ВЯЛЮ́ГІН (Анатоль Сцяпанавіч) (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),
бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.
Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1948). Удзельнік Вял.Айч.вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;
Адрас любві. Мн., 1964;
Вершы і балады. Мн., 1969;
Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.
Літ.:
Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;
Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;
Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЗДЭН (Dresden),
горад на У Германіі, на р. Эльба. Адм. ц. зямлі Саксонія. 519,9 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 600 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: эл.-тэхн. (трансфарматары, халадзільнікі, цеплатэхн. і вакуумнае абсталяванне), радыёэлектронная (асабліва паўправаднікі), прылада-буд., аптычная (вытв-сць кіна- і фотаоптыкі), паліграф., трыкат., швейная, абутковая, мэблевая, харчасмакавая (у т. л. тытунёвая, піваварная, шакаладная і інш.), дакладнае машынабудаванне (рэнтгенаўскія апараты, кіна- і фотаапаратура), вытв-сць станкоў, рачных суднаў, хім.-фармацэўтычных прэпаратаў. Традыцыйная вытв-сць фарфоравых і шкляных вырабаў. Тэхн.ун-т. Цэнтр ядз. даследаванняў.
Першапачаткова вёска палабскіх славян (наз. Дрэздзаны). Горад засн. ў 1216 у ходзе герм. каланізацыі, з 1403 меў гар. правы. З 1485 рэзідэнцыя герцагаў альберцінскай лініі саксонскага княжацкага роду Ветынаў. Месца заключэння Дрэздэнскага міру 1745. Акупіраваны прускімі войскамі (1756—59) і значна разбураны ў Сямігадовую вайну 1756—63. З 1806 сталіца Саксоніі. У перыяд напалеонаўскіх войнаў каля горада адбылася Дрэздэнская бітва 1813. Значныя сац. хваляванні ў час рэвалюцый 1830, 1848—49 і рэв. крызісу 1923 у Германіі. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны бамбардзіроўкамі англа-амер. ВПС. З мая 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі. У 1949—90 у складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі, з 1990 — аб’яднанай ФРГ.
Аблічча Д. вызначаюць паркі (палацава-паркавы ансамбль Пільніц, 1720—24; арх. М.Д.Пёпельман) і масты цераз Эльбу, што злучаюць Стары горад з Новым, забудаваным пераважна ў 19—20 ст. У Старым горадзе захавалася адносна правільная сярэдневяковая сетка вуліц з цэнтр.пл. Постплац. Замак (засн. каля 1200, пабудаваны ў 15—19 ст.) разам з прылеглай сярэдневяковай і барочнай забудовай стварае ядро «Фронту Эльбы» (тэрасу Бруля). Сярод інш. славутасцей барочны палацавы ансамбль Цвінгер (1711—22, арх. Пёпельман), царква Гофкірхе (1738—56, арх. Г.К’яверы), будынак Дрэздэнскай карціннай галерэі і інш. Амаль цалкам адноўлены пасля 2-й сусв.вайны. Музеі: Дрэздэнская карцінная галерэя, гіст. музей, Збор фарфору «Зялёны звод» (калекцыя саксонскіх ювелірных вырабаў), Музей нар. мастацтва і інш.
Дрэздэн. Панарама горада.Да арт.Дрэздэн. Б.Белота. Плошча Новага рынку ў Дрэздэне. 1749—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕ́Р (Homēros),
паўлегендарны паэт Стараж. Грэцыі. З антычных часоў яму прыпісваецца аўтарства паэм «Іліяда» і «Адысея» — класічных узораў стараж.-грэч. эпасу, якія зрабілі вял. ўплыў на еўрап. і сусв. л-ру. Паводле легенды Гамер — сляпы вандроўны пясняр. Яго біяграфія, час і ўмовы стварэння паэм дакладна не высветлены, што спрыяла ўзнікненню т.зв. «гамераўскага пытання». Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што Гамер (ці іншы паэт, аўтар эпасу) жыў у г. Смірна (іанічная М. Азія) ці на в-ве Хіяс прыкладна ў 8 ст. да н.э.; выкарыстоўваючы фалькл. традыцыю — гераічныя песні, казанні і маст. сродкі нар. творчасці (яркія эпітэты, разгорнутыя параўнанні і інш.), ён стварыў «Іліяду». Паводле іх меркавання, «Адысея» з’явілася пазней (на мяжы 8—7 ст. або ў пач. 7 ст. да н.э.) і не належыць Гамеру. Абедзве паэмы грунтуюцца на матэрыяле міфаў пра Траянскую вайну, якая адбылася паміж траянцамі і грэкамі ў 13—12 ст. да н.э. «Іліяда» (назва ад г. Іліён (Троя)] апавядае пра падзеі дзесятага года вайны і ўслаўляе воінскую доблесць. У «Адысеі» пераважае быт. і казачны матэрыял, звязаны з падарожжамі, прыгодамі і вяртаннем Адысея на в-аў Ітака, услаўляецца чалавечы розум і прага да пазнання свету. Напісаныя гекзаметрам паэмы «Іліяда» і «Адысея» дэманструюць урачыстасць і велічнасць эпічнага стылю, з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі паэтычнай творчасці. На Беларусі яны вядомы са стараж. часоў. На іх спасылаўся ў сваіх пропаведзях Клімент Смаляціч, Сімяон Полацкі назваў Гамера «пресловутым Омиром». Ф.Скарына выкарыстоўваў літ. форму экфразіса (маст. апісання твора), якая бярэ пачатак ад Гамера. Да «Іліяды» і «Адысеі» неаднаразова звяртаўся ў сваім творы «Пра свецкую ўладу» С.Будны. Цытаваў Гамера ў трактаце «Аб абавязках» С.Кашуцкі. На бел. мову ўрывак з «Іліяды» («Развітанне Гектара з Андрамахай») перакладаў Ю.Дрэйзін; цалкам пераклаў Б.Тарашкевіч, але захаваліся толькі ўрыўкі, фрагменты з «Адысеі» — А.Клышка.
