнай трактоўкай іканаграфічных тыпаў, лаканічнасцю вобразаў, арнаменталізацыяй маст. формы (размалёўкі цэркваў Георгіеўскай ў Старой Ладазе, каля 1167; Дабравешчанскай у Аркажах, 1189; Спаса на Нярэдзіцы, 1199, і інш.). Ў абразах пераважаў іканаграфічны тып выявы святога, які нерухома стаіць з буйнымі рысамі твару і шырока расплюшчанымі вачамі: «Св. Георгій», «Анёл Залатыя валасы», «Усцюжскае дабравешчанне», двухбаковы абраз з выявамі Спаса Нерукатворнага і Пакланення крыжу. Абразы 13 — пач. 14 ст. вызначаюцца абагульненасцю малюнка, яркім халодным каларытам з перавагай чырвона-кінаварных, белых, вохрыстых і зялёна-аліўкавых фарбаў, унутр. напружанасцю, сувяззю з традыцыямі нар. мастацтва: «Яван, Георгій і Уласій», «Мікола Ліпенскі» (1294, Алекса Пятроў) і інш.Манум. жывапіс 14—15 ст. больш разнастайны. Адухоўленай патэтыкай вобразаў, імклівасцю рухаў, свабоднай і смелай тэхнікай пісьма вызначаюцца фрэскі цэркваў Спаса на Ільіне вуліцы (1378, Феафан Грэк), Фёдара Страцілата на Ручаі (1370—80-я г.). Лінейна-графічныя, блізкія да іканапісу прыёмы, статычнасць кампазіцыі ўласцівы размалёўкам цэркваў Спаса на Кавалёве (1380) і Раства на могілках (1380—90-я г.). У абразах канца 14—15 ст., якія захоўвалі экспрэсіўнасць пісьма, лаканічную выразнасць сілуэтаў і самабытнасць каларыту ў выявах мясц. святых, адлюстраваліся традыц.нар. ўяўленні і вераванні, падзеі гісторыі Ноўгарада («Ілья», «Уласій», «Анастасія», «Фрол і Лаўр», «Бітва наўгародцаў з суздальцамі» і інш.). Высокім узроўнем майстэрства вызначаліся мініяцюры, для якіх характэрны буйны малюнак і дэкар. яркасць каларыту. Пасля ўключэння Ноўгарада ў склад Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (1478) яго мастацтва развівалася ў агульным рэчышчы стараж.-рус. культуры.
Літ.:
Лазарев В.Н. Искусство Новгорода. М.; Л., 1947;
Яго ж. Новгородская иконопись. 3 изд. М., 1981;
Попова О.С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982;
Смирнова Э.С., Лаурина В.К., Гордиенко Э.А. Живопись Великого Новгорода XV в. М., 1982.
Наўгародская школа іканапісу. Бітва наўгародцаў з суздальцамі. Сярэдзіна 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́ЙЛАВЫ,
сям’я рускіх акцёраў.
