КО́ПЛЕНД ((Copland) Аарон) (14.11.1900, Нью-Йорк — 2.12.1990),
амерыканскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў сучаснай амер. кампазітарскай школы. Вучыўся ў Р.Гольдмарка (Нью-Йорк), Н.Буланжэ (Парыж) і інш. Выступаў як піяніст, дырыжор, чытаў лекцыі ў многіх ун-тах ЗША. Пад уплывам неакласіцызму І.Стравінскага, імпрэсіянізму і джаза выпрацаваў своеасаблівы індывід. стыль кампазіцыі. Выкарыстоўваў амер. і лац.-амер. муз. фальклор, увасабляў муз. інтанацыі розных народаў Амерыкі. Сярод твораў: оперы «Другі ўраган» (1937), «Ласкавая зямля» (1954); балеты «Хлопец Білі» (1938), «Радэо» (1942), «Апалачская вясна» (1944), «Панэлі, якія танцуюць» (1963); 3 сімфоніі (1924—46) і праграмныя п’есы для арк., канцэрты; камерна-інстр. ансамблі (у т. л. фп. трыо «Віцебск»); хары, песні, музыка для тэатра, кіно і інш. Аўтар кн. «Як слухаць музыку» (1939), «Музыка і фантазія» (1952), «Новая музыка, 1900—1960» (1968).
Літ.:
Шнеерсон Г. Портреты американских композиторов. М., 1977.
т. 8, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Вячаслаў Уладзіміравіч) (н. 15.6.1955, Вена),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1983, клас Я.Глебава). З 1983 заг. муз. часткі Дзярж. т-ра лялек Беларусі, з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах і тэхніках кампазіцыі. Асн. творы: опера «Запіскі вар’ята» (1987), балеты «12 крэслаў» (1983), «Паланэз» (1994), «Цар Саламон» (1998); араторыя; вак.-сімф. паэмы, у т. л. «Гукавыя прасторы «Euphonia» (1993); кантаты, у т. л. «Ціхія песні» на словы М.Багдановіча (1991); абрад-дзейства «Палескае вяселле» (1995); «Хроніка мінуласці «Спевы даўнейшых ліцвінаў» для салістаў, мужчынскага хору і ўдарных інструментаў (1997); 3 сімфоніі (1982, 1984, 1995), канцэрт (1988), «Цэзій-137» (1990), «Musica Militare» (1991) для сімф. аркестра; камерная сімфонія (1988), «Partita in D» (1992); камерна-інстр. і прыкладная музыка; п’есы для аркестраў розных складаў, песні, хары і інш.
Т.Г.Мдывані.
т. 8, с. 562
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІЧО́Ў (Анатоль Пятровіч) (н. 20.5.1923, г. Вузлавая Тульскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1949—52). З 1943 працаваў у ваен. перыяд. друку, час. «Литературная Грузия». З 1967 жыве на Беларусі. Піша на рус. мове. Друкуецца з 1940: вершы, п’есы [«У нашым палку», паст. 1951; «Вяртанне (Бацька)», паст. 1954; «Арліны перавал», паст. 1958, і інш.]. Аўтар аповесцей «Па свежаму следу» (1955), раманаў «Так наступае вясна» (1958), «Паўднёвы Захад» (1962), «Трывога» (1964), «Поле бою» (1979), «Падпольная мянушка — Янаш» (1987), дакумент. аповесцей «Першыя савецкія гвардзейцы» (1971), «Час пераклічкі» (1981), «Год нараджэння — сорак першы» (1989), ваен.-гіст. нарысаў. Асн. тэма твораў — армейская служба ў мірны час, гераізм у гады вайны. Перакладае з груз. і арм. моў на рускую.
Тв.:
Одиннадцатый класс. М., 1967;
Тревога. Мн., 1984;
Южный бастион. Кн. 1—3. Мн., 1991—95.
