КРУШЫ́НА (сапр. Казак) Рыгор

(3.12.1908 або 1907, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 27.3.1979),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1920-я г.). Скончыў Маскоўскі ін-т кінематаграфіі (1935). У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі; друкаваўся ў газ. «Беларуская газэта», «Беларускі работнік», «Раніца». З 1944 у Германіі, у 1950—60-я г. працаваў на радыёстанцыі «Свабода». З 1960-х г. у ЗША. Друкаваўся з 1925. Першы зб. «Паэзія чырвонаармейца» (1931). Лірызм, туга па Радзіме, любоў да жанчыны ў. зб-ках паэзіі «Лебедзь чорная» (1947), «Вячорная лірыка» (1963), «Хвіліна роздуму» (1968), «Вясна ўвосень» (1972), «Дарогі» (1974), «Сны і мары» (1975). Першы ў бел. паэзіі развіваў паліндром, туюг, канцону, лірычную секстыну і інш. формы верша. Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы, шмат перакладаў.

Тв.:

Выбр. творы. Нью-Йорк;

Мюнхен, 1957.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ВІЧ Павел Аркадзевіч (н. 27.6.1954, Мінск),

бел. паэт, перакладчык. Сын А.Н.Марціновіча. Скончыў БДУ (1976). З 1974 працаваў у Т-ры юнага гледача, у 1978—79 у час. «Вясёлка». Друкуецца з 1969. У зб-ках «Прадвесне» (1975), «Час бурштыну» (1977) паэт. роздум пра гісторыю і культуру роднага краю, пошукі духоўнасці. Піша пародыі, эпіграмы, сатырычныя вершы. Выдаў кн. вершаў для дзяцей «Паспяшайся ў наш звярынец» (1978), «Жыў-быў воўк» (1979), «Дзядзька Сон» (1980), «Сталёвы бусел» (1989). Складальнік кн. «Бурштынавыя пацеркі: Вершы, апавяданні, казкі літ. пісьменнікаў» (1984). На бел. мову перакладае з літ. (аповесці В.​Бубніса «Белы вецер», «Рамунас», абедзве 1978), чэшскай (раман Я.​Козака «Гняздо бусла», 1979), англ. (аповесці А.​Крысці «Нябожчыкава люстэрка», 1988, «Нямейскі леў», 1994; Дж.​Д.​Сэлінджэра «Гэпварт, 16, 1924»; Э.​Хемінгуэя «Стары чалавек і мора», абедзве 1996) і інш. моў.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭВАСЯ́Н Грант Ігнатавіч (н. 12.2. 1935, с. Ахнідзор, Арменія),

армянскі пісьменнік. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1962). Друкуецца з 1959. У кнігах аповесцей і апавяданняў «Мы і нашы горы», «Аранжавы табун» (абедзве 1962), «Жнівень» (1967), «Маці едзе жаніць сына», «Жыла зямлі» (абедзве 1973), «Наш бег», «Дрэвы» (абедзве 1978), «Ташкент» (1982), «Гаспадар» (1983) і інш. жыццё сучаснай вёскі, складаны свет чалавечых узаемаадносін, непарыўная сувязь чалавека і прыроды. Яго творам уласцівы паглыблены псіхалагізм і філас. сімволіка, тонкае паэтычнае светаадчуванне, лірызм і гумар. Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў. Дзярж. прэмія Арменіі 1983. Дзярж. прэмія СССР 1984. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Васілевіч, У.​Васілевіч, М.​Гіль, М.​Татур, Г.​Шаранговіч, А.​Шарахоўская, Г.​Шупенька.

Тв.:

Бел. пер. — Мы і нашы горы: Аповесці, апавяданні. Мн., 1988;

Рус. пер. — Твой род: Повести и рассказы. М., 1982.

