раздзел тэарэтычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці сістэм з вялікай колькасцю часціц (малекул, атамаў, іонаў, электронаў, фатонаў і інш.). Вызначае ўплыў мікраструктуры рэчыва на ўсе яго фіз. ўласцівасці (дыэлектрычныя, вязкія, пругкія, акустычныя і інш.). У С.ф. ўваходзіць статыстычная тэрмадынаміка, якая вывучае ўласцівасці рэчыва ў стане статыстычнай раўнавагі (нераўнаважныя ўласцівасці і працэсы даследуе кінетыка фізічная), вызначае залежнасць паміж ціскам, аб’ёмам і т-рай у сістэме (ураўненне стану рэчыва) у адпаведнасці з характарам сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння. Метады С.ф. выкарыстоўваюцца ў тэорыі атама, атамнага ядра, радыёфізіцы, астрафізіцы і інш.
Падзяляецца на класічную і квантавую. Асновы класічнай С.ф. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. працамі Р.Клаўзіуса, Дж.К.Максвела, Л.Больцмана, Дж.Гібса. Квантавая С.ф., заснаваная на законах квантавай механікі, распрацавана ў 1-й пал. 20 ст.Матэм. аснова С.ф. — імавернасцей тэорыя. Паводзіны часціц вызначаюцца законам размеркавання — функцыяй, якая ўстанаўлівае імавернасць знаходжання любой групы часціц у пэўным інтэрвале скарасцей у зададзенай частцы аб’ёму. С.ф. паказвае сувязь закону размеркавання з тэрмадынамічнымі функцыямі, якія апісваюць сістэму як суцэльнае асяроддзе. Закон размеркавання ў энергетычным выяўленні дае імавернасць дадзенай частцы часціц мець поўную энергію ў пэўным інтэрвале значэнняў. Паводле закону размеркавання выражаюцца частковыя функцыі размеркавання (карэлятыўныя функцыі), якія вызначаюць паводзіны асобных груп малекул. Карэлятыўныя функцыі задавальняюць сістэму інтэградыферэнцыяльных ураўненняў. Асобнае значэнне маюць унарная і бінарная функцыі, праз якія вызначаюцца асн. характарыстыкі сістэмы і структура рэчыва. У нераўнаважным стане закон размеркавання становіцца складанай функцыяй часу. Аналаг карэлятыўных функцый у нераўнаважным стане — кінетычныя функцыі. У канцы 20 ст. дасягнуты значныя вынікі ў С.ф. неабарачальных працэсаў (адкрытых сістэм), у разуменні ўзнікнення ўпарадкаванасці ў першапачатковым хаатычным стане рэчыва.
На Беларусі пытанні С.ф. распрацоўваюцца ў ін-тах фіз. профілю Нац.АН, Бел.тэхнал. ун-це, БДУ і інш.
Літ.:
Боголюбов Н.Н. Проблемы динамической теории в статистической физике. М.; Л., 1946;
Ротт Л.А. Статистическая теория молекулярных систем. М., 1979;
Климонтович Ю.Л. Статистическая теория открытых систем. Ч. 1—3. М., 1995—2001;
Немцов В.Б. Неравновесная статистическая механика с ориентационным порядком. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́НЦЫЙ (лац. Strontium),
Sr, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 38, ат. м. 87,62, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 4 стабільных нуклідаў, найб. пашыраны 88Sr (82,56%). У зямной кары 3,4∙10−2% па масе. Трапляецца выключна ў выглядзе злучэнняў; вядома каля 40 мінералаў С., найб. важныя — цэлесцін і странцыяніт, ёсць С. ў прыродных мінералізаваных водах (прыблізна 24% агульных запасаў). Адкрыты ў 1790 англ. хімікам А.Крофардам, які вылучыў аксід С. са странцыяніту (адсюль назва). Метал. С. атрыманы ў 1808 Г.Дэві.
