МІШЭ́ЛЬ ((Michel) Луіза) (29.5.1830, замак Уранкур, Францыя — 10,1.1905),
французская рэвалюцыянерка. Удзельніца паўстанняў 31.10.1870 і 22.1.1871. У перыяд Парыжскай Камуны 1871чл. Камітэта пільнасці 18-й акругі, змагалася на барыкадах супраць версальцаў. Саслана ў Новую Каледонію, адкрыла школу у г. Нумеа, дзе вучыла дзяцей карэнных жыхароў (канакаў). У 1880 вярнулася ў Францыю, удзельнічала ў рабочым руху, была прыхільніцай П.А.Крапоткіна і прапагандавала ідэі анархізму. У 1890—95 у эміграцыі ў Лондане. Аўтар шэрагу раманаў, п’ес, вершаў.
Літ.:
Лурье А.Я. Портреты деятелей Парижской Коммуны. М., 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДЫ МО́РА»,
умоўная назва плямён ці народаў, якія першапачаткова жылі, верагодна, на Балканскім п-ве ці ў М. Азіі; упамінаюцца ў егіпецкіх крыніцах 13—12 ст. да н.э. сярод тых народаў, што нападалі на Егіпет з мора (часам у саюзе з лівійцамі), а пазней праз Сірыю, Фінікію, Палесціну. «Н.м.» прыпісвалася знішчэнне Хецкага царства і інш. дзяржаў. З асобных «Н.м.», што захаваліся толькі ў запісах егіпецкім пісьмом (з адных зычных), атаясамлены толькі некаторыя (лікійцы, філістымляне, магчыма, данайцы — ахейцы). Лічаць, што Траянская вайна была часткова звязана з перамяшчэннямі «Н.м.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЙБЕР, Нейбер (Neuber) Фрыдэрыка Караліна (9.3.1697, г. Райхенбах, Германія — 30.11.1760), нямецкая актрыса, рэфарматар ням.т-ра. З 1717 выступала ў прыдворных т-рах Дрэздэна, Гановера, Гамбурга. У 1727—50 узначальвала ўласную трупу ў Лейпцыгу. Актрыса шырокага дыяпазону. Іграла ў трагедыях П.Карнеля і Ж.Расіна, камедыях (часта імправізацыйных); была першай ням. травесці. Імкнулася да пераўтварэння рэпертуару, выступала супраць грубага натуралізму, перабольшаных пафасу і буфанады, заклікала да адмовы ад імправізацыі, да ўмоўнасці акцёрскага выканання (дэкламацыі). Ставіла франц. класіцыстычныя трагедыі, асветніцкія драмы і літ. камедыі, юнацкія камедыі Г.Лесінга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ТКЛИКИ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальнага кірунку. Выдавалася 1(14).1 і 2(15).4.1912, з 24.1(6.2).1914 да 19.4(2.5).1915 у Гомелі на рус. мове спачатку штотыднёва, а з № 25 за 1914 штодзённа. Рэдактар-выдавец М.І.Кулябка-Карэцкі, ён жа аўтар большасці матэрыялаў. Газета была ў апазіцыі да царызму, неаднаразова падвяргалася суд. спагнанням, выходзіла з перапынкамі. Крытыкавала паліцэйска-бюракратычны рэжым, засілле цэнзуры. У арт. «Сацыялісты і вайна» выступіла супраць імперыял. вайны. Асвятляла літ. жыццё Гомеля, асабліва т.зв. «Літаратурныя суды» — канферэнцыі чытачоў, прысвечаныя папулярным творам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПКО́Ў (Віктар Яфімавіч) (9.3.1932, Масква — 12.11.1974),