Д.​Гаспаран.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НАЧ (Mináč) Уладзімір (н. 10.8.1922, г. Кленавец, Славакія),

славацкі пісьменнік. Засл. пісьменнік Чэхаславакіі (1970). Скончыў Браціслаўскі ун-т. Удзельнік Славацкага нац. паўстання 1944, падзеі якога адлюстраваў у рамане «Смерць блукае па гарах» (1948) і эпічнай трылогіі «Пакаленне» (1958—61). Жыццё пасляваен. Чэхаславакіі ў цэнтры аповесцей «Учора і заўтра» (1949), «Блакітныя хвалі» (1951), зб. апавяд. «На пераломе» (1954). Аўтар рамана пра моладзь «Ты ніколі не адна» (1962), сатыр. «Вытворца шчасця» (1965), зб-каў філас.-публіцыстычных апавяд. «Мядзведжы куток» (1960) і літ.-крытычных артыкулаў «Парадоксы» (1966), «Партрэты і лёсы» (1976), кінасцэнарыяў, рэпартажаў і інш. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Я.​Бяганская, А.​Мажэйка, У.​Дамашэвіч. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1955.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;

Жывыя і мёртвыя. Мн., 1961;

Рус. пер. — Поколение: Трилогия. М., 1974;

Избранное. М., 1982.

А.​У.​Вострыкава.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАРАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік беларуска-літоўскага летапісання апошняй чвэрці 15 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Перадае яго тэкст хоць і няпоўна (без пачатку і канца, з пропускамі ў сярэдзіне), але болей дакладна, чым інш. спісы. Заканчваецца апісаннем падзей у ВКЛ пасля смерці Вітаўта. «Пахвала Вітаўту» і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле» ў гэтым спісе не зберагліся. Н.л. грунтуецца на скарочаным агульнарус. летапісе, у якім сцісла выкладаецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, ВКЛ (канец 14—1-я трэць 15 ст.). У ім змешчаны кароткія пагадовыя запісы, апавяданні пра значныя гіст. падзеі (паход Батыя на Русь, Неўская бітва 1240 і інш.). Упершыню апублікаваны ў 1898 С.​Белакуравым, перавыдадзены М.​Улашчыкам у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Зберагаецца ў б-цы Рас. АН у С.-Пецярбургу.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НЦІЙ ПІЛА́Т (Pontius Pilatus),

рымскі пракуратар (намеснік) Іудзеі ў 26—36 г. Яго праўленне было адзначана насіллем і смяротнымі пакараннямі без суда. Зняважлівыя адносіны да рэліг. вераванняў і звычаяў іудзеяў, паборы і падатковы ўціск выклікалі шматлікія паўстанні, якія ён жорстка душыў. Паводле Іосіфа Флавія і новазапаветнай традыцыі П.П. зацвердзіў рашэнне сінедрыёна (вышэйшы іудзейскі орган самакіравання і суда) аб прыгаворы да распяцця Ісуса Хрыста. У евангельскім апавяданні аб судзе над Хрыстом П.П. «узяў вады і вымыў рукі перад народам», каб зняць з сябе віну за праліццё крыві (адсюль выраз «умыць рукі»). У 36 пасля скаргі самарыцян на крывавую расправу над імі П.П. адхілены ад пасады і адпраўлены ў Рым. Паводле Яўсевія Кесарыйскага (4 ст.) П.П. скончыў самагубствам у 39, паводле інш. крыніц забіты Неронам. П.П. — герой шэрагу твораў апакрыфічнай л-ры, выяўл. мастацтва.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКО́ЎСКІ Лявон Іосіфавіч (9.1.1896, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.8.1979),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяд. «Зялёная Амерыка» (1927), «Сівапляс» (1928), аповесцей «Блудны д’ябал» (1928) «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Міхась Тухачэўскі» (1967) гіст. раманаў «Генералісімус Сувораў» (ч. 1—2, 1947), «Адмірал Ушакоў» (1952), «Кутузаў» (1960). У 1925 у газ. «Ленинградская правда» апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гарады. Пісьма з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку — усё па-людску» і інш.). Пераклаў на рус. мову п’есы «Паўлінка» Я.​Купалы і «Вайна вайне» Я.​Коласа, раман «Мінскі напрамак» І.​Мележа, аповесць «Андрэйка» П.​Кавалёва, апавяданні М.​Лынькова, зб. апавяд. «Ніколі не забудзем!». На бел. мову яго аповесць «Канстанцін Заслонаў» пераклалі В.​Рудава і У.​Ідэльсон.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Л., 1983;

Бел. пер. — Канстанцін Заслонаў. Мн., 1976.

