КІТА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

слоўна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на кітайскай мове, у якім выкарыстоўваюцца асобыя знакі — іерогліфы. Агульная колькасць такіх знакаў каля 50 тыс., у сучаснай кіт. мове выкарыстоўваюць 4—7 тыс. іерогліфаў. Кожны іерогліф прадстаўляе аднаскладовае слова ці марфему і графічна з’яўляецца камбінацыяй рысак, упісаных у квадрат. Запіс тэксту злева направа або зверху ўніз. Вылучаюць 3 тыпы іерогліфаў: піктаграмы — схематычны відарыс прадметаў (山 «гара», 目 «вока»); ідэаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм (人 «чалавек» + 木 «дрэва» = 休 «адпачываць»); фанаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм з намёкам на гучанне іерогліфа (人 жэнь «чалавек» + 圭 гуй «нефрытавы скіпетр» = 佳 цзя «прыгожы»).

Найб. стараж. знакі К.п. — «іньскія пісьмёны» (варажбітныя надпісы на бронзе, камянях, касцях, панцырах чарапах; 2-е тыс. да н. э). У 1066—771 да н. э. яны атрымалі развіццё ў выглядзе «галавастыкавага пісьма». У 221 да н. э. пачаўся працэс стандартызацыі іерогліфаў, з’явіліся стылі «вялікіх» і «малых» пячатак, уведзена «дзелавое пісьмо» лішу (спрошчаны варыянт «малых пячатак»). У 1 ст. н. э. канчаткова сфарміраваўся сучасны стыль напісання іерогліфаў (кайшу — «узорнае пісьмо»). Побач з кайшу выкарыстоўваюць скарочаныя стылі цаошу — «травяное пісьмо» і сіншу — «хадавы скорапіс». З 1956 у КНР вядзецца работа па спрашчэнні іерогліфаў. Поўныя абрысы іерогліфаў (фаньтыцзы) выкарыстоўваюцца ў Сінгапуры, Японіі (з яп. складовым пісьмом), Паўд. Карэі (з кар. азбукай) і на Тайвані. Сярод найстараж кіт. літ. помнікаў «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н. э.), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н. э.) і «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н. э.).

А.​М.​Гардзей.

Да арт. Кітайскае пісьмо.

т. 8, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКІ (Formicidae),

сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў складаных гнёздах (мурашнікі і інш.) ад некалькіх дзесяткаў да соцень тыс. асобін, ёсць вандроўныя (падсям. Dorylinae). На Беларусі больш за 50 відаў, найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў М. земляныя (Lasius), М.-мірмікі (Myrmica), М. сапраўдныя (Formica), М. фараонаў (Monomorium), М.-шашалі (Camponotus). У складзе сям’і — самкі-заснавальніцы («царыцы»), бяскрылыя працоўныя (самкі з недаразвітымі палавымі органамі) і крылатыя самцы (паяўляюцца на кароткі час і пасля спароўвання гінуць). Працоўныя М. выконваюць розныя функцыі: фуражыраў, якія забяспечваюць гняздо кормам; салдат, што ахоўваюць яго; асобін, якія з’яўляюцца рэзервуарамі для вадкага корму (т.зв. мядовыя бочкі) і інш. У аснове існавання цэласнай сям’і ляжыць абмен паміж асобінамі кормам, выдзяленнямі залоз (трофалаксіс) і цесныя ўзаемаадносіны паміж яйцакладучай самкай і працоўнымі гал. чынам праз пасрэдніцтва хім. пачуцця (нюх, смак). Жыццядзейнасць сям’і рэгулюецца пераважна ферамонамі.

