І́ФЛАНД (Iffland) Аўгуст Вільгельм (19.4.1759, г. Гановер, Германія — 22.9.1814),

нямецкі акцёр, драматург, рэжысёр. З 1777 акцёр т-ра ў Гоце, з 1779 Мангеймскага т-ра (з 1792 гал. рэжысёр), з 1796 у Берлінскім каралеўскім нац. т-ры. Сярод роляў: Філіп, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Натан («Натан Мудры» Г.​Лесінга). Лепшыя ролі выканаў ва ўласных п’есах і п’есах А. фон Кацэбу. Прадстаўнік жанру мяшчанскай драмы: п’есы «Злачынства з пыхлівасці» (1784), «Узнагароджанае пакаянне», «Паляўнічыя» (абедзве 1785), «Сярэдні шлях — дабрачыннасць» (1788) і інш. адлюстроўвалі ідэалогію бюргерства. Аўтар кн. «Мая тэатральная ніва» (1798).

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНЕ́ЛІУС (Cornelius) Петэр фон (23.9.1783, г. Дзюсельдорф, Германія — 6.3.1867),

нямецкі жывапісец, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (у 1795—1809). У 1811—19 уваходзіў у групоўку назарэйцаў у Рыме. З 1821 дырэктар дзюсельдорфскай, з 1825 — мюнхенскай, з 1841 — берлінскай АМ. Пісаў у лінейна-графічнай манеры напоўненыя патэтыкай фрэскі, у якіх адлюстроўваў тэмы ант. і сярэдневяковай гісторыі, біблейскія сцэны, алегарычныя выявы (фрэскі ў доме Бартольдзі ў Рыме, 1816—18; у гліптатэцы, 1820—30, і ў царкве св. Людвіга, 1829—40, у Мюнхене і інш.). Зрабіў ілюстрацыі да «Фаўста» І.​В.​Гётэ (1816) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 8, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ФКА (Kafka) Багуміл (14.2.1878, Нова-Пака, Чэхія — 24.11.1942),

чэшскі скульптар, прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў школе скульптараў і каменшчыкаў у Горжыцы, у Маст.-прамысл. школе (1896—98; выкладаў у 1916—25) і АМ (1898—1901; выкладаў з 1925) у Празе. У 1904—08 у Парыжы. Творчая манера адметная пошукамі прасторавай выразнасці, свабодай кампазіцый, жывапіснай пластычнасцю. Сярод работ: «Руіны жыцця» (1902), «Брукаўшчыкі», «Серна з дзіцянятамі», рэльеф «Пасля купання ў моры» (усе 1905), «Абуджэнне» (1905, 1926), «Зоркі гаснуць» (1906), праекты помнікаў К.​Гаўлічаку-Бораўскаму (1924), Я.​Жыжку (1931—34; устаноўлены ў 1950 у Празе) і інш. Працаваў як партрэтыст і медальер.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МЕНАЎ Уладзімір Сямёнавіч (2.6.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 14.6.1988),

расійскі мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Расіі (1968). Д-р мастацтвазнаўства (1958), правадз. чл. АМ СССР (1954; віцэ-прэзідэнт з 1966). Вучыўся ў 1-м Маскоўскім ун-це (1928—30). Выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1933—38). У 1938—40 дырэктар Траццякоўскай галерэі. Нам. міністра культуры СССР (1954—56). У 1956—58 прадстаўнік СССР пры ЮНЕСКА. Работы па эстэтыцы, тэорыі, гісторыі рус., сав. і зах.-еўрап. мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1980.

Тв.:

Статьи об искусстве. М., 1956;

Историческая живопись Сурикова, 1870—1880-е гг. М., 1963;

Картины Веласкеса. М., 1969.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРК (Clark) Джон, архітэктар і будаўнік 1-й пал. 19 ст., прадстаўнік архітэктуры класіцызму. Англічанін. У 1800—26 жыў і працаваў у Гомелі. Сярод работ сядзібны комплекс на беразе р. Сож (1802, не захаваўся), бакавыя флігелі Гомельскага палаца (перабудаваны пры рэканструкцыі 1837—48), царква (1805), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Гомельскага духоўнага вучылішча будынак, гандл. рады з вежай (1818, згарэлі ў 1865), Гомельскай ланкастэрскай школы будынак, бальніца (1819, перабудавана ў 20 ст.), касцёл (1822, не захаваўся), карчма (1822, 2-і паверх перабудаваны ў 1950-я г.), царква ў в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. (1822, не захавалася).

