ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ (ад лац inter паміж + ferio б’ю, паражаю) у біялогіі, тып храмасомнага ўзаемадзеяння, пры якім красінговер, што ўтвараецца ў адным участку храмасомы, перашкаджае ўзнікненню інш. красінговераў ва ўчастках, размешчаных паблізу. У большасці выпадкаў І. перашкаджае ці амаль цалкам выключае красінговер (станоўчая І.). Ступень І. памяншаецца па меры аддалення ад месца красінговера, які ўжо адбыўся; выражаецца ў долях адзінкі ці працэнтах. І. наз. таксама ўласцівасць аднаго віруса прыгнечваць рэпрадукцыю другога пры змяшанай інфекцыі. Выкарыстоўваюць для выяўлення, ідэнтыфікацыі і цітравання патагенных вірусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВА́РЫЯ (ад лац. calva чэрап),
у католікаў Беларусі, Літвы і Польшчы святое месца, куды збіраліся натоўпы набожных, хворых, калек, старцаў на пакаянне. Пачалі засноўвацца як апорныя пункты каталіцызму ў 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. на ўзгорках і ў лесе, часта на месцах б. язычніцкіх капішчаў. Найстарэйшая К. каля Вільні вядома з 1564. У цэнтры К. звычайна ставілі капліцу, будавалі касцёл або кляштар. К. былі ў Мінскім, Барысаўскім, Вілейскім і інш. паветах. У Мінску пад гэтай назвай захаваліся могілкі.
туркменскі акцёр. Нар.арт.СССР (1949). Скончыў Туркм.драм. студыю (1929). Працаваў у Туркм. т-ры драмы імя Маланепеса ў Ашхабадзе (з 1963 гал. рэжысёр і дырэктар). Найб. значныя ролі: Кеймір-Кёр («Кеймір-Кёр» Б.Аманава і К.Бурунава), Махтумкулі («Махтумкулі» Б.Кербабаева), Алан («Сям’я Алана» Г.Мухтарава; Дзярж. прэмія СССР 1951), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНЕЎ (Уладзімір Усеваладавіч) (н. 1.4.1944, г. Краснаярск, Расія),
расійскі піяніст, педагог. Нар.арт. Расіі (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1967, класы Г. і С.Нейгаўзаў), з 1987 выкладае ў ёй. З 1966 саліст Маскоўскай філармоніі. У рэпертуары значнае месца належыць творам сучасных рас. кампазітараў, фп. музыцы Ф.Шапэна, С.Пракоф’ева. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсах піяністаў імя Віяны да Моты (Лісабон, 1964) і імя П.Чайкоўскага (Масква, 1970), 2-я прэмія Міжнар. конкурсу піяністаў (г. Лідс, Вялікабрытанія, 1963). Дзярж. прэмія СССР 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́КАЛАЧ,
старажытны горад Полацкай зямлі. Упамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1127, у Іпацьеўскім — пад 1128: «Новгородци придоша со Мстиславичем со Всеволодом к Неколочю» (у Іпацьеўскім летапісе к Неклочю). Да гэтага часу Н. не лакалізаваны. На мысе Гарадзішча на воз. Некалач (у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. каля в. Бор) рэшткаў стараж. населенага месца не выяўлена. Мяркуюць, што названы ў летапісах геагр. пункт — воз. Некалач, на Пн ад Полацка, адкуль бярэ пачатак р. Палата (Невельскі р-н Пскоўскай вобл. Расіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭО́Н (лац. Pantheon ад грэч. Pantheion месца, прысвечанае ўсім багам),
1) у Стараж. Рыме — «храм усіх багоў» (гл.Рымскі пантэон).
2) Пахавальня выдатных людзей. Звычайна П. размяшчаюць у будынках, якія маюць (ці першапачаткова мелі) культавае прызначэнне [Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане; П. у Парыжы, з 1791, (б. царква Сент-Жэнеўеў, 18 ст., арх. Ж.Ж.Суфло)]. Гл. таксама Грабніца.
3) У шырокім сэнсе — найменне гал. багоў у пэўнай рэлігіі (напр., П. багоў-алімпійцаў у стараж. грэкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н, лесавік,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вял. вачыма, у звярынай шкуры. Л. мог, нібыта, паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама наганяць на чалавека страху, прымусіць яго блукаць на адным месцы. Вобраз Л. страціў рэліг. значэнне ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГІНА́ЛІІ (позналац. marginalis што знаходзіцца на краі ад лац. margo край, мяжа),
1) паметы на палях стараж. кніг або рукапісаў, юрыд. актаў, якія тлумачаць незразумелае слова або месца.