Мяккі серабрыста-белы (неачышчаны залаціста-жоўты) метал. Існуе ў 3 паліморфных мадыфікацыях; пры т-рах ад пакаёвай да 248 °C устойлівы α-Sr (шчыльн. 2630 кг/м³), tпл 768 °C. Хімічна вельмі актыўны (захоўваюць у закрытых шкляных пасудзінах пад слоем газы). На паветры пакрываецца плёнкай з аксіду SrO і пераксіду SrO2, пры награванні загараецца. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з вадой [гідраксід Sr(OH)2 больш моцная аснова, чым кальцыю гідраксід] і разбаўленымі мінер. к-тамі, з галагенамі, пры 300—400 °C з вадародам, пры t>400 °C з азотам, вугляродам, фосфарам, халькагенамі. Атрымліваюць электролізам расплаву хларыдаў С. (SrCI2; 85%) і калію або амонію, алюматэрмічным аднаўленнем SrO пры 1000 °C у Вакууме. Выкарыстоўваюць для легіравання спец. сплаваў (пераважна алюмініевых), як гетэр у электравакуумнай тэхніцы, злучэнні С.: аксід і карбанат — кампаненты аксідных катодаў электронна-вакуумных прыбораў, шкла для кінескопаў каляровых тэлевізараў, эмалей, палівы; нітрат і хларыд — кампаненты піратэхн. саставаў (афарбоўваюць полымя ў кармінава-чырв. колер); фтарыд — люмінафор, лазерны і аптычны матэрыял; тытанат SrTiO3 — сегнетаэлектрык. Лішкі С. ў арганізме чалавека прыводзяць да пашкоджвання касцявой тканкі, печані і крыві, ГДК у вадзе 8 мг/л. Пры дзяленні ядраў урану ў ядз. рэактарах у значнай колькасці ўтвараюцца β-радыеактыўныя нукліды С.: 89Sr (перыяд паўраспаду T1/2 = 50,5 сут) і 90Sr (T1/2 = 29,12 года), якія трапляюць у навакольнае асяроддзе пры выпрабаваннях ядз. зброі, аварыях на АЭС (гл.Радыеактыўнае забруджванне). Найб. небяспечны 90Sr доўгі час знаходзіцца ў паверхневым слоі Зямлі, вызначаецца высокай міграцыйнай здольнасцю, назапашваецца ў касцявых тканках жывых арганізмаў (замяшчае кальцый), што прыводзіць да ломкасці касцей і інш. шкодных уздзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
навука, якая вывучае геаграфічную абалонку Зямлі і яе структурныя часткі (прыродныя тэр. і акватарыяльныя комплексы); галіна прыродазнаўства. Падзяляецца на землязнаўства і ландшафтазнаўства. Уключае палеагеаграфію, геамарфалогію, кліматалогію, гідралогію сушы, акіяналогію, гляцыялогію, геакрыялогію, геаграфію глеб, біягеаграфію. Цесна звязана з картаграфіяй і эканам. геаграфіяй. Гал. задачы Ф.г.: выяўленне функцыян. залежнасцей паміж рознымі прыроднымі з’явамі, даследаванні ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе, рацыянальная арганізацыя тэрыторыі, рэжым яе выкарыстання і аховы. Метады даследаванняў: апісальны, параўнальны, картаграфічны, феналагічны, геафіз., геахім., матэм., стат., дыстанцыйных аэра- і касм. назіранняў і здымак.
Даследаванні па Ф.г. вядомы са стараж. часоў (працы Герадота, Арыстоцеля і інш.). Значнае развіццё атрымала ў перыяд Вялікіх геаграфічных адкрыццяў (гл. таксама Геаграфічныя адкрыцці. У станаўленне Ф.г. як самаст. навукі вял. ўклад зрабіў А.Гумбальт. У 19 ст. з Ф.г. вылучыліся біягеаграфія, гідралогія, глебазнаўства і інш. Асновы сучаснай Ф.г. закладзены ў канцы 19—20 ст. ў працах Л.С.Берга, А.І.Ваейкава, Г.М.Высоцкага, В.В.Дакучаева, А.М.Краснова, Г.Ф.Марозава, Г.І.Танфільева і інш. У развіцці яе тэорыі вял. значэнне мелі працы Берга, У.І.Вярнадскага, А.А.Грыгор’ева, К.К.Маркава; у развіцці ландшафтазнаўства — працы Д.Л.Арманда, В.А.Дзяменцьева, А.Р.Ісачанкі, К.І.Лукашова, Ф.М.Мількова, В.Б.Сачавы, М.А.Сонцава і інш.; у развіцці агульнага землязнаўства — С.В.Калесніка, А.М.Рабчыкава, М.М.Ермалаева і інш.
