самы вялікі востраў архіпелага Рукю, у Японіі. Пл. 1254 км². Берагі моцна парэзаны, акаймаваны каралавымі рыфамі. На ПнУ і ў цэнтр. частцы Акінава нізкагор’і (выш. да 498 м), складзены пераважна са сланцаў, вапнякоў і пясчанікаў. Астатняя тэрыторыя — нізінная раўніна. Клімат трапічны, мусонны, ападкаў 1,3—2 тыс.мм за год, летам і восенню — тайфуны. На месцы вільготных трапічных лясоў зараснікі бамбуку, хмызнякоў, рысавыя палеткі, плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Гал. горад — Наха. На Акінаве размешчаны амерыканскія ваенныя базы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́НІЯ,
дзяржава аланаў у цэнтр.ч.Паўн. Каўказа ў пач. 10 — 1-й пал. 13 ст. Вылучылася з Хазарскага каганата. Гал. горад — Магас. На чале дзяржавы — цар (найб. вядомы Дургулель — візант. васал у 1-й пал. 11 ст.). У 10—12 ст. Аланія — адзін з найб. магутных саюзнікаў Візантыі. З 12 ст. Аланія — хрысц. краіна. Сепаратызм радавой арыстакратыі пры пераемніках Дургулеля аслабіў Аланію. Як самаст. дзяржава перастала існаваць пасля сутыкненняў з мангола-татарамі ў 1222 і 1238.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБЕ́НА (Албена),
прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. За 30 км ад г. Варна, на беразе Чорнага м., непадалёку (14 км) ад курорта Залатыя Пяскі. Развіваецца з канца 1960-х г. Мяккі марскі клімат, малавоблачнае надвор’е, брызы, цёплае мора з працяглай паласой (5 км, шыр. да 500 м) пясчанага пляжа — спрыяльныя ўмовы для аздараўленчага адпачынку, клімата- і таласатэрапіі. Шмат гасцініц, кемпінгаў, культ. і старт. комплексы, прывязаныя да навакольнага ландшафту. Цэнтр адпачынку і міжнар. турызму, месца правядзення фестываляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,
тып высакагорнай расліннасці, пашыранай у альпійскім поясе. Расліны пераважна нізкарослыя, прысадзістыя, з яркімі кветкамі. Развіваюцца пры нізкіх т-рах, кароткім вегетац. перыядзе, хуткіх зменах цяпла і холаду, дастатковым увільгатненні. Тыповыя фітацэнозы — альпійскія лугі з перавагай злакаў (мятліц і інш.), прымул, гарычак, дубровак, увярэднікаў, астрагалаў, эдэльвейсаў, канюшыны і інш.; на камяністых участках — каменяломнік, крупкі і інш., зараснікі рададэндрану. Альпійская расліннасць характэрна для Альпаў, Карпат, Каўказа, Алтая, паўн., цэнтр. і ўсх. Цянь-Шаня, Гімалаяў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІНА́РЫЙ, камяністы сад,
участак у бат. садзе, скверы або парку, створаны для вырошчвання горных (альпійскіх) раслін ва ўмовах, набліжаных да натуральных; дэкар. альпінарый наз. таксама ракарыем. У бат. садах альпінарый ствараюць у навук. мэтах на штучных узгорках, дзе экспануюцца расліны пэўных горных раёнаў. Найбольшы ў рэспубліцы альпінарый у Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі. Альпінарый — адна з формаў дэкар. афармлення паркаў і сквераў. З бел. флоры ў альпінарыі выкарыстоўваюць дуброўкі, кураслепы, чубаткі, мінушкі, бурачок скальны, аўсяніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЦІ, гарбатыя зайцы (Dasyprocta),
род млекакормячых атр. грызуноў. 20 відаў. Жывуць каля рэк у трапічных лясах і сухіх саваннах Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, в-ва Трынідад і М.Антыльскіх а-воў на выш. да 2 км.
Даўж. цела 41—62 см, хваста 1—3,5 см, маса 1,3—4 кг. Афарбоўка ад ярка-залацістай (D. aguti) да цёмна-шэрай (D. fuliginosa). На доўгіх задніх нагах 3 пальцы. Добра плаваюць. Кормяцца лісцем, пладамі, арэхамі. Шкодзяць плантацыі цукр. трыснягу. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫНАМІ́Я (ад грэч. adynamia бяссілле),
амаль поўнае або поўнае спыненне рухальнай актыўнасці ў выніку парушэнняў нервова-мышачнага апарата; крайні выпадак гіпадынаміі. Узнікае пры захворваннях цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэмы, рэзкім упадку сіл пры галаданні, вымушанай поўнай мышачнай бяздзейнасці (напр., пры ложкавым рэжыме хворага), цяжкіх інфекц. захворваннях, хранічнай інтаксікацыі. Вядзе да атрафіі мышцаў, дэтрэніраванасці сардэчна-лёгачнай сістэмы, пагаршэння дзейнасці ўнутр. органаў, дысгармоніі вышэйшых вегетатыўных цэнтраў. Пры гэтым узнікаюць расстройствы эмацыянальныя і паводзін, галаўны боль, парушаецца сон, зніжаюцца рэзервовыя магчымасці арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗБУКІН (Мікалай Васілевіч) (1894, Бабруйск — 24.11.1943 ?),
бел. географ, краязнавец. У 1912—17 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. З 1917 выкладаў у Бабруйскай гімназіі, у 1921—30 на кафедры геаграфіі Інбелкульта і АН Беларусі. Адзін з арганізатараў краязнаўчага руху на Беларусі, чл.Цэнтр. бюро краязнаўства пры АН Беларусі. Асн. працы па геаграфіі Беларусі і інш. краін: «Геаграфія Еўропы» (1924), «Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў» (у сааўт.), «Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР» і інш. У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЗУНО́Ў (Пётр Аляксеевіч) (20.2.1920, в. Петрачкі Віцебскага р-на — 8.3.1992),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1938), Адэскую ваен.авіяц. школу (1940), Вышэйшыя лётна-тактычныя курсы (1947), Цэнтр. лётна-тактычныя курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу (1955). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял.Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд.-Зах., 3-м Укр., 3-м і 2-м Прыбалт. і Ленінградскім франтах: камандзір эскадрыллі, нам. камандзіра штурмавога авіяпалка. Зрабіў 138 баявых вылетаў. Да 1975 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ХАЎ,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Сумскай вобл., на р. Эсмань. 35,9 тыс.ж. (1992). Чыг. станцыя. Машынабудаванне і металаапр. (вытв-сць агрэгатных вузлоў, сродкаў выліч. тэхнікі, электраапаратуры і інш.), лёгкая, харч. (плодакансервавая, сыраробная, камбікормавая, мясная) прам-сць.
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. дакументах у 1152. З 1708 рэзідэнцыя ўкр. гетманаў, з 1772 — Маларасійскай калегіі. Шматлікія помнікі архітэктуры 17—19 ст., у т. л. Гамалееўскі манастыр (засн. ў 1702), цэрквы Мікалаеўская (канец 17 ст.), Праабражэнская (1765) і інш.