2) Паметы чытача на друкаваным выданні або рукапісе: нататкі пра адносіны да тэксту, падкрэсліванні асобных слоў і сказаў, пазначэнні клічнікам, пытальнікам, умоўнымі значкамі і інш.М., зробленыя пісьменнікам, — частка яго рукапіснай спадчыны, асабліва важныя для раскрыцця яго творчых задум, няздзейсненых намераў.
3) У сучасным кніжным афармленні тэкставая рубрыкацыя, вынесеная па-за фармат паласы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая палітычна-эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 21.10.1919 да 9.7.1920 у Мінску на бел. мове. Пераемніца газеты «Звон» (27 нумароў яе уключаны ў суцэльную нумарацыю «Беларусі»). Развівала традыцыі газеты «Наша ніва», аб’ядноўвала нац.паліт. партыі і групоўкі, якія адстойвалі ідэю суверэннай, непадзельнай і незалежнай Бел. Рэспублікі ў этнагр. межах бел. народа. Разнастайныя матэрыялы газеты — ад рэдакцыйных артыкулаў і літ. твораў да карэспандэнцый з гарадоў, мястэчак і вёсак — знітоўвала ідэя адраджэння Беларусі, яе дзяржаўнасці і культуры, нар. гаспадаркі, самабытнага духоўнага аблічча нацыі. Гіст. ролю Беларусі газета бачыла ў сінтэзе лепшых бакоў «усходняга» і «заходняга» тыпаў культуры, прымірэнні аднабокіх сац.-паліт. тэндэнцый. Выкрывала грабежніцкую палітыку польск. улад на Беларусі. Разнастайныя матэрыялы былі прысвечаны арганізацыі бел. арміі. Шмат месца газета адводзіла барацьбе за стварэнне бел. школ. У артыкулах на эканам. тэмы шукала шляхі да аднаўлення сельскай гаспадаркі, прам-сці і рамяства ў краіне. Асаблівае значэнне надавалася працоўнай кааперацыі, якая, на думку сацыяліст. крыла аўтарскага калектыву газеты, прывядзе Беларусь да дэмакр. сацыялізму. Газета апублікавала шэраг даследаванняў Я.Карскага па гісторыі бел. л-ры і культуры. Значнае месца ў «Беларусі» займаў літ. аддзел. Друкаваліся творы Я.Купалы, З.Бядулі, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа, М.Чарота, У.Галубка і інш. Рэгулярна асвятляла тэатр. жыццё ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЖЫ́НА,
1) атрад воінаў, якія аб’ядноўваліся вакал племяннога правадыра ў перыяд разлажэння родавага ладу, пазней вакол князя (караля). У стараж.германцаў згадваецца ў гіст. крыніцах у 1 ст. да н.э. як часовая, а з 1 ст.н.э. як пастаянная.
2) У Стараж. Русі арганізаваныя паводле пэўных прынцыпаў прафес. вайсковыя атрады пры князю, якія ўдзельнічалі ў ваен. паходах, кіраванні княствам і асабістай гаспадаркай князя.
3) Войска цалкам.
4) Карпаратыўная арг-цыя раннефеад. знаці вакол асоб княжацкага паходжання ў 9—13 ст. або асобныя яе часткі. Складаная на чале з князем іерархія дружыннікаў розных рангаў і баяр («старэйшая» Д.), уласна дружыннікаў і т.зв. («малодшая» Д.). У земскай Д. месца князя займала абшчына ў асобе вечавых устаноў. Д. выконвала ўрадавыя, адм., суд. і паліцэйскія функцыі. У ваен. сэнсе — заўжды гатовы да дзеяння аддзел пры князю ці земскай абшчыне. Да 13 ст. прыйшла ў заняпад, саступіла месцаінш. прынцыпам арганізацыі пануючага класа (у прыватнасці, двару, пачалося фарміраванне дваранства). Канчатковае знікненне Д. даследчыкі датуюць 12—14 ст. 5) Назва кампаній, арцелей іканапісцаў (14—15 ст.), манастырскай браціі (16 ст.).
Літ.:
Горский А.А. Древнерусская дружина. М., 1989;
Ласкавы Г.В. Да пытання аб арганізацыі і складзе ўзброеных сіл Полацкай зямлі ў канцы XI — пачатку XIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 2.