В.​Ф.​Марозаў.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯЖНІ́Н Якаў Барысавіч [14.10.1742 (1740?),

г. Пскоў, Расія — 25.1.1791], рускі драматург; прадстаўнік рус. класіцызму. Чл. Рас. акадэміі (1750—55). Аўтар трагедый «Дыдона» (1769), «Уладзімір і Яраполк» (1772), «Рослаў» (1784) і інш., накіраваных супраць тыраніі, дэспатызму, прасякнутых патрыят. пафасам. Тыраж трагедыі «Вадзім Наўгародскі» (1782) за антыманархічную накіраванасць спалены па загадзе імператрыцы Кацярыны II у 1793. У камедыях «Хвалько» (1784—85), «Дзівакі» (1790) — актуальныя праблемы тагачаснага жыцця Расіі. Аўтар лібрэта 6 камічных опер. Пераклаў на рус. мову асобныя творы Вальтэра, П.​Карнэля, К.​Гальдоні і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Э.​Валасевіч.

Тв.:

Избр. произв. Л., 1961.

т. 8, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЧЭНС (Lutyens) Эдвін Лэндсір (29.3.1869, Лондан — 1.1.1944),

англійскі архітэктар; прадстаўнік неакласіцызму. Вучыўся ў Каралеўскім каледжы мастацтва ў Лондане (1885—87). Прэзідэнт Лонданскай АМ (з 1938). У творчасці звяртаўся да нац. арх. традыцый, адрадзіў традыц. тып англ. сядзібнага дома, прыўнёс у яго элементы сучаснага камфорту (дом Дынеры-гардэнс у Сонінгу, 1901). Стварыў імпазантны афіц. стыль адм. і дзелавых будынкаў (палац віцэ-караля, цяпер Раштрапаці Бхаван, г. Нью-Дэлі, Індыя, 1913—30). Працаваў у галіне горадабудаўніцтва (планіроўка г. Нью-Дэлі, з 1912, цяпер у межах Дэлі). Аўтар манументаў на ўшанаванне памяці ахвяр 1-й сусв. вайны («Кенатаф» у Лондане, 1919—20).

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНТО́ВІЧ Фёдар Іванавіч (1833, с. Папоўка Сумскай вобл., Украіна — 3.1.1911),

гісторык права, прадстаўнік т.зв. «юрыдычнай школы» рус. гістарыяграфіі 2-й пал. 19 ст. Д-р права (1868). Скончыў Кіеўскі ун-т (1860). Працаваў у Кіеўскім, Новарасійскім (Адэса), Варшаўскім ун-тах. Даследаваў гісторыю дзярж. устаноў і права Стараж. Русі і ВКЛ. Развіваў тэорыю абшчыннага паходжання Рус. дзяржавы. Даследаваў праблемы прыняцця польскага права ў ВКЛ, гістарыяграфіі права паўд. славян і неславянскіх народаў Расіі. Падрыхтаваў да друку больш за 750 актаў 1413—1507 з Метрыкі ВКЛ. За манаграфію «Нарысы гісторыі літоўска-рускага права» (1894) Увараўская прэмія 1895.

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙБЛЬ (Leibl) Вільгельм Марыя Губерт (23.10.1844, г. Кёльн, Германія — 4.12.1900),

нямецкі жывапісец; буйнейшы прадстаўнік ням. рэаліст. жывапісу 19 ст. Вучыўся ў Г.​Бекера (1861—64) і ў АМ у Мюнхене (1864—69). Зазнаў уплыў Г.Курбэ. Пісаў пераважна партрэты і сцэны побыту патрыярхальнага баварскага сялянства. У ранніх творах уплывы франц. рэаліст. жывапісу (партрэт П.​Сіньеі-Мершэ, 1869; «Какотка», 1870; «Стары пан Паленберг», 1871, «Партрэт работніцы»). Пазней звяртаўся да спадчыны ням. мастацтва Адраджэння («Тры жанчыны ў царкве», 1878—82, і інш.). У карцінах апошніх гадоў жыцця свабодны, мяккі, насычаны паветрам і святлом жывапіс блізкі да імпрэсіянізму («Прадзільшчыца», 1892).

В.Лейбль. Партрэт работніцы.

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙРО́НІС (Maironis; сапр. Мачуліс Іонас; 2.11.1862, Пасандравіс Каўнаскага пав., Літва — 28.6.1932),

літоўскі паэт; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1892), у 1894—1909 праф. гэтай акадэміі. Друкаваўся з 1885. У зб. вершаў «Галасы вясны» (1895) — гіст. мінулае Літвы, хараство роднага краю, нац.-вызв. матывы, ідэі нац. адраджэння. Аўтар вершаў, паэм філас., інтымнай тэматыкі, вершаванай гіст. драм. трылогіі «Смерць Кейстута» (1921), «Вітаўт у крыжакоў» (паст. 1925), «Вітаўт — кароль» (паст. 1930). Лірыка М. адметная эмацыянальнай напружанасцю, рамантычнай узнёсласцю, маст. завершанасцю вобразаў. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Р.​Барадулін.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1962.

т. 9, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)