Даўж. ад 0,8 да 30 мм (самкі-вытворніцы буйнейшыя). Грудзі злучаны з брушкам тонкай рухомай сцяблінкай (з 1—2 членікаў). Вусікі 4—13-членікавыя (звычайна 11—12), доўгія. Ротавыя органы жавальнага тыпу. Вочы фасетачныя. Кормяцца насякомымі, жывёльнымі рэшткамі, насеннем раслін, выдзяленнямі тлей і какцыд. Адна сярэдняя сям’я рыжых лясных М. за суткі спажывае да 20 тыс. насякомых. Раздзельнаполыя. Маюць залозы, у экскрэце якіх да 65% мурашынай кіслаты.

Літ.:

Длусский Г.М. Муравьи рода Формика. Л., 1967;

Гримальский В.И., Зенченко В.С., Крушев Л.Т. Муравьи — наши друзья. Мн., 1968;

Захаров А.А. Муравей, семья, колония. М., 1978.

Мурашкі: 1 — земляная; 2 — шашаль (самка); 3 — рыжая лясная (злева самец).

А.​В.​Дзерункоў.

т. 11, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАНА́ (Paraná, на мове індзейцаў гуарані — вялікая рака),

рака ў Бразіліі, Парагваі і Аргенціне (часткова служыць мяжой паміж імі), другая па велічыні ў Паўд. Амерыцы (пасля р. Амазонка). Даўж. ўласна П. (без эстуарыя) 4380 км, пл. басейна 2663 тыс. км² (з р. Уругвай 2970 тыс. км²). Утвараецца ад сутокаў рэк Рыу-Гранды і Паранаіба, якія пачынаюцца на Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. У верхнім цячэнні горная, перасякае лававае плато Парана, утварае парогі і вадаспады (Урубупунга выш. да 12 м, Сеты-Кедас выш. да 33 м). Каля г. Пасадас выходзіць на Лаплацкую нізіну, на Пд ад г. Д’ямантэ знаходзіцца вял. ўнутр. дэльта (даўж. каля 130 км), дзе вылучаюцца рукавы і пратокі. Далей П. зліваецца з р. Уругвай у агульнае вусце і ўтварае адзін з найб. у свеце эстуарыяў — заліў Ла-Плата. Гал. прытокі Тыетэ, Паранапанема, Ігуасу, Уругвай (злева), Парагвай, Рыо-Салада, Каракаранья (справа). Жыўленне дажджавое. Разводдзе ад студз. да мая (летнія дажджы ў верхняй ч.), другое павышэнне ўзроўню ў чэрв.—жн. (зімовыя дажджы ў ніжняй ч.). Расход вады 17,5 тыс. м³/с (разам з р. Уругвай 23 тыс. м³/с). Цвёрды сцёк каля 150 млн. т/год, яе мутныя воды прыкметныя ў акіяне на працягу 100—150 км ад берага. Суднаходная да г. Пасадас, пры высокай вадзе — да вусця р. Ігуасу, для акіянскіх суднаў да г. Расарыо (640 км ад вусця). Буйныя ГЭС і вадасховішчы — Ітайпу (найб. ў свеце, 12,6 млн. кВт), Ілья-Салтэйра, Жупія. Гал. гарады: Пасадас, Карыентэс, Санта-Фе, Парана, Расарыо (Аргенціна), на ўзбярэжжы Ла-Платы — Буэнас-Айрэс, Ла-Плата (Аргенціна) і Мантэвідэо (Уругвай).

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІЧНЫ АРКЕ́СТР,

калектыў інструменталістаў, прызначаны для сумеснага выканання твораў сімфанічнай музыкі, вышэйшы тып аркестра.

