МАЗЫ́РСКІ ЗА́МАК Існаваў у 15—18 ст. на гарадзішчы стараж. Мазыра. Пабудаваны на месцы ўмацаванага драўлянага замка 14 ст. Займаў мыс паміж шырокімі ярамі, якія праразалі высокі карэнны бераг Прыпяці. У 1520—30-я г. зруйнаваны татарамі. Адноўлены ў 1543. Складаўся з 3 вежаў з гароднямі і некалькімі дамамі паміж імі, якія таксама выконвалі абарончую ролю. Пасля перабудовы ў 1576 меў 5 вежаў. У 1609 цалкам згарэў, у 1613 адноўлены. У ходзе ваен. дзеянняў 17 ст. замак неаднойчы быў разбураны і паступова прыйшоў у заняпад. У 18 ст. М.з. — парадны замкава-палацавы комплекс, які складаўся з драўлянага палаца ў цэнтры і гасп.зоны. Пры даследаванні на замчышчы выяўлены рэшткі жылой пабудовы 16 ст. з кафлянай печчу, складзенай з гаршковай і каробчатай кафлі, упрыгожанай геам. арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВА́ННА (ад ісп. sabana, запазычанага з мовы карыбскіх індзейцаў),
занальны тып ландшафту, утвораны спалучэннем трапічнай і субтрапічнай ксерафільнай травяністай расліннасці (пераважна злакавай) з адзіночнымі і групамі дрэў, зараснікамі хмызняку. Пашырана ў Афрыцы, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Аўстраліі і Індыі. У Бразіліі С. наз.кампас, у Венесуэле і Калумбіі — льянас. Развіваюцца таксама на месцы зведзеных трапічных лясоў (другасныя С.).
Расліны С. прыстасаваны да працяглых засух: лісце цвёрдае, моцна апушанае, рэдукаванае да калючак, кара дрэў тоўстая. Травяністыя злакі выш. да 3 м. Дрэвы (акацыя, баабаб, эўкаліпт і інш.) пераважна нізкарослыя, часта з парасонападобнай кронай, у некат. (бутэлечнае дрэва і інш.) ствалы ўтрымліваюць вял. запасы вады. Багаты і разнастайны жывёльны свет: сланы, насарогі, жырафы, ільвы, зебры, антылопы; з птушак характэрны страусы. Гл. таксама Саванныя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗО́НАЎ (Мікалай Аляксеевіч) (8.4.1903, г. Цвер, Расія —31.1.1963),
бел. вучоны ў галіне электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Акад.АН Беларусі (1961), Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—61), д-ртэхн.н. (1948), праф. (1951). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1929). У 1948—52 кіраўнік работ па выяўленні мясц.энергет. рэсурсаў Беларусі для электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. З 1959 акадэмік-сакратар Аддзялення механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Акадэміі с.-г. навук Беларусі, з 1962 кіраўнік аддзела Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоныСССР (Мінск). Навук. працы па выкарыстанні электраэнергіі ў с.-г. вытв-сці, павышэнні каэф. магутнасці ў эл. устаноўках. Прапанаваў метады разліку асінхронных электрарухавікоў.
Тв.:
Справочник по применению электроэнергии в сельском хозяйстве. М., 1958 (у сааўт.);
Руководство для сельского электромонтера. 5 изд. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баі бел. партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст. — снеж. 1942 у Вял.Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш.чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,
велічыні, якія вызначаюць становішча пунктаў на Зямлі і ў каляземнай прасторы адносна паверхні зямнога эліпсоіда — геагр. шырата, даўгата і вышыня пункта. Геадэзічную шырату і даўгату вылічваюць ад зыходнага пункта «Пулкава» метадам трыянгуляцыі, вышыню — ад нуля Кранштацкага футштока нівеліраваннем. Выкарыстоўваюцца і інш. сістэмы каардынат: для вызначэння геадэзічных каардынат пунктаў у прасторы — прамавугольная дэкартава сістэма каардынат з пачаткам у цэнтры зямнога эліпсоіда; для вызначэння планавага становішча пунктаў на параўнальна невял. аб’ектах — прамавугольная сістэма каардынат на плоскасці; для інж. работ — сістэма занальных плоскіх прамавугольных каардынат у праекцыі Гаўса—Кругера з пачаткам каардынат у пункце перасячэння восевага (сярэдняга) мерыдыяна шасціградуснай зоны з экватарам. Геадэзічныя каардынаты адрозніваюцца ад астранамічных некалькімі секундамі на раўнінных тэрыторыях і некалькімі дзесяткамі секунд у перадгорных і горных раёнах. Гэта абумоўлена адступленнем фігуры геоіда ад матэм. фігуры эліпсоіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗНАВО́ДСК,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, на паўд. схілах г. Жалезная, на выш. 600—630 м, за 5 км ад чыг. ст. Бештау. Засн. ў 1842, горад з 1917. 