т. 8, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ (сапр. Ліповіч) Марк Давыдавіч
(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),
расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед. ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.Жук, М.Калачынскі, Г.Кляўко, Я.Семяжон.
Тв.:
Избранное. М., 1982.
Г.Е.Барысаў.
т. 9, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧА́ЛАЎ (Павел Сцяпанавіч) (15.11.1800, Масква — 28.3.1848),
расійскі акцёр; прадстаўнік рамантызму ў рус. т-ры. Вучыўся акцёрскаму майстэрству ў свайго бацькі С.Мачалава. З 1817 на маскоўскай імператарскай сцэне (з 1824 Малы т-р). У творчасці, якая вызначалася эмацыянальнасцю, багаццем адценняў і кантрастаў у перадачы пачуццяў, выявіў дэмакр. і гуманіст. ідэалы эпохі. Сярод роляў: Керым-Гірэй («Керым-Гірэй, крымскі хан» паводле А.Пушкіна), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Гамлет, Атэла, Рычард III, кароль Лір (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Фердынанд, Карл («Каварства і каханне», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мейнаў («Нянавісць да людзей і раскаянне» А.Кацэбу), Жорж дэ Жэрмані («Трыццаць гадоў, або Жыццё гульца» В.Дзюканжа) і інш. Аўтар рамант. драмы «Чаркешанка» (паст. 1840), драм. кампазіцыі паводле верша Пушкіна «Чорны шаль» (музыка А.Вярстоўскага), лірычных вершаў.
Літ.:
Дмитриев Ю. Мочалов — актер-романтик. М., 1961.
т. 10, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКІТЭ́НКА (Іван Кандратавіч) (6.9.1897, с. Роўнае Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.10.1937),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі мед. ін-т (1927). Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Дэбютаваў вершамі ў 1922. Аўтар зб-каў апавяданняў «На сонечных гонях» (1926), аповесцей «Браты» (1927), «Вуркаганы» (1928), незакончанага рамана «Ранак» (1933). Драм. творы прасякнуты гуманізмам, вызначаюцца спалучэннем лірыкі, патэтыкі і сатыры: п’есы «Дыктатура» (1930, паст. БДТ-3 1930), «Справа гонару» (1931), «Бастылія божай маці» (1934), лірычная камедыя «Дзяўчаты нашай краіны» (1933, паст. БДТ-3 1934), сатыр. камедыя «Сола на флейце» (1935), «Калі ўзыходзіла сонца» (1937, апубл. 1962) і інш. Літ. крытык, публіцыст (кнігі «Галубы міру», 1929; «Трынаццатая вясна», 1930). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі В.Каваль, В.Сташэўскі.
Тв.:
Твори. Т. 1—4. Київ. 1982—83;
Бел. пер. — Вуркаганы. Мн., 1932;
Рус. пер. — Светите, звезды!: (Сб. пьес). М., 1971.
В.А.Чабаненка.
т. 10, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́І (Nicolai) Карл Ога Эрэнфрыд [9.6.1810, г. Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія) — 11.5.1849], нямецкі кампазітар, дырыжор. Чл. берлінскіх каралеўскай АМ (1849), пеўчай акадэміі. Вучыўся ў К.Ф.Цэльтэра (з 1827), у Каралеўскім ін-це музыкі (1828—30) у Берліне. У 1833—37 царк. арганіст у Рыме. У 1841—47 прыдворны капельмайстар у Вене. Адзін з заснавальнікаў Венскага філарманічнага аркестра. З 1848 дырыжор Каралеўскай оперы і кіраўнік кафедральнага хору ў Берліне. У яго творчасці відавочны ўплыў італьян. оперы-буфа і ням. зінгшпілю. Найб. вядомы твор — опера «Віндзорскія свавольніцы» паводле У.Шэкспіра (паст. 1849) — узор раннерамантычнай ням. камічнай оперы. З інш. твораў: оперы «Генрых II» («Разамунда Англійская». паст. 1839), «Храмоўнік», «Філіп і Эдуард» (абедзве паст. 1840); 2 месы, Рэквіем, кантаты; 2 сімфоніі (1831, 1835); 2 уверцюры; канцэрт для фп. з арк., інстр. ансамблі, п’есы для фп., хары.