Развіццё С.а. абумоўлена эвалюцыяй арк. інструментаў, новымі прыёмамі ігры, размяшчэннем музыкантаў на эстрадзе ці ў арк. яме, кіраваннем калектывам, зменай арк. мыслення кампазітараў. Класічны (т. зв. малы) С.а. склаўся ў канцы 18 ст. Звычайна ў яго ўваходзілі квінтэт стр. смыкавых (І-я і 2-я скрыпкі, альты, віяланчэлі, кантрабасы), парны склад духавых (2 флейты, 2 габоі, 2 кларнеты, 2 фаготы, 2 валторны, пазней 2 трубы) і літаўры. У 19 ст. сфарміраваўся вялікі С.а., які ўключаў стр., парны склад драўляных з малой флейтай і контрафаготам, 4 валторны, 2 трубы, 3 трамбоны, тубу, літаўры, вугольнік, талеркі, вял. барабан. Творчасць рамантыкаў (К.​М.​Вебер, Ф.​Шуберт, Ф.​Мендэльсон, Г.​Берліёз) стымулявала развіццё каларыстычных і драм. бакоў гучання, увод у С.а. інструментаў з асаблівым тэмбрам (малая, альтовая і басовая флейты, англ. ражок, габой д’амур, гекельфон, малы кларнет, басетгорн, бас-кларнет, саксафон, контрафагот, арфа, чэлеста, розныя ўдарныя інструменты). Творчасць Р.​Вагнера абумовіла ўзнікненне трайнога, а да канца 19 ст. і чацвярнога (медная група ўзмоцнена квартэтам валторнавых, ці «вагнераўскіх», туб) складу С.а. Творчасць кампазітараў пач. 20 ст. (Р.​Штраус, Г.​Малер, А.​Скрабін, І.​Стравінскі) абумовіла з’яўленне звышаркестраў з пяцярной групай духавых, павялічанай колькасцю стр., ударных і інш. інструментаў; колькасць выканаўцаў дасягала 100 і больш чалавек. У 20 ст. наглядалася тэндэнцыя да памяншэння арк. складаў. Сучасная практыка ўлічвае розныя арк. склады. Найб. пашыраны трайны, камерны (малы), С.а. з павялічанай групай ударных (Стравінскі. А.​Шонберг, Б.​Бартак, А.​Месіян) без акрэсленай вышыні гучання. Адраджаюцца інстр. склады перыяду барока, вядзецца работа па стварэнні стэрэафанічнага гучання ў выніку індывідуалізаваных тыпаў рассаджвання музыкантаў або іх пераходу ў час выканання. З 1950-х г. пашырана «амерыканская рассадка»: злева ад дырыжора 1-я і 2-я скрыпкі, справа — альты і віяланчэлі, у глыбіні — драўляныя і медныя духавыя, кантрабасы, злева — ударныя інструменты. Сярод найб. вядомых С.а.: Гевандхаўз (1743), Венскі філарманічны аркестр, Нью-Йорскі філарманічны аркестр (абодва з 1842), Бостанскі сімфанічны аркестр (1881), Берлінскі філарманічны аркестр (1882), Лонданскі філарманічны аркестр (1932), Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.​І.​Чайкоўскага (1930), Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр (1943).

На Беларусі ў 18—1-й пал. 19 ст. дзейнічалі прыватна-ўладальніцкія муз. выканальніцкія калектывы пры дварах і т-рах магнатаў (Шклоў, Гродна, Слуцк, Нясвіж, Слонім; гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1803—1917 (з перапынкамі) працаваў Мінскі гарадскі аркестр; у канцы 19 ст. невял. прафес. С.а. існаваў у Віцебску, у пачатку 20 ст. дзейнічалі аматарскія С.а. ў Гродне (пры мужчынскай гімназіі), у Магілёве, С.а. у Брэсце (пры муз.-літ.-драм. гуртку). У 1910-я г. на базе нар. кансерваторый, муз. школ, драм. т-раў створаны С.а. ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве. На Беларусі (2001) працуюць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, Вял. сімф. аркестр творчага аб’яднання «Нац. акад. Вял. т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь», С.а. Дзярж. муз. т-ра Беларусі, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, С.а. Гомельскай абл. філармоніі, С.а. ў Брэсце, Маладзечне і інш., вучэбныя С.а. сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, у т. л. «Маладая Беларусь» Бел. акадэміі музыкі і «Маладзёжны сімфанічны аркестр» Бел. ун-та культуры.