З дапамогай фізіка-геаграфічнага раянавання даследуюцца прасторавая дыферэнцыяцыя геагр. абалонкі (занальнасць, азанальнасць, вышынная пояснасць), выяўленне і характарыстыка сістэмы фізіка-геагр. (ландшафтных) зон, сектараў, правінцый, раёнаў. Даследаванні грунтуюцца на палявых ландшафтных здымках, стацыянарных назіраннях з выкарыстаннем матэрыялаў аэрафота- і касм. здымкі. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца для вырашэння аграпрамысл., рэкрэацыйных, меліярац., горадабудаўнічых, раённай планіроўкі і інш. задач.
На Беларусі даследаванні па Ф.г. вядуцца ў БДУ, Ін-це геал.навук. і Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН, вытв. і н.-д. установах ВА «Беларусьгеалогія», праектных установах і інш.
Літ.:
Сочава В.Б. Учение о геосистемах. Новосибирск, 1975;
Арманд Д.Л. Наука о ландшафте. М., 1975;
Котляков В.М. География в меняющемся мире. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕЛЯНЕ́ННЕ,
комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні або стварэнні і выкарыстанні расліннага покрыва ў населеных месцах і іх наваколлі з мэтай палепшыць якасць асяроддзя. Мае сан.-экалагічнае (зялёныя насаджэнні сярод забудоў, уключаючы прамысл. зоны, зніжаюць узровень шуму, затрымліваюць пыл і аэразолі, садзейнічаюць памяншэнню канцэнтрацыі дыму і шкодных газаў у атмасферы, павелічэнню іанізацыі паветра, наяўнасці кіслароду і фітагенных злучэнняў, якія валодаюць бактэрыцыднымі ўласцівасцямі і знішчаюць узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл, змяншаюць яркасць сонечнага святла і радыяцыйную т-ру і інш.), рэкрэацыйнае (месцы адпачынку), гаспадарчае (выконваюць ветраахоўную функцыю, з’яўляюцца сродкамі аптымальнага размеркавання ападкаў і паверхневага сцёку, барацьбы з эрозіяй глебы і інш.), арх.-дэкаратыўнае і эстэтычнае (ствараюць у нас. пунктах натуральнае пейзажнае асяроддзе, узбагачаюць іх арх. аблічча) значэнне. Зялёныя насаджэнні падзяляюцца на агульныя (паркі, сады, скверы, бульвары, алеі і інш.), абмежаваныя (у дварах школьных, дашкольных, лячэбных, н.-д. і інш. устаноў, у жылых раёнах) і спецыяльныя (вакол прамысл. прадпрыемстваў, водаахоўныя, проціпажарныя, супрацьэразійныя і інш.). Фарміраванне сістэмы азелянення ў розных нас. месцах залежыць ад іх геагр. становішча, мясц. кліматычных і прыродна-ландшафтных умоў (наяўныя лясныя масівы, асаблівасці рэльефу і глеб, размяшчэнне вадаёмаў), памераў, нар.-гасп. профілю і планіровачнай структуры гарадоў і пасёлкаў.
На Беларусі мэтанакіраванае азеляненне пашырылася з 17—18 ст. (гл.Садова-паркавае мастацтва). Сучаснае азеляненне ажыццяўляецца на аснове навукова-абгрунтаваных прынцыпаў і нарматываў: прадугледжваецца раўнамернае размеркаванне зялёных масіваў сярод забудовы ўсіх відаў, сувязь іх паміж сабой і з прыгараднымі лясамі і вадаёмамі, макс. захаванне існуючых насаджэнняў і інш. Зялёныя насаджэнні гарадоў займаюць каля 20% агульнай пл.гар. зямель і складаюць каля 40 тыс.га. Створана больш за 40 паркаў культуры і адпачынку, дзіцячых і старт., каля 160 агульнагарадскіх, больш за 1 тыс. садоў і сквераў, каля 50 бульвараў, існуе каля 120 зялёных зон. Састаўной ч. азелянення горада з’яўляюцца насаджэнні прыгараднай зоны: лясы, лесапаркі, лугапаркі, пладовыя сады і інш., якія ствараюць умовы для масавага адпачынку насельніцтва і садзейнічаюць аздараўленню гар. паветра. Н.-д. работа па азеляненні вядзецца ў Цэнтр.бат. садзе і Ін-це экстрым. батанікі АН Беларусі, БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.