29,4 тыс.ж. (1992). Пяцігорскі НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі. Арх. помнікі: Астроўскія ванны (канец 19 ст.), дача бухарскага эміра і Пушкінская галерэя (пач. 20 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой, цёплым летам. Аснова курортных рэсурсаў — мінер. воды, радовішчы якіх эксплуатуюцца з 19 ст. (больш за 20 крыніц рознай ступені тэрмальнасці, у т. л. радонавыя), сульфідныя глеевыя гразі Тамбуканскага воз. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, падстраўнікавай залозы, печані, жоўцевых шляхоў, нырак, мочавывадной сістэмы. Працуе каля 20 санаторыяў. Ва ўсх.ч. курортнай зоны парк (1825), ніжнія і верхнія тэрасы якога звязаны каскаднай лесвіцай, упрыгожанай фантанамі і вадаёмамі (1932—37).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ННАЯ ПЛА́ЎКА, зонная перакрышталізацыя,
апрацоўка матэрыялу (у выглядзе стрыжня, выцягнутага злітка) расплаўленнем вузкай зоны і перамяшчэннем яе ўздоўж стрыжня. Выкарыстоўваецца для атрымання (рафінавання) чыстых матэрыялаў (т.зв. зонная ачыстка), легіравання і раўнамернага размеркавання дамешкаў па злітку (зоннае выраўноўванне), для вырошчвання монакрышталёў і інш. З.п. можна апрацоўваць амаль усе металы, паўправаднікі і дыэлектрыкі.
Адрозніваюць кантэйнерную і бястыгельную З.п. Пры кантэйнернай матэрыял змяшчаюць у спец. кантэйнер, які павольна перамяшчаецца адносна награвальнікаў. Пры гэтым на мяжы раздзелу цвёрдай і вадкай фаз адбываецца крышталізацыя матэрыялу. Пры бястыгельнай З.п. стрыжань (злітак) устанаўліваюць вертыкальна, а награвальнік размяшчаюць вакол яго. Спосабы нагрэву: індукцыйны токамі ВЧ, электронна-прамянёвы, радыяцыйны. Упершыню З.п. выкарыстана ў 1927 для ачысткі жалеза, пашырылася з 1952.
Схемы зоннай плаўкі: а — кантэйнернай (1 — труба, 2 — кантэйнер, 3 — награвальны элемент, 4 — зона плаўкі); б — бястыгельнай (1 — труба, 2 — стрыжань, 3 — награвальны элемент, 4 — зона плаўкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам у выпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 у Лігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦАПУ́РА (Міхаіл Яфрэмавіч) (21.11.1908, в. Барбароў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 31.10.1971),
бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад.АН Беларусі (1947), УАСГНІЛ (1964), Акад.с.-г. навук Беларусі (1957—61). Д-ртэхн.н. (1945), праф. (1947). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1932). У 1947—65 дырэктар Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоныСССР (Мінск), адначасова ў 1947—50 акадэмік-сакратар АН Беларусі. Навук. працы па праблемах земляробчай механікі, стварэнні с.-г. машын. Распрацаваў комплекс машын для асваення забалочаных і зарослых хмызняком зямель. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Ленінская прэмія 1962.
Тв.:
Вопросы теории плужных канавокопателей и болотных плугов. Мн., 1957;
Технологические основы механизации уборки картофеля. Мн., 1959;
Вопросы земледельческой механики. Т. 1. Мн.. 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВІЛА АПЯРЭ́ДЖВАННЯ, правіла пастаянства месца пражывання,
заканамернасць, адпаведна якой паўн. вільгацелюбівыя расліны ў межах паўд. граніцы свайго арэала размяшчаюцца на паўн. схілах і на дне лагчын, а паўд. па меры руху на Пн пераходзяць на паўд. схілы, якія лепш праграваюцца. Вызначана рас. батанікам В.В.Алёхіным (1951).
Найб. праяўляецца П.а. на паўд. і паўн. межах лясной зоны. Напр., на паўд. схілах з сярэдняй тайгі далёка на Пн пранікаюць ельнікі-чарнічнікі і ельнікі-кіслічнікі. У Якуціі на паўн. схілах растуць холадатрывалыя лясы лістоўніцы даурскай, а паўд. схілы пакрыты хваёвымі лясамі. Адхіленні маюць адносны характар і звязаны з вуглом падзення сонечных праменяў. П.а. мае практ. значэнне для картаграфавання сучаснага і адноўленага расліннага покрыва, дазваляе прагназіраваць склад расліннасці на неабследаваных месцах і аднаўляць яе папярэдні склад там, дзе яна знішчана. П.а. можа праяўляцца і ў адносінах да жывёл.