ФА́ЕР Юрый Фёдаравіч (17.1.1890, Кіеў — 3.8.1971),
расійскі дырыжор. Нар.арт.СССР (1951). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1919). З 1916 артыст аркестра, у 1923—63 дырыжор балетных спектакляў у Вял. т-ры ў Маскве. Удзельнічаў у пастаноўках балетаў: «Чырвоны мак» (1927; з 1957 пад назвай «Чырвоная кветка») і «Медны коннік» (1949) Р.Гліэра, «Полымя Парыжа» (1933) і «Бахчысарайскі фантан» (1936) Б.Асаф’ева, «Дон Кіхот» (1940) Л.Мінкуса, «Папялушка» (1945) і «Рамэо і Джульета» (1946) С.Пракоф’ева, «Гаянэ» (1957), «Спартак» (1958) А.Хачатурана. Аўтар кн. «Аб сабе, аб музыцы, аб балеце» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1947, 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРМАШЫ́НА,
медыцынскі апарат, які надае вярчальны рух бору, прызначанаму для прэпаравання цвёрдых тканак зуба. У нажных бормашынах скорасць вярчэння бора 800—1500, у электрычных — да 30 000 аб/мін. Шырока выкарыстоўваецца турбінная бормашына са скорасцю да 300 000 аб/мін, пры якой значна скарачаецца час апрацоўкі зуба і змяншаюцца болевыя адчуванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАТРЫ́ДЫ (ад грэч. apatris пазбаўлены бацькаўшчыны),
асобы, якія не маюць грамадзянства ніводнай краіны. Іх прававое становішча ў асноўным рэгулюецца нац. законамі дзяржаў і міжнар. пагадненнямі (канвенцыі аб статусе апатрыдаў 1954, аб скарачэнні безграмадзянства 1961 і інш.), якія прадугледжваюць устанаўленне для апатрыдаў статуса іншаземцаў і льготных умоў для набыцця імі грамадзянства краіны, дзе яны жывуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ НА́ДПІС,
у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД распараджэнне натарыяльнага органа аб спагнанні з даўжніка на карысць спаганяльніка грашовай сумы ці аб выпатрабаванні маёмасці, зробленае на дакуменце, які пацвярджае пэўнае абавязацельства. У населеных пунктах, дзе няма натарыяльных кантор, выканаўчы надпіс робяць выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў. Выканаўчы надпіс з’яўляецца падставай для прымусовага выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАВУІ́РАВАННЕ (ад франц. désavouer адмаўляцца, выказваць неадабрэнне),
заява пра нязгоду з дзеяннямі сваёй даверанай асобы ці аб тым, што дадзеная асоба не ўпаўнаважана дзейнічаць ад імя заяўніка. У міжнар. праве — заява кіраўніка дзяржавы ці ўрада аб тым, што дыпламат. прадстаўнік або інш.афіц. асоба дзейнічала без адпаведнага даручэння ці з перавышэннем паўнамоцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭ́НТНАЕ ПРА́ВА,
галіна заканадаўства, нормы якой рэгулююць маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя правы на стварэнне, прававую ахову і выкарыстанне вынаходстваў, карысных мадэлей і прамысл. узораў; састаўная частка заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці. Сістэма аховы правоў — выдача патэнта. У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніцай П.п. з’яўляецца Закон «Аб патэнтах на вынаходствы і карысныя мадэлі» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЕ́ССКИЙ ЛИСТО́К»,
нелегальная бальшавіцкая газета. Выдавалася з вер. 1904 да сак. 1905 Палескім к-там РСДРП на рус. мове. Першы нумар выйшаў пад назвай «Листок Полесского комитета». Асвятляла рэв. падзеі ў Расіі і Беларусі. Надрукавала паведамленне аб стварэнні Палескага к-таРСДРП, справаздачу аб распаўсюджванні ў 1904 парт. л-ры, матэрыялы, прысвечаныя рэв. руху сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЕЛЬ (Popiel),