Да арт.Азеляненне. Зялёныя насаджэнні: на вуліцы А.Міцкевіча ў Брэсце (злева); на тэрыторыі Аршанскага льнокамбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́ЛІў біялогіі,
структуры, з’явы, працэсы, якія ствараюцца і выкарыстоўваюцца для мадэліравання біял. утварэнняў, функцый і працэсаў на розных узроўнях арганізацыі жывога: ад малекулярнага да папуляцыйна-біяцэнатычнага. Ствараюцца таксама М. біял. феноменаў, умоў жыццядзейнасці арганізмаў, папуляцый і экасістэм. М. спрашчаюць біял. з’явы і працэсы, але іх стварэнне і выкарыстанне мае вял. значэнне ў развіцці тэарэт. біялогіі, біёнікі, медыцыны і інш. Адрозніваюць М біял.. матэм. (логіка-матэм., імітацыйныя) і фізіка-хімічныя.
М. біялагічныя ўзнаўляюць на лабараторных жывёлах пэўныя станы або захворванні, якія сустракаюцца ў чалавека ці жывёл, што дае магчымасць вывучаць у эксперыменце механізмы ўзнікнення, працякання і зыходу стану або хваробы, уздзейнічаць на арганізмы (напр., штучна выкліканыя генет. парушэнні, інфекц. працэсы, інтаксікацыі, злаякасныя новаўтварэнні, гіпер- або гіпафункцыі некат. органаў, неўрозы і інш.). Выкарыстоўваюцца ў генетыцы, фізіялогіі, фармакалогіі. М. матэматычныя — матэм. і логіка-матэм. апісанні структуры, сувязей і заканамернасцей функцыянавання жывых сістэм, якія ўяўляюць сабой ураўненні, што апісваюць працэс ці з’яву. Пры іх стварэнні ў асн. выкарыстоўваюць метады матэм. статыстыкі. сістэмы дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў. Яны будуюцца па выніках эксперыменту або абстрактна, фармалізавана апісваюць гіпотэзу, тэорыю ці заканамернасць біял. феномена, што патрабуе далейшай праверкі эксперыментам (прыклад матэм. М. — фізіял. з’явы — М. узбуджэння нерв. валакна). М. імітацыйныя — логіка-матэм. прадстаўленні сістэм, якія запраграмаваны для рашэння з выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій. Такія М. выкарыстоўваюць для мадэліравання ўмоўных рэфлексаў, распазнавання вобразаў, працэсаў навучання. М. фізіка-хімічныя ўзнаўляюць фіз. або хім. сродкамі біял. структуры, функцыі або працэсы і з’яўляюцца далёкім падабенствам біял. з’явы, што мадэліруецца. Больш складаныя М. будуюцца на прынцыпах электратэхнікі і электронікі, напр., электронныя схемы, якія мадэліруюць біяэл. патэнцыялы ў нерв. клетцы, мех. машыны з электронным кіраваннем, што мадэліруюць складаныя акты паводзін (утварэнне ўмоўнага рэфлексу, працэсы цэнтр. тармажэння і інш.). М. фіз.-хім. умоў існавання жывых арганізмаў або іх органаў ці клетак імітуюць унутр.асяроддзе арганізма і падтрымліваюць існаванне ізаляваных органаў або клетак, культывуемых па-за арганізмам. М. біялагічных мембран дазваляюць вы вучаць фіз.-хім. асновы працэсаў транспарту іонаў і ўздзеянне на іх розных фактараў.
Літ.:
Процессы и структуры в открытых системах: Сб. науч. тр.М., 1992;
Биомоделирование. М., 1993;
Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотац. справ.). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА (ад грэч. plasma літар. вылепленае, аформленае) у фізіцы, іанізаваны газ, у якім шчыльнасці дадатных і адмоўных зарадаў прыкладна аднолькавыя. Мае шэраг асаблівасцей, якія дазваляюць лічыць яе асобным (нараўне з цвёрдым, вадкім і газападобным) агрэгатным станам рэчыва. У стане П. знаходзяцца Сонца, гарачыя зоркі, міжзорнае асяроддзе, зоркавыя атмасферы, галактычныя туманнасці і інш. Уласцівасці П. вывучае фізіка плазмы.
