ПЛАНКТО́Н (ад грэч. planktos блукаючы),

сукупнасць дробных і мікраскапічных арганізмаў, якія насяляюць тоўшчу вады і пасіўна пераносяцца цячэннем. Выдзяляюць зоапланктон (жывёльныя арганізмы), фітапланктон (водарасці) і бактэрыяпланктон, або сапрапланктон (бактэрыі, водныя грыбы, дрожджы). Прэснаводны П. (да глыб. 70 м) складаецца з зялёных, сіне-зялёных і дыятомавых водарасцей, сапрафітных бактэрый, ніжэйшых грыбоў, інфузорый, калаўротак, ніжэйшых ракападобных. Марскі П. (пераважна да глыб. 700 м) — аднаклетачныя водарасці, бактэрыі, прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, малюскі. ракападобныя, абалоннікі, лічынкі донных беспазваночных, ікра і маляўкі рыб. П. — асн. прадуцэнт арган. рэчыва ў вадаёмах (фітапланктон), мінералізуе адмерлыя рэшткі (сапрапланктон), ажыццяўляе біял. самаачышчэнне забруджаных вод, з’яўляецца кормам для беспазваночных, рыб, бяззубых кітоў і інш. Ракападобных марскога П. перапрацоўваюць у харч. і кармавыя прадукты, некат. віды П. культывуюць на корм рыбам і свойскай жывёле. Празмернае развіццё П. — т.зв. «цвіценне вады». Вывучае П. гідрабіялогія.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБАЛІ́Т (ад лац. arbor дрэва + ...літ),

лёгкі бетон, сумесь арган. запаўняльнікаў (драблёных адыходаў дрэваапрацоўкі, чароту, кастрыцы, канапель і інш.), вяжучага (звычайна партландцэменту) і вады. Сярэдняя (па аб’ёме) шчыльнасць 400—700 кг/м³. З арбаліту робяць сценавыя блокі, панэлі, пліты і да т.п. для малапавярховага будаўніцтва.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СНА (Bosna),

рака ў Еўропе, у Босніі і Герцагавіне, правы прыток р. Сава. Даўж. 308 км, пл. бас. 10,5 тыс. км². Пачынаецца ў масіве Трэскавіца, цячэ па Дзінарскім нагор’і і Сярэднедунайскай нізіне. Паўнаводная вясною. Сярэдні расход вады 142 мус. На Босне — гарады Добай і Зеніца.

т. 3, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́АРЭ, Арэ (Aare),

рака ў Швейцарыі, левы прыток Рэйна. Даўж. 295 км, пл. вадазбору 17,8 тыс. км². Пачынаецца ў Бернскіх Альпах, цячэ праз шэраг азёр, па Швейцарскім пласкагор’і. Сярэдні расход вады каля 560 м³/с. Суднаходная да Тунскага воз. ГЭС. На Арэ — г. Берн.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗУ́ЗА,

рака ў Смаленскай і Цвярской абласцях Расіі, правы прыток Волгі. Даўж. 162 км, пл. бас. 7120 км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узвышшы. Сярэдні расход вады каля в. Пашуціна 38 м³/с. Паблізу вусця Вазузскае вадасх. (пл. 97 км²). На Вазузе гарады Сычоўка, Зубцоў.

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак., якое праходзіць з З на У у паўн. ч. Гвінейскага заліва. Т-ра вады 23—28 °C. Скорасць зімой 0,4—2,7 км/гадз, летам павялічваецца і Гвінейскае цячэнне становіцца ўсх. працягам Міжпасатнага (Экватарыяльнага) супрацьцячэння, зімой — галіной Канарскага цячэння.

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ГОД,

перыяд працягласцю 12 месяцаў, у межах якога завяршаецца гадавы гідралагічны цыкл кругавароту вады. Ва ўмовах умеранага клімату пачынаецца з 1 кастр. або з 1 ліст., калі запасы вільгаці ў рачных басейнах самыя малыя. У межах гідралагічнага года назіраецца адпаведнасць паміж ападкамі і сцёкам.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАЙНО́Р, Хулуньчы,

возера на ПнУ Кітая, на выш. 539 м. Пл. (пры высокім узроўні вады) каля 1100 км2. Глыб. 6—9 м. Жывіцца водамі рэк Керулен і Арчун-Гол; у час высокіх узроўняў — сцёк у р. Аргунь. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, занятыя трыснягом.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУТАІ́ (Jutai),

рака на З Бразіліі, правы прыток р. Амазонка. Даўж. 1200 км, пл. бас. 60 тыс. км² Цячэ па Амазонскай нізіне ў вельмі звілістым рэчышчы. Жыўленне дажджавое. Паводкі з сак. да чэрвеня. Сярэдні гадавы расход вады 2400 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬВІН,

адзінка тэрмадынамічнай т-ры, роўная 1/273,16 часткі тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта вады; адна з асн. адзінак СІ. Абазначаецца К; да 1968 наз. градус Кельвіна (°К). 1 К = 1 °C. Назва ад імя У.Томсана (лорда Кельвіна). Выкарыстоўваецца як адзінка Міжнар. практычнай тэмпературнай шкалы.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)