Васіль Міхайлавіч (17.4.1782, Масква — 23.7.1839), артыст пецярбургскага Вял.т-ра (1803—39). Выступаў пераважна ў оперы (у тэнаровых і барытонавых партыях); іграў і ў драм. спектаклях. Найб. поспех меў у лірыка-драм. і гераічных партыях у операх К.А.Каваса, Ф.Паэра і інш.Соф’я Васілеўна (народжаная Чэрнікава; 1787—3.3.1854), драм. і оперная артыстка. Жонка Васіля Міхайлавіча. Скончыла тэатр. вучылішча (1804). У 1804 дэбютавала на пецярбургскай сцэне. Выступала ў операх і операх-вадэвілях. Пакінула сцэну ў 1843. Васіль Васілевіч (25.1.1813, С.-Пецярбург — 8.4.1887), драм. акцёр. Сын Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. Скончыў Горны корпус (1829), Лясны ін-т (1832). Дэбютаваў у 1834 у партыі Іосіфа (опера «Іосіф» Э.Мегюля). У 1835—75 у Александрынскім т-ры. Лепшыя ролі «з пераапрананнем»; Макар Губкін («Студэнт, артыст, харыст і аферыст» Ф.Коні), Стружкін («Акцёр» М.Някрасава) і інш. У п’есах У.Шэкспіра і А.Астроўскага не здолеў узняцца над узроўнем меладраматычнага псіхалагізму і дэкаратыўна падкрэсленай этнаграфічнасці. Вера Васілеўна (1824, С.-Пецярбург — 20.11.1880), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1841—53 у Александрынскім т-ры. З артыстызмам, грацыяй, лёгкасцю выконвала лірыка-драм. і камедыйныя ролі: Эльміра («Тарцюф» Мальера). Выдатна валодала мастацтвам вядзення дыялогу, тонка перадавала стыль аўтара. І.Тургенеў для яе напісаў камедыі «Дзе тонка, там і рвецца», «Правінцыялка». Надзея Васілеўна (18.1.1818, С.-Пецярбург — 30.3.1899), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1838—59 у Александрынскім т-ры. Займала амплуа інжэню ў вадэвілях. Павел Васілевіч (11.7.1866, С.-Пецярбург — 16.4.1931), драм. акцёр. Засл. арт. Рэспублікі (1923). Сын Васіля Васілевіча. Сцэн. дзейнасць пачаў у Пецярбургу (1888). Іграў у правінцыі, у т. л. ў трупе М.Барадая, у 1891—93 у Т-ры Корша (Масква), у 1904—05 у Драм. т-ры імя В.Камісаржэўскай (Пецярбург), у 1900—04 і 1920—24 у трупе б. Александрынскага т-ра. Напаўняў сваю ігру настроямі трывогі, усведамленнем трагічнай няздольнасці ўвасобіць ідэалы: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Старыцын («Прафесар Старыцын» Л.Андрэева), Освальд («Прывіды» Г.Ібсена) і інш.
старэйшы рус. харавы прафес. калектыў. Бярэ пачатак ад заснавання ў 1479 у Маскве мужчынскага хору (т. зв. гасударавых пеўчых дзякаў, з 17 ст. ў ім спявалі і хлопчыкі), з 1703 у Пецярбургу, з 1763 — імператарская Прыдворная пеўчая капэла, з 1918 — Нар. акадэмія, з 1922 — Дзярж.акад. капэла, з 1954 — Ленінградская акад. капэла імя Глінкі, з 1992 — сучасная назва. У 1740—1844 пры капэле перыядычна працавалі інстр., з 1846 — дырыжорскія (рэгенцкія) класы, з 1858 — муз. школа, з 1922 — харавы тэхнікум, з 1945 — харавое вучылішча, з 1955 самаст. ўстанова. Як цэнтр рус. харавой культуры ўздзейнічала на фарміраванне традыцый хар. выканальніцтва і на стыльхар. пісьма без суправаджэння (a capella). У канцы 19 ст. — замкнуты царкоўны хор. З 1920 у складзе хору і жаночыя галасы. Акрамя культавай музыкі ў яе рэпертуары лепшыя творы кантатна-аратарыяльнага жанру кампазітараў 17—19 ст., класічныя і сучасныя хоры a capella, апрацоўкі нар. песень, кантаты, араторыі. Капэлай кіравалі: М.Палтарацкі (1763—95), Дз.Бартнянскі (1796—1825), Ф.П.Львоў (1825—36), А.Ф.Львоў (1837—61), М.Бахмецеў (1861—83), М.Балакіраў (1883—94), А.Арэнскі (1895—90), С.Смаленскі (1901—03), А.Шарамецеў (1904—17). У 1837—39 у ёй працаваў Глінка, у 1883—94 — М.Рымскі-Корсакаў. Вядучую ролю ў яе перабудове адыграў дырыжор М.Клімаў (1917—35). Сярод інш. дырыжораў М.Данілін (1936—37), А.Свешнікаў (1937—41), Л.Кудраўцава (1941—43), А.Анісімаў (1955—65), У.Мінін (1965—67), Ф.Казлоў (1967—72), А.Міхайлаў (1972—74), У.Чарнушэнка (з 1974). У праграме капэлы класіка і творы рус. кампазітараў (20 ст.), у т. л. Г.Свірыдава, В.Салманава, Р.Шчадрына, А.Фляркоўскага, С.Сланімскага і інш. У 1981 капэлай праведзены фестываль «Неўскія асамблеі», які складаўся з цыкла гіст. канцэртаў «Пяць вякоў рускай харавой музыкі».