легендарны велікапольскі князь, папярэднік дынастыі Пястаў, які правіў у г.Гнезна. Паводле найстараж. версіі, пададзенай у хроніцы Гала Ананіма (12 ст.), П. быў выгнаны з Гнезна і з’едзены мышамі. Больш познія храністы, пачынаючы з Вінцэнты Кадлубака, гавораць аб двух П. «Хроніка Велікапольская» пераносіць дзеянне падання аб П. з Гнезна ў Крушвіцу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТА́РХ (Plutarchos) з Херанеі
(каля 45 — каля 127 н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык, філосаф і пісьменнік. Вучыўся ў Афінах, жыў пераважна ў Беотыі. Быў архантам, вярх. жрацом Апалона Піфійскага ў Дэльфах. Як філосаф быў прыхільнікам вучэння Платона. Зведаў значны ўплыў піфагарэізму (вучэння аб манадзе, ліку і інш.) і акадэмічнага скептыцызму. Аднак не падзяляў матэрыяліст. і пантэістычных ідэй («Платонаўскія пытанні», «Аб псіхалогіі ў «Тымеі»); не прытрымліваўся адзінай, выразнай філас. лініі, схіляўся да пазіцый эклектыкі і дуалізму. Прызнаваў як нешта вечнае бясформенную, бяз’якасную матэрыю і божага Дэміурга, які ўпарадкоўвае «няўладжанасць» космасу, у выніку чаго матэрыя набывае гармонію і прыгажосць. Больш вядомы як гісторык. У гал. сваім творы «Параўнальныя жыццеапісанні» змясціў 50 біяграфій выдатных дзеячаў Стараж. Грэцыі і Рыма. Развіваў вучэнне аб нагляднасці, спецыфічнасці эстэт. сферы свядомасці і інш.; раскрыў сутнасць і ролю паэзіі і музыкі ў фарміраванні асобы («Аб тым як падабае юнаку чытаць паэтычныя творы», «Аб музыцы»). Разглядаў паэзію як сродак падрыхтоўкі да засваення філасофіі, музыку лічыў найважнейшым інструментам выхавання. У яго тэарэт. разважаннях філасофія, прыгажосць і мараль арганічна звязаны. Работы П. прасякнуты ідэямі гуманізму і чалавекалюбства.
Тв.:
Рус.пер. — Сравнительные жизнеописания. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994;
Соч.М., 1983;
Застольные беседы. Л., 1990;
Избр. жизнеописания. Мн., 1998.
Літ.:
Аверинцев С.С. Плутарх и античная биография. М., 1973;
Лосев А.Ф. Эллинистически-римская эстетика I—II вв. н.э.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-МАНГО́ЛЬСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Пагадненне 1921аб усталяванні дружалюбных адносін паміж РСФСР і Манголіяй, падпісана 5 ліст. ў Маскве. Паводле яго абодва бакі дамовіліся аб усталяванні дыпламат. адносін. Сав. бок адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян на тэр. Манголіі, перадаў Манголіі ўсю рас. маёмасць там. Пагадненне заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Манголіі, ператварэнне апошняй у фактычную сферу сав. ўплыву, нягледзячы на тое, што ў 1924 СССР фармальна прызнаў Манголію ч. Кітая (гл.Савецка-кітайскія пагадненні). Пратакол 1936 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 12 сак. ва Улан-Батары. Юрыдычна аформіў вуснае (джэнтльменскае) пагадненне ад 27.12.1934. Паводле яго ў выпадку пагрозы нападу на тэр.СССР або Манголіі з боку трэцяй дзяржавы абодва бакі абавязаліся прыняць меры для сваёй бяспекі, у выпадку ж ваен. нападу на адзін з бакоў — аказаць адзін аднаму ўсялякую, у т. л.ваен., дапамогу. Дагавор стаў абгрунтаваннем для ўдзелу сав. войск у Халхін-Гольскім канфлікце 1939. Дагавор 1946 аб дружбе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 27 лют. ў Маскве. У цэлым паўтараў тэкст дагавора 1936. Дагавор 1966 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 15 студз. ва Улан-Батары. Бакі абавязаліся ўмацоўваць дружбу і развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах эканам., культурнага, навук. жыцця, пашыраць сувязі ў сферах аховы здароўя, адукацыі і інш. Дагавор пацвярджаў і замацоўваў саюзніцкія адносіны паміж дзвюма краінамі.