О́РДЭНЫ І МЕДАЛІ́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.

Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусі з уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.

Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВК БССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх. Савета СССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).

Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССР гл. ў арт. Ордэн, Медаль.

Г.​А.​Маслыка.

Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.​Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».

т. 11, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎНАСЦЬ САЦЫЕ́ЛЬНАЯ,

паняцце, якое вызначае аднолькавае становішча, правы і свабоды розных сац. груп і асобных людзей у грамадстве. Прадугледжвае забеспячэнне ўсім членам соцыуму неабходнага сацыяльна гарантаванага ўзроўню жыцця, рэальнай роўнасці сац. магчымасцей, замацаванне сац. стабільнасці грамадства. Паняцце «Р.с.» цесна звязана з паняццем сац. справядлівасці. Можа рэалізоўвацца толькі пры пэўных сац.-паліт., эканам. і культ. умовах, эканам. і паліт. самастойнасці людзей, рэальных магчымасцях павышэння іх адукацыйнага і прафес. ўзроўню, духоўным удасканальванні грамадскіх адносін.

Вытокі ідэі Р.с. як прынцыпу арг-цыі грамадства ў ант. філасофіі, дзе яна разглядалася як роўнасць членаў аднаго саслоўя пры няроўнасці паміж рознымі саслоўямі (Платон, Арыстоцель). У хрысц. філасофіі Р.с. з’яўлялася рэліг. нормай і вызначалася як прынцып «перад Богам усе роўныя». У эпохі Адраджэння і Асветніцтва яна набыла свецкі характар як ідэя прыроднай роўнасці людзей; у перыяд усталявання бурж. грамадства — як ідэя «свабоды, роўнасці і брацтва» проціпастаўлялася феад.-саслоўнай светабудове. Ідэі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам і размеркавання сац. даброт не па саслоўнай прыналежнасці, а па канкрэтным укладзе ў сац. развіццё адлюстраваны ў «Дэкларацыі незалежнасці» ў ЗША (1776) і «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна» ў Францыі (1789). Пры станаўленні капіталіст. грамадства рэалізацыя ідэй Р.с. прывяла да значных змен у грамадскіх адносінах: скасаваны саслоўі і саслоўныя адносіны, заканадаўча замацаваны прынцып роўнасці людзей перад законам. Адзін з варыянтаў рэалізацыі Р.с. быў прапанаваны тэорыяй сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва, у якой планавалася забяспечыць сац., эканам. і паліт. раўнапраўе грамадзян незалежна ад іх сац. паходжання, нац. і канфесіянальнай прыналежнасці, гарантаваць права на працу і яе адэкватную аплату, справядлівае размеркаванне грамадскіх фондаў спажывання і інш. Рэалізацыя гэтых планаў прывяла да вырашэння некат. праблем Р.с., але і да павелічэння бюракратычнага апарату і т.зв. «ураўнілаўкі» ў грамадстве.

Сярод сучасных канцэпцый сац. развіцця вылучаюць тэорыі, якія даказваюць, што сац. няроўнасць з’яўляецца адзіным і натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.​Дзюркгейма, В.​Э.​Мура, тэорыя статусных груп М.​Вебера і інш.), і тэорыі, паводле якіх у выніку мэтазгоднай рэарганізацыі дзяржавы і грамадства, рэвалюцый сацыяльных можна дасягнуць Р.с. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя «сацыяльнай дзяржавы» і інш.).

Літ.:

Новгородцев П.И. Об общественном идеале. М., 1991;

Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995;

Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.

І.​В.​Катляроў.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя ў межах якой-н. дзяржавы, дзе ўстанаўліваюцца пэўныя льготныя ўмовы (прэферэнцыі) гасп. і прадпрымальніцкай дзейнасці мытнага, валютнага, падатковага, візавага характару. Задачы С.э.з.: стымуляванне ў зоне дзейнасці, звязанай з апрацоўкай тавараў, што павялічвае іх вартасць, рост экспарту; прыцягненне замежных інвестыцый і новых тэхналогій; стварэнне ўмоў для выхаду нац. кампаній і фірм на знешнія рынкі; паскарэнне эканам. развіцця краіны. Іх вырашэнне дасягаецца праз стварэнне за кошт дзярж. інвестыцый вытв. інфраструктуры, адмены мытных пошлін і падаткаабкладання экспарту, вызвалення або змяншэння падаткаў на даходы прадпрыемстваў і фірм зоны, ільготнага перамяшчэння даходаў замежных інвестараў за межы краіны, надання права набыцця ўчасткаў зямлі на тэр. зоны па льготных стаўках, ільготнага крэдытавання для будаўніцтва вытв. пабудоў і інш. Больш як 40-гадовая сусв. практыка сведчыць, што ў сваім развіцці С.э.з. праходзяць 3 асн. этапы. На першым ствараецца вытв. і абслуговая інфраструктура, аддаецца перавага прадпрыемствам, якія забяспечваюць хуткае абарачэнне капіталу ў гандлі, сельскай гаспадарцы, сферы паслуг. Другі этап характарызуецца ростам прамысл. прадпрыемстваў у спалучэнні са знешнім гандлем. На наступным этапе ажыццяўляецца пераход ад працаёмкіх працэсаў вытв-сці да перавагі тэхналогій перадавых галін.

Найб. пашырэнне атрымалі экспартна-вытворчыя і імпартна-вытворчыя С.э.з., бязмытныя зоны або зоны свабоднага гандлю (парты, аэрапорты), спецыялізаваныя зоны навук.-тэхн. развіцця, зоны страхавых і банкаўскіх паслуг. У свеце дзейнічае каля 480 С.э.з. рознай спецыялізацыі.

На Беларусі С.э.з. ствараюцца з 1990-х г. Іх дзейнасць рэгулюецца заканадаўствам. Нарматыўна-прававая база закладзена ў 1996 Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб свабодных эканам. зонах на тэр. рэспублікі. На 1.1.2001 на Беларусі функцыянуюць 4 С.э.з.: «Брэст», «Мінск», «Гомель-Ратон», «Віцебск», зарэгістравана 169 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў. Фактычна працуюць 144 прадпрыемствы-рэзідэнты (85,2%), з іх 50% знаходзіцца ў Брэсцкай зоне, большасць рабочых месц (52,6%) прыпадае на Гомельскую зону. Прамыя замежныя інвестыцыі ў 2000 на ўсе зоны склалі 6896,7 млн. руб. Асн. галіны вытв-сці ў бел. С.э.з. — прадпрыемствы электратэхн., лясной, дрэваапр. і цэлюлознапапяровай, харч. прам-сці. Аб’ём прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі-рэзідэнтамі ўсіх зон, склаў менш за 1% ад агульнай па рэспубліцы. Гэта сведчыць, што С.э.з. істотнага ўплыву на эканоміку краіны пакуль што не робяць.

Літ.:

Данько Т.П., Окрут З.М. Свободные экономические зоны в мировом хозяйстве. М., 1998;

Абрамчук С.Н. Свободные экономические зоны в Республике Беларусь: пробл. и перспективы развития. Брест, 1999.

В.​С.​Булко.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПОРТ (ад англ. disport гульня, забава),

спаборніцкая дзейнасць, спец. падрыхтоўка да яе (спарт. трэніроўка) і спецыфічныя адносіны, нормы і дасягненні, якія ўзнікаюць на аснове сукупнасці ўсіх відаў такой дзейнасці. Гістарычна склалася пераважна ў сферы фізічнай культуры. У больш вузкім сэнсе С. — спаборніцтвы, накіраваныя непасрэдна на дэманстрацыю фіз. дасягненняў, аб’ектыўнага параўнання і ацэнкі пэўных магчымасцей чалавека (сіл, здольнасцей, уменняў).

Першыя спаборніцтвы ўзніклі ў старажытнасці ў форме ініцыяцый — рытуалаў пасвячэння юнакоў у воіны. У далейшым спаборніцтвы набылі сакральны (магічны) характар. Захаваліся гістарычна дакладныя звесткі аб правядзенні рытуальных спаборніцтваў у Месапатаміі (з 4-га тыс. да н.э.), Егіпце, Індыі, Кітаі (з 3—2-га тыс. да н.э.). У Стараж. Грэцыі склалася цэлая сістэма спаборніцтваў, якія прысвячаліся антычным багам і героям: Немейскія гульні, Істмійскія гульні, Піфійскія гульні, Алімпійскія гульні і інш. Сучасны С. склаўся ў пач. 19 ст. ў Англіі як сац. інстытут прафіляванага развіцця фіз., псіхічных і інш. здольнасцей чалавека з мэтай іх супараўнання ва ўмовах рэгламентаванай спаборніцкай дзейнасці.

