1) састаўная частка сетак сувязі краіны, прызначаная для аб’яднання і размеркавання патокаў паведамленняў (тэлеграфных, тэлефонных, паштовых і інш.), што паступаюць з некалькіх (не менш як трох) напрамкаў.
2) Прадпрыемства сувязі, якое забяспечвае насельніцтва, арганізацыі і ўстановы рознымі паслугамі сувязі. Арганізуе таксама распаўсюджванне перыяд. выданняў (па падпісцы), займаецца пытаннямі тэле- і радыёвяшчання. Да вузлоў сувязі адносяць тэлеграфныя станцыі, гар. і міжгароднія тэлефонныя станцыі, паштамты, аддзяленні і агенцтвы сувязі. Забяспечваецца тэлегр. і факсімільнымі апаратамі, апаратурай абмену інфармацыяй з выліч. цэнтрамі і інш. сродкамі сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СЦЕЙКА,
высокаспецыялізаванае ўтварэнне эпідэрмісу раслін. Складаецца з 2 замыкальных клетак і міжклетніка — вусцейкавай шчыліны, якая падзяляе іх і праз якую ажыццяўляецца газаабмен, неабходны для дыхання раслін, фотасінтэзу і транспірацыі. Ноччу, а таксама ўдзень пры недастатковым водазабеспячэнні шчыліна зачыняецца. Нярэдка да замыкальных клетак прылягаюць 2 ці некалькі калявусцейкавых (т.зв. пабочных), што адрозніваюцца ад асн. клетак эпідэрмісу памерамі і формай. Разам з замыкальнымі яны ўтвараюць т.зв. вусцейкавы апарат. Колькасць (ад некалькіх дзесяткаў да 300 і болей на 1 мм² паверхні ліста), выгляд і размеркаванне спецыфічныя для кожнага віду і служаць важнай таксанамічнай прыкметай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧАЯ КАМІ́СІЯ,
калегіяльны орган у некаторых краінах СНД, які складаецца з прадстаўнікоў прац. калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт. партый, сходаў выбаршчыкаў і інш. У Рэспубліцы Беларусь выбарчыя камісіі ствараюцца для падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дэпутатаў у прадстаўнічыя органы дзярж. улады. Яны ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах, ствараюць выбарчыя акругі і выбарчыя ўчасткі, забяспечваюць складанне спісаў выбаршчыкаў, назіраюць за дакладным выкананнем парадку галасавання, вызначаюць яго вынікі і інш. Ствараюцца Цэнтр., тэрытарыяльныя, акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, парадак іх дзеяння і кампетэнцыя вызначаюцца законам. Гл.таксамаВыбарчая сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАДКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, птушаняты якіх адразу пасля вылуплівання здольныя самастойна перамяшчацца і карміцца; адно з гал. падраздзяленняў птушак па характары постэмбрыянальнага развіцця. Роля бацькоў — дапамога ў пошуках корму, абарона і перыядычнае абаграванне вывадку. У яйцах вывадкавых птушак жаўток займае да 35% аб’ёму, птушаняты вылупліваюцца відушчыя, з адкрытымі слыхавымі праходамі, укрытыя густым пухам, яны ходзяць, бегаюць, плаваюць і ныраюць, смеццевыя куры лятаюць, маюць адносна развітую тэрмарэгуляцыю. Да вывадкавых птушак адносяцца афр. страусы, нанду, казуарападобныя, ківі, гусепадобныя, курападобныя і большасць сеўцападобных. Адносна шматлікія ва ўмераных шыротах. Гл.таксамаПтушанятныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзніклі ў зоне хім. выветрывання горных парод у зямной паверхні. Фарміруюцца пры разлажэнні горных парод пад уздзеяннем вады, вуглекіслаты, кіслароду, а таксамаарган. і неарган. кіслот. Адрозніваюць: інфільтрацыйныя радовішчы, якія ўзніклі ў выніку растварэння і пераадкладу рэчываў хімічна актыўнымі воднымі растворамі, што цыркулююць у глыбіні Зямлі (некаторыя радовішчы жалеза, медзі, нікелю, урану, самароднай серы); астаткавыя радовішчы, якія сфарміраваліся на паверхні Зямлі ў выніку вынасу вадой з горных парод растваральных злучэнняў і намнажэння ў астатку цяжкарастваральных каштоўных мінералаў (некаторыя радовішчы жалеза, марганцу, нікелю, баксітаў, кааліну, магнезіту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДАЧА ЗЛАЧЫ́НЦА, экстрадыцыя,