У залежнасці ад ступені іанізацыі (адносін канцэнтрацыі зараджаных часціц да поўнай іх канцэнтрацыі) адрозніваюць слаба, сярэдне і поўнасцю іанізаваную П. З-за наяўнасці паміж зараджанымі часціцамі далёкадзейных (кулонаўскіх) сіл нават разрэджаная плазма з’яўляецца складана арганізаваным асяроддзем з мноствам элементарных і калект. працэсаў у ім. Штучна П. атрымліваюць з дапамогай эл. поля ў газавых разрадах, нагрэву газу, уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў, ударных хваль і інш. Уласцівасці П. ў знешніх палях апісваюцца кінетычным ураўненнем Больцмана (гл.Кінетычная тэорыя газаў) і сістэмай Максвела ўраўненняў, у якія ўваходзяць самаўзгодненыя (пэўным спосабам усярэдненыя) эл. і магн. палі. Калі ўласна плазменныя эфекты неістотныя, карыстаюцца больш грубымі набліжэннямі магнітнай гідрадынамікі. Многія ўласцівасці, характэрныя для П., маюць таксама сукупнасці носьбітаў зараду ў паўправадніках і металах; іх асаблівасць — магчымасць існавання пры нізкіх (для газавай П.) т-рах — пакаёвай і ніжэй Выкарыстанне высокатэмпературнай П. (т-ра да 108К) звязана з праблемай ажыццяўлення кіравальных тэрмаядзерных рэакцый. Найб. пашырана выкарыстанне ў тэхніцы нізкатэмпературнай (халоднай) П. (т-ра прыкладна ад 103 да 105К) у газаразрадных прыладах, газавых лазерах, магнітагідрадынамічных і тэрмаэмісійных генератарах, плазматронах, плазменных паскаральніках і інш. (гл.Плазменная тэхналогія, Плазмахімія).
На Беларусі даследаванні па фізіцы і тэхніцы П. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це з канца 1940-х г. (вывучэнне працэсаў, што працякаюць у вобласці кантакту электраразраднай П. з металамі), Ін-це фізікі з 1955 (П. эл. дугавых і іскравых разрадаў як крыніцы святла, а з 1960 — сістэматычныя даследаванні нізкатэмпературнай П.), Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Арцимович Л.А. Элементарная физика плазмы. 3 изд. М., 1969;
Трубников Б.А. Введение в теорию плазмы. Ч. 1—3. М., 1969—78;
Основы физики плазмы. Т. 1—2. М., 1983—84;
Чен Ф.Ф. Введение в физику плазмы: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МПА (франц. pompe),
машына (апарат, прылада) для напорнага перамяшчэння (нагнятання, усмоктвання) вадкасці або мех. сумесі вадкасці з цвёрдымі часцінкамі. Бываюць мех., цеплавыя і электрамагнітныя пампы. П. наз. таксама прыстасаванні для стварэння і падтрымання вакууму (вакуумныя помпы), для перамяшчэння матэрыялаў (бетонапомпы, растворапомпы, грунтавыя П. і інш.). Выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай і горнай прам-сці, сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, у гідратэхніцы, цеплаэнергетыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя мех. П. падзяляюцца на дынамічныя (у іх вадкае асяроддзе перамяшчаецца пад сілавым уздзеяннем на яго ў камеры, якая пастаянна злучана з уваходам і выхадам П.) і аб’ёмныя (вадкасць перамяшчаецца ў выніку перыяд. змен аб’ёму камеры, што папераменна злучаецца з уваходам і выхадам П.). Дынамічныя П.: лопасцевыя (цэнтрабежныя і восевыя), віхравыя, чарпаковыя, П. трэння — шнэкавыя (у т. л. лабірынтныя), дыскавыя і струменныя помпы (у т. л.гідраэлеватары, інжэктары). Аб’ёмныя П.: ротарныя (у т. л. вінтавыя, шасцерневыя, пласціністыя. радыяльна-поршневыя, аксіяльна-поршневыя помпы), зваротна-паступальныя (поршневыя, плунжэрныя, дыяфрагмавыя) і інш. Звычайна П. разам з рухавіком і перадачай уваходзіць у склад помпавага агрэгата, якія разам з трубаправодамі, рэзервуарамі для вадкасці, засаўкамі і інш. арматурай, кантрольна-вымяральнымі прыладамі складае помпавую ўстаноўку. П. — асн. абсталяванне помпавых станцый рознага прызначэння. Для перамяшчэння газаў звычайна выкарыстоўваюць кампрэсары. Першую П. (поршневую) вынайшаў стараж.-грэч. механік Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.). Вярчальныя П. (ротарныя) апісаны франц.інж. А.Рамелі ў 1588, ротарныя колаваротныя (правобраз сучасных зубчастых) — І.Лейрэхонам у 1624. Цэнтрабежная П. прапанавана франц. вучоным Д.Папенам (1689), віхравая — ням.інж. С.Хіншам (1920). У Расіі цэнтрабежныя П. пачалі вырабляць з 1880, восевыя ў СССР — з 1932.