Вызначаюць 3 асн. ўзаемазвязаныя арганізац. формы С.: масавы (рэкрэацыйны), рэзервовы і С. вышэйшых дасягненняў. С. масавы (С. для ўсіх) з’яўляецца ч. фіз. культуры, ахоплівае практычна ўсе сац. групы насельніцтва і садзейнічае фіз. выхаванню, аздараўленню, арганізацыі вольнага часу, пашырэнню адносін і інш. С. рэзервовы ўключае сістэму адбору і падрыхтоўкі юных спартсменаў (напр., сістэма спартыўных школ). С. вышэйшых дасягненняў уключае С. рэкордны і відовішчна-камерцыйны. Арганізатарам рэкорднага С. выступае дзяржава; яна ажыццяўляе ўмовы для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спартсменаў і каманд, выкарыстоўвае іх дасягненні дзеля фарміравання прэстыжу краіны на міжнар. арэне. На гэтай аснове рэкордны С. звязваецца з дзярж. палітыкай. Мэта відовішчна-камерцыйнага С. — атрыманне непасрэднага прыбытку ад арганізацыі спарт. відовішча. У гэтай сувязі ён набывае рысы шоу-бізнесу. Сац. значэнне С. пашыраецца ў сувязі з узнікненнем новых арганізац. захадаў, рэарганізацыі і будаўніцтва новых спартыўных збудаванняў, пашырэння спартыўных спаборніцтваў і інш. Важным фактарам развіцця С. з’яўляецца прапаганда яго ў сродках масавай інфармацыі, выяўленчым мастацтве, кіно, літаратуры і інш.

Літ.:

Матвеев Л.П. Введение в теорию физической культуры. М., 1983;

Визитей Н.Н. Физическая культура и спорт как социальное явление: Филос. очерки. Кишинев, 1986;

Кулинкович Е.К. Спорт: люди и рекорды. Мн., 1998;

Пономарчук В.А., Козлова В.С. Институт спорта: (история и реалии). Мн., 2002.

Я.​К.​Кулінковіч.

т. 15, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНСК

Сталіца Рэспублікі Беларусь, горад рэспубліканскага падпарадкавання, цэнтр Мінскай вобласці і раёна. Палітычны, эканам., навук. і культ. цэнтр Беларусі. Транспартны вузел: чыгункі на Брэст, Маскву, Вільнюс, Гомель; аўтадарогі на Оршу, Віцебск, Даўгінава, Лагойск, Маладзечна, Ашмяны, Брэст, Слуцк, Гомель, Магілёў і інш. 2 аэрапорты. 1741,4 тыс. ж. (2004). Тэр. 305 км². Падзяляецца на 9 адм. раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны. Мінск размешчаны на паўд.-ўсх. схілах Мінскага ўзвышша. Клімат умерана кантынентальны са значным уплывам атлантычнага марскога паветра, з частымі цыклонамі. Сярэднегадавая тэмпература паветра 5,4 °C. Значныя ваганні сярэдняй т-ры па сезонах: ад -7,3 °C у 3-й дэкадзе студзеня да 18 °C у 2—3-й дэкадах ліпеня. У сярэднім за год выпадае 646 мм ападкаў, з якіх прыкладна ​1/3 прыпадае на халодны, ​2/3 на цёплы перыяд. 12% ападкаў цвёрдыя, 13% — мяшаныя, 75% — вадкія. Праз Мінск працякае р. Свіслач (прыток р. Бярэзіна), у горадзе прымае прыток — р. Няміга (цячэ ў калектары). Вадасховішчы: Дразды, Крыніца, Чыжоўскае, Камсамольскае возера і інш.; Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.

Прамысловасць. Сярод рэгіёнаў Беларусі Мінск займае першае месца па аб’ёме прамысл. вытворчасці, на яго долю прыпадае больш за 21,3% таварнай прадукцыі краіны. У 2003 прамысловасць Мінска (з улікам малых і падсобных прадпрыемстваў) вырабіла прадукцыі на суму 7098 млрд. руб., у т. л. спажывецкіх тавараў на 2353 млрд. руб. На самаст. балансе знаходзяцца 284 прамысл. прадпрыемствы. У Мінску сканцэнтраваны ўвесь рэсп. выпуск трактароў, тралейбусаў, веласіпедаў, халадзільнікаў, трансфарматараў, пагрузчыкаў будаўнічых, буд. гіпсу, 96,2% аўтобусаў, 95,8% грузавых аўтамабіляў, 85% гарсэтных вырабаў, 81,2% шарсцяных тканін, 76,5% керамічнай пліткі глазураванай для ўнутр. абліцоўкі сцен, 73% прычэпаў і паўпрычэпаў аўтамабільных, 58,9% фетравых галаўных убораў, 56,5% падшыпнікаў качэння, 54,6% тэлевізараў, 46% маргарынавай прадукцыі, 45,6% дрэваапрацоўчых станкоў, 42,7% маянэзу, 32,7% кандытарскіх вырабаў, 32,3% мінеральных вод, 31,4% зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў; 27,3% снегаачышчальнікаў, 26,7% бульдозераў.

Машынабудаванне і металаапрацоўка — вядучая галіна прамысловасці горада, займае 1-е месца па аб’ёме валавой прадукцыі (54,3%, 2003). Развіта аўтамабільная прамысловасць. У 2003 выпушчана аўтамабіляў грузавых 17,4 тыс. шт., аўтобусаў — 480 шт., тралейбусаў 127 шт. РУП «Мінскі аўтамабільны завод» — найбуйнейшы на Беларусі і ў СНГ. У 1997 на яго базе створаны сумесныя бел.-герм. прадпрыемствы па вырабе грузавых аўтамабіляў «МАЗ—МАН» і па збыце вырабленай прадукцыі «МАЗ—МАН Трэйдзінг». Экспартуецца прадукцыя ў 70 краін свету. Працуе РУП «Мінскі завод колавых цягачоў». Вядучае месца ў СНГ сярод вытворцаў матацыклаў (32,8 тыс. шт.) і веласіпедаў (773,2 тыс. шт.) займае ААТ «Матавела».

Трактарнае і с.-х. машынабудаванне прадстаўляе ВА «Мінскі трактарны завод» — найбуйнейшы ў свеце вытворца трактароў класа 1,4—2,0 (26,6 тыс. шт.), 8—10% сусв. рынку трактароў у сваім класе (2003). Яго прадпрыемствы-сумежнікі — РУП «Мінскі завод спецыяльнага інструменту і тэхналагічнай аснасткі», УП «Мінскі маторны завод», РУП «Мінскі завод шасцерняў».

У Мінску размешчаны 4 буйныя прадпрыемствы станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці: РУП «Мінскі завод аўтаматычных ліній імя П.​М.​Машэрава», РУП «МЗОР», УП «Станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава», ЗАТ «Мінскі інструментальны завод».

Важнымі галінамі машынабудаўнічага комплексу з’яўляецца будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне, вытворчасць абсталявання для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад. Найбуйнейшыя прадпрыемствы гэтага комплексу: ААТ «Амкадор-Ударнік», РУП «Белкамунмаш», УП «Завод Харчмаш», ЗАТ «Атлант» (у яго складзе Мінскі завод халадзільнікаў; 885,8 тыс. шт., 2003) і Мінскі завод бытавой тэхнікі.

Атрымала развіццё падшыпнікавая прамысловасць. ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод» вырабляе 600 тыпаразмераў падшыпнікаў (14,4 млн. шт., 2003). У 2004 створана даччынае прадпрыемства ЗАА «ДАР-МПЗ» па выпуску дэталей чыгуначных счапленняў.

Электратэхнічная прамысловасць прадстаўлена РУП «Мінскі электратэхнічны завод імя В.​І.​Казлова» — сілавыя (20,9 тыс. шт., 2003) і мнагамэтавыя трансфарматары і інш.

Прыладабудаванне, радыётэхнічная, электронная, сродкаў сувязі, оптыкамеханічная падгаліны прадстаўлены: НВА «Інтэграл» (у яго складзе УП «Завод паўправадніковых прылад», РУП «Завод «Электроніка», УП «Завод «Транзістар»), УП «Мінскі механічны завод імя С.​І.​Вавілава» (у складзе БелОМА), канцэрн «Планар», ААТ «Мінскае ВА вылічальнай тэхнікі», ААТ «Гарызонт» (тэлевізары 376,3 тыс. шт., 2003), ААТ «Мінскі прыладабудаўнічы завод» («Белвар»), ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод».

Харчовая прамысловасць займае 2-е месца па аб’ёме валавой прадукцыі (12,2%, 2003). У 2003 у Мінску выраблена мяса, уключаючы субпрадукты — 18 тыс. т, каўбасных вырабаў — 21,6 тыс. т, сыроў тлустых — 3,5 тыс. т, натуральнамалочнай прадукцыі — 195,7 тыс. т, мукі — 114 956 т, хлеба і хлебабулачных вырабаў — 144,4 тыс. т, дражджэй хлебапякарных — 14 693 т, кандытарскіх вырабаў — 41,6 тыс. т, маргарынавай прадукцыі — 7,5 тыс. т, маянэзу — 8806 т, піва — 8693 тыс. дал, гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў — 2707 тыс. дал, шампанскага — 882 тыс. дал, каньяку — 49 тыс. дал. Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: УП «Мінскі мясакамбінат», УП «Мінскі мясаперапрацоўчы завод», ААТ «ГМЗ №1» «Гармалзавод №2», «Гармалзавод №3», УП «Мінскі холадакамбінат №2», РУП «Мінскхлебпрам» (у складзе аб’яднання 7 хлебазаводаў і некалькі міні-пякарань), ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», ААТ «Дражджавы камбінат» (штодзённа вырабляе каля 60 т дражджэй), ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», ААТ «Камунарка» (кандытарскія вырабы, штогод выпускае 27 тыс. т), ААТ «Мінскі маргарынавы завод», РУП «Мінск «Крышталь» (штогод вырабляе больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту), РУП «Мінскі завод пеністых він», «Мінскі піўзавод ААТ «Крыніца» (да 7 млн. дал піва, больш за 1 млн. дал безалкагольных напіткаў), ААТ «Піўзавод «Аліварыя», сумеснае бел.-багамскае прадпрыемства «Аква Трайпл».

