ПАРАГВА́Й (Paraguay, на мове гуарані — крыніца мора),
рака ў Бразіліі і Парагваі, правы прыток р. Парана, на асобных участках служыць мяжой паміж Парагваем, Бразіліяй і Аргенцінай. Даўж. каля 2500 км, пл. басейна 1,2 млн.км². Вытокі ў паўн.-зах.ч. Бразільскага пласкагор’я, цячэ па глыбокай забалочанай упадзіне Пантанал і нізіннай ч. прыроднай вобласці Гран-Чака. Гал. прытокі: Пількамайо, Рыо-Бермеха (справа). Рэчышча пераважна звілістае, шмат пясчаных меляў і астравоў. Разводдзе ў маі—чэрвені. Сярэдні расход вады каля 4 тыс.м³/с. П. — гал.трансп. магістраль Парагвая. Суднаходная ад г. Карумба (Бразілія). На П. гарады Кансепсьён, Асунсьён (Парагвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),
рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл.бас. 36 тыс.км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛКА,
рака ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Бірвета (бас.р.Зах. Дзвіна). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 775 км². Выцякае з воз.Мядзел каля в. Лапосі Мядзельскага р-на. Асн. прытокі — Лучайка (справа) і Вінгра (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—400 м. Пойма двухбаковая, чаргуецца на берагах, шыр. да 200 м. Рэчышча сярэдне звілістае. Шыр. ракі ў вярхоўі 10—15 м, на астатнім працягу 15—20 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ ў межах г. Паставы сажалка — Пастаўскае воз. (пл. 0,27 км²).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕА́НДРЫ (ад грэч. Maiandros Меандр, стараж. назва вельмі звілістай ракі Вял. Мендэрэс у М. Азіі),
лукавіны, выгіны рэчышча ракі. Характэрны пераважна для раўнінных рэк. Утвараюцца ў выніку бакавой эрозіі пры размыванні берагоў водным патокам. Увагнуты, звычайна стромкі, бераг размываецца, а выпуклы нарошчваецца за кошт наносаў і ўтварэння водмелі. У выніку ў плане рака прымае звілістую петлепадобную форму. Часам вадацёк прарывае сабе новы больш кароткі шлях, а М. ператвараюцца ў старыцы. У горных і перадгорных абласцях, якія зазнаюць тэктанічныя падняцці, трапляюцца ўрэзаныя (рэліктавыя) М., абмежаваныя выступамі карэнных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КАЦЬ,
рака ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., Чачэрскім і Веткаўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 76 км. Пл. вадазбору 504 км². Пачынаецца за 500 м на З ад пас. Няўмесны Краснапольскага р-на, вусце за 1 км на ПнЗ ад в. Петраполле Веткаўскага р-на. Цячэ па Чачорскай раўніне. Даліна на вял. працягу добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 0,5—1,5 км, у верхнім цячэнні невыразная, у ніжнім зліваецца з поймай р. Сож. Рэчышча каналізаванае ў Чачэрскім р-не на працягу 3,3 км, на астатнім працягу моцназвілістае, меандруе. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́НЯ,
рака ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. і Вілейскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 44,9 км. Вадазбор (пл. 503 км²) раўнінны, месцамі дробнаўзгорысты. Пачынаецца на паўд. ускраіне в. Крыпулі, вусце ў межах в. Бераспонне (абедзве ў Докшыцкім р-не). Цячэ ў скразной даліне на Пн Мінскага ўзвышша. Даліна ў вярхоўі трапецападобная, шыр. 1,5—2,5 км, на астатнім працягу невыразная, пры ўпадзенні ў Бярэзіну зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма асушаная, парэзаная густой сеткай меліярац. каналаў. Рэчышча каналізаванае, шыр. ад 6 м да 30 м. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВАЯ ЛЯСНА́Я,
рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. (бас.р.Зах. Буг). Даўж. 63 км, пл. вадазбору 996 км²; у межах Беларусі — 30 км і 650 км². Пачынаецца на тэр. Польшчы. За 0,8 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на зліваецца з р. Левая Лясная (утвараюць р. Лясная, бас.р. Буг). Цячэ па Прыбугскай раўніне, перасякае тэр. Белавежскай пушчы. Даліна трапецападобная, месцамі невыразная, у ніжнім цячэнні яе шыр. да 4 км. Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, слабаразгалінаванае, шыр. ў ніжнім цячэнні 20—25 м. З 1930 назіранні вядуцца на гідралаг. пасту Камянюкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУТ,
рака на Украіне, часткова служыць мяжой паміж Малдовай і Румыніяй, левы прыток р. Дунай. Даўж. 967 км, пл. басейна 27,5 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схілах хр. Чарнагора (Усх. Карпаты). Да г. Чарнаўцы цячэ ў глыбока ўрэзанай даліне, ніжэй даліна расшыраецца (да 10 км каля г. Леова). Рэчышча звілістае, месцамі парожыстае. Веснавое разводдзе, частыя летне-асеннія паводкі, павышаны зімовы сцёк (ад адліг і дажджоў). Сярэдні расход вады каля г. Леова 69,2 м³/с. Вадасх. Касцешць-Стынка. Суднаходны да г. Леова. На П. гарады Ярэмча, Каламыя, Снятын, Чарнаўцы, Наваселіца (Украіна), Унгень, Леова (Малдова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́НЗАС (Arkansas),
рака ў ЗША, правы прыток Місісіпі. Даўж. 2410 км, пл.бас. 416 тыс.км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па вузкіх глыбокіх цяснінах (Ройял-Гордж, Гранд-Каньён і інш.), затым з З на У па Вялікіх і на ПдУ па Цэнтр. раўнінах. Мае няўстойлівае рэчышча ў перыяды паводак. Паўнаводная вясною ад раставання снягоў і летам ад дажджоў; характэрны летнія ліўневыя паводкі. Ваганні ўзроўню дасягаюць 8—10 м (каля г. Літл-Рок). Сярэднегадавы расход вады каля 1,8 тыс.м³/с. Суднаходная на 1 тыс.км ад вусця. У сістэме Арканзаса буйныя вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Арканзасе гарады Уічыта, Талса, Літл-Рок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ДНЯ,
рака ў Беларусі, у Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 214 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Прысынак Смалявіцкага р-на, цячэ пераважна па Верхнебярэзінскай нізіне. Асн. прытокі: Сойка (справа) і Каўпеніца (злева).
Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. 3—4 км) са спадзістымі схіламі, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з далінамі рэк Гайна і Бярэзіна. Пойма забалочаная, у верхнім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча ад вытоку на 12 км каналізаванае, ніжэй слаба ўтварае меандры. Берагі невысокія, забалочаныя.