На Беларусі цэнтрабежныя П. для розных галін прам-сці і камунальнай гаспадаркі выпускае Бабруйскі машынабуд. з-д, аксіяльна-поршневыя — гомельскі з-д «Гідрапрывод».
У.М.Сацута.
Схемы помпаў: а — цэнтрабежнай (1 — рабочае кола, 2 — вадкасць); б — восевай (1 — лопасці рабочага кола, 2 — накіравальны апарат); в — шасцерневай (1 — рабочыя шасцерні, 2 — засцерагальны клапан, 3 — усмоктвальная адтуліна); г — пласціністай (1 — ротар, 2 — пласціна, або шыбер); д — радыяльна-поршневай (1 — ротар, 2 — поршань, 3—4 — поласці ўсмоктвання і нагнятання); е — поршневай (1 — рабочая камера, 2 — поршань, 3 — шток, 4 — шатун, 5 — крывашып, 6 — махавік, К — клапаны); ж — плунжэрнай (1—2 — усмоктвальны і нагнятальны клапаны, 3 — плунжэр); з — дыяфрагмавай (1 — дыяфрагма, 2—3 — нагнятальны і ўсмоктвальны клапаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БАТ (чэш. robot ад robota цяжкая паднявольная праца, rob раб; тэрмін «Р.» упершыню ўжыў К.Чапек у 1920 як назву мех. людзей),
аўтаматычная машына, якая забяспечвае выкананне розных рухаў і некаторых інтэлектуальных функцый, уласцівых чалавеку ў працэсе яго прац. дзейнасці. Мае перапраграмавальнае прыстасаванне і інш.тэхн. сродкі, што даюць магчымасць хуткай пераналадкі для аўтам. выканання розных дзеянняў, прадугледжаных праграмай.
Першыя Р., якія імітавалі рухі і знешні выгляд чалавека, выкарыстоўваліся з пацяшальнымі мэтамі. З развіццём аўтаматызацыі вытворчасці разам з традыцыйнымі аўтаматамі сталі выкарыстоўвацца Р.-аўтаматы (прамысловыя робаты), якія мелі адну або некалькі «мех. рук», пульт кіравання або ўбудаванае прыстасаванне праграмнага кіравання. З развіццём робататэхнікі створаны разнастайныя тыпы Р. Паводле сістэм кіравання адрозніваюць Р.: праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам), адаптыўныя (з пэўнымі магчымасцямі аўтам. перапраграмавання, гл.Самапрыстасавальны робат), інтэлектныя (здольныя планаваць свае дзеянні ў залежнасці ад зменных абставін). Інтэлектныя аснашчаюцца датчыкамі апачуццяўлення, якія ўтвараюць сенсорную сістэму, прызначаную для ўспрымання, пераўтварэння, аналізу, апрацоўкі (з дапамогай ЭВМ ці мікрапрацэсара) інфармацыі пра знешняе асяроддзе, перадачы яе кіроўнаму прыстасаванню або ЭВМ вышэйшага ўзроўню. Прамысловыя Р., як правіла, выкарыстоўваюцца ў комплексе з асн.тэхнал. абсталяваннем (у робататэхнічных комплексах і інш. структурных адзінках гібкай аўтаматызаванай вытворчасці). Выкарыстанне Р. дазваляе вызваліць чалавека ад манатоннай і небяспечнай для жыцця работы, у т. л. ва ўмовах павышанай радыяцыі, высокай т-ры, пад вадой, у космасе і г.д.