Электраэнергетыка займае 3-е месца ў прамысловасці Мінска па аб’ёме валавой прадукцыі (10,9%, 2003). Яна прадстаўлена РУП «Мінскэнерга», у складзе якога дзейнічаюць ЦЭЦ-2 (231 МВт), ЦЭЦ-3 (420 МВт), ЦЭЦ-4 (1030 МВт), ЦЭЦ-5 (330 МВт), раённыя і прамысл. кацельні. У 2003 выраблена электраэнергіі 7277 млн. кВт∙гадз, цеплаэнергіі — 13 766 тыс. Ккал.

Лёгкая прамысловасць прадстаўлена прадпрыемствамі: ААТ «Камволь», ААТ «Сукно», ААТ «Алеся» і інш. У 2003 выраблена шарсцяных тканін 3,8 млн. м², трыкатажных вырабаў — 204 тыс. шт. У складзе швейнай прамысловасці — ААТ «Элема» і «Мастра» (у 2003 выраблена 17 753 тыс. шт. швейных вырабаў). Сумеснае бел.-італьян. прадпрыемства ЗАТ «Мілавіца» ў 2003 выпусціла 9,8 млн. шт. гарсэтных вырабаў. Вядучае прадпрыемства абутковай прамысловасці — ААТ «Прамень», на базе якога створаны ТАА «Сівельга», сумесныя прадпрыемствы «Ле Гранд», «Отыка» і «Чаўляр» (мужчынскі, жаночы і дзіцячы абутак, 1,9 млн. пар, 2003).

Хімічная прамысловасць прадстаўлена: ААТ «Мінскі лакафарбавы завод» (лакі, фарбы, эмалі, грунтоўка; 2203 т, 2003); з 1994 на яго базе дзейнічае сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «ОЛІБЕЛА» (фарбы, эмалі, алкідны лак). У ліку буйных прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці ААТ «Мінскдрэў» (піламатэрыялы 48 241 м³, 2003), ААТ «Мінскмэбля», ААТ «Мінская мэблевая фабрыка імя Дзімітрава», ААТ «Мінскпраектмэбля», «Беларускія шпалеры» (26 308 тыс. умоўных кускоў, 2003). Працуюць таксама прадпрыемствы фармацэўтычнай, паліграфічнай, буд. матэрыялаў і інш. галін прамысловасці.

Аб’ём знешняга гандлю ў 2003 склаў 8,4 млрд. долараў ЗША, у т. л. экспарт 3,3 млрд. долараў (асн. экспартныя пазіцыі: трактары, грузавыя аўтамабілі, металаапрацоўчыя станкі, быт. халадзільнікі і маразільнікі, тэлевізары, матацыклы, веласіпеды). Тавары экспартуюцца ў 134 краіны свету. З агульнага аб’ёму экспарту на долю Расіі прыпадае 55,9%, астатніх краін СНД — 7%, за межамі СНД —37,1%. Імпарт з краін па-за СНД складае 28,9% агульнага аб’ёму імпарту, Расіі — 66,8%, астатніх краін СНД — 4,3%. Асн. гандлёвыя партнёры Мінска — гарады Расіі (62,5%), Германія (5,7%), Украіна (3,7%), Вялікабрытанія (3,6%), Латвія (2,6%).

Ахова здароўя. На 1.1.2004 у Мінску 42 бальнічныя ўстановы на 20,8 тыс. ложкаў (119,3 на 10 тыс. ж.), 328 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 54,4 тыс. наведванняў за змену (312,4 наведванняў на 10 тыс. ж. за змену), 5 дзіцячых санаторыяў на 200 ложкаў. Працавала 13 412 урачоў (77 на 10 тыс. ж.) усіх спецыяльнасцей, у т. л. 3270 тэрапеўтаў (18,8 на 10 тыс. ж.), 1961 хірург (11,3 на 10 тыс. ж.), 748 акушэраў-гінеколагаў (8 на 10 тыс. ж.), 909 педыятраў (36,4 на 10 тыс. ж.), 331 афтальмолаг (1,9 на 10 тыс. ж.), 257 отарыналарынголагаў (1,5 на 10 тыс. ж.), 471 неўрапатолаг (2,7 на 10 тыс. ж.), 443 псіхіятры (2,5 на 10 тыс. ж.), 90 фтызіятраў (0,5 на 10 тыс. ж.), 193 дэрматавенеролагі (1,1 на 10 тыс. ж.), 383 рэнтгенолагі і радыёлагі (2,2 на 10 тыс. ж.), 82 урачы па лячэбнай фізкультуры і спорце (0,5 на 10 тыс. ж.), 636 урачоў санітарна-проціэпідэмічнай групы (3,7 на 10 тыс. ж.), 1791 стаматолаг (10,3 на 10 тыс. ж.), 22 744 чал. сярэдняга мед. персаналу (130,6 на 10 тыс. ж.).

Асвета, навука, культура. На 1.1. 2004 у Мінску 427 дзіцячых дашкольных устаноў (68,9 тыс. дзяцей). У 2003—04 навуч. г. працавала 265 агульнаадукацыйных школ усіх відаў (220,1 тыс. вучняў), у т. л. 8 пачатковых (2,1 тыс. вучняў), 5 базавых (400 вучняў), 191 сярэдняя (179,5 тыс. вучняў), 37 гімназій (29,9 тыс. вучняў), 4 ліцэі (1,8 тыс. вучняў), 4 навучальныя комплексы: школа (гімназія) — каледж (1,5 тыс. вучняў), 8 школ для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (2,1 тыс. вучняў), 8 вячэрніх (зменных, 2,8 тыс. вучняў), 42 сярэднія спец. навуч. ўстановы (42,2 тыс. навучэнцаў). У Мінску 33 ВНУ, з іх 23 дзяржаўныя: БДУ, Акадэмія МУС і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Бел. медыцынскі ун-т, Бел. тэхналагічны ун-т, Бел. эканамічны ун-т, Бел. нац. тэхнічны ун-т, Бел. акадэмія мастацтваў, Бел. акадэмія музыкі, Бел. універсітэт фіз. культуры і інш. Ва ўсіх ВНУ 185,1 тыс. студэнтаў (2004). Працуе Нац. акадэмія навук Беларусі, якая аб’ядноўвае 61 навук. і навукова-вытворчую ўстанову: Навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава», ін-ты фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, малекулярнай і атамнай фізікі, біяарганічнай хіміі, генетыкі і цыталогіі, геал. навук, парашковай металургіі, гісторыі, электронікі, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору і інш. Навук. даследаванні і распрацоўкі ў розных галінах навукі, тэхнікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі праводзяцца таксама ў НДІ адпаведных міністэрстваў і ведамстваў, на кафедрах ВНУ і інш. Колькасць арганізацый, якія выконваюць даследаванні і распрацоўкі на 1.1.2003—187, колькасць персаналу, занятага даследаваннямі і распрацоўкамі — 23 353 чал.

На 1.1.2004 у Мінску 130 масавых бібліятэк (12 673 тыс. экз. кніг і часопісаў). Найбольшыя з іх Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Цэнтральная навук. бібліятэка імя Я.​Коласа, Мінская абл. бібліятэка імя А.​С.​Пушкіна.

У Мінску 17 музеяў. З іх найбольшыя Нац. мастацкі музей Беларусі, Бел. музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нац. музей гісторыі і культуры Беларусі, Літаратурны музей Янкі Купалы, Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. У Мінску дзейнічае 12 тэатраў: Нац. акад. тэатр оперы, Нац. акад. тэатр балета, Нац. акад. тэатр імя Я.​Купалы, Нац. акад. драм. тэатр імя М.​Горкага, тэатр лялек Беларусі, Тэатр юнага гледача, Тэатр музычнай камедыі, Тэатр-студыя кінаакцёра, драм. тэатр «Дзе-Я?», маладзёжны тэатр, т-р сатыры і гумару «Хрыстафор». Працуюць: Бел. дзярж. філармонія, Бел. дзярж. цырк, кінастудыя «Беларусьфільм», заапарк; Дзярж. акад. харавая капэла, Дзярж. акад. нар. аркестр, Дзярж. акад. нар. хор, Дзярж. акад. сімфанічны аркестр, Дзярж. ансамбль танца, Дзярж. аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі.

