САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ ДЭМАКРА́ТЫІ,
грамадска-палітычная арг-цыя заходнерусісцкага кірунку, якая дзейнічала ў Гомелі ў крас.—ліст. 1917. Ініцыятарам стварэння саюза выступіла група работнікаў асветы і дзярж. служачых, эвакуіраваных з Вільні. На сходзе «беларусаў-дэмакратаў» 23 крас. выказана думка пра стварэнне С.б.д. з-за нязгоды з пастановамі з’езда Бел. нац. арг-цый (25—27 сак.) і непрызнаннем Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску ў якасці кіруючага цэнтра нац. руху. Сход пастанавіў стварыць «Часовы беларускі дэмакратычны камітэт» з 10 чал., старшынёй к-та выбраны П.В.Каранкевіч, яго намеснікамі — Д.Г.Гулевіч, і Ф.В.Шышко. Дзейнасць саюза выявілася ў выступленнях супраць заклікаў набыцця нац. аўтаноміі, нацыяналізацыі школы і інш. На выбарах ва Устаноўчы сход С.б.д. аб’яднаўся з Беларускай народнай грамадой, Беларускім нацыянальным камітэтам у Магілёве і Аршанскім бел. к-там. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саюз спыніў сваю дзейнасць.
Літ.:
Сяменчык М.Я. Беларускія палітычныя арганізацыі краю і іх дзейнасць у сакавіку—чэрвені 1917 г. // Культурна-нацыянальныя працэсы на Беларусі ў другой палове XIX — пачатку XX стст.: Зб. навук. прац. Мн., 1998.
М.Я.Сяменчык.
т. 14, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З МУЗЫ́ЧНЫХ ДЗЕ́ЯЧАЎ,
гл. Саюз музычных дзеячаў Беларусі.
т. 2, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ТЭАТРА́ЛЬНЫХ ДЗЕ́ЯЧАЎ,
гл. Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі.
т. 2, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ САЮ́З (БЭС, БелЭкаС),
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая ставіць за мэту актывізацыю прыродаахоўнай дзейнасці грамадзян, прадпрыемстваў, устаноў, аб’яднанне іх намаганняў для захавання экалагічнай раўнавагі і паляпшэння асяроддзя пражывання насельніцтва Беларусі. Засн. 3.4.1989 у Мінску. Прэзідэнт Б.П.Савіцкі, віцэ-прэзідэнты Р.Г.Гарэцкі, Я.П.Пятраеў, Л.Р.Тарасенка. Больш за 5 тыс. членаў (з 1995). Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (праводзіцца адзін раз у 3 гады).
т. 2, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Усеагульны германскі рабочы саюз 2/198; 3/440; 6/266; 9/382
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ФРАНЦУ́ЗСКІ САЮ́З,
ваенна-палітычны саюз Расіі і Францыі ў 1891—1917. Супрацьстаяў Траістаму саюзу на чале з Германіяй. Аформлены пагадненнем міністраў замежных спраў Францыі і Расіі (ліп. 1891) і сакрэтнай ваен. канвенцыяй, заключанай 17.8.1892 рас. і франц. ген. штабамі і ратыфікаванай урадамі Францыі (27.12.1893) і Расіі (4.1.1894). Канвенцыя прадугледжвала правядзенне неадкладнай і адначасовай мабілізацыі ўзбр. сіл абедзвюх краін у выпадку такіх жа дзеянняў Траістага саюза, выстаўленне Францыяй 1,3 млн. чал. і Расіяй 0,7 млн. чал. супраць Германіі з такім разлікам, каб ёй адразу давялося весці вайну на 2 франты (на У і З). Т.ч. у Еўропе ўтварыліся 2 варожыя адзін да аднаго ваен.-паліт. блокі. Р.-ф.с. дазволіў Францыі актывізаваць сваю калан. палітыку (найперш у Афрыцы), а Расіі — яе экспансію ў Маньчжурыі. Першапачаткова вызначальная роля ў саюзе належала Расіі, пазней — Францыі, ад якой Расія трапіла ў фін. залежнасць. У 1912 падпісана рус.-франц. ваен.-марская канвенцыя. З далучэннем да Р.-ф.с. Вялікабрытаніі, якая ў 1904 падпісала пагадненне з Францыяй, а ў 1907 — з Расіяй, утварылася «Траістая згода» (гл. Антанта). Р.-ф.с. ануляваны Сав. урадам Расіі пасля Кастр. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Манфред А.З. Образование русско-французского союза. М., 1975.