у міжнародным праве перадача злачынца дзяржавай, дзе ён знаходзіцца, дзяржаве, грамадзянінам якой ён з’яўляецца або на тэрыторыі якой ён учыніў злачынства, для аддачы пад суд ці для выканання адносна яго суд. прыгавору. Умовы і парадак выдачы злачынца рэгламентуюцца міжнар. дагаворамі і нац. заканадаўствам. Паміж дзяржавамі СНД 22.1.1993 заключана Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па цывільных, сямейных і крымін. справах. Рэспубліка Беларусь мае таксама пагадненне аб выдачы злачынца з Кітаем, Латвіяй, Літвой і Польшчай. Асобы, якія праследуюцца па паліт. матывах, выдачы не падлягаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІХ НАПРУ́ЖАННЯЎ ТЭ́ХНІКА,
раздзел электратэхнікі, які ахоплівае вывучэнне і выкарыстанне эл. з’яў, што адбываюцца ў розных асяроддзях пры высокіх (больш за 1 кВ) напружаннях. Асн. праблема высокіх напружанняў тэхнікі — стварэнне для ЛЭП, эл. машын і ўстановак высакавольтнай ізаляцыі, якая забяспечвае іх надзейную працяглую работу і здольнасць вытрымліваць перанапружанні.
Займаецца таксама даследаваннем кароннага разраду і ВЧ-выпрамяненняў, якія ўзнікаюць на высакавольтных устаноўках; распрацоўкай і эксплуатацыяй электраўстановак, выпрабавальных і вымяральных прыстасаванняў і прылад высокага напружання. Самастойны раздзел высокіх напружанняў тэхнікі — электронна-іонная тэхналогія, што выкарыстоўваецца ў сістэмах газаачысткі, для афарбоўкі і інш. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДАВЫ́Я КО́ЛЬЦЫў раслін,
канцэнтрычныя кольцы, бачныя на папярочным зрэзе праз гадавыя слаі тканак (напр., ксілемы ў дрэвавых раслін). Памер гадавых кольцаў і суадносіны іх ранніх і позніх элементаў вызначаюць шчыльнасць і мех. ўласцівасці тканкі. Пры неспрыяльных пагодных і інш. умовах могуць утварацца несапраўдныя кольцы з больш рыхлай і цёмнай драўнінай і няроўнымі граніцамі. Па колькасці гадавых кольцаў на разрэзе каля асновы дрэва можна вызначыць яго ўзрост, а таксама клімат і інш. прыродныя з’явы мінулага (гл.Дэндракліматалогія).
Гадавыя кольцы на папярочным зрэзе ствала хвоі звычайнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУКО́Ў (Мікалай Міхайлавіч) (2.12.1874, г. Гусь-Хрустальны, Расія — 29.11.1928),
батанік, пачынальнік альгалагічных даследаванняў на Беларусі. Д-р батанікі (1912). Скончыў Маскоўскі ун-т (1898). Выкладаў у ВНУ Пецярбурга, Кіева, Масквы, Іванава-Вазнясенска. Працаваў у Петраградскім бат. садзе, а таксама на заводах К.Цэйса (г. Йена, Германія, 1905—10). З 1924 у БДУ. Навук. працы па фізіялогіі і экалогіі прэснаводных водарасцей, насеннязнаўстве. Упершыню скарыстаў ультрамікраскоп пры вывучэнні будовы раслінных абалонак і пратаплазмы. Адзін з першых паказаў значэнне канвергенцыі пры філагенезе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСАВЫ́ АПАРА́Т,
сукупнасць анатамічных структур, з дапамогай якіх у чалавека і жывёл з лёгачным дыханнем утвараюцца гукі. Складаецца з галасавых звязак — складкі са злучальнай тканкі на ўнутр. паверхні бакавых сценак гартані. Прамежак паміж імі — галасавая шчыліна. Ва ўтварэнні гукаў удзельнічаюць дыхальныя шляхі (трахея, бронхі), а таксама лёгкія. На адценні гукаў уплываюць глотка, насавая поласць з прыдаткавымі пазухамі, ротавая поласць. Паветра з лёгкіх выходзіць праз галасавую шчыліну, ад гэтага звязкі вібрыруюць і ўтвараюць гукавыя хвалі. Змена шырыні галасавой шчыліны і ступені нацягнутасці галасавых звязак уплывае на вышыню і моц гуку.