Фізкультура і спорт. На 1.1.2004 у Мінску 3519 спарт. збудаванняў, у т. л. 18 буйных стадыёнаў, 664 спарт. залы, 57 плавальных басейнаў, 6 манежаў, 5 спарт. збудаванняў са штучным лёдам, 138 стралковых ціраў. У ліку найбуйнейшых спарт. комплексаў Мінска і прыгарада алімпійская база «Стайкі», стадыёны «Дынама», «Трактар», «Спарт. аздараўленчы комплекс «Алімпійскі», воднаспарт. камбінат, конна-спарт. комплекс «Ратамка», рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы», крыты каток «Юнацтва», Палац лёгкай атлетыкі, Палац тэніса, рэсп. Палац шахмат і шашак, лядовы палац спорту і інш.

Архітэктура і горадабудаўніцтва. У Мінску пад дзярж. аховай знаходзяцца 239 помнікаў горадабудаўніцтва і архітэктуры. Сярод іх арх. комплексы Верхні горад і Траецкае прадмесце; у стылях барока — Петрапаўлаўская царква (1612—13), касцёлы і кляштары бернардзінак (1633) і езуітаў (17 — пач. 18 ст.); класіцызму — царква Марыі Магдаліны (1847), будынак былых дзярж. устаноў (1852, арх. Л.​Садоўскі і К.​В.​Хршчановіч), жылыя дамы па вуліцах Герцэна, (канец 18 ст., арх. Ф.​Крамер) і Інтэрнацыянальнай (канец 18 — пач. 19 ст.); эклектыкі — былая жаночая Марыінская гімназія (1879), жылы дом па вул. Валадарскага (канец 19 ст.); мадэрну — жылыя дамы па вул. Кірава (арх. О.​Краснапольскі), К.​Маркса (арх. Г.​Гай), Савецкай (арх. С.​Гейдукевіч; усе пач. 20 ст.) і інш.

У 2-ю сусветную вайну Мінск моцна разбураны. На аснове «Эскіза планіроўкі Мінска» (1944, арх. М.​Колі, І.​Лангбард, А.​Мардвінаў, Б.​Рубаненка, У.​Сямёнаў, Н.​Трахтэнберг, А.​Шчусеў) у 1946 распрацаваны генплан аднаўлення і развіцця горада ( ін-т «Белдзяржпраект», арх. М.​Андросаў, Н.​Трахтэнберг і інш., карэкціроўка ў 1951—52). На 1-м этапе (1944—54) забудоўваліся цэнтр. раёны і гал. гарадскія магістралі, у т. л. Ленінскі праспект (сучасны праспект Ф.​Скарыны) ад Прывакзальнай пл. да пл. Я.​Коласа; завершаны ансамбль пл. Перамогі з манументам Перамогі (арх. Г.​Заборскі, У.​Кароль), які стаў адным з кампазіцыйных цэнтраў Мінска. Узводзіліся жылыя раёны пры новых прамысл. прадпрыемствах. Аднаўляліся грамадскія даваенныя пабудовы — Дом урада, Дом афіцэраў, Тэатр оперы і балета (усе — арх. І.​Лангбард), будынак ЦК КПБ (арх. У.​Вараксін, А.​П.​Воінаў) і інш., якія сталі акцэнтамі арх. ансамбляў горада.

Другі перыяд (канец 1950-х — 60-я г.) характарызаваўся ўзвядзеннем мікрараёнаў і ўключэннем іх у структурную арганізацыю горада, шырокім асваеннем метадаў індустрыяльнага будаўніцтва на аснове тыпізацыі праектаў жылых і грамадскіх будынкаў. У 1965 зацверджаны новы генплан (арх. Л.​Гафо, Я.​Заслаўскі, М.​Кудзінаў, І.​Люблінскі, А.​Наканечны, Н.​Трахтэнберг), арыентаваны на ўдакладненне зоны прамысл. і жыллёвага будаўніцтва. Буйныя жылыя масівы ўзводзіліся на свабодных тэрыторыях у межах горада. Мікрараённае будаўніцтва 4- і 5-павярховых дамоў вялося ўздоўж вуліц Арлоўскай (арх. А.​Гуль, А.​Кудравіцкі, В.​Сахно і інш.), Апанскага (арх. Ю.​Градаў, А.​Гуль, В.​Сахно), Чкалава (арх. В.​Анікін, Л.​Анікіна, Г.​Трушнікава), па Магілёўскай шашы (арх. У.​Афанасьеў, А.​Гуль, Н.​Шпігельман) і інш. Узведзены Палац спорту (1966, арх. В.​Малышаў, С.​Філімонаў), воднаспартыўны камбінат (1967, арх. В.​Ладыгіна), будынкі заводаў гадзіннікавага (1956—61, арх. С.​Баткоўскі, І.​Боўт, Н.​Шпігельман), халадзільнікаў (1968—75, арх. Л.​Афанасьева, І.​Боўт, М.​Буйлава, А.​Ганчароў, І.​Некрашэвіч) і інш.

Асноўным кірункам трэцяга этапа (1970—80-я г.) было комплекснае вырашэнне сац. і горадабудаўнічых задач пры фарміраванні жыллёвай забудовы, узмацненне ўвагі да мастацка-эстэтычных задач і ўдасканаленне архітэктурнай творчасці ва ўмовах індустр. домабудавання. У 1974 складзены праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. часткі Мінска (арх. В.​Анікін, А.​Брэгман, Г.​Горына, Ю.​Градаў, Я.​Дзятлаў, Я.​Заслаўскі, І.​Кароль, Л.​Левін, Я.​Ліневіч, Л.​Патапаў, В.​Сярогіна, Г.​Фадзеева і інш.). Генплан 1982 (да 2000) прадугледжваў развіццё горада ў паўн.-зах. і зах. напрамках. Да канца 1980-х г. утварылася разгалінаваная шматвузлавая структура цэнтр. ядра горада. Па радыяльных напрамках сфарміраваны ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў (уздоўж праспектаў Машэрава, Партызанскага, вуліц Няміга, М.​Багдановіча, Я.​Коласа, Прытыцкага). Размяшчэнне аб’ектаў і забудова ажыццяўляліся з улікам перспектывы і рацыянальнага выкарыстання тэрыторыі. Блок-секцыйны метад праектавання і ўзвядзення пабудоў дазволілі палепшыць іх архітэктурна-маст. аблічча пры захаванні хуткіх тэмпаў будаўніцтва. 2-й кампазіцыйнай воссю цэнтра горада стаў водна-паркавы зялёны дыяметр уздоўж р. Свіслач, падмацаваны двума паркавымі паўкольцамі ўздоўж рэк Сляпянка і Лошыца. Забудоўваліся жылыя раёны Зялёны Луг, Усход, Чыжоўка, Серабранка, Малінаўка, Курасоўшчына, па вуліцах Ангарскай, Харкаўскай і інш. Сярод пабудоў грамадскага прызначэння: Палац мастацтва (1973, арх. Н.​Краўкова, С.​Мусінскі), Палац культуры чыгуначнікаў (1978, арх. Л.​Анікіна), Палац рэспублікі (1986), кінатэатр «Кастрычнік» (1975, арх. В.​Малышаў), выставачны комплекс «БелЭкспа» (1988, арх. В.​Капылаў, Г.​Ласкавая, Л.​Маскалевіч, Г.​Фядосенка), муз. вучылішча імя Глінкі (1975, арх. Г.​Ласкавая, Л.​Маскалевіч), карпусы БНТУ (1976—83, арх. В.​Анікін, І.​Есьман), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (1972, арх. А.​Беразоўскі, Н.​Шпігельман, Н.​Якушка), гасцініцы «Турыст» (1972, арх. Л.​Пагарэлаў) і «Беларусь» (1986, арх. Л.​Кустова, Л.​Пагарэлаў), Камароўскі рынак (1982, арх. В.​Аладаў, А.​Жалдакоў, У.​Крывашэеў, М.​Ткачук), аўтавакзал «Усходні» (1982, арх. Л.​Кустова, Л.​Пагарэлаў, В.​Ягадніцкі). У 1984 здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 1-й лініі Мінскага метрапалітэна (9 станцый), архітэктуры якога ўласцівы лаканізм, стрыманасць у выкарыстанні сродкаў маст. выразнасці, адпаведнасць тэматыкі архітэктурна-маст. вырашэння месцу размяшчэння станцый. У 1990-я г. сетка Мінскага метрапалітэна пашырана, уведзена ў эксплуатацыю 2-я лінія (11 станцый).