Тв.:
Бел.пер. — У кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991. С. 264—303;
Рус.пер. — Илиада;
Одиссея. М., 1967.
Літ.:
Лосев А.Ф. Гомер. М., 1960;
Сахарный Н.Л. Гомеровский эпос. М., 1976;
Ярхо В.Н. Гомеровский эпос // История всемирной литературы. М., 1983. Т. 1;
Малюковіч С.Д. Гамераўская традыцыя ў беларускай літаратуры // Славянские литературы в контексте мировой. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РТНЫ (Цішка) (сапр.Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел.нац. камісарыята, рэдактар газ.«Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж.выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦККП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл.ЦБКП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл.ЦККП(б)Б (1927—29), чл.ЦВКБССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.
Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз.вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, А.Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮГО́ ((Hugo) Віктор Мары) (26.2.1802, г. Безансон, Францыя — 22.5.1885),
французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1841). У ранні перыяд творчасці (паэт.зб. «Оды і розныя вершы», 1822; «Оды і балады», 1826; раманы «Ган Ісландзец», 1823; «Бюг Жаргаль», 1826) эвалюцыяніраваў ад падтрымкі манархіі да ліберальна-дэмакр. поглядаў, ад класіцызму да рамантызму. У зб. «Усходнія матывы» (1829) пра нац.-вызв. барацьбу грэкаў заявіў аб сабе як рэфарматар паэзіі — стваральнік разнастайных рыфмаў і гнуткіх рытмаў, арыгінальнай строфікі. У «Прадмове» да драмы «Кромвель» (1827), прызнанай эстэт. маніфестам франц. рамантызму, вылучыў і абгрунтаваў тэорыю кантрастаў і гратэску, якую рэалізаваў у рамант. драмах «Марыён Дэлорм» (нап. 1829), «Эрнані» (1830), «Кароль забаўляецца» (1832), «Руі Блаз» (1838) і інш. Антыманархічны, вольналюбівы настрой драм, напісаных на гіст. сюжэты, адпавядаў рэв. зрухам у Францыі напярэдадні і пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У атмасферы бурлівых паліт. падзей напісаў гіст. раман з жыцця Францыі 15 ст. «Сабор Парыжскай Божай маці» (1831). Тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю вызначаліся лірычныя зб-кі «Лісце восені» (1831), «Песні змроку», «Унутраныя галасы» (1837), «Промні і цені» (1840). Пасля дзярж. перавароту 1851 эмігрыраваў з Францыі. У перыяд выгнання, які працягваўся 19 гадоў, у Гюго праявіўся талент публіцыста і сатырыка (паліт. памфлет «Маленькі Напалеон», 1852; паэт.зб. «Адплата», 1853). У раманах «Адвержаныя» (1862), «Працаўнікі мора» (1866), «Чалавек, які смяецца» (1869) паказаў кантрасты галечы і багацця, улады і бяспраўя, жорсткасці і велікадушнасці. Асэнсоўваючы сац. канфлікты ў маральным аспекце, аўтар зыходзіў з ідэаліст. разумення гісторыі як спрадвечнай барацьбы двух пачаткаў — цёмнага дэманічнага і светлага боскага. Вяршыня паэзіі Гюго — зб. «Сузіранні» (т. 1—2, 1856), своеасаблівы лірычны дзённік паэта. Аўтар паэт.зб. «Грозны год» (1872) пра падзеі франка-прускай вайны і Камуны, гіст. рамана «Дзевяноста трэці год» (1874) пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст. У 1883 завяршыў 3-ю серыю ліра-эпічнага цыкла «Паданне стагоддзяў» (1-я серыя — 1859, 2-я — 1877). На бел. мову перакладзены раманы «Адвержаныя» (1938) і «Дзевяноста трэці год» (пер. Я.Маўра, 1937). Творы Гюго перакладалі таксама Э.Агняцвет, А.Астрэйка, Ю.Гаўрук, С.Ліхадзіеўскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. В 7 т.Т. 1—3. М., 1994.
