ПАП ((Papp) Ласла) (н. 25.3.1926, Будапешт),

венгерскі спартсмен (бокс). Чэмпіён XIV, XV, XVI Алімп. гульняў (1948, Лондан; 1952, Хельсінкі; 1956, г. Мельбурн, Аўстралія). Чэмпіён Еўропы (1949, 1951 — сярод аматараў; 1962—66 — сярод прафесіяналаў). Выступаў у 1-й і 2-й сярэдняй вазе. Грэнер нац. каманды Венгрыі па боксе.

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУПА́ЛЬНЫ РУХ,

рух цвёрдага цела, пры якім прамая, што злучае любыя 2 пункты, перамяшчаецца паралельна самой сабе. Пры П.р. ўсе пункты цвёрдага цела апісваюць аднолькавыя траекторыі і маюць у кожны момант часу аднолькавыя па модулі і напрамку скорасці і паскарэнні. Вывучэнне П.р. цела зводзіцца да задачы кінематыкі пункта.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАХО́ДНЯ»

(«Pochodnia»),

газета, орган Наркамата асветы Літ.-Бел. ССР. Выходзіла ў сак. 1919 у Вільні на польск. мове. Друкавала матэрыялы па пытаннях развіцця нар. асветы, навукі, мастацтва ў рэспубліцы, дзейнасці культ.-асв. устаноў, змяшчала дырэктывы і пастановы Наркамасветы Літ.-Бел. ССР. Выйшлі 2 нумары: ад 16 і 31.3.1919.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1956 на базе Полацкай сярэдняй с.-г. школы па падрыхтоўцы старшынь калгасаў. Рыхтуе бухгалтараў і юрыстаў. Спецыяльнасці (2000/01 навуч. г.): бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; правазнаўства. Мае б-ку, камп’ютэрныя класы. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 12, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМАТО́ЧНЫ КАЦЁЛ,

тып паравога катла, у якім нагрэў і выпарэнне вады, а таксама перагрэў пары, ажыццяўляецца за адзін праход асяроддзя па змеевіках, што знаходзяцца ў топцы (вада падаецца ў кацёл помпай). У адрозненне ад катлоў са шматразовай цыркуляцыяй у П.к. атрымліваюць пару звышкрытычнага ціску (больш за 22,1 МПа).

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТА́ЦЫ (Ніна Барысаўна) (н. 14.5.1908, г. Цэсіс, Латвія),

бел. бібліёграф, літаратуразнавец. Засл. дз. культуры Беларусі (1963). Скончыла БДУ (1930). У 1930—92 працавала ў Нац. б-цы Беларусі (з 1945 — гал. бібліёграф аддзела бел. л-ры і бібліяграфіі). Складальнік фундаментальных бібліягр. паказальнікаў асобных выданняў бел. маст. л-ры, літ.-знаўства і крытыкі. Унікальны па шырыні зафіксаваных звестак даведнік «Беларуская савецкая драматургія, 1917—1965» (1967). Склала бібліягр. даведнікі па творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, К.​Крапівы, П.​Труса, І.​Шамякіна, П.​Панчанкі і інш. бел. пісьменнікаў. Даследуе жыццё і творчасць М.​Багдановіча: склала літ. альбом пра яго жыццё і творчасць (1968, разам з А.​Лойкам), зборнік успамінаў і біягр. матэрыялаў «Шлях паэта» (1975), бібліягр. паказальнік твораў, аўтографаў і крытычнай л-ры «Максім Багдановіч» (1977).

Тв.:

Песня Максіма. Мн., 1981;

Шляхі. Мн., 1986.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЦЯКО́Ў (Веньямін Іосіфавіч) (н. 1.8.1921, г. Бугуруслан Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. вірусолаг. Акад. АН Беларусі (1995), АМН СССР (1978, чл.-кар. 1971), Акадэміі прыродазнаўчых навук Расіі (1990), Рас. АМН (1991), д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыў 2-і Маскоўскі мед. ін-т (1943). З 1950 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (да 1986 дырэктар). Навук. працы па хіміятэрапіі вірусных інфекцый, комплексным вывучэнні кляшчовага энцэфаліту, поліяміэліту, удасканаленні прафілакт. прэпаратаў супраць шаленства, гепатыту, грыпу, герпесу. Аўтар вынаходстваў па вірусных інгібітарах, тромбалітычных прэпаратах і супраць адарвання трансплантаваных органаў.