т. 13, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПО́ЛЬСКІХ РАБО́ЧЫХ (СПР; Związek Robotników Polskich),
рэвалюцыйная арг-цыя рабочых у Каралеўстве Польскім у 1889—93. Засн. Ю.Мархлеўскім, Я.Ледэрам і інш. ў Варшаве, аб’яднаў рабочыя гурткі і групы інтэлігенцыі. Заклікаў рабочых да сацыяліст. рэвалюцыі, арганізоўваў стачкі, першамайскія выступленні і інш. акцыі. Арг-цыі СПР існавалі ў гарадах Жырардаў, Лодзь, Згеж, Дамброва, Сасновец і інш. У 1893 увайшоў у склад партыі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы).
т. 14, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ВАЛЮ́ТНЫ САЮ́З,
форма інтэграцыі краін-членаў Еўрапейскага саюза (ЕС) у валютна-фін. сферы. Рашэнне аб стварэнні саюза абвешчана Маастрыхцкім дагаворам 1992. План паэтапнага пераходу да Е.в.с. прадугледжваў «эканамічную канвергенцыю» і стабілізацыю валютных курсаў, абмежаванне інфляцыі і доўгатэрміновых працэнтных ставак. нац. запазычанасці і межаў дэвальвацыі нац. валют. Яго рэалізацыя прадугледжвае стварэнне ў 1998 Еўрап. цэнтр. банка, у якім будуць прадстаўлены нац. цэнтр. банкі, і ўвядзенне ў абарачэнне адзінай грашовай адзінкі з 1.1.1999 ва ўсіх краінах ЕС.
Л.І.Шмыгава.
т. 6, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ВЫЗВАЛЕ́ННЯ БЕЛАРУ́СІ»
(«СВБ»),
справа ў 1930 ДПУ БССР супраць бел. нац. інтэлігенцыі, якую абвінавачвалі ў нацыянал-дэмакратызме, контррэв. і антысав. дзейнасці; першы масавы паліт. пазасудовы працэс у БССР. Вясной—летам 1930 было арыштавана 108 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у т. л. 25 былых членаў партыі бел. эсэраў: акадэмікі Бел. АН В.Ю.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, праф. А.А.Смоліч, наркомы земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі), пісьменнікі М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча і інш. Кіраўніком арг-цыі «СВБ» быў «прызначаны» ДПУ БССР Ластоўскі, у склад яе кіраўніцтва «ўведзены» І.І.Краскоўскі, Я.Купала, Лёсік, Некрашэвіч, Смоліч, А.І.Цвікевіч і інш. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 18.3.1931, Прышчэпаў, Баліцкі, нам. наркамзема А.Ф.Адамовіч і П.В.Ільючонак прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў. Астатнія 86 чал. пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 асуджаны на розныя тэрміны зняволення: 8 чал. — на 5 гадоў, 1 — на 3 гады папраўча-працоўных лагераў, астатнія — на 5 гадоў высылкі ў аддаленыя раёны Сав. Саюза. Усе арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што «з’яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі «Саюз адраджэння Беларусі», у далейшым перайменаванай у «Саюз вызвалення Беларусі», ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю, скіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі на сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарванне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюза і стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)». Амаль да ўсіх арыштаваных прымяняліся фіз. катаванні і маральна-псіхал. здзекі з мэтай атрымаць ад іх патрэбныя паказанні. Усе, хто праходзіў па справе «СВБ», зноў арыштаваны ў 1937—41 за «ранейшыя злачынствы», большасць з іх расстраляны ці загінулі ў канцлагерах. Некат. з удзельнікаў «СВБ» былі арыштаваны ў 1949—52 трэці раз і асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібіры на той падставе, што былі асуджаны раней. Усе рэабілітаваны ў 1956—88 за адсутнасцю саставу злачынства. Матэрыялы справы «СВБ» складаюць 29 тамоў.
У.М.Міхнюк.
т. 14, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ, Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў,
тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаў і філарэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты і г.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л. і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі і найб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Н.М.Махнач.
т. 3, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)