Літ.:
Ершов А. Старейший русский хор Ленинградской государственной академической капеллы им. М.И.Глинки, 1703—1978. Л., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік),
дойлідства, мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл.Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл.Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл.Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл.Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д.Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл.Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад ў сусветную архітэктуру.
Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх.ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б.Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр.драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт.Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).
Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.Б.Альберці, Віньёла, А.Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыльбарока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.Берніні, Ф.Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац.маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2-й пал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.Лево, Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр, К.Перо, Ж.А.Габрыэль, К.Н.Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў, Дж.Кварэнгі, А.Захараў, А.Вараніхін, Ж.Тама дэ Тамон, К.Росі, В.Бавэ, Дж.Жылярдзі, А.Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл.Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-вас.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.Гаўдзі ў Іспаніі, У.Макінтош у Вялікабрытаніі, В.Арта ў Бельгіі, Й.Ольбрых, Й.Гофман у Аўстрыі, Ф.Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.Перэ ў Францыі, О.Вагнер і А.Лоз у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв.арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.Л.Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.Аалта), Японія (К.Танге), Бразілія (О.Німеер). У ЗША арх. Л.Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.Л.Нерві ў Італіі, Ф.Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст.арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).
У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.Гінзбург, І.Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.Мельнікаў, М.Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.Шчусеў, І.Жалтоўскі, І.Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2-й пал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л.Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал ў Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;
Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат.М., 1936;
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1937—38;
Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971;
Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;
Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ.М., 1980;
Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;
Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;
Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр.М., 1975;
Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ.М., 1960;
Архітэктура Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1993;
Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;
History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;
Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;
Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;
Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;