Новая стратэгія горадабудаўнічага развіцця (да 2010) распрацавана інстытутам «Мінскпраект» з удзелам інш. арганізацый і зацверджана ў 1991. Да сярэдзіны 1990-х г. горад развіваўся на аснове радыяльна-кальцавой сістэмы планіроўкі. Паводле новага генплана прадугледжваецца фарміраванне горада як сістэмы, расчлянёнай на асобныя зоны, звязаныя сеткай магістральных вуліц і размешчаныя ў шырокім лясным поясе ўздоўж асн. планіровачных восей па радыяльных напрамках. У аснову канцэпцыі пакладзена ідэя аб’яднання цэнтр. і перыферыйных раёнаў горада планіровачным каркасам, створаным на базе гал. транспартна-камунікацыйных восей і вузлоў. Перспектыўны генплан развіцця Мінска ўключае праектныя вырашэнні раёнаў з індывідуальнай забудовай, якія выходзяць за межы кальцавой аўтамаб. дарогі (Сёмкава, Юзуфова, Вішнёўка, Астрашыцкі Гарадок, Каралёў Стан, Сокал, Прывольны, Міханавічы, Пяцеўшчына-Крупіца, Фаніпаль, Гарадзішча, Ляхаўшчына-Хацежына, Заслаўе). Праект уключае 4 планіровачныя зоны ўнутры гар. ядра, размежаваныя 2-м гарадскім кальцом і чыгуначнымі лініямі маскоўскай, вільнюскай і брэсцкай дарог. Унутры гэтых зон знаходзяцца 35 планіровачных раёнаў, падзеленых сістэмай водна-зялёных прастораў і магістральных вуліц. Характар унутрыгарадской забудовы вызначаецца зніжэннем тэмпаў мікрараённага будаўніцтва, узвядзеннем будынкаў павышанай павярховасці, а таксама малапавярховых і індывідуальных жылых дамоў. У архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў назіраецца разнастайнасць форм, кампазіцыі ўскладняюцца і набываюць дынаміку. Адбываюцца змены ў канструкцыйна-тэхн. падыходзе да праектавання і будаўніцтва, пашыраецца прынцып вылучэння структуры нясучых элементаў і вонкавае ашкленне сцен. Інтэнсіўна вядзецца будаўніцтва спарт., банкаўскіх, дзелавых, культурна-асветных устаноў і аб’ектаў транспарту. Сярод найб. арыгінальных пабудоў: паліклініка ў мікрараёне «Вяснянка» (арх. В.​Крусь), ЗАГС Кастрычніцкага р-на (арх. А.​Трусаў, А.​Цэйтлін), Лядовы палац спорту па вул. Прытыцкага (арх. І.​Боўт, Л.​Патапаў, А.​Шафрановіч), чыгуначны вакзал (І.​Вінаградаў, М.​Вінаградаў, В.​Крамарэнка), офісны комплекс «XXI стагоддзе» (арх. Даніэль Бран, Зееў Нотэс, А.​Корбут, В.​Нікіцін), Мінсккомплексбанк па вул. Мяснікова (арх. А.​Вараб’ёў), Нац. бібліятэка Беларусі (арх. М.​Вінаградаў, В.​Крамарэнка пры ўдзеле Я.​Вінаградава, А.​Грышана, Т.​Несцерава, В.​Пятроўскага); адноўлена стараж. Мінская ратуша.

В.​М.​Корзун (прамысловасць), Ю.​Ю.​Захарына (архітэктура і горадабудаўніцтва).

т. 18, кн. 2, с. 730

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 10—18.6.1938 у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 чл. і канд. у чл. партыі (без вайсковых арг-цый). Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (А.​А.​Волкаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.​І.​Малінін); выбары ЦК КП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі гасп. і культ. будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля шаснаццатага з’езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прам-сці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб’яднана 88% сял. гаспадарак (96,2% пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З’езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938) пленума ЦК ВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з ВКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15.5.1938 у КП(б)Б было разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУС БССР, КПК пры ЦК ВКП(б) па БССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысав. падполле «віло сабе гнёзды» ў парт. апараце, органах дзярж. улады, наркаматах і грамадскіх арг-цыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18.6.1938 у газ. «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦК ВКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрв. ў прэзідыуме з’явіўся сакратар ЦК ВКП(б) А.​А.​Андрэеў разам з нам. заг. Аддзела кіруючых парт. органаў ЦК ВКП(б) П.​К.​Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на інш. работу, а ў склад ЦК КП(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 66 чл. і 23 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.

Літ.:

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3. 1933—1945. Мн., 1985.

Р.​П.​Платонаў.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫШКЕ́ВІЧЫ,

шляхецкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзяць ад Каленіка Мішкавіча, якому ў 1437 вял. князь ВКЛ Свідрыгайла падараваў сёлы на Украіне. Пазней Т. набылі маёнткі на Беларусі (Лагойск і інш.) і ў Літве. Ад імя сына Каленіка Мішкавіча Тышкі (Цімафея) утварылася прозвішча Т. Ад Тышкавага ўнука Івана (Скуміна) Львовіча пайшла старэйшая лінія роду — Скуміны-Тышкевічы, якая згасла ў 1808. Ад сына Тышкі Васіля пайшла малодшая лінія роду — Тышкевічы-Каляніцкія, пазней Т. Васіль Тышкевіч у 1569 атрымаў ад караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста тытул графа «на Лагойску і Бярдзічаве».

Найб. вядомыя з лініі Скумінаў-Тышкевічаў:

Іван Львовіч (Скумін; ? — да 17.7.1565), сын Льва Тышкевіча, маршалак гаспадарскі з 1558. Фёдар Іванавіч (? — пач. 1618), сын Івана Львовіча, падскарбі дворны ВКЛ у 1576—86, падскарбі земскі і пісар ВКЛ у 1586—90, ваявода новагародскі з 1590.

Януш (каля 1572—27.5.1642), сын Фёдара Іванавіча, вял. пісар ВКЛ у 1607—21, ваявода мсціслаўскі ў 1621—26, трокскі ў 1626—40, віленскі з 1640. Людвік (каля 1750—26.6.1808), сын Юзафа, ген.-ад’ютант (1772), цівун віленскі з 1775, вял. пісар ВКЛ у 1775—80, гетман польны ВКЛ у 1780—91, падскарбі вялікі ВКЛ у 1791—93, вял. маршалак ВКЛ з 1793.

Найб. вядомыя з графскай лініі Т.:

Васіль Тышкевіч (? — 13.8.1571), сын Тышкі Каленікавіча, маршалак гаспадарскі ў 1546—58, ваявода падляшскі ў 1558—69, ваявода смаленскі з 1569. Юрый Васілевіч (? — 1576), сын Васіля Тышкевіча, маршалак гаспадарскі ў 1558—66, ваявода берасцейскі з 1566. Марцін (? — пасля 14.3.1595), сын Юрыя Васілевіча, войт менскі з 1582, маршалак гаспадарскі з 1589, маршалак слонімскі. Ян Астафі (? — да 4.11.1631), сын Юрыя Васілевіча, каралеўскі ротмістр з 1601, падскарбі дворны ВКЛ у 1607—11, ваявода мсціслаўскі ў 1611—15 і берасцейскі з 1615. Пій (1756—1858), сын Феліцыяна, маршалак дваранства Барысаўскага пав. ў 1814—20. Міхал (1761—4.9.1839), сын Юзафа Ігнацыя, камандзір 17-га кав. палка войска ВКЛ у 1812—14, які сфарміраваў сваім коштам. Атрымаў пасля Радзівілаў Біржанскі маярат у Літве. Тадэвуш (17.9.1774—15.4.1852), сын Станіслава Антонія, ваенны дзеяч ВКЛ, у час паўстання 1794 ад’ютант Я.Ясінскага. У 1812 ваяваў на баку Напалеона Г, генерал кав. брыгады. З 1813 уладальнік Свіслачы, ініцыятар будаўніцтва Свіслацкай гімназіі. У час паўстання 1830—31 старшыня часовага цэнтр. ўрада Літвы. Памёр у Парыжы. Канстанцін (1806—68), сын Пія, гл. Тышкевіч К.П. Яўстафій (1814—73), сын Пія, гл. Тышкевіч Я.П.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 16, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

— структурны элемент ваеннай арганізацыі дзяржавы, прызначаны для ўзбр. абароны яе суверэнітэту, незалежнасці і тэр. цэласнасці.