Тв.:

Западный клещевой энцефалит. Мн., 1978 (разам з І.​І.​Протасам, В.​М.​Жданавым);

Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990 (у сааўт.);

Генерализованная герпетическая инфекция: факты и концепция. Мн., 1992 (у сааўт.).

Літ.:

Голубев Д., Солоухин В. Размышления и споры о вирусах. М., 1989. С. 219—222.

В.І.Вацякоў.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧА́НКА Васіль Максімавіч, бел. гравёр па дрэве канца 17 — 1-й пал. 18 ст.; прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Сын М.Я.Вашчанкі. Працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні (1694—1730). Большасць твораў звязана з кніжнай графікай. Выканаў ксілаграфіі: загалоўныя лісты ў кнігах «Дыёптра» (1698); «Неба новае» І.​Галятоўскага, «Перла мнагацэннае» К.​Т.​Стаўравецкага (абодва 1699), «Кніга жыцій святых» Дз.​Растоўскага (1702, загаловачны ліст з відам на Магілёў); лісты «Іаан Дамаскін», «Нараджэнне Хрыста» для «Асмагласніка» І.​Дамаскіна (1730), антымінсы 1694, 1708 («Палажэнне ў труну Хрыста») і 1723 (з Богаяўленскага манастыра ў Полацку). Яго гравюры вылучаюцца па-майстэрску пабудаванай кампазіцыяй, сялянскім тыпажам, дасканаласцю пластычнага малюнка, выразнасцю контурнай лініі.

Літ.:

Шчакаціхін М. Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пач. XVIII ст. Мн., 1925;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968.

В.​Ф.​Шматаў.

В.М.Вашчанка. Ілюстрацыя да «Кнігі жыцій святых». Ксілаграфія. 1702.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЯЛО́ЎСКІ (Сцяпан Барысавіч) (16.9.1876, Масква — 23.1.1952),

рускі і сав. гісторык. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). З 1907 чл. Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, інш. навук. т-ваў. З 1912 супрацоўнік Маскоўскага археал. ін-та. Праф. Маскоўскага ун-та (1917—25), Гісторыка-архіўнага ін-та (1938—41) і інш. З 1936 у Ін-це гісторыі АН СССР. З 1903 вывучаў архіўныя дакументы па сац.-эканам. гісторыі Расіі 17 ст. Выдаў кн. «Сошнае пісьмо. Даследаванне па гісторыі кадастру і пасошнага абкладання Маскоўскай дзяржавы» (т. 1—2, 1915—16) і дадатак да яе «Акты пісцовай справы» (т. 1—2, 1913—17). Займаўся паліт. гісторыяй Расіі канца 15 — пач. 17 ст., крыніцазнаўствам і інш. дапаможнымі гіст. дысцыплінамі, падрыхтоўкай да выдання актаў і інш. крыніц.

Літ.:

Кобрин В.Б., Аверьянов К.А. С.​Б.​Веселовский: Жизнь, деятельность, личность. М., 1989.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ГЕНАФО́НДУ,

комплекс мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні ўсёй сукупнасці відаў жывых арганізмаў з іх выяўленымі і патэнцыяльнымі спадчыннымі задаткамі. Кожны жывы арганізм на Зямлі — унікальны і непаўторны феномен эвалюцыі, у якім ёсць генет. інфармацыя (генет. рэсурс) навук. і прыкладнога значэння. Ахова генафонду — адна з формаў аховы прыроды і пашыраецца на ўсе віды жывых арганізмаў, акрамя асабліва небяспечных хваробатворных. Уключае мерапрыемствы па ахове раслін і жывёл, прапаганду унікальнасці ўсяго жывога і неабходнасці зберажэння ўсёй генет. разнастайнасці арганізмаў. Ахова генафонду неабходная для гасп., навук., экалагічных, этычных і эстэт. мэтаў. Значную ролю ў ахове генафонду адыгрываюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, генет. рэзерваты і генет. калекцыі (бат. сады, дэндрарыі, гадавальнікі, заапаркі, калекцыі насення, спораў, пылку, спермы, зародкаў і тканак арганізмаў, калекцыі мікраарганізмаў, спец. сховішча разнастайнага генет. матэрыялу і гэтак далей). Гл. таксама Ахоўныя расліны і Ахоўныя жывёлы.

т. 2, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)