ПО́ЎНАЕ ЎНУ́ТРАНАЕ АДБІЦЦЁ,

асобны выпадак адбіцця святла ці эл.-магн. выпрамянення інш. дыяпазону на мяжы падзелу двух асяроддзяў. Адбываецца, калі выпрамяненне падае на паверхню падзелу з боку аптычна больш шчыльнага асяроддзя (з большым пераламлення паказчыкам n1 пад вуглом i > iгр, дзе iгр — т.зв. гранічны (крытычны) вугал, які вызначаецца з умовы sin bгр = n2/n1, n2 — паказчык пераламлення другога асяроддзя. Пры П.у.а. эл.-магн. энергія поўнасцю вяртаецца ў аптычна больш шчыльнае асяроддзе. У другое (менш шчыльнае) асяроддзе поле пранікае толькі на характэрную адлегласць парадку даўжыні хвалі выпрамянення і яго амплітуда экспаненцыяльна затухае з аддаленнем ад мяжы падзелу. П.ў.а. выкарыстоўваецца ў аптычных прыладах (напр., прызме аптычнай) і валаконнай оптыцы.

Поўнае ўнутранае адбіццё.

т. 12, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫО́КСКА-ТЭРА́СНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На Пд Маскоўскай вобл., у даліне р. Ака, у Расіі. Засн. ў 1945 з мэтай захавання унікальнага прыроднага комплексу на мяжы хвойна-шыракалістых і шыракалістых лясоў. Пл. 4945 га. Тэрасы і тэрасападобныя ўступы. Хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. У флоры больш за 800 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 100 відаў — характэрныя прадстаўнікі стэпавай зоны (вішня стэпавая, цюльпан Біберштэйна, рабчык рускі і інш.). У фауне больш за 50 відаў млекакормячых; звычайныя лось, дзік, ліс, вавёрка, куніца, заяц-бяляк, рэакліматызаваны бабёр і казуля сібірская. У арнітафауне 130 відаў птушак, у т. л. глушэц, рабчык, цецярук, дзятлы чорны і зялёны, няясыць і інш. Гадавальнік зуброў. З 1978 біясферны запаведнік.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НЫ ВОСК,

тлушчападобнае жаўтаватае рэчыва, якое выдзяляецца васковымі залозамі пчол меданосных і выкарыстоўваецца імі для пабудовы пчаліных сотаў. На пабудову пчалінай ячэйкі ідзе каля 13—30 мг воску (50—120 васковых пласцінак). У склад П.в. ўваходзяць больш за 50 хім. злучэнняў: складаныя эфіры (да 75%), тлустыя кіслоты, вуглевадароды, вітамін А, мінер. солі, смолы, расл. пігменты і інш. Т-ра плаўлення 60—65 °C. Нерастваральны ў вадзе і гліцэрыне, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Сыравіна для атрымання П.в. — суш (васковыя нарасты, выбракаваныя соты), вытапкі, пасечная і заводская мерва. Пры сонечнай васкатопцы атрымліваецца больш чысты, светла-жоўты П.в. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, медыцыне, касметыцы, для вырабу штучных вашчын.

В.​І.​Сапега.

Пчаліны воск.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАКРЫ́ЛЫЯ (Homoptera),

раўнакрылыя хобатныя, атрад насякомых. Вядомы з ранняга карбону (каля 350 млн. г. назад). 5 падатр.: алейрадзіды, какцыды, лістаблошкі, тлі, цыкадавыя. Больш за 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. Многія віды ўтвараюць калоніі. Некат. віды шкодзяць лясным і с.-г. раслінам, ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў захворванняў раслін. На Беларусі больш за 300 відаў; кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 8 см, размах крылаў да 18 см. Галава маларухомая, ротавы апарат сысучы, з 3-членікавым хабатком. Крылаў 2 пары з аднатыпным жылкаваннем (адсюль назва), часта развіты толькі пярэднія, часам зусім адсутнічаюць. Кормяцца сокамі раслін. Даюць 1—3 пакаленні за год. Развіццё з няпоўным ператварэннем.