27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закона. Паводле Дэкларацыі Беларусь набыла права на ўласныя Узбр. Сілы, Унутр. войскі, органы дзярж. і грамадскай бяспекі, падкантрольныя Вярх. Савету Беларусі. 20.9.1991 Вярх. Савет даручыў Савету Міністраў, камісіі Вярх. Савета па пытаннях нац. бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю сумесна з камандаваннем БВА, інш. зацікаўленымі мін-вамі і ведамствамі да 1.11.1991 падаць прапановы аб структуры і прынцыпах ваен. буд-ва Узбр. Сіл краіны. 20.3.1992 Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь даручыў Савету Міністраў пачаць фарміраванне Узбр. Сіл. Паводле Пастановы Савета Міністраў ад 6.5.1992 БВА скасавана і ўтворана Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь. Ударная групоўка войск на зах. напрамку былога СССР (БВА) налічвала больш за 250 тыс. чал. (1410 вайск. фарміраванняў); на ўзбраенні злучэнняў і часцей былі самыя дасканалыя зброя і тэхніка, якія меліся на той час у Сав. Арміі. На тэр. Беларусі самая высокая на Еўрап. кантыненце канцэнтрацыя войск (1 ваеннаслужачы на 43 цывільныя жыхары; для параўнання: на Украіне — на 98, у Казахстане — на 118, у Польшчы — на 164, у Расіі — на 634). Кіраўніцтва рэспублікі прапанавала камандаванню Аб’яднаных Узбр. Сіл СНД пакінуць у складзе Узбр. Сіл Беларусі ўсе сухап. злучэнні, часці, войскі ППА, паветрана-дэсантную дывізію, а таксама часці знішчальнай і штурмавой авіяцыі. У Аб’яднаныя стратэг. сілы было прапанавана ўключыць ядз. зброю, бамбардзіровачную авіяцыю, а таксама авіяц. і радыёлакацыйныя часці Балт. флоту, размешчаныя на тэр. Беларусі. У выніку перагавораў паміж дэлегацыямі Гал. камандавання Аб’яднаных узброеных сіл СНД і Рэспублікі Беларусь быў выпрацаваны пратакол, паводле якога да Узбр. Сіл Беларусі поўнасцю адышлі вайск. часці сухап. войск і ППА, за выключэннем некалькіх навуч. цэнтраў, каля 90% знішчальнікаў і бамбардзіровачнай авіяцыі, полк трансп. авіяцыі, полк стратэг. бамбардзіроўшчыкаў, паветрана-дэсантная дывізія. У пач. 1990-х г. створана аснова нарматыўнай прававой базы ваен. будаўніцтва, прыняты законы Рэспублікі Беларусь «Аб абароне» (новая рэд. 17.7.2002), «Аб узброеных сілах Рэспублікі Беларусь» (новая рэд. 24.7.2002), «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (новая назва «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», новая рэд. 2.1.2002) і шэраг інш. нарматыўных актаў. Законамі Рэспублікі Беларусь «Аб абароне» і «Аб Узброеных Сілах» вызначаны паўнамоцтвы органаў дзярж. улады і ўпраўлення, абавязкі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у галіне абароны. Агульнае кіраўніцтва Узбр. Сіламі ў той перыяд ажыццяўлялі Вярх.

Савет і Савет Міністраў у межах іх паўнамоцтваў. Непасрэднае кіраўніцтва Узбр. Сіламі ажыццяўляла Мін-ва абароны, у складзе якога створаны Гал. штаб Узбр. Сіл. З мэтай арганізацыі і правядзення ваенна-мабілізацыйнай і ўлікова-прызыўной работы ствараліся мясц. органы ваен. кіравання. Былі створаны Нац. агенцтва па кантролі і інспекцыях і ўпраўленне знешніх сувязей Мін-ва абароны з функцыямі арганізацыі і выканання мерапрыемстваў ваен. супрацоўніцтва з замежнымі краінамі. Ажыццёўлены пераход да арганізац.-штатнай структуры «корпус-брыгада», асн. аператыўна-тактычнай адзінкай стала механізаваная брыгада.

У адпаведнасці з рашэннем Вярх. Савета Беларусі, прынятым пры ратыфікацыі Дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (ЗУСЕ), колькасць ваеннаслужачых Узбр. Сіл Беларусі да 1995 трэба было паменшыць да 100 тыс. чал. У выніку ў 1992 расфарміравана 280 часцей, скарочана 30 тыс. чал., звольнена ў запас 7,5 тыс. афіцэраў і прапаршчыкаў. Адначасова ішло скарачэнне ўзбраення і ваен. тэхнікі. У адпаведнасці з Дагаворам аб звычайных узбр. сілах у Еўропе, падпісаным у СССР у ліст. 1990, на Беларусі знішчаны 1773 танкі, 130 баявых самалётаў, 1341 баявая браніраваная машына. Да 1994 перад Узбр. Сіламі паўсталі пытанні аснашчэння войск новымі відамі ўзбраення і ваен. тэхнікі, іх утрымання і рамонту, забеспячэння ваеннаслужачых рэчавай маёмасцю (уводзілася новая форма адзення). Разам са скарачэннем афіцэраў, якія служылі ў БВА, неабходна было скарачаць і тых, хто паводле рашэння Вярх. Савета Беларусі ў 1992—94 вярнуўся на Радзіму з інш. рэспублік былога СССР.

Рэальнае рэфармаванне ваен. арганізацыі пачалося з сярэдзіны 1994 і мела на мэце прывядзенне Узбр. Сіл Беларусі ў адпаведнасць з сучасным ваенна-паліт. становішчам, характарам сучаснай вайны і ўзбр. барацьбы, ступенню магчымых ваен. пагроз і эканам. магчымасцямі дзяржавы. 27.3.1995 Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Канцэпцыю нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь. Да 1996 у рамках рэфармавання вырашаны многія праблемы, звязаныя са стварэннем органаў ваен. кіравання і падрыхтоўкі кадраў: рэфармавана большасць аб’яднанняў, злучэнняў, вайск. часцей і ўстаноў, створаны мабільныя сілы, уведзены прынцып тэр. камплектавання войск ваеннаслужачымі тэрміновай службы, удасканалена сістэма кантрактнай службы, аптымізавана сістэма падрыхтоўкі войск. Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, створаная ў 1995, пачала рыхтаваць кадры больш чым па 60 ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. На 6-гадовы тэрмін навучання пераведзена Мінскае сувораўскае вучылішча (з 2002—5-гадовы тэрмін навучання). Распрацавана новая нарматыўная прававая база, якая рэгламентавала арганізатарскую і выхаваўчую работу па ўмацаванні вайск. дысцыпліны. У 1996 паводле загаду міністра абароны аптымізавана сістэма работы па кіраванні сац. працэсамі ва ўзбр. сілах.

Развіццё ўзбр. сіл патрабавала далейшага ўдасканалення прававой базы, якая б рэгламентавала іх дзейнасць. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 24.11.1996) замацавала новую сістэму дзярж. органаў, вызначыла паўнамоцтвы Прэзідэнта — Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, парламента, урада, у т. л. ў галіне абароны. Асн. кірункі будаўніцтва, у т. л. рэфармавання Узбр. Сіл, вызначаны Праграмай сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—05, Канцэпцыяй будаўніцтва Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь да 2010, Праграмай завяршэння рэфармавання Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь на 2001—05 і Планам будаўніцтва Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь да 2006 (усе зацверджаны адпаведнымі ўказамі Прэзідэнта ў 2001). Паводле Канцэпцыі нац. бяспекі (новая рэд.), зацверджанай Указам Прэзідэнта (2001), вызначаны жыццёва важныя інтарэсы Беларусі, фактары, якія могуць ствараць пагрозу нац. бяспецы, а таксама прыярытэтныя кірункі забеспячэння бяспекі ў паліт., эканам., інфарм., экалагічнай, гуманіт. і інш. сферах. Распрацавана новая рэдакцыя Ваеннай дактрыны (2002), якая канкрэтызавала асн. кірункі ваен. палітыкі дзяржавы на сучасным этапе, а таксама вызначыла адносіны да ваен. канфліктаў і іх папярэджання, праблемы ваен. будаўніцтва, выкарыстання ваен. сілы для абароны найб. важных інтарэсаў дзяржавы. Яна вызначыла ваен. арганізацыю дзяржавы як сукупнасць узбр. сіл, інш. войск і вайск. фарміраванняў, дзярж., ваенна-паліт. органаў кіравання, органаў ваен. кіравання, інш. арганізацый, асн. дзейнасць якіх у мірны час накіравана на вырашэнне задач па забеспячэнні ваен. бяспекі дзяржавы (прадухіленне ваен. пагрозы), а ў выпадку вайны — на забеспячэнне ўзбр. абароны дзяржавы, адбіццё нападу, разгром праціўніка і дасягненне паліт. мэт у вайне. Дактрына вызначае паўнамоцтвы дзярж. органаў, інш. арганізацый і грамадзян Рэспублікі Беларусь у ваен. сферы. Важнейшым заканадаўчым актам, што рэгламентуе асн. пытанні бяспекі, стаў Закон «Аб абароне». Ён устанавіў асновы і арганізацыю абароны Рэспублікі Беларусь, паўнамоцтвы Прэзідэнта і дзярж. органаў, абавязкі арганізацый і грамадзян па забеспячэнні ўзбр. і эканам. абароны краіны, вызначыў сістэму прававых, паліт., эканам., ваен., сацыяльных і інш. мер, якія забяспечваюць ваен. бяспеку дзяржавы. Закон «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь» (новая рэд. 24.7.2002) устанавіў прызначэнне, задачы, склад, колькасць, прынцыпы пабудовы і дзейнасці Узбр. Сіл, камплектавання, кіраўніцтва імі, узаемадзеяння іх з інш. войскамі і вайск. фарміраваннямі. Законам «Аб ваенным становішчы». прынятым 13.1.2003, вызначаны прававы рэжым ваен. становішча, што ўводзіцца на тэр. краіны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадку ваен. пагрозы ці нападу. Ён рэгламентуе пытанні ўвядзення і адмены ваен. становішча, асаблівасці паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы, парламента — Нац. сходу, рэсп. органаў дзярж. кіравання і інш. арганізацый, ваен. камандавання, грамадзян на перыяд ваен. становішча, меры, якія прымаюцца на перыяд яго дзеяння, парадак выканання Рэспублікай Беларусь узятых на сябе міжнар. абавязацельстваў. Неабходнасць рэфармавання, кардынальныя змены ў нарматыўнай базе і інш. абставіны патрабавалі прыняцця Закона «Аб унясенні змен і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе». Новая рэдакцыя Закона ад 5.11.1992 пад назвай «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» падпісана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 22.7.2003. У ліст. 2003 прыняты Закон «Аб парадку накіравання ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзярж. кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў, а таксама цывільнага персаналу за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі», які вызначыў парадак накіравання ваеннаслужачых (за выключэннем тых, хто знаходзіцца на тэрміновай службе, а таксама афіцэраў, што праходзяць ваен. службу паводле прызыву) і інш. асоб для выканання пэўных задач.

