ДЭЗАРЫЕНТА́ЦЫЯ (ад дэз... + арыентацыя),

1) пазбаўленне правільнай арыентацыі, правільнага ўяўлення аб чым-н. (напр., часе і прасторы).

2) Увядзенне каго-н. у зман.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІТА́НЦЫЯ (італьян. quitanza),

афіцыйная распіска ўстаноўленай формы, якая сведчыць аб прыняцці грошаў, дакументаў, каштоўнасцей асобай, што выдала К., у асобы, якой яна выдадзена.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЧЫ́ЦКІ Нікадзім, бел. мастак 18 ст. Жыў у в. Жыровічы Слонімскага р-на Брэсцкай вобл. У 1750 выканаў абраз «Цуд Георгія аб змеі».

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НА-АБХА́ЗСКІ КАНФЛІ́КТ 1990-х г. З’явіўся вынікам рэзкага абвастрэння супярэчнасцей у груз.-абх. адносінах, выкліканага незадаволенасцю Абхазіі сваім дзярж. статусам і нац. палітыкай груз. кіраўніцтва. Масавыя антыгруз. хваляванні абх. насельніцтва адбыліся ў 1964, 1967, 1978. У 1989 канфлікт выліўся ў кровапралітнае сутыкненне, якое ўдалося лакалізаваць. У лют. 1992 Вярх. Савет Грузіі прыняў рашэнне аб увядзенні ў дзеянне Канстытуцыі Груз. Дэмакр. Рэспублікі 1921, у якой Абхазская АССР як суб’ект дзярж.-прававых адносін не згадвалася. У адказ Вярх. Савет Абхазіі прыняў рашэнне аб вяртанні да Канстытуцыі рэспублікі 1925, дзе абумоўліваліся дагаворныя адносіны паміж Грузіяй і Абхазіяй. У ліп.жн. 1992 становішча ў Зах. Грузіі і Абхазіі рэзка абвастрылася. 14.8.1992 сілы нац. гвардыі Грузіі ўвайшлі на тэр. Абхазіі. Груз. кіраўніцтва заявіла, што гэта вымушаная мера, якая мае на мэце абарону камунікацый. Кіраўніцтва Абхазіі назвала дзеянні груз. боку «ўзброенай агрэсіяй супраць рэспублікі з мэтай яе акупацыі». Грузіна-абхазскі канфлікт імкліва выходзіў за рамкі Грузіі, дэстабілізуючы становішча ва ўсім каўк. рэгіёне. У канцы 1993 пачаліся груз.-абх. перагаворы пад эгідай ААН. 4.4.1994 груз. і абх. дэлегацыі падпісалі ў Маскве Дэкларацыю аб мерах паліт. ўрэгулявання, якая ўключала адмову абодвух бакоў ад выкарыстання ваен. сілы і пагадненне аб добраахвотным вяртанні бежанцаў і перамешчаных асоб. У зону грузіна-абхазскага канфлікту ўведзены міратворчыя сілы Расіі. Толькі за 1 год абодва бакі страцілі каля 10 тыс. чал., матэрыяльныя страты склалі больш як 500 млрд. руб. (у цэнах жн. 1992). У жн. 1997 у Тбілісі прынята груз.-абх. заява аб намеры бакоў завяршыць канфлікт і аднавіць адносіны мірнага жыцця і ўзаемнай павагі.

Літ.:

Белая книга Абхазии: Док., материалы, свидетельства [1992—1993]. М., 1993.

В.​С.​Клімовіч.

т. 5, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР 4/357; 6/397; 7/227, 241; 12/141

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРУЦЮНЯ́Н (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 23.9.1920, Ерэван),

армянскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1941), з 1962 выкладае ў ёй (з 1977 праф.). З 1954 кіраўнік Армянскай філармоніі. Сярод твораў: опера «Саят-Нава» (1969); «Кантата аб Радзіме» (1948), «Паданне аб армянскім народзе» (1961); сімфонія (1957); 5 канцэртаў з аркестрам для розных інструментаў; камерна-інстр. і вак. творы (у т. л. для хору а капэла); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1949, Дзярж. прэмія Арменіі 1970, 1986.

Літ.:

Еолян И. Александр Арутюнян. М., 1962.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДАЧА ЗЛАЧЫ́НЦА, экстрадыцыя,

у міжнародным праве перадача злачынца дзяржавай, дзе ён знаходзіцца, дзяржаве, грамадзянінам якой ён з’яўляецца або на тэрыторыі якой ён учыніў злачынства, для аддачы пад суд ці для выканання адносна яго суд. прыгавору. Умовы і парадак выдачы злачынца рэгламентуюцца міжнар. дагаворамі і нац. заканадаўствам. Паміж дзяржавамі СНД 22.1.1993 заключана Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па цывільных, сямейных і крымін. справах. Рэспубліка Беларусь мае таксама пагадненне аб выдачы злачынца з Кітаем, Латвіяй, Літвой і Польшчай. Асобы, якія праследуюцца па паліт. матывах, выдачы не падлягаюць.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р ЧАТЫРО́Х ДЗЯРЖА́Ў аб сумеснай абароне правоў на астраўныя ўладанні і астраўныя тэрыторыі ў раёне Ціхага акіяна.

Падпісаны 13.12.1921 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі. Прадугледжваў гарантыі ціхаакіянскіх астраўных уладанняў бакоў (у т. л. на выпадак ваен. пагрозы), скасаванне англа-японскага саюза і інш. У ходзе ратыфікацыі дагавора ў ЗША прынята папраўка аб забароне ўраду краіны без згоды кангрэса прымаць абавязацельствы па абароне ўладанняў інш. нацый на Ціхім ак., якія знаходзяцца «ў стане мандата». Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́Н VII,

(Kōnstantinos) Багранародны, Парфірародны (Porphyrogennētos; вер. 905, г. Канстанцінопаль — ліст. 959), імператар Візантыі [913—959]. З Македонскай дынастыі. Самастойна правіў з 945 (раней уладу ўзурпіраваў Раман I Лакапін). Узмацніў цэнтралізацыю дзяржавы, вёў наступальныя войны. У творы «Аб цырымоніях візантыйскага двара» змясціў звесткі пра прыезд у Канстанцінопаль кіеўскай княгіні Вольгі, калі яна прыняла хрысціянства. У кн. «Аб кіраванні імперыяй» даў апісанне Русі сярэдзіны 10 ст., упершыню згадаў крывічоў (крывітэінаў) і дрыгавічоў (другувітаў).

Тв.:

06 управлении империей: Текст, перевод, коммент. 2 изд. М., 1991.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛАГА—БРЫЯ́НА ПАКТ 1928,

міжнародны дагавор аб забароне вайны як сродку ажыццяўлення нац. палітыкі дзяржавамі. Названы паводле імя яго ініцыятараў — міністра замежных спраў Францыі А.Брыяна і дзярж. сакратара ЗША Ф.​Б.​Келага. Падпісаны 27.8.1928 у Парыжы прадстаўнікамі 15 краін, у т. л. ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, Японіі. ЗША адрасавалі запрашэнне 48 інш. дзяржавам, у т. л. СССР, далучыцца да пакта (пазней яны далучыліся). 29.8.1928 СССР першы ратыфікаваў дагавор і ініцыіраваў падпісанне Маскоўскага пратакола 1929 аб датэрміновым увядзенні ў дзеянне пакта (набыў сілу 24.7.1929).

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)