Да арт.Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.Да арт.Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.Да арт.Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.Б.Альберці і Б.Раселіна). 1446—51.Да арт.Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.Да арт.Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.Гільдэбрант. 1722.Да арт.Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.Да арт.Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.Гаўдзі. 1884—1926.Да арт.Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.Тангэ. 1960—64.Да арт.Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.Да арт.Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.Мур. 1976.Да арт.Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.Есьман, В.Анікін. 1982.Да арт.Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.Маскалевіч і інш. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГ ((Grieg) Эдвард Хагеруп) (15.6.1843, г. Берген, Нарвегія — 4.10.1907),
нарвежскі кампазітар, дырыжор, піяніст, муз. дзеяч; буйнейшы прадстаўнік нарв. кампазітарскай школы. Чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1872), Франц. акадэміі прыгожых мастацтваў (1889), ганаровы д-р музыкі Кембрыджскага (1893) і Оксфардскага (1906) ун-таў. Вучыўся ў Лейпцыгскай кансерваторыі (1858—62, клас К.Райнеке), а таксама ў Н.Гадэ і інш. Разам з кампазітарам Р.Нурдракам, які паўплываў на станаўленне яго творчай індывідуальнасці, і інш. арганізаваў міжскандынаўскае муз.т-ва «Эўтэрпа» (1864, Капенгаген). З 1866 жыў у Крысціяніі (Осла), сябраваў з паэтам і драматургам Б.Б’ёрнсанам, паводле п’ес якога напісаў шэраг муз.-сцэн. твораў, у т. л. незакончаную оперу «Улаф Тругвасан», музыку да п’есы «Сігурд Крыжаносец», 1872; эскізы да оперы «Арнльут Геліне», да меладрамы для чытальніка і арк. «Бергліёт», шмат рамансаў і песень. У 1871 засн. канцэртнае Муз.т-ва (цяпер Філарманічнае т-ва). У 1880—90-я г. набыў сусв. славу як кампазітар, дырыжор, піяніст. У 1898 у Бергене арганізаваў 1-ы фестываль нарв. музыкі (праводзяцца і цяпер, з 1953 — штогоднія фестывалі яго музыкі). Яго творчасць глыбока нацыянальная, з рысамі ням. рамантызму. Майстар фп. («Лірычныя п’есы» і інш. цыклы) і камерна-вак. музыкі (каля 150 рамансаў і песень). Яркі індывід.стыль Грыга, тонкага каларыста, у многім блізкі да муз. імпрэсіянізму. Ён па-новаму трактаваў санатную форму (струнны квартэт, 3 санаты для скрыпкі і фп.; санаты для віяланчэлі і фп., для фп.), драматызаваў і сімфанізаваў форму варыяцый («Старанарвежскі раманс з варыяцыямі» для арк., «Балада» для фп. і інш.) і канцэрта (канцэрт для фп. з арк., 1868). У шэрагу твораў увасобіў вобразы нар. легенд і паданняў (2 арк. сюіты з муз. да драмы «Пер Гюнт» Г.Ібсена, 1888, 1896; фп. п’есы «Шэсце гномаў», «Кобальд»). Апрацоўваў нарв.нар. мелодыі. Пад уздзеяннем фальклору склаліся характэрныя для Грыга стылістычныя прыёмы і асаблівасці гармоніі і рытмікі. Выступаў як муз. крытык (аўтабіягр. нарыс «Мой першы поспех», 1905; арт. «Моцарт і яго значэнне для сучаснасці», 1906, і інш.). Творчасць Грыга стала эпохай у развіцці нарв. мастацтва.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. статьи и письма. М., 1966.
Літ.:
Кремлев Ю. Э.Григ. М., 1958;
Левашева О. Э.Григ. 2 изд. М., 1975;
Асафьев Б.В. Григ. 4 изд. Л., 1984;
Бенестад Ф., Шельдеруп-Эббе Д. Э.Григ — человек и художник: Пер. с норв. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКО́Р (франц. décor ад лац. decoro упрыгожваю),
у архітэктуры, сістэма ўпрыгожвання фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Выступае ў адзінстве з аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, падкрэслівае яе гал. элементы, надае пабудовам своеасаблівасць і выразнасць, садзейнічае аб’яднанню асобных будынкаў у арх. ансамбль. Можа быць просты (аднакаляровая афарбоўка сцен) ці складаны, які спалучае арх. элементы (абломы, ордэр, балконы і інш.) са скульптурай, рэльефам, размалёўкай і г.д. Вызначаецца таксама матэрыялам, яго фактурай, колерам.