Літ.:
Геттнер Р., Зейдевиц Н. Роботы сегодня и завтра: Пер. с нем. М., 1988;
Куафе Ф. Взаимодействие робота с внешней средой: Пер. с фр.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),
абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.Б.Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.І.Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙1012т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙1018т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;
Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСУРСАЗБЕРАЖЭННЕ
Аснову рэсурсазберажэння складаюць вынікі выкарыстання айчынных і замежных рэсурсазберагальных тэхналогій, якія забяспечваюць навукова і нарматыўна абгрунтаваны расход рэсурсаў ва ўмовах дасягнення зададзенай якасці прадукцыі, патрэбнай прадукцыйнасці і мінімальнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Для Беларусі праблемы аптымізацыі рэсурсаспажывання і рэсурсазберажэння маюць асаблівае значэнне; паколькі ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця краіны неабходна імпартаваць больш за палову неабходных рэсурсаў і экспартаваць большую частку вырабляемай прадукцыі. Пры высокай рэсурсаёмістасці тэхналогій і вырабаў павялічваюцца кошт і экалагічныя выдаткі, зніжаецца якасць, памяншаецца канкурэнтаздольнасць вырабляемай прадукцыі.
Навук. даследаванні ў галіне рэсурсазберажэння на Беларусі актывізаваны ў пач. 1990-х г. пасля абвяшчэння яе незалежнасці. Праводзяцца работы па планамернай рэсурсазберагальнай мадэрнізацыі прамысловых тэхналогій і вырабляемай прадукцыі на аснове ўдасканальвання метадаў канструявання, укаранення перадавых тэхналогій, выкарыстання сучасных метадаў умацавання і новых кампазіцыйных матэрыялаў, удасканальвання энергаёмістых тэхналогій, утылізацыі цяпла, узмацнення цеплааховы, выкарыстання тэхналогій рэцыклінгу матэрыялаў і інш. Гэтыя работы выконваюцца ў межах дзярж., рэгіянальных і галіновых навукова-тэхн. праграм, асобных інавацыйных праектаў. Асн. мэты Дзярж. навукова-тэхн. праграмы «Рэсурсазберажэнне» — зніжэнне рэсурсаёмістасці ствараемай і вырабляемай прадукцыі, уцягванне ў абарот мясц. рэсурсаў, у т. л. адходаў вытв-сці і спажывання. Над выкананнем заданняў гэтай праграмы працуюць каля 50 устаноў краіны. Сярод іх калектывы Бел.нац.тэхн. ун-та, БДУ, Бел.тэхнал. ун-та, НДІБел. ун-та транспарту; ін-ты Нац.АН Беларусі: цепла- і масаабмену, механікі металапалімерных сістэм, механікі і надзейнасці машын, праблем энергетыкі, механізацыі сельскай гаспадаркі; Н.-д. цэнтр праблем рэсурсазберажэння, Салігорскі ін-т рэсурсазберажэння з доследнай вытв-сцю. Прам-сці штогод перадаецца каля 25 рэсурсазберагальных распрацовак, сярэдняя акупнасць праектаў не перавышае 2 гадоў.
Стратэгічны кірунак аптымізацыі рэсурсаспажывання і зніжэння рэсурсаёмістасці валавога ўнутр. прадукту Рэспублікі Беларусь прадугледжвае паступовае рэструктураванне прамысл. вытв-сці з мэтай замяшчэння вытв-сцей традыцыйнай сярэдне- і маланавукаёмістай рэсурсамарнатраўнай прадукцыі на навука- і высоканавукаёмістыя галіны. Для гэтага распрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца перадавыя інфарм., мікра-, нана- і біятэхналогіі, тонкі хім. сінтэз, нетрадыцыйная, пераважна аднаўляльная энергетыка, «інтэлектуальныя» кампазіты, экатэхніка і экатэхналогіі, эфектыўныя тэхналогіі прадухілення і лячэння хвароб, метады аховы навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Плескачевский Ю.М., Сысоев П.В., Близнец М.М. Новый подход к ресурсосбережению. Мн., 1989;
Свириденок А.И. Об основах государственной политики Республики Беларусь в области оптимизации ресурсопотребления и ресурсосбережения: Аналитич. записка. Мн., 1996;
Свириденок А.И., Трофимов В.П. Государственная научно-техническая программа «Ресурсосбережение»: основные итоги и задачи // Ресурсосберегающие экотехнологии: возобновление и экономия энергии, сырья и материалов. Гродно, 2001. Ч. 1;
Свириденок А.И., Маскевич С.А. Научно-инновационные аспекты устойчивого развития в условиях глобализации // Бел. экон. журн. 2003. Т. 1.