ДАЛАМІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Д.Далам’ё),
1) мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю і магнію, CaMg(CO3)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, прызматычныя, таблітчастыя. Агрэгаты грубазярністыя да шчыльных мас. Колер шаравата-белы, часам з жаўтаватым, бураватым, зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв 3,5—4. Шчыльн. 2,9—3,2 г/см³. Пашыраны пародаўтваральны мінерал пераважна асадкавага, радзей гідратэрмальнага паходжання, трапляецца і як жыльны.
2) Асадкавая карбанатная горная парода, якая складаецца на 95% і больш з Д. Асн. прымесі кальцыт, ангідрыт. Нярэдка складае глыбока расчлянёныя горныя хрыбты і масівы (напр., Даламітавыя Альпы ў Італіі). Здольная да карставання. Радовішчы вельмі шматлікія. На Беларусі выяўлена 10 радовішчаў Д. з агульнымі запасамі каля 1 млрд.т. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял і флюс у металургіі, як сыравіна ў хім. і шкляной прам-сці, сельскай гаспадарцы (для вапнавання глеб) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,
група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.
Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.
Літ.:
Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАВУ́ЗЕЛ,
комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.
Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
радовішчы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні рэчываў, раствораных у гарачых (ад 600—700 °C да 50—25 °C) мінералізаваных водах, што цыркулююць у нетрах Зямлі. Крыніцы такіх раствораў: магматычная, метамарфічная, поравая, або метэорная вада, што вызваляецца пад уздзеяннем розных геахім. і геал. працэсаў; растворанае мінер. рэчыва, выдзеленае астываючай магмай або мабілізаванае з парод, праз якія фільтруюцца падземныя воды.
Гідратэрмальныя радовішчы фарміруюцца ў шырокім інтэрвале — ад паверхні Зямлі да глыбінь больш за 10 км. Паводле саставу пераважнай часткі каштоўных кампанентаў вылучаюць 5 тыпаў руд гідратэрмальных радовішчаў: сульфідныя (медзь, цынк, свінец, малібдэн, вісмут, нікель, кобальт і інш.), вокісныя (жалеза, вальфрам, ніобій, волава, уран і інш.), карбанатныя (марганец, жалеза і інш.), самародныя (золата, серабро), сілікатныя (азбест, слюды), рэдкіх металаў (берылій, літый і інш.). Па глыбіні і т-ры ўтварэння гідратэрмальныя радовішчы падзяляюць на гіпатэрмальныя, мезатэрмальныя і эпітэрмальныя радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕЎСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1780—1870 у мяст. Вішнева Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Засн. Храптовічам як мануфактура. Працаваў на мясц. балотнай рудзе і драўняным вугалі. У першыя гады выраблялася за год 352—368 т жалеза (з-д працаваў па 40 тыдняў у год). У 1794 каваў зброю для паўстанцаў А.Т.Касцюшкі. У 1828 дзейнічалі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, 2 вадзяныя молаты, 5 чыгунных кавадлаў і інш. Вырабляў сашнікі (5 тыс. штук у 1823), паласавое жалеза, адліўкі для с.-г. інвентару і пліт. У 1860 працавалі 2 домны, 3 вагранкі, 8 кавальскіх горнаў і інш., выраблена 160 т чыгуну; агульная колькасць апрацаванага металу каля 1 тыс.т. Працавалі ад 20 (канец 18 ст.) да больш за 200 (1853) рабочых. У сувязі з вычарпаннем радовішчаў мясц. руды і канкурэнцыяй у 1870 закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНА-ЯСЯНЕ́ЦКІ (Валянцін Феліксавіч) (у манастве Лука; 27.4.1877, г. Керч, Крым — 11.6.1961),
вучоны-медык, рэліг. дзеяч. З бел. шляхецкага роду Войнаў-Ясянецкіх. Д-р медыцыны (1916). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Працаваў хірургам, земскім урачом у Чыце, Сімбірскай, Курскай і Саратаўскай губ. У 1917—30 гал. ўрач і хірург Ташкенцкай гар. бальніцы, адзін з арганізатараў Ташкенцкага ун-та. У 1923 прыняў манаства, за рэліг. дзейнасць тройчы цярпеў рэпрэсіі. У Вял.Айч. вайну хірург-кансультант эвакашпіталяў. Епіскап туркестанскі, архіепіскап краснаярскі, тамбоўскі і мічурынскі (1944), сімферопальскі і крымскі (1946). Да 1954 працягваў займацца медыцынай. Аўтар больш як 40 навук.прац. За распрацоўку пытанняў гнойнай хірургіі Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Поздние резекции при инфицированных огнестрельных ранениях суставов. М., 1944;
Очерки гнойной хирургии. 3 изд. Л., 1956.
