кароль і імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 973. Сын Атона I. У Германіі ўмацоўваў створаную бацькам епіскапальную сістэму, задушыў сепаратысцкі мяцеж герцага Баварскага (976). Імкнучыся захапіць паўд. Італію, пацярпеў паражэнне ад Візантыі і арабаў (982). Пры ім б.ч. палабскіх славян у выніку паўстання 983 надоўга вызвалілася ад герм. панавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФГА́НЕЦ,
мясцовы паўд.-зах. або паўд. вецер, які дзьме з Афганістана ў раёны зах. Паміра і вярхоўі Амудар’і. Сухі, моцны (скорасць 17—25 м/с), вельмі пыльны. Узнікае пры ўварванні халодных паветраных масаў у паўд. раёны Сярэдняй Азіі. У г. Тэрмез (Узбекістан) бывае да 70 дзён за год. Прыгнечвае расліннасць, наносіць шкоду сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЁК,
агульныя ці мясцовыя праявы парушэння воднага абмену арганізма, калі вада, бялкі і электраліты намнажаюцца па-за клеткамі ці ў серозных поласцях цела. Бывае пры затрымцы натрыю ў арганізме, парушэнні анкатычнага ціску, застоі крыві, запаленні, інтаксікацыі, алергіі і інш. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, дыета з абмежаваннем вадкасці і солі (ці без солі), мачагонныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЫДАФО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад лац. acidus кіслы + грэч. phobos страх),
арганізмы, якія развіваюцца толькі ў нейтральным і шчолачным асяроддзях. Да іх належаць, напрыклад, урабактэрыі, якія разбураюць мачавіну (добра растуць у шчолачным асяроддзі прыpH 8—9 і зусім не развіваюцца ў асяроддзі з pH ніжэй за 6), і вышэйшыя расліны — буракі, люцэрна, фасоля і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧА́Г ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ,
вобласць у нетрах Зямлі, дзе адбываецца хуткае перамяшчэнне (удар) масаў уздоўж тэктанічнага разрыву і вызваленне назапашанай энергіі. Памеры ачагоў землетрасення ад дзесяткаў метраў да сотняў кіламетраў (пры магнітудзе 8,5), глыб. да некалькіх сотняў кіламетраў. Вялікія ачагі землетрасення звязаны з зонамі актыўных глыбінных разломаў у тоўшчы зямной кары або верхняй мантыі. Гл. таксама Эпіцэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАХ ((Beloch) Карл Юліус Альвін) (21.1.1854, Печкендорф, Ніжняя Сілезія — 1.2.1929),
нямецкі гісторык антычнасці. Праф. Рымскага ун-та (1879). Вывучаў сац.-эканам. адносіны, упершыню выкарыстаў стат. метад пры даследаванні эканомікі старажытнасці. Распрацоўваў статыстыку народанасельніцтва ант. свету, а таксама Італіі ў сярэднявеччы і ў новы час. Прадстаўнік цыклічнасці тэорыі. У крытыцы крыніц прыхільнік гіперакрытыцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ-ВА́ДКАСЦЬ,
квантавая вадкасць з часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-вадкасці адносяцца, напр., вадкі гелій 4He, які пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, можа перайсці ў стан звышцякучасці; сукупнасць купераўскіх пар электронаў, утварэнне якіх прыводзіць да звышправоднасці. Гл. таксама Квантавая вадкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛЬЦМАНА ПАСТАЯ́ННАЯ,
адна з асноўных фіз. пастаянных, роўная адносінам універсальнай газавай пастаяннай да Авагадра пастаяннай. Пазначаецца k. Названа ў гонар Л.Больцмана. Прымяняюць прыматэм. апісанні заканамернасцяў малекулярнай фізікі і тэрмадынамікі (ураўненне стану ідэальнага газу, выраз для сярэдняй энергіі цеплавога руху малекул і інш.). Прынятае значэнне Больцмана пастаяннай k = 1,380658(12)∙10−23Дж/К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРАВА (Надзея Васілеўна) (14.12.1925, г. Саратаў, Расія — 14.12.1987),
бел. інфекцыяніст. Д-рмед.н. (1969), праф. (1970). Скончыла Саратаўскі мед.ін-т (1948). З 1955 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па дыягностыцы грыпу, брушнога тыфу, клініцы дыфтэрыі, краснухі, язвавых калітаў, антыбіётыкавай тэрапіі прыінфекц. хваробах, вакцынатэрапіі поліяміэліту, хранічнага гепатыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРМАШЫ́НА,
медыцынскі апарат, які надае вярчальны рух бору, прызначанаму для прэпаравання цвёрдых тканак зуба. У нажных бормашынах скорасць вярчэння бора 800—1500, у электрычных — да 30 000 аб/мін. Шырока выкарыстоўваецца турбінная бормашына са скорасцю да 300 000 аб/мін, пры якой значна скарачаецца час апрацоўкі зуба і змяншаюцца болевыя адчуванні.