З улікам тэндэнцый развіцця ваен. майстэрства і вопыту лакальных войнаў у канцы 20 — пач. 21 ст. прыярытэтнымі кірункамі рэфармавання сталі: развіццё ППА, авіяцыі, ракетных войск, сіл і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, разведкі, сувязі; мерапрыемствы па іх першачарговым перааснашчэнні сучаснымі ўзбраеннем і тэхнікай. У працэсе рэфармавання створана новая, больш эфектыўная сістэма кіравання, аптымізавана арганізац. структура Узбр. Сіл. Рэарганізаваны шэраг структурных падраздзяленняў Мін-ва абароны. Гал. штаб Узбр. Сіл Беларусі пераўтвораны ў Генеральны штаб. Юрыдычна замацавана размежаванне ваенна-паліт., адміністрацыйных, забяспечвальных, плануючых і інш. функцый паміж Мін-вам абароны і Генштабам Узбр. Сіл. Мін-ва абароны канцэнтруе асн. намаганні на рэалізацыі ваен. палітыкі дзяржавы, адм. кіраўніцтве Узбр. Сіламі і ўсебаковым іх забеспячэнні, каардынацыі дзейнасці інш. рэсп. органаў дзярж. ўпраўлення па пытаннях абароны. Створана камандаванне Сухап. войск, сфарміравана камандаванне новага віду Узбр. Сіл — ВПС і войск ППА. Каб мець на аперацыйных напрамках групоўкі войск, здольныя ва ўмовах мірнага часу выканаць задачу па лакалізацыі і нейтралізацыі ўзбр. канфлікту, а пры неабходнасці весці лакальную вайну, забяспечваць своечасовае аператыўна-стратэгічнае разгортванне сіл і сродкаў, на базе 28-га і 65-га армейскіх карпусоў створаны Заходняе і Паўн.-заходняе аператыўныя камандаванні. У складзе сухап. войск створаны і развіты мабільныя кампаненты, агульнавайсковыя злучэнні пастаяннай гатоўнасці, вайск. часці спец. прызначэння.

У ходзе рэфармавання значна ўзмоцнены ваенна-навуковы і ваенна-адукацыйны комплекс. У пач. 21 ст. ва Узбр. Сілах Беларусі працавалі 400 вучоных, у т. л. больш за 20 д-роў і 230 канд. навук. Уласна бел. абарончы сектар эканомікі і навук. патэнцыял забяспечыў распрацоўку і вытв-сць прадукцыі ваен. прызначэння, мадэрнізацыю разнастайных узораў зброі і ваен. тэхнікі на ўзроўні сусв. стандартаў. У 2002 створаны НДІ Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Мэта рэформы ваен. адукацыі — узняць сістэму падрыхтоўкі ваен. кадраў на якасна новы ўзровень, які забяспечыць радыкальнае павышэнне прафесіяналізму і агульнай культуры выпускнікоў ваен.-навуч. устаноў. У працэсе рэфармавання Ваен. акадэмія пераўтворана ў многаўзроўневую сістэму падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, інтэграваную з дзярж. адукацыяй. Распрацаваны новыя кваліфікацыйныя патрабаванні да выпускнікоў з сярэдняй, вышэйшай ваенна-спецыяльнай і вышэйшай ваен. адукацыяй. Аптымізаваны і ўзгоднены з новым агульнадзярж. класіфікатарам пералік спецыяльнасцей і спецыялізацый падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў. Перабудавана сістэма падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і ваен. спецыялістаў.

Развіваецца і мадэрнізуецца ўзбраенне і тэхніка з арыентацыяй на новыя тэхналогіі з улікам магчымасцей абаронча-прамысл. комплексу дзяржавы. Распрацаваны і ўкараняецца ў войскі шэраг аўтаматычных сістэм кіравання (у першую чаргу ў ВПС і войскі ППА), сістэм кіравання агнём бранятанкавай тэхнікі; мадэрнізавана сістэма залпавага агню на шасі айчыннай вытв-сці, распрацаваны прыцэлы для стралк. зброі. Вядзецца мадэрнізацыя баявых машын пяхоты і бронетранспарцёраў, авіяц. тэхнікі, рамонт вайсковых зенітных ракетных комплексаў і інш.

Указам Прэзідэнта ў ліст. 2001 зацверджана канцэпцыя тэрытарыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Паводле аператыўна-стратэгічных разлікаў колькасна Узбр. Сілы да 2006 павінны скласці не больш як 65 тыс. чал., у т. л. не больш як 50 тыс. ваеннаслужачых. Ва ўмовах скарачэння колькаснага складу Узбр. Сіл і памяншэння ўзроўню ўзбраенняў адным з найб. эканомных шляхоў падтрымкі боегатоўнасці на належным узроўні з’яўляецца тэр. абарона. У гал. штабе Сухап. войск сфарміравана ўпраўленне тэр. абароны, ва ўпраўленнях аператыўных камандаванняў — аддзелы тэр. абароны; адпаведныя структуры (саветы абароны створаны абласнымі выканаўчымі камітэтамі), а таксама ў складзе ваен. камісарыятаў. У сістэме камплектавання працягваецца працэс максімальнай прафесіяналізацыі арміі (больш за 50% ваеннаслужачых праходзяць службу на пастаяннай аснове), але з мэтай падрыхтоўкі ваенна-абучанага рэзерву не адмовіліся ад тэрміновай ваен. службы. Законам «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» ўпершыню ў Беларусі ўведзены новы від службы — служба ў рэзерве, што ўдасканаліла сістэму выканання канстытуцыйнага воінскага абавязку, аптымізавала працэс падрыхтоўкі ваенна-абучанага рэзерву.

Новая сістэма кіравання войскамі паказала высокую эфектыўнасць у час правядзення серыі вучэнняў, у т. л. аператыўна-тактычных вучэнняў «Нёман—2001», «Бярэзіна—2002» і «Чыстае неба—2003», «Шчыт Айчыны—2004».

У адпаведнасці з Ваеннай дактрынай Узбр. Сілы, інш. войскі і вайск. фарміраванні могуць быць выкарыстаны: ва ўзбр. канфліктах для дэманстрацыі рашучасці абараніць суверэнітэт, тэр. цэласнасць і недатыкальнасць граніц дзяржавы, нейтралізацыі ваен. пагрозы, блакіравання раёна магчымых ваен. дзеянняў (ваен. правакацыі), разгрому груповак праціўніка, якія ажыццявілі ўзбр. ўварванне, і ліквідацыі незаконных узбр. фарміраванняў, наўмысна сфарміраваных на тэр. Рэспублікі Беларусь, стварэння ўмоў для ўрэгулявання ваен. канфлікту; у лакальнай вайне для лакалізацыі ачага напружанасці і ажыццяўлення адэкватных дзеянняў па прадухіленні ваен. пагрозы па меры яе ўзмацнення, нанясення праціўніку максімальнай страты і прымушэння агрэсара адмовіцца ад планаў узбр. ўварвання на тэр. дзяржавы, стварэння ўмоў для спынення вайны і ўрэгулявання ваен. канфлікту на ўмовах, якія адпавядаюць інтарэсам Рэспублікі Беларусь; у рэгіянальнай вайне для ўзбр. абароны суверэнітэту і тэр. цэласнасці дзяржавы ўсімі сіламі і сродкамі, у т. л. з выкарыстаннем баявога патэнцыялу рэгіянальнай групоўкі войск (сіл) у рамках адзінай абарончай прасторы з Рас. Федэрацыяй; адбіцця нападу і нанясення паражэння праціўніку, прымушаючы яго да спынення ваен. дзеянняў на выгадных для Рэспублікі Беларусь умовах.

Узброеныя Сілы ўзаемадзейнічаюць з Пагран. войскамі, падначаленымі Дзярж. к-ту пагран. войск, Унутр. войскамі Мін-ва ўнутр. спраў, войскамі КДБ, а таксама органамі і падраздзяленнямі Мін-ва па надзвычайных сітуацыях. Ваен.-мабілізацыйную і ўлікова-прызыўную работу ў абласцях, гарадах і раёнах праводзяць ваен. камісарыяты (мясц. органы ваен. кіравання).