Літ.:
Поповский М. Жизнь и житие Войно-Ясенецкого, архиепископа и хирурга: [Док. повесть] // Октябрь. 1990. № 2—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАДЖАНЫ ГАЗ,
квантавы газ, уласцівасці якога істотна адрозніваюцца ад уласцівасцей класічнага газу пры пэўных умовах. Гэта абумоўлена тоеснасцю аднолькавых часціц у квантавай механіцы (гл.Тоеснасці прынцып). Запаўненне часціцамі магчымых узроўняў энергіі залежыць ад наяўнасці на зададзеным узроўні інш. часціц. Таму залежнасць цеплаёмістасці і ціску выраджанага газу адрозніваецца ад ідэальнага класічнага газу; інакш выражаюцца патэнцыялы тэрмадынамічныя і інш. параметры.
Выраджаны газ існуе пры т-рах, меншых за тэмпературу выраджэння. Уплыў тоеснасці часціц больш істотны, пры меншай адлегласці паміж імі ў параўнанні з даўжынёй хвалі дэ Бройля. Т-ра выраджэння, што вызначае меры прыдатнасці класічнай тэорыі, вышэйшая пры меншай масе часціц газу і большай іх канцэнтрацыі. Напр., т-ра выраджэння электроннага газу ў металах каля 10000 К і таму гэты газ выраджаны пры ўсіх т-рах, пры якіх метал застаецца ў цвёрдым стане. Гл. таксама Квантавая вадкасць, Бозе-газ, Фермі-газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) у Вял.Айч. вайну ў раёне г. Гарадок Віцебскай вобл. 13—31.12.1943. Мэта аперацыі — разграміць гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідаваць т.зв. Гарадоцкі выступ, авалодаць Гарадком і наступаць у напрамку Віцебска. Удзельнічалі 11-я гв. (ген.-лейт. К.М.Галіцкі), часці 4-й ударнай, 43-й, 3-й паветр. армій, 1-ы і 5-ы танк., 3-і гв.кав. карпусы. Ім процістаялі ням.-фаш. войскі 3-й танк. арміі, 5 пях. і 1 танк. дывізіі групы армій «Цэнтр» і паўд. крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач», 2 пях. дывізіі, перакінутыя з-пад Ленінграда. У ходзе аперацыі да 20 снеж. вызвалена больш за 500 нас. пунктаў, 24 снеж. вызвалены Гарадок. У выніку Гарадоцкай аперацыі сав. войскі прасунуліся на 60 км, стварылі ўмовы для наступлення ў раёне Віцебска. 12 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,
выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасля Кастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛКА ГА́ЗАВАЯ,
прыстасаванне для спальвання газавага паліва ў быт. і прамысл. прыладах і ўстаноўках. Мае змешвальнае прыстасаванне (дзе газ змешваецца з паветрам), галоўку (забяспечвае выхад газапаветр. патоку ў топку) і агнявую частку (дзе адбываецца працэс гарэння).
Гарэлкі газавыя бываюць: факельныя (частковае і незавершанае змешванне газу з паветрам) і бесфакельныя (поўнае папярэдняе змешванне); невыдзімальныя (паветра паступае ў топку ў выніку разрэджвання), інжэкцыйныя (паветра засмоктваецца газавым струменем) і выдзімальныя, або змешвальныя (паветра падаецца ў топку вентылятарам); нізкага (да 5 кПа), сярэдняга (5—300 кПа) і высокага (больш за 300 кПа) ціску. Выдзімальныя часта робяць камбінаваныя (газамазутныя і пылагазавыя), што дазваляе пераходзіць з аднаго віду паліва на іншы. Вадкасныя гарэлкі наз.фарсункамі.
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
Гарэлка газавая: a — для ацяпляльных прылад (1 — блок гарэлак, 2 — блок кіравання); б — камбінаваная газава-мазутная для прамысловых установак (1 — рэгулятар падачы мазуту, 2 — камера змешвання, 3 — корпус гарэлкі).