КО́ПАЦЬ Юзаф (16.5.1762, Пінскі пав. — 1827),

бел. мемуарыст-падарожнік. Удзельнік паўстання 1794. У пач. 1794 для злучэння з гал. войскам Т.​Касцюшкі прывёў з-пад Вільні сваю кав. часць, за што ўзнагароджаны залатым пярсцёнкам з надпісам «Айчына — свайму абаронцу». Вызначыўся ў бітве каля г. Хэлм і пры абароне Варшавы. У бітве пад Мацяёвіцамі быў паранены, трапіў у палон, прыгавораны ваен. судом да ссылкі на Камчатку. Амнісціраваны імператарам Паўлам I, у канцы 1790-х г. вярнуўся на радзіму. Свае ўражанні ад знаходжання на Камчатцы і падарожжа па Еўразійскім мацерыку апісаў у «Дзённіку падарожжа...» (нап. каля 1810, выд. 1837).

Літ.:

Худзиковская Я., Ястер Я. Люди великой отваги: Пер. с пол. М., 1957. С. 76—96.

В.​І.​Ярмоленка.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 ст. на востраве Лепельскага возера, насупраць в. Стары Лепель (Лепельскі р-н). Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558—83. Пасля ўзяцця Полацка Л.з. занялі і спалілі ў 1563 рус. войскі. На замчышчы яны залажылі астрог і размясцілі ў ім гарнізон. Войскі ВКЛ захапілі астрог і спалілі яго. Пасля аднаўлення ўмацавання ў 1563 побач з замкам заснаваны горад Лепель. У 1568 пачалося буд-ва новага драўлянага замка. Яго будавала мясц. насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Ю.​Зяновіча. Замак быў прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі вежамі. З паўн. боку ад горада яго аддзяляў шырокі роў, які часткова запаўняўся вадой з возера. Каля Л.з. і пад яго аховай знаходзіўся гандл. порт.

М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГІ́Н Станіслаў (каля 1818—15.2.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Служыў чыноўнікам на Гродзеншчыне, пасля выхаду ў адстаўку кіраваў маёнткам у Бельскім пав. Чл. Віленскай археалагічнай камісіі. Выступаў у віленскім друку з артыкуламі па сельскай гаспадарцы і эканоміцы. Паплечнік К.​Каліноўскага і В.​Урублеўскага па Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. Удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні газ. «Мужыцкая праўда». У пач. 1863 як нам. гродзенскага ваяводы фарміраваў паўстанцкія атрады на сумежжы Беларусі і Польшчы, удзельнічаў у баях пад Сямяцічамі (6—7.2.1863), у партыз. рэйдзе Р.​Рагінскага ў глыб Беларусі. Пасля захопу паўстанцамі г. Пружаны 13.2.1863 з групай байцоў аддзяліўся ад Рагінскага, каб вярнуцца пад Сямяцічы. Загінуў у баі каля в. Рэчыца Пружанскага пав.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́СКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Грэскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Грэскага падп. РК КП(б)Б. Арганізатар і кіраўнік У.​І.​Заяц. Налічвала каля 80 чал., 4 групы: у бальніцы в. Грэск (кіраўнік Ю.​Г.​Войчык), вёсках Стараселле (А.​В.​Вадап’ян), Гацук (Заяц), Вобчае (І.​І.​Каско). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва агітац. работу, распаўсюджвалі звесткі Саўінфармбюро, перадавалі партызанам звесткі пра рух варожага транспарту, папярэджвалі пра карныя аперацыі акупантаў, псавалі тэлеф. сувязь праціўніка, спалілі некалькі мастоў на шашэйных дарогах, пусцілі пад адхон варожы эшалон, разграмілі апорны пункт фашыстаў у в. Вобчае, захапілі абоз з прадуктамі і пераправілі партызанам.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ГЛАС (Douglass) Фрэдэрык [сапр. Бейлі

(Bailey) Фрэдэрык Агастэс Вашынгтон; люты 1817, Такаха, каля г. Істан, штат Мэрыленд, ЗША — 20.2.1895], грамадскі дзеяч, публіцыст, адзін з лідэраў абаліцыянізму ў ЗША. Мулат, да ўцёкаў у паўн. штаты ЗША (1838) быў рабом. З 1847 выдаваў антырабаўладальніцкую газ. «The North Star» («Паўночная зорка»),

