род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. макрухавых. 15 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 3 віды М.: пурпуровая (G. rutilus), ружовая (G. roseus) і яловая (G. glutinosus). Растуць на зямлі ў хвойных лясах. Пладаносяць у жн. — верасні.
Пладовае цела — шапка на ножцы — буйное або сярэдніх памераў, пакрытае сліззю, мяккамясістае. Слізістае або валакністае пакрывала звязвае шапку з ножкай. Пласцінкі тоўстыя, рэдкія, зыходныя. Споры авальнападоўжаныя, гладкія. Ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКУ́ХА,
пабочны прадукт алейнай вытворчасці, які застаецца пасля выціскання алею з насення алейных культур. Мае ў сабе да 40% бялкоў, 8—10% тлушчу, 6—8% мінер. рэчываў, шмат вітамінаў комплексу B. Канцэнтраваны корм для с.-г. жывёлы, таксама выкарыстоўваецца (як і шрот) у вытв-сці камбікармоў. Паводле амінакіслотнага складу і біяхім. каштоўнасці бялкоў, колькасці кальцыю і фосфару пераўзыходзіць злакавыя кармы. Найб. кармавая каштоўнасць ў сланечнікавай, ільняной, соевай М. Некаторыя віды М. маюць таксічныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́ННЫЯ ЖУКІ́, малінавыя жукі,
маліннікі (Byturidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды: М. звычайны (Bytums tomentosus) і М. охрацэус (B. ochraceus). Шкоднікі малін, ажын, касцяніц, яблыні, грушы, вішні.
Даўж. да 5 мм. Цела выгнутае. шаравата-чорнае, укрытае густымі валаскамі. Лічынка (даўж. да 6,5 мм) жаўтаватая або светла-карычневая. Жукі кормяцца лісцем. бутонамі і нектарнікамі кветак, лічынкі выгрызаюць пладаложы. Зімуюць у глебе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДУНІ́ЦА, шчамяліца (Pulmonaria),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 3 віды М.: вузкалістая (P. angustifolia), мяканькая (P. mollissima), няясная, або цёмная (P. obscura). Трапляюцца пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках.
Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам. Сцёблы апушаныя простымі і залозістымі валаскамі. Кветкі 5-членныя, бэзавыя, ружовыя, сінія, фіялетавыя, у верхавінкавым суквецці завіток. Плод — арэшак. Трава М. мае дубільныя рэчывы. Лек., меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СЛІЯ (Neslia),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 2 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі 1 від — Н. мяцёлчатая (N. paniculata). Трапляецца каля дарог, на ўзгорках, у пасевах збожжавых культур.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя, густаапушаныя. Лісце ланцэтападобнае, сцябловае — са стрэлападобнай асновай, прыкаранёвае — чаранковае, тупое. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках. Плод — стручочак. Насенне мае алей, лісце — сіні фарбавальнік. Пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛАГРА́М (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач + gramma лінія),
чатырохвугольнік, стораны якога папарна паралельныя. Выпуклы чатырохвугольнік будзе П. пры адной з наступных умоў: абедзве пары процілеглых старон — парамі роўныя адрэзкі; адна пара старон — роўныя і паралельныя адрэзкі; вуглы пры процілеглых вяршынях роўныя; пункт перасячэння дыяганалей дзеліць кожную з іх папалам. Асобныя віды П.: прамавугольнік (усе вуглы прамыя), ромб (усе стораны роўныя), квадрат (роўнастаронні прамавугольнік). Плошча П. роўная здабытку асновы на вышыню.
паняцце, што аб’ядноўвае відымастацтва, творы якіх існуюць у прасторы, не змяняюцца і не развіваюцца ў часе і ўспрымаюцца зрокам. Умоўна падзяляюцца на выяўленчыя мастацтвы і невыяўл. (тэктанічныя), дзе зрокава-прасторавыя формы не маюць, як правіла, аналогій у рэчаіснасці (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дызайн, мастацкае канструяванне). Асобны род П.м. — каліграфія. П.м. часта ўваходзяць у склад сінт. відаў мастацтва (тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва, кінамастацтва, тэлевізійнае мастацтва, медыямастацтва і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПА́НЫ (Rapana),
род марскіх пярэдняшчэлепных малюскаў сям. пурпуровых смаўжоў. 3 віды. Пашыраны ў морах Д.Усходу. Від Р. тамазіяна (R. thomasiana, або R. venosa) занесена ў Чорнае м., адкуль пашыраецца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага мора.
Ракавіна даўж. да 22 см, шырокаавальнай формы, шаравата-карычняватая, са спіральнымі рэбрамі. Сіфон кароткі, вусце шырокае, часта ярка афарбаванае (белае, жоўтае, аранжавае). Драпежнікі. Выдзяленні гіпабранхіяльнай залозы ядавітыя для двухстворкавых малюскаў (вустрыц, мідый), якімі Р. кормяцца. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́НЫ-ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя расліны,
расліны, якія поўнасцю жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў. Грыбы, водарасці і бактэрыі паразітуюць на раслінах, жывёлах і чалавеку, часта з’яўляюцца ўзбуджальнікамі інфекц. хвароб. Кветкавыя Р.-п. паразітуюць пераважна на вышэйшых раслінах. Не маюць зялёнага лісця і каранёў (рэдукаваны ў вырасты-прысоскі). З дапамогай прысоскаў яны пранікаюць у расліну-гаспадара і жывяцца гатовымі арган. рэчывамі. На Беларусі вядомы віды з родаў заразіха, павітуха, таемнік. Гл. таксама Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЯТРЫ́ (Acipenser),
род прахадных, паўпрахадных і прэснаводных рыб сям. асятровых. 17 відаў, водзяцца ў морах і рэках басейнаў Атлантычнага, Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. Да роду асятроў адносяцца сцерлядзь, сяўруга, шып, асетр рускі (Acipenser güldenstädti), якія жывуць у басейнах Азоўскага, Каспійскага і Чорнага мораў, асетр сібірскі (Acipenser baeri) — у рэках Сібіры, азёрах Байкал і Зайсан, асетр амурскі (Acipenser schrencki) — у бас. Амура, рэдкі від асетр атлантычны, або асетр балтыйскі (Acipenser sturio), — у басейнах Балтыйскага, Міжземнага і Чорнага мораў. Іншыя віды асятра жывуць у прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў Паўн. Амерыкі, у Вялікіх азёрах, Кітаі (р. Янцзы), у водах паўд.ч. Японскага м., у Адрыятычным м. У рэкі Беларусі раней заходзілі асетр атлантычны і асетр рускі. З пабудовай плацін на рэках міграцыі іх спыніліся.
Даўж. да 3 м, маса да 200 кг. Асятры — вельмі каштоўныя прамысл. рыбы, маюць чорную ікру (далікатэсны прадукт). Найб. колькасць асятроў вылоўліваецца ў Каспійскім м. Асётр рускі і сяўруга — аб’екты штучнага развядзення. 3 паўночнаамерыканскія віды асятра занесены ў Чырв. кнігу МСАП, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі (раней у ёй былі таксама асетр атлантычны і асетр рускі, выключаныя з кнігі з прычыны поўнага знікнення з іхтыяфауны Беларусі).