Літ.:

Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;

Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;

Барсова И.А. Книга об оркестре. 2 изд. М., 1978.

Т.​А.​Шчарбакова.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУШАНБЕ́,

горад, сталіца Таджыкістана. Размешчаны ў Гісарскай даліне, на р. Душанбінка (у верхнім цячэнні р. Варзоб), на выш. 750—930 м. 582,4 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды тэкст. машын, гідраагрэгатаў, кабелю, быт. халадзільнікаў, арматурны і інш.), лёгкая (баваўнянае, гарбарна-абутковае, швейнае аб’яднанні, шаўковы камбінат), харчасмакавая (маслабойны, тлушчавы, мясны, малочны камбінаты і інш.), буд. матэрыялаў (цэментны, домабуд. камбінаты, з-д жалезабетонных канструкцый і інш.). Турызм. АН Таджыкістана. 8 ВНУ (у т. л. ун-т). Т-ры: оперы і балета, тадж. драмы, рус. драматычны, маладзёжны і інш.; цырк, філармонія. Заапарк, бат. сад АН.

Пабудаваны на месцы кішлака Дзюшамбе, у якім да 1917 жылі некалькі соцень жыхароў. У 1922 кішлак разбураны басмачамі. З 1924 Д. — сталіца Таджыкскай АССР (з 1925 горад), з 1929 — Таджыкскай ССР, з 1991 — Таджыкістана.

Сучасны горад з прамавугольнай сеткай вуліц-алей, шырокімі азялененымі плошчамі і паркавай зонай са штучным возерам пабудаваны паводле ген. планаў 1037 і 1965. Галоўная арх.-планіровачная вось горада — праспект Рудакі з бульварам, асн плошчамі, помнікамі Рудакі, А.​Фірдаўсі і інш., будынкамі прэзідыума АН Таджыкістана (1934—36, арх. С.​В.​Куцін), бібліятэкі імя Фірдаўсі (1952—54, арх. С.​Л.​Анісімаў, скульпт. А.​А.​Татарынава, маст. М.​Алімаў), выліч. цэнтра (1976, арх. В.​М.​Лях), Палаца саюза тэатр. дзеячаў (1974, арх. Э.​В.​Ярзоўскі, Ю.​Л.​Пархаў, у інтэр’еры тэматычнае пано — маст. С.​У.​Курбатаў і інш.). Музеі: Рэсп. аб’яднаны (гіст.-краязнаўчы і выяўл. мастацтва) імя Бахзада, літ. імя С.​Айні і імя М.​Турсун-задэ, этнаграфічны.

Да арт. Душанбе. Панарама горада (злева), Нацыянальная бібліятэка імя А.​Фірдаўсі (справа).
Да арт. Душанбе. Помнік А.​Фірдаўсі.
Душанбе. Дом урада.

т. 6, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАВІЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—18 ст. ў г. Ляхавічы. Мураваны замак пабудаваны ў канцы 16 ст. гетманам Янам Хадкевічам замест невял. драўлянага замка. Займаў узвышэнне на левым беразе р. Ведзьма. Прамавугольны ў плане

(175 × 220 м),

абкружаны ровам, які жывіла вадой падпёртая плацінай рака. Земляны вал замка ў кожным куце пераходзіў у вял. бастыён развітой канфігурацыі з брустверамі, байніцамі для стралкоў і артылерыі. Пры кожным бастыёне быў каземат, дзе захоўвалі зброю, боепрыпасы і амуніцыю. Бастыёны злучаліся сістэмай падземных хадоў. Земляныя ўмацаванні былі абмураваны каменем і цэглай. Драўляны мост на палях, перакінуты цераз вадзяны роў, вёў у мураваную 4-ярусную браму замка з праездам у 1-м ярусе. Насупраць уваходу ў глыбіні замкавага двара стаяў 2-павярховы мураваны палац, рыты дахоўкай, а злева ад уваходнай брамы — арсенал. Уздоўж курцін на дзядзінцы размяшчаліся драўляныя будынкі службаў і казармаў. Л.з. адносіўся да адной з мадыфікацый новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы, пашыранай у Еўропе ў канцы 16 ст., і лічыўся самым моцным з падобных збудаванняў ва ўсёй Рэчы Паспалітай.