А.​Р.​Жакаў.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЛЕС Рыгор Львовіч (н. 23.4.1913, г. Чашнікі Віцебскай вобл.),

яўрэйскі і рус. пісьменнік. Скончыў Віцебскі пед. тэхнікум (1933), Мінскі пед. ін-т (1937). Працаваў у школах Слуцка, Навагрудка і Мінска, у газ. «Заря» (Брэст), «Зорька», час. «Вожык». Друкуецца з 1931. Піша на яўр. і рус. мовах. Аўтар. зб-каў вершаў «Пачатак» (1939), «Вершы» (1941), «Водгукі часу» (1974), аповесцей і апавяд. «Сябры і знаёмыя» (1963), «У родным кутку» (1972), «Праз цяжкі парог» (1976), «Пад ясным небам», «Не ружамі ўсланы твой шлях» (абодва 1983), «У краі светлых бяроз» (1997) і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кнігі нарысаў і апавяд. «Запіскі майго калегі» (1960), вершаў «Бяроза пад акном» (1961), «З тых жа крыніц» (1993), «Аднаактовыя п’есы» (1964, з Х.​Мальцінскім). На бел. мову яго вершы перакладалі Р.​Барадулін, Ф.​Баторын, А.​Зарыцкі, апавяданні і п’есы — М.​Татур.

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПРУНЧУ́К Віктар Пятровіч (н. 7.12.1949, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1976). З 1977 працаваў у «Сельской газете», з 1981 на Бел. тэлебачанні, з 1983 у час. «Полымя». У 1990—98 нам. старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1998 нам. гал. рэдактара час. «Всемирная литература», з 1999 гал. рэдактар час. «Корвет». З 2001 нач. упраўлення інфармацыі Беларусбанка. Друкуецца з 1977. Аўтар апавяданняў, аповесцей «Трэці сын» (1983), «Сяргей Сяргеевіч» (1985) на тэмы сучаснага жыцця. Раман «Жывеш толькі раз» (1988) пра вясковыя праблемы. Аповесць «Банальны дэтэктыў» (1989), раман «З крыві і плоці» (1990) пра няпростую працу міліцыі. Распрацоўвае маральна-этычныя і сац. праблемы.

Тв.:

Страсці. Мн., 1983;

Недзе баліць ля сэрца. Мн., 1986;

З плоці і крыві: Аповесць, раман, апавяданні. Мн., 1991;

Баю-бай, мой генерал. Мн., 1997.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЯЛЯ́НСКАЯ НІ́ВА»,

грамадска-палітычная, літ. і гасп. газета Беларускага сялянскага саюза. Выдавалася з 6.12.1925 да 7.7.1930 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Выдавец Ф.Ярэміч. Проціпастаўляла сац.-паліт. і нац. інтарэсы зах.-бел. сялянства «нацыянальна-чужому» гораду, культывавала бел. сял. традыцыі. Адстойвала сваю тактыку барацьбы за нац. незалежнасць. Друкавала вершы М.​Васілька, М.​Краўцова, Т.​Леўчыка, Улад-Ініцкага (У.​Паўлюкоўскага), Ф.​Грышкевіча, Я.​Башкіра (І.​Пачопкі), П.​Крэня, С.​Пеюна (Новік-Пеюна), П.​Сокала (Масальскага), Я.​Нарцызава (Драздовіча), апавяданні А.​Васілеўскага, С.​Грынкевіча. Змясціла агляд творчасці Я.​Купалы, зроблены Я.​Светазарам (Краўцовым), рэцэнзію на зб. паэзіі У.​Жылкі «На ростані», літ.-гіст. нататку пра Эмілію Плятар, фалькл.-этнагр. артыкулы М.​Вяршыніна, М.​Пецюкевіча, перадрук паэмы Я.​Коласа «Сымон-музыка», пераклады з Гі дэ Мапасана, А.​Дадэ, Э.​Заля. Выйшлі 199 нумароў, асобныя канфіскаваны цэнзурай.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)