А́ДАМ (Adam) Роберт (3.7.1728, г. Керколды, Вялікабрытанія — 3.3.1792),

англ. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Разам з братам Джэймсам праектаваў рацыянальныя па планіроўцы сядзібныя дамы (Кенвуд-хаўс у Лондане, 1767—69), грамадскія будынкі (ун-т у Эдынбургу, 1789—91), гар. кварталы (Адэльфі ў Лондане, 1768—72) і інш. Выкарыстоўваў строгія класічныя формы, вытанчаны дэкор, надаваў вял. значэнне афармленню інтэр’ера, мэблі.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДА́ШАЎ Садых Алекпер аглы (15.4.1905, Баку —24.12.1946),

азербайджанскі архітэктар. Акад. АН Азербайджана (1945), засл. дз. маст. Азербайджана (1940). Скончыў Азерб. політэхн. ін-т у Баку (1929). Асн. творы ў Баку (разам з М.​А.​Усейнавым); кінатэатр «Нізамі» (1934), Мін-ва харч. прам-сці і кансерваторыя (абедзве 1937—39), Музей Нізамі (1930—40-я г.). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́НКС (Jencks) Чарлз (н. 12.5.1939, г. Балтымар, ЗША),

англійскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры постмадэрнізму. Скончыў Гарвардскі і Лонданскі ун-ты. Аўтар артыкулаў і кніг па пытаннях сучаснай архітэктуры «Значэнне ў архітэктуры» (1969, у сааўт.), «Сучасныя рухі ў архітэктуры» (1973), «Мова архітэктуры постмадэрнізму» (1977), «Архітэктура позняга мадэрнізму» (1980), «Да сімвалісцкай архітэктуры» (1985).

Тв.:

Рус. пер. — Язык архитектуры постмодернизма. М., 1985.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕВІ́З ФРА́ЗІН, Алевіз (Aloisio) Новы,

італьянскі архітэктар канца 15 — пач. 16 ст. У 1503—04 пабудаваў у Бахчысараі палац хана Менглі-Гірэя (захаваўся разны мураваны партал). З 1504 па запрашэнні Івана III у Маскве, дзе, паводле летапісу, пабудаваў 11 цэркваў (не захаваліся) і Архангельскі сабор у Крамлі (1505—08), у дэкар. апрацоўцы якога выкарыстаў элементы архітэктуры італьян. Адраджэння.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕР Ян Самуэль, архітэктар 2-й пал. 18 ст. Працаваў у канцлера ВКЛ кн. Л.​Сапегі. Паводле яго праектаў пабудаваны Ружанская Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян (1779), Ружанскі касцёл Казіміра (1792, уваходзіў у комплекс базыльянскага манастыра), Дзярэчынскі палац (1786, з арх. Л.​Гуцэвічам), рэканструяваны Ружанскі Троіцкі касцёл (1779), перабудаваны Ружанскі палац (1784—86, гл. Ружанскі палацавы комплекс).

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІКРА́Т (Kallikratēs),

старажытнагрэчаскі архітэктар сярэдзіны 5 ст. да н.э.; прадстаўнік перыяду класікі. Пабудаваў на Афінскім акропалі невял. іанічны храм Ніке Аптэрас (Бяскрылай Перамогі; праект 449 да н.э., скончаны каля 420 да н.э.), Парфенон (447—438 да н.э., з Іктынам). Удзельнічаў у буд-ве так званых доўгіх сцен (каля 457—445 да н.э.) паміж Афінамі і Пірэем.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МПЕН (Campen, Kampen) Якаб ван (2.2.1595, г. Харлем, Нідэрланды — 13.9.1657), галандскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму 17 ст. Вучыўся, верагодна, у Італіі (1615—21), вывучаў творчасць А.Паладыо. Працаваў у Харлеме (1621—30). Работы ў стрыманым, крыху халодным стылі: невял. палац Маўрыцхёйс у Гаазе (1633—35, з П.​Постам), ратуша ў Амстэрдаме (цяпер каралеўскі палац; 1648—55) і інш.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́САЎ Аляксей Васілевіч (1718—20.2.1772),

расійскі архітэктар. Узначальваў арх. частку Камісіі па мураваным буд-ве С.-Пецярбурга і Масквы. Кіраваў стварэннем ген. плана Пецярбурга (1763—69), склаў праект рэканструкцыі адміралцейскай ч. горада і праекты перадмаставых плошчаў у месцы перакрыжавання р. Фантанка з гар. магістралямі. Працаваў над праектамі планіроўкі Казані (1766), Цвяры (1767), Астрахані (1768), Харкава (1768) і інш.

т. 8, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́СЕР (Passer) Арэнт (?—1637),

эстонскі скульптар і архітэктар. Паходзіў з Нідэрландаў. Працаваў пераважна ў Таліне (1589—1637) і г. Хаапсалу (1626—28). У творах апіраўся на традыцыі нідэрл. маньерызму, спалучаў выкананыя ў высокім рэльефе фігуры з пышным паліхромным арнаментам (надмагілле Понтуса дэ ла Гардзі ў Домскай царкве, 1589—95; фасад будынка брацтва Чорнагаловых, 1597, у Таліне).

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЕРМАРЫ́НІ (Piermarini) Джузепе (18.7.1734, г. Фаліньё, Італія — 18.2.1808),

італьянскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучань Л.Ванвітэлі. Працаваў інспектарам буд-ва ў Ламбардыі. З 1776 выкладаў у АМ у Мілане. Асн. творы: Палацца Бельджаёза (1773—81) і Рэале, т-р «Ла Скала» (абодва 1778) у Мілане, Палацца дэль Акадэмія Вірджыліяна ў Мантуі (фасад 1773), віла Рэале ў Монцы (1776—80) і інш.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)