Зімой 1595—96 Л.з. беспаспяхова штурмавалі казацкія загоны, у 1648—54 тройчы безвынікова асаджалі паўстанцы-сяляне і ўкр. казакі. У жн. — вер. 1655 замак не здолелі ўзяць рус. войскі на чале з А.​М.​Трубяцкім. Працяглую аблогу і неаднаразовыя штурмы войск рус. ваяводы І.​А.​Хаванскага вытрымаў замак вясной—летам 1660. Найб. разбурэнні прычынены замку ў Паўн. вайну 1700—21. У канцы 18 ст. замак страціў ваен. значэнне і паступова заняпаў. Археал. даследаванні Л.з. праводзіў М.​М.​Чарняўскі (1986).

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Ляхавіцкага р-на. Мн., 1989.

Аблога Ляхавіцкага замка. 3 гравюры 17 ст.
Ляхавіцкі замак. Рэканструкцыя паводле гравюры 17 ст.

т. 9, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ГЕР (Niger; ад берберскага рака),

рака ў Зах. Афрыцы (у Гвінеі, Малі, Нігеры, Беніне, Нігерыі). Даўж. 4160 км, пл. басейна 2092 тыс. км². Па даўжыні і пл. басейна займае 3-е месца ў Афрыцы пасля рэк Ніл і Конга. Пачынаецца пад назвай Джаліба са схілаў Леона-Ліберыйскага ўзв., цячэ ў вузкай даліне, потым выходзіць на раўніны прыроднай вобласці Судан. Паміж гарадамі Ке-Масіна і Тамбукту падзяляецца на шматлікія рукавы і цячэ ў моцна забалочанай даліне з мноствам праток, старыц і азёр, утварае ўнутр. дэльту (раней рака ўпадала ў вял. бяссцёкавае возера). У раёне г. Тамбукту рукавы злучаюцца ў адно рэчышча. Ніжэй г. Елва перасякае Паўн.-Гвінейскае ўзв. ў парожыстым рэчышчы. Далей да вусця (каля 750 км) рака цячэ ў шырокай даліне, пасля ўпадзення р. Бенуэ рэчышча дасягае шыр. да 3 км. За 180 км ад акіяна, каля г. Аба, пачынаецца дэльта Н. (пл. 24 тыс. км²), у якой вылучаецца мноства рукавоў, найб. Нун і Фаркадос (суднаходны). Гал. прытокі: Міло, Бані (справа), Сакота, Кадуна, Бенуэ (злева). Паводкі ў чэрв.-вер., у ніжнім цячэнні другі паводак у лютым. Сярэдні расход вады 9,3 тыс. м³/с (макс. да 35 тыс. м³/с). Гадавы сцёк каля 300 км³. Цвёрды сцёк 67 млн. т. У дэльце марскія прылівы. Выкарыстоўваецца для арашэння; пабудаваны плаціны Эгрэт (каля г. Бамако) і Сансандынг (каля аднайм. паселішча). Буйная ГЭС і вадасх. Каінджы, ніжэй — ГЭС Джэба. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках: ад Курусы да Бамако, ад вадаспада Сатуба (ніжэй унутр. дэльты) да Ансонга, ад г. Ніямей да вусця. Важнейшыя гарады: Куруса (Гвінея), Бамако, Тамбукту (Малі), Ніямей (Нігер), Джэба, Лакоджа, Аніча (Нігерыя). У дэльце Н. марскі порт — Порт-Харкарт (Нігерыя).