расійскі жывапісец; прадстаўнік «суровага стылю». Скончыў Маскоўскі маст.ін-т (1958). Творы вызначаюцца эмац. узвышанасцю, экспрэсіўнасцю прыглушанага каларыту, плоскаснасцю і лапідарнасцю кампазіцыі, псіхалагізмам і шматпланавасцю вобразаў: цыкл «Роздумы пра жыццё» (1960—70-я г.), «Будаўнікі Брацкай ГЭС» (1960—61), «Партрэт Ігумнава» (1963), «Уладзімірскія мастакі» (1965), «Двое», «Успаміны. Удовы» (абодва 1966), «Паўночная песня» (1968), «Шынель бацькі» (1972), «Добры чалавек была бабка Анісся» (1973), «Восеньскія дажджы» («Пушкін», 1974) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭНАПЕ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА [назва ад стараж. наймення Неапаля — Партэнапея (грэч. Parthenopeia)]. Абвешчана ў Каралеўстве абедзвюх Сіцылій 22.1.1799 неапалітанскімі рэспубліканцамі, якія пры падтрымцы войск франц.Дырэкторыі скінулі манархію Бурбонаў. Урад П.р. правёў некат. прагрэсіўныя рэформы (адмяніў права першародства і замяшчэння, адм. рэформу і інш.). Франц. войскі пасля паражэння ад аўстрыйцаў выйшлі з П.р.; сілы рэспубліканцаў былі разбіты арміяй кардынала Ф.Руфа, якая пры дапамозе англ. флоту захапіла Неапаль. Улада Бурбонаў была адноўлена. Урад Фердынанда IV (I) парушыў падпісаную 23 чэрв. пачэсную капітуляцыю, якая гарантавала рэспубліканцам жыццё, і ўчыніў над імі расправу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ШНАЯ РАЦЬ,
частка войска (апалчэнне з сялян), якое збіралася ў рас. дзяржаве ў 15—17 ст. Назва ад адзінкі пазямельнага абкладання падаткам — сахі. П.р. была пешай і «коневай» (з падводамі). Пешая выконвала ролю пяхоты, але гал. чынам прызначалася для ваен.-інж. работ, «коневая» — для вайск. перавозак і ў якасці артыл. абозу. П.р. збіралася паводле ўказа цара. У час Полацкага паходу Івана Грознага (1563) пры баявым складзе войска ў 43 тыс.чал. П.р. налічвала больш за 80 тыс.чал. У 17 ст.пасошныя людзі сталі называцца датачнымі людзьмі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФАГО́РА ТЭАРЭ́МА,
тэарэма элементарнай геаметрыі, што вызначае сувязь паміж даўжынямі старон прамавугольнага трохвугольніка: квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў. Правільная і тэарэма, адваротнай П.т.: калі квадрат стараны трохвугольніка роўны суме квадратаў дзвюх інш. яго старон, тады гэты трохвугольнік прамавугольны.
Мяркуюць, што П.т. была вядома да Піфагора, але яму прыпісваюць доказ гэтай тэарэмы ў агульным выглядае. У першапачатковай форме вызначала суадносіны паміж адпаведнымі плошчамі: квадрат, пабудаваны на гіпатэнузе, роўнавялікі суме квадратаў пабудаваных на катэтах. У матэм. запісе: c2 = a2 + b2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРО́СА»,
«Ляда», бел.нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКАЗА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (16—9 ст. да н.э.), пашыраная на ранніх этапах у Прыказанскім Паволжы і суседніх раёнах Ніжняга Прыкам’я, пазней на велізарных абшарах у бас. рэк Кама, Белая, Вятка, Вятлуга. Склалася на падставе валасоўскай культуры пад уплывам зрубнай культуры; яе змяніла ананьінская культуражал. веку. Плямёны П.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, была развіта апрацоўка медзі і бронзы. Іх паселішчы з паўзямлянкавымі жытламі, могільнікі грунтавыя і курганныя з абрадам трупапалажэння (нябожчыкаў хавалі ў выцягнутым ці скурчаным становішчы). Для керамікі характэрны пласкадонныя (пазней кругладонныя) гаршкі з геам. арнаментам.