т. 11, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОЛД ВІК»
(Old Vic Theatre),
найбуйнейшы драм. т-р у Лондане. Адкрыты 11.5.1818 як т-р тыпу мюзік-хола пад назвай «Кобург тыэтр», з 1833 — Т-р Вікторыі (у народзе фамільярна наз. «Old Vic» — «Старая Вік»). У 1880 у т-ры размясціўся цэнтр оперы і драмы — Каралеўская зала Вікторыі. З канца 1890-х г. вядучы т-р Вялікабрытаніі. Ставіліся пераважна п’есы класічнай англ. і сусветнай драматургіі. З 1914 спецыялізуецца на пастаноўцы п’ес У.Шэкспіра. У розны час кіраўнікамі т-ра былі Л.Бейліс, Т.Гатры, Л.Аліўе (сумесна з Р.Рычардсанам і Дж.Барэлам), Х.Хант, М.Бентал, М.Эліят і інш.; выступалі акцёры Дж.Гілгуд, Аліўе, А.Гінес, Ч.Лотан, Рычардсан, М.Рэдгрэйв, С.Торндайк, П.Эшкрафт і інш. У 1963—76 у памяшканні т-ра выступаў Нац. т-р Вялікабрытаніі.
т. 11, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НСКІ (Самуіл Уладзіміравіч) (27.9.1902, г. Гайсін Вінніцкай вобл., Украіна — 2.5.1955),
бел. і расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Кіеўскі муз.-драм. ін-т (1926), кампазіцыі вучыўся ў В.Залатарова. У 1928—41 у Мінску: маст. кіраўнік вак. ансамбля, хормайстар капэлы Бел. філармоніі, Ансамбля песні і танца БВА, кіраўнік самадз. хар. калектываў. У 1942—43 узначальваў Бел. дзярж. ансамбль песні і танца. З 1945 у Маскве. Аўтар песень і хароў, у т. л. песні «Вечарынка ў калгасе» на словы Я.Купалы, аперэты «Зарэчны барок» (разам з М.Івановым; паст. 1940), п’есы для арк. бел. нар. інструментаў «Кірмаш», твораў для духавога арк., інстр. мініяцюр, рамансаў, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень, у т. л. бел., рус., укр., англ., для мяшанага хору, для голасу з фп., баянам.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 12, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР БССР.
Існаваў у 1929—35 з асн. базай у Мінску. Створаны з удзельнікаў тэатр. гуртка польскай моладзі пры клубе імя Р.Люксембург. З 11.7.1932 называўся Дзярж. польскі тэатр БССР імя 11 ліпеня; меў стацыянарную базу ў будынку Чырвонага касцёла. Маст. кіраўнік Э.Багінскі, з 1933 Я.Танальскі. У першыя гады пры т-ры працавалі кароткатэрміновыя драм. курсы. Напачатку ў рэпертуары пераважалі аднаактовыя п’есы, скетчы, канцэртныя праграмы. Сярод пастановак: «Недаростак» Дз.Фанвізіна (1931), «Армія міру» Ю.Нікуліна (1932), «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай (1933), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава, «Гібель эскадры» А.Карнейчука (абедзве 1934), «Карчмарка» К.Гальдоні, «Сям’я Варанцоў» В.Кавальскага (абедзве 1935). Сярод акцёраў І.Багінская, Ю.Галавач, В.Окалаў, А.Ротар, З.Стома, К.Стэцкі, К.Мацкевіч, В.Татаржыцкая, В.Тышкевіч, І.Худніцкі.
М.А.Каладзінскі.
т. 12, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)