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЧ,

рака ў Гродзенскай вобл. і на мяжы з Польшчай, левы прыток р. Нёман. Даўж. 121 км, пл. вадазбору 1800 км², у т. л. ў межах Беларусі 1432 км. Пачынаецца каля в. Занкі 1-я Свіслацкага р-на, вусце за 1,2 км на Пн ад г.п. Свіслач. Цячэ па ўсх. схілах Гродзенскага і зах. схілах Ваўкавыскага ўзв., у ніжнім цячэнні — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Рудаўка, Куклянка, Бераставічанка, Верацейка, Пікелка (справа), Істачанка, Нятупа, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка (злева). Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—2 км, у сярэднім цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні невыразная, пераважна забалочаная. У разводдзе затапляецца на глыб. да 1,6 м на 10—12 сут (шыр. разліву да 5 км). Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, неразгалінаванае, у верхнім цячэнні шыр. 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, у ніжнім цячэнні абрывістыя.

Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Рака вызначаецца выразным веснавым разводдзем, адносна нізкай летне-асенняй і зімовай межанню, перыядычнымі летне-асеннімі паводкамі. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 40% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў сярэдзіне сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем у ніжнім цячэнні 2,9 м, найб. 5,8 м. Дажджавыя паводкі ў перыяд межані амаль штогод. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 8 сут Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/c. Рака зарэгулявана плацінамі. У даліне р. Верацейка наліўное вадасх. Дублянскае. Каля вытоку С. — г.п. Свіслач.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЯ́ТЫ,

нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.

Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл. Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.

Р.​У.​Дэрфліо.

Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.
Да арт. Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЗО́НКА (Amazonas),

рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Бразіліі, найбольшая ў свеце па памерах басейна і воднасці і другая па даўжыні. Утвараецца ад зліцця рэк Мараньён і Укаялі. Даўж. ад вытоку р. Мараньён 6400 км, ад вытоку Укаялі больш за 7000 км. Пл. бас. 7180 тыс. км². Б. ч. басейна Амазонкі ў межах Амазонскай нізіны. Пачынаецца ў Андах, упадае ў Атлантычны ак., утварае самую вял. ў свеце ўнутраную дэльту (больш за 100 тыс. км²) і лейкападобнае вусце. Больш за 500 прытокаў, род іх каля 20 даўжынёй больш за 1500 км. Найб. справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс (упадае ва ўсх. рукаў дэльты Амазонкі — Пару), злева — Жапура, Рыу-Негру (прыток Касік’ярэ злучае бас. Амазонкі з р. Арынока — найб. выразны прыклад біфуркацыі рэк). Шыр. Амазонкі ў месцы сутокаў Мараньёна і Укаялі 1,5 км, у сярэднім цячэнні да 5 км, у ніжнім 15—20 км, перад вусцем 80—150 км. Жыўленне пераважна дажджавое. Рака паўнаводная ўвесь год, макс. ўзровень у маі—ліп., мінімальны — у жн.—верасні. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 тыс. м³/с, макс. — больш за 300 тыс. м³/с. Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15% агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Прылівы падымаюцца ўверх па рацэ на 1400 км. Амазонка і яе прытокі багатыя арган. рэчывамі. У водах Амазонкі — кайманы, прэснаводныя дэльфіны, ламанціны. Рыбалоўства. У Амазонцы і яе прытоках 2 тыс. відаў прэснаводных рыб, сярод якіх драпежныя піранья, электрычны вугор. Амазонка мае значны энергет. патэнцыял. Даўжыня ўсіх водных шляхоў у бас. Амазонкі каля 25 тыс. км. Рака суднаходная на 4300 км ад вусця (да Андаў), да г. Манаус (1690 км) падымаюцца акіянскія судны. Гал. парты: Белен (Пара), Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).

Рака Амазонка.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)