Агульнае кіраўніцтва Узбр. Сіламі ажыццяўляе Прэзідэнт — Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, а таксама Савет Міністраў у межах сваіх паўнамоцтваў. Непасрэднае кіраўніцтва Узбр. Сіламі ажыццяўляе міністр абароны, які персанальна адказвае за баявую і мабілізацыйную гатоўнасць, падрыхтоўку войск і штабоў для выканання задач па забеспячэнні ваен. бяспекі і ўзбр. абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасці і тэр. цэласнасці.

Міністры абароны Рэспублікі Беларусь: ген.-палк. П.​Р.​Чавус (міністр па справах абароны, снеж. 1991—крас. 1992); ген.-палк. (1992), з 1994 ген.-лейт. П.​П.​Казлоўскі (крас. 1992—ліп. 1994); ген.-палк. А.​І.​Кастэнка (ліп. 1994—чэрв. 1995); ген.-лейт., з 2001 ген.-палк. Л.​С.​Мальцаў (з чэрв. 1995 в.а., з кастр. 1995 па кастр. 1996 і з сак. 2001 міністр); ген.-лейт., з сак. 1997 ген-палк. А.​П.​Чумакоў (з ліст. 1996 в.а., са студз. 1997 да сак. 2001 міністр).

А.​Л.​Самовіч, В.​А.​Шаршун, В.​А.​Юшкевіч.

Урачыстае пастраенне роты ганаровай варты.
Бронетранспарцёр «Кобра-К» (створаны на базе БТР-70 на адным з рамонтных заводаў Беларусі).

т. 18, кн. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

інжынерныя збудаванні для выкарыстання водных рэсурсаў або барацьбы са шкодным уздзеяннем воднай стыхіі. Бываюць агульныя (выкарыстоўваюцца ў розных галінах воднай гаспадаркі) і спецыяльныя (у адной галіне). Агульныя гідратэхнічныя збудаванні: водападпорныя (плаціны, дамбы); водапрапускныя (водазаборныя збудаванні, вадаскіды, у т. л. вадазлівы і вадаспускі, вадаводы, у т. л. трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, каналы, латакі) і рэгуляцыйныя збудаванні (гаці, паўгаці, агараджальныя валы, донныя парогі, берагаўмацавальныя збудаванні і інш.). Спецыяльныя гідратэхнічныя збудаванні: збудаванні для выкарыстання энергіі вады (будынкі гідраэлектрычных станцый, напорныя басейны, ураўняльныя рэзервуары і інш.); збудаванні воднага транспарту (суднаходныя шлюзы, суднападымальнікі, докі, прычалы, пірсы, лесаспускі і інш.); рыбагаспадарчыя (рыбапрапускныя збудаванні, рыбападымальнікі, рыбаводныя сажалкі і інш.); гідрамеліярацыйныя збудаванні; збудаванні для водазабеспячэння і каналізацыі (помпавыя станцыі, воданапорныя вежы, каптажы, ачышчальныя збудаванні, у т. л. аэратэнкі і інш.).

Гідратэхнічныя збудаванні падзяляюцца таксама на рачныя, азёрныя, марскія і сеткавыя (размешчаныя на каналах асушальных, арашальных і абвадняльных сістэм); наземныя і падземныя. Пры неабходнасці іх аб’ядноўваюць у гідравузлы. У залежнасці ад асн. матэрыялу, з якога ўзводзяцца гідратэхнічныя збудаванні, адрозніваюць земляныя, каменныя, каменна-земляныя, бетонныя, жалезабетонныя, драўляныя, металічныя, з прагумаваных тканін і з сінт. матэрыялаў; у залежнасці ад спосабу ўзвядзення — насыпныя, намыўныя, выбухова-накідныя (робяцца накіраваным выбухам), маналітныя, зборныя і камбінаваныя. Пастаянныя гідратэхнічныя збудаванні (выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго перыяду эксплуатацыі) падзяляюцца на 4 класы капітальнасці, часовыя (выкарыстоўваюцца толькі ў перыяд буд-ва і рамонтаў, напр. перамычкі, адвадныя каналы і тунэлі, свідравіны для паніжэння ўзроўню грунтавых вод) адносяцца да 5-га класа. Буд-ва і выкарыстанне гідратэхнічных збудаванняў складаецца з 4 этапаў: вышуканні (вывучэнне рэльефу мясцовасці ў раёне буд-ва, гідралагічных характарыстык вадацёку, геал. будовы, клімату і інш.); праектавання (вызначэнне на аснове даных вышуканняў і водагасп. задачы асн. памераў і матэрыялаў збудаванняў, іх разлікі, выбар метадаў буд-ва); арганізацыя і правядзенне буд. работ у адпаведнасці з праектам збудаванняў; эксплуатацыя гідратэхнічных збудаванняў (кіраванне іх работай, нагляд за станам, бягучыя і капітальныя рамонты). Пры праектаванні выконваюць гідраўлічныя, гідратэхн. (фільтрацыйныя) і статычныя разлікі. Для адказных гідратэхнічных збудаванняў пры праектаванні робяць таксама лабараторныя даследаванні на мадэлях.

На Беларусі даследаванні і распрацоўку метадаў разліку гідратэхнічных збудаванняў вядуць Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, БПА і інш. Гл. таксама Гідратэхніка, Гідратэхнічнае будаўніцтва.

Літ.:

Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;

Гидротехнические сооружения: Справ. проектировщика. М, 1983;

Гидротехнические сооружения. М., 1985.

Г.​Г.​Круглоў.

Гідратэхнічныя збудаванні: а — паверхневы плоскі гідратэхнічны затвор (1 — бык, 2 — цяга, 3 — затвор); б — сярэдненапорны вежавы вадаскід (1 — затвор, 2 — вежа, 3 — земляная плаціна, 4 — трубы).
Гідратэхнічныя збудаванні: 1 — плаціна гідраэлектрастанцыі; 2 — стацыянарная помпавая станцыя на арашальнай сістэме; 3 — басейны садковай рыбнай гаспадаркі.

т. 5, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІЯ ЗА́МКІ.

Існавалі ў 11—пач. 18 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Вядомы т. зв. Замак на дзядзінцы і Малы замак.

Замак на дзядзінцы (быў стараж. цэнтрам г. Навагрудак і рэзідэнцыяй зах.-рус. і літ. князёў) заложаны на месцы гарадзішча на высокім (20 м) часткова насыпаным узгорку, т. зв. Замкавай гары, абкружанай ровам. Першыя ўмацаванні ў выглядзе кругавога абарончага вала з драўлянымі сценамі-гароднямі і астрогам узніклі ў 11 ст. У сярэдзіне 13 ст. пабудавана квадратная ў плане (12 × 12 м) 5-ярусная вежа-брама з падмуркам выш. 3,5 м, цокалем і сценамі таўшчынёй 2,75 м. У час аднаго з крыжацкіх нападаў (верагодна, 1394) гэтая вежа моцна пашкоджана, у канцы 14 ст. адноўлена; вядома пад назвамі Шчытоўка, Шчытовая ці Цэнтральная. У канцы 14 — пач. 15 ст. на тэр. замка ўзведзены яшчэ тры 3-ярусныя цагляныя вежы з байніцамі на кожным паверсе: Касцельная (9 × 9 м), Малая вежа-брама (8 × 10 м), Пасадская (7,7 × 7,7 м). Для забеспячэння замка вадой на ўсх. схіле над крыніцай была пастаўлена вынасная Калодзежная вежа (8 × 8 м). Будаўніцтва вежаў завершана да 1410. Вежы злучаліся мураванымі сценамі. Замак паспяхова процістаяў крыжацкім нападам. Далейшае ўмацаванне замка адбылося ў канцы 15 — пач. 16 ст. у сувязі з набегамі крымскіх татар. У паўн.-зах. частцы замка пабудавана вежа Дазорца (14 × 14 м), на паўд.-ўсх. схіле гары дадаткова ўзведзена Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Утварыліся 2 шматвугольныя прылеглыя мураваныя паясы абароны, адзін з якіх быў на дзядзінцы, другі — на схіле ўзгорка, перад уваходам у замак з боку горада. На замкавым двары стаялі жылыя і гасп. пабудовы. У канцы 16 — пач. 17 ст. узведзены палац, да якога прылягала капэла (канец 17 ст.). У 14—19 ст. на тэр. замка была царква, у якой да 1775 адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. У 1505 і 1506 татары двойчы асаджвалі замак, але ўзяць не змаглі. У 1706 замак узарваны шведамі.

Малы замак у 11 ст. — комплекс умацаванняў, які складаўся з землянога вала і драўляных абарончых канструкцый. У канцы 13 — пач. 14 ст. з захаду над уездам была надбудавана мураваная вежа, якая ў канцы 15 — пач. 16 ст. перабудавана ў 8-гранную. Абодва замкі ў 13 ст. былі дадаткова ўмацаваны земляным валам і ровам, якія праходзілі каля падножжа гары з паўн. і паўн.-зах. бакоў. Да 1828 ад Замка на дзядзінцы часткова ўцалелі 2 вежы: Шчытоўка і Касцельная.

М.​А.​Ткачоў.

Да арт. Навагрудскія замкі: 1 — рэшткі замка на дзядзінцы. Фота пач. 1990-х г.; 2 — рэканструкцыя В.​Сташчанюка. 1991.

т. 11, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)