С.​Л.​Максімава.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАВЫХАВА́ННЕ,

свядомая, мэтанакіраваная дзейнасць чалавека на ўдасканальванне сваіх станоўчых якасцей і пераадоленне адмоўных. Элементы С. прысутнічаюць у дзяцей дашкольнага ўзросту. Патрэбнасць у самапазнанні, самааналізе і самаацэнцы пачынае праяўляцца ў падлеткавым узросце. Аднак, не маючы дастатковага сац. вопыту і псіхал. падрыхтоўкі, падлеткі не заўсёды здольныя зразумець матывы ўласных учынкаў і здзейсніць С. без дапамогі дарослых. Таму ім патрэбна тактоўнае пед. кіраўніцтва. У юнацкім узросце, калі асобныя якасці чалавека ў значнай ступені сфарміраваліся, С. становіцца больш мэтанакіраваным і ўсвядомленым. У працэсе выпрацоўкі светапогляду, прафес. самавызначэння больш яскрава выяўляецца і патрэба ў С. інтэлектуальных, маральных і фіз. якасцей асобы ў адпаведнасці з ідэаламі і каштоўнасцямі, якія ўласцівы пэўнаму грамадству, навакольнаму асяроддзю, групе. Узровень С. — вынік выхавання асобы.

т. 14, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМЦЭ́ВІЧ (Пётр Андрэевіч) (6.3.1899, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскай вобл. — жн. 1941),

бел. лінгвіст і фалькларыст. Брат В.​А.​Самцэвіча, С.​А.​Самцэвіча. Скончыў Горы-Горацкі с.-г. ін-т (1922), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1937—41). З 1923 настаўнічаў, збіраў матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, геалогіі Барысаўшчыны. Друкаваўся ў час. «Наш край». Адзін з арганізатараў Барысаўскага краязнаўчага музея, якому перадаў калекцыю прадметаў археалогіі і этнаграфіі. У 1924 перадаў Інбелкульту больш за 300 тэкстаў замоў, казак, песень, прыпевак (запісаў больш за 1000 фальклорных твораў). Паводле даручэння камісіі Інбелкульта па складанні гіст. слоўніка бел. мовы збіраў і апрацоўваў лінгвістычны матэрыял. Складаў слоўнік тапонімаў і мікратапонімаў Барысаўшчыны і Крупшчыны.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 14, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІХАТЭ́-АЛІ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК біясферны.

У Прыморскім краі (Расія) на ўсх. і зах. схілах хр. Сіхатэ-Алінь (выш. да 1600 м) і ўзбярэжжы Японскага мора. Засн. ў 1935, Пл. 347,1 тыс. га. Шмат рэк, крыніц, горных азёр. Асн. тып глеб — бурыя горна-лясныя. Лясы займаюць 99% тэр., добра вызначана паясная занальнасць. Пануюць кедроўнікі, якія ўтвараюць шматлікія асацыяцыі. У флоры больш за 1000 відаў вышэйшых раслін, у т. л. рэдкіх і знікаючых. Млекакормячых 62 віды, сярод якіх прадстаўнікі прыамурскай, маньчжурскай, японскай фауны: амурскі тыгр, чорны мядзведзь, гарал, плямісты алень, магера, янотападобны сабака; з барэальнай фауны — буры мядзведзь, лось, собаль. Больш за 320 відаў птушак, у т. л. эндэмікаў. Разводзяць гаралаў.

Сіхатэ-Алінскі запаведнік.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́Н,

група народаў (ашанты, фанты, акім, аквапім, аньі, бауле, гонджа, крачы, абронг і інш.) у Гане (больш за 7,7 млн. чал.), Кот-д’Івуар (2,3 млн. чал.) і Тога (50 тыс. чал., 1987). Мовы групы акан.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ФЕРГА́НСКІ КАНА́Л,

арашальны канал на тэр. Узбекістана (283 км) і Таджыкістана (62 км). Пабудаваны ў 1939—40. Злучае р. Нарын з Сырдар’ёй. Больш за 1000 гідратэхн. збудаванняў, з іх 50 буйных.

Вялікі Ферганскі канал.

т. 4, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́КЕЛЯ ХРЫБЕ́Т,

падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне, працяг Сярэдзінна-Атлантычнага хрыбта ў Арктычным бас. Падзяляе катлавіны Нансена і Амундсена. Даўж. больш за 1000 км; найменшая глыб. над хрыбтом 400 м. Названы ў гонар Я.Я.Гакеля.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)