У збудаваннях Беларусі 11—12 ст. Д. ствараўся выразнасцю муроўкі з плінфы (Сафійскі сабор у Полацку) і спалучэннем яе з часанымі ці паліраванымі камянямі і керамічнымі пліткамі рознай формы (Барысаглебская царква ў Гродне). У гатычнай архітэктуры асн. тэма Д. — спалучэнне цаглянай муроўкі з атынкаванымі нішамі (Мірскі замкава-паркавы комплекс, Сынковіцкая царква-крэпасць). У будынках стылю барока і класіцызму выкарыстоўвалі формы антычнай ордэрнай сістэмы. Для барока характэрны складаныя пластычныя формы, крывалінейныя і разарваныя карнізы, лепка, скульптура, размалёўкі, паліваная кераміка (Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, касцёл бернардзінцаў у Гродне). Д. класіцызму мае больш простыя формы фасадаў пры актыўным выкарыстанні ў інтэр’ерах жывапісу і лепкі (палацы ў Гомелі, Жылічах Кіраўскага р-на). Д. несапраўднай готыкі ўласціва шырокае выкарыстанне зубчатых завяршэнняў сцен, машыкуляў, стральчатых арак у аконных праёмах, нішах і інш. (палац у г.п. Косава, касцёл у в. Сар’я Верхнядзвінскага р-на). У Д. псеўдарускага стылю ўключалі какошнікі, гіркі, фігурныя калонкі і інш. (тэатр у Магілёве, сабор у Барысаве). Стыль мадэрн адметны выкарыстаннем арнаменту са стылізаваных дэкар. элементаў іншых арх. стыляў (будынкі пазямельна-сял. банкаў у Віцебску, Гродне). У драўляным нар. дойлідстве Д. складаюць маст. апрацоўка канструкцыйных элементаў (калон, падкосаў, кранштэйнаў і інш.) і разныя аздабленні іншых элементаў будынка: абрамленні акон і дзвярэй, шалёўка франтонаў, вуглоў, сцен і інш. (жылы дом у г.п. Чачэрск). У манум. драўляным дойлідстве 17—20 ст. выкарыстоўваліся матывы Д. каменных будынкаў (касцёл у в. Воўпа Ваўкавыскага р-на, Радзівілімонтаўскі палац у Клецкім р-не). У Д. сучасных будынкаў шырока выкарыстоўваюць абліцоўку сцен прыродным каменем, керамічнай і шклокерамічнай пліткай розных памераў, фактуру, колер, а таксама рэльефныя зборныя жалезабетонныя элементы; фасады ўпрыгожваюць творамі манум. мастацтва (тэатр муз. камедыі, гасцініца «Турыст», жылыя дамы ў мікрараёне «Усход» у Мінску).
С.А.Сергачоў.
Да арт.Дэкор у архітэктуры. Аздабленне скразной разьбой ліштвы акна жылога дома ў г.п. Чачэрск.Дэкор аздаблення жылога дома па вуліцы Савецкай у г. Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНСІ́ (Nancy),
горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мёрт і Мазель. Каля 110 тыс.ж., з прыгарадамі каля 300 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Мёрт і канале Марна—Рэйн. Эканам. цэнтр Латарынгскага індустр. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванне, вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла і фаянсу, абутковая, швейная, харчовая. 2 ун-ты.
Вядомы з 10 ст., у 11 ст. тут пабудаваны замак. У 1-й пал. 12 ст. горад стаў рэзідэнцыяй латарынгскіх герцагаў. У 1477 каля Н. адбылася бітва паміж войскамі герцага Рэнэ II Латарынгскага і бургундскага герцага Карла Смелага. У 16—18 ст. горад шмат разоў захоплівалі франц. войскі У 1736—66 у Н. знаходзілася рэзідэнцыя б. караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1766 канчаткова далучаны да Францыі.