Пад уплывам Дж.Браўна выступіў за ўзбр. барацьбу супраць негрыцянскага рабства. Адзін са стваральнікаў першых негрыцянскіх палкоў у грамадз. вайну ў ЗША 1861—65 і кіраўнікоў руху неграў за раўнапраўе ў час Рэканструкцыі Поўдня 1865—77. Выступаў за дэмакратызацыю грамадска-паліт. жыцця краіны, за правы жанчын. Аўтар антырабаўладальніцкага аўтабіягр. твора «Аповесць пра жыццё Фрэдэрыка Дугласа, амерыканскага раба» (1845, перапрацавана ў 1855 і 1881 пад інш. назвамі).

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЛЬТАН Мікалай Мікалаевіч (24.11. 1900, в. Някрасаўшчына Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 19.9.1975),

ген.-лейт. (1955), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Аб’яднаную бел. вайсковую школу імя ЦВК БССР (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну на Паўд., Петраградскім, Зах. франтах; у Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір стралк. палка, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Смаленска, Цверы, Магілёва, штурму Кёнігсберга. У чэрв. 1944 корпус пад камандаваннем М. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Магілёўскай вобл. і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе. 16.7.1944 яго корпус вызваліў Гродна. Да 1959 у Сав. Арміі.

М.М.Мультан.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РЦЫ, Орцаўскае возера. У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 8 км на ПнУ ад г. Міёры. Пл. 1,94 км², даўж. 4,8 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 19 м, даўж. берагавой лініі 13,4 км. Пл. вадазбору 11 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 2—3 м, сугліністыя і супясчаныя, разараныя, месцамі пад хмызняком, на ПнУ 10—12 м, стромкія, укрыты лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком, участкамі забалочаныя. Некалькі вузкіх заліваў. Зона мелкаводдзя вузкая (3—5 м), у паўн. плёсе пашыраецца да 50—80 м, пясчаная, месцамі гліністая; астатняя ч. дна ілістая. 2 астравы агульнай пл. 1,9 га. Празрыстасць 3,2 м. Мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі. Зарастае.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ТА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 7 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 0,83 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. каля 1,1 км, найб. глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 22 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 20—35 м, пад лесам і хмызняком, у верхняй ч. часткова разараныя. Пойма шыр. 10—15 м, на З да 200 м. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На Пн залівы. 3 астравы, агульнай пл. 1,6 га. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, глыбей гліністае. Зарастае слаба. Упадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Чэцверць, выцякае ручай у воз. Світка.

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛІШЧА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 10 км на З ад г.п. Ушачы. Пл. 0,52 км², даўж. 1,73 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 14 м, даўж. берагавой лініі 4,28 км. Пл. вадазбору 76,8 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 4—8 м, спадзістыя, на ПдЗ і Пн выш. 14—19 м, стромкія, пад лесам і хмызняком, у верхняй ч. пад выганам ці разараныя. Берагі нізкія, на З і Пд забалочаныя, тарфяністыя. Мелкаводная зона вузкая, у глыбакаводнай адзначаны 3 упадзіны глыб. 7,7, 11, 11,5 м. Востраў пл. 0,2 га. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Праз возера цячэ р. Альзініца.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУП (ваен.),

прылада для выяўлення мін, бомбаў і інш. боепрыпасаў у грунце (да 15 см) і пад снегам (на ўсю таўшчыню покрыва, да зямлі). Ш. заводскай вытв-сці складаецца з завостранага стальнога стрыжня і рукаяткі (з 3 драўляных звёнаў). Бываюць даўж. 0,8 м (для дзеянняў сапёра ў ляжачым становішчы) і 1,5—2 м (для дзеянняў у стаячым становішчы). Ш. праколваюць грунт пад вуглом 25—45° на адпаведную глыбіню праз кожныя 20 см; месца, дзе стрыжань натыкаецца на цвёрды прадмет, уважліва аглядваюць. Выкарыстоўваюцца таксама глыбінныя Ш. даўж. да 6 м, якія ўводзяць у грунт пры дапамозе калаўроціка.

І.​А.​Шор.

Зборны шчуп: а — прамая ўстаноўка наканечніка; б — нахіленая ўстаноўка наканечніка.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)