Стары горад з нерэгулярнай планіроўкай размешчаны каля падножжа часткова захаванай цытадэлі. На Пд ад яго — Новы горад, забудаваны паводле рэгулярнага плана ў 17—18 ст. Абодва абнесены кальцом умацаванняў (захаваліся часткова, у т. л.гар. вароты Краф з 2 вежамі, каля 1360). Ансамбль цэнтра Н., які сфарміраваўся ў час праўлення ў Латарынгіі Станіслава Ляшчынскага, з’яўляецца прыкладам франц. горадабудаўніцтва эпохі барока (1751—66, арх. Э.Эрэ дэ Карні). У яго ўваходзяць: плошчы Станіслава I (б. Каралеўская, 1751—55, арх. Эрэ дэ Карні) з ратушай (пач. 18 ст., арх. Ж.Ламур), фантанам (арх. Б.Гібаль) і статуяй Станіслава I (1831), Альянс (1756) з фантанам у стылі ракако (арх. Р.А.Сіфле), Кар’ер з трыумфальнай аркай (1757, арх. Ламур) і Палацам урада (1715, арх. Ж.Бафран, усе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Герцагскі палац (16 ст., цяпер музей). У Новым горадзе — сабор Сен-Жульен (1703—42, арх. Ж.Бето, Ж.Ардоуэн-Мансар, Бафран), касцёл Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур (1738—41, Эрэ дэ Карні; пахавальні Станіслава Ляшчынскага і яго жонкі). Сярод інш. збудаванняў жылыя дамы 18 і пач. 20 ст. (стыль мадэрн; яго цэнтрам у Францыі быў Н.), атэль Матыньён (18 ст.), будынак т-ра (1755, арх. Эрэ дэ Карні), парк Пепіньер (1767, помнік К.Ларэну, скульпт, А.Радэн), ун-т (пач. 1960-х г., арх. П.Нане), вышынны будынак канторы «Жофр» (1962, арх. А.Пруве). У Н. музеі прыгожых мастацтваў, школы Нансі, гісторыі герцагства Латарынгскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУБЛІЦЫ́СТЫКА (ням. Publizistik ад лац. publicus грамадскі),
від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з’явам грамадскага жыцця. Скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці (пераважна сучаснасці) шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Спецыфічным чынам удзельнічае ў працэсах дзярж., грамадскага і гасп. кіраўніцтва, актыўна ўздзейнічае на ход практычных спраў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Выконвае сац.-пед., прапагандысцкія, інфарм. функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-паліт. л-ры найб. пашырана ў журналістыцы. Пісьменніцкая П. прасякнута кампанентамі маст. творчасці. Асн. якасці П.: тэарэт. абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэнцыйнасць, паліт. вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць (гл.Публіцыстычны стыль). Асн. жанры П.: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія. У ходзе сінтэзу маст. і публіцыстычных форм паявіліся маст.-публіцыстычныя жанры: нарыс, эсэ, фельетон, памфлет. На стыку навук. л-ры і П. ўзніклі навук.-папулярныя жанры, якія вызначаюцца выразнай публіцыстычнасцю.
Элементы П. ёсць у летапісах ВКЛ 15—16 ст. Публіцыстычная паводле свайго характару палемічная літаратура канца 16—1-й пал. 17 ст. Узор бел. публіцыстычнага слова — газ.«Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага, першая легальная газета на бел. мове «Наша ніва». Публіцыстычнымі з’яўляюцца асобныя творы Ф.Багушэвіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, Цёткі, нарысы Я.Лучыны. П. заняла значнае месца ў творчасці М.Багдановіча. У 1920-я г. з публіцыстычнымі творамі выступалі Ц.Гартны, М.Зарэцкі, Я.Скрыган, М.Чарот. У гады Вял.Айч. вайны са старонак розных выданняў звярталіся да народа Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка і інш. Публіцыстычныя па сваёй скіраванасці кнігі А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.Алексіевіч «У вайны — не жаночы твар», створаныя на матэрыяле ўспамінаў жыхароў Беларусі пра Вял.Айч. вайну. Найб. ўклад у развіццё бел. П. пасляваен. часу зрабілі пісьменнікі Брыль, В.Быкаў, І.Дуброўскі, М.Лынькоў, В.Палтаран, Я.Сіпакоў, М.Танк, І.Чыгрынаў, І.Шамякін. У сучаснай П. працуюць Н.Гілевіч, У.Глушакоў, Л.Екель, А.Казловіч, Л.Левановіч, У.Ліпскі, С.Шаўцоў, М.Шыманскі, Л.Юнчык, В.Якавенка і інш. Трывалае месца заняла П. ў дакументальным кіно, на тэлебачанні і радыёвяшчанні.