Літ.:
Моруа А. Олимпио, или Жизнь Виктора Гюго: Пер. с фр.М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯБО́ВІЧЫ,
ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Ляліва». Некат. даследчыкі выводзяць род ад Гедзіміна або ад маршалка літоўскага Манвіда. Найб. верагодна, што Глябовічы паходзяць ад баяр Смаленскай ці Полацкай зямлі. Валодалі г. Дуброўна, Заслаўе, маёнткамі ў Мазырскім, Ігуменскім, Аршанскім, Навагрудскім пав., на Смаленшчыне, Віцебшчыне, у Польшчы. Першы дакладна вядомы прадстаўнік роду — смаленскі ваявода Глеб (15 ст.), які меў сыноў Станіслава, Пятра і Юрыя. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Станіслаў Глебавіч (?—1513), намеснік мерацкі (1492), віцебскі (1495), браслаўскі (1501), полацкі (1502), маршалак дворскі (1492—1511), ваявода полацкі (1505). Удзельнічаў у пасольствах у Маскву ў 1492, 1499, 1503, 1504, 1511. Пётр Глебавіч (? — пасля 1522), намеснік навагрудскі (1502), крэўскі (1511—22). Юрый Глебавіч (? — пасля 1520), намеснік смаленскі (1492—99), староста жамойцкі (1494), намеснік аршанскі і аболецкі (1500—01), віцебскі (1503—08), смаленскі (1508—14), староста мерацкі (1514), ваўкавыскі (1520). У 1506 у складзе пасольства ў Маскву. Мікалай Юр’евіч (?—1514), сын Юрыя Глебавіча, староста драгічынскі і слонімскі. У бітве на Вядрошы 1500 разам з К.Астрожскім трапіў у палон да рускіх, вярнуўся ў 1511. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 у 1513 узначальваў абарону Смаленска. Ян Юр’евіч (?—23.4.1549), сын Юрыя Глебавіча, маршалак гаспадарскі (1516—42), дзяржаўца мсціслаўскі (1527), ваявода віцебскі (1528), полацкі (1532), віленскі (1542), староста бабруйскі (1542), канцлер ВКЛ (1546). Быў прыхільнікам каралевы Боны і саюзу з Польшчай, пазней далучыўся да прыхільнікаў самастойнасці ВКЛ. Ян Янавіч (1544—90), сын Яна Юр’евіча, дзяржаўца упіцкі (1584), кашталян мінскі (1572), староста анікштынскі (1575), радашковіцкі (1576), падскарбі земскі і пісар ВКЛ (1580), кашталян трокскі (1585), ваявода трокскі (1586), староста упіцкі (1587). У Лівонскую вайну 1558—83 вызначыўся пры абароне Полацка ад войска Івана IV, трапіў у палон. Вярнуўшыся ўдзельнічаў у штурме Полацка, аблозе Пскова. Дзеяч Рэфармацыі. Мікалай Янавіч (? — 18.11.1632), сын Яна Янавіча, староста анікштынскі, падстолі ВКЛ (1605), ваявода смаленскі (1611), кашталян віленскі (1621). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, паходу на Маскву. Юрый Мікалаевіч (Ежы Кароль; — 18.4.1669), сын Мікалая Янавіча, староста анікштынскі, падстолі ВКЛ (1639), стольнік ВКЛ (1643), ваявода смаленскі (1643), староста жамойцкі (1653), ваявода віленскі (1668). Удзельнік перагавораў з Б.Хмяльніцкім і з Расіяй у 1659—66. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1915—18,
аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рус. армій у 1-ю сусв. вайну. Утвораны 12(25).8.1915. Штаб у Мінску, з 22.2.1918 у Смаленску, з 24.3.1918 у Тамбове. Ўваходзілі арміі: 1-я (да крас. 1916), 4-я (да кастр. 1916), Асобая (снеж. 1916 — ліп. 1917), 2, 3 і 10-я (да сак. 1918). Фронт размяшчаўся на Маскоўскім стратэг. напрамку працягласцю каля 500 км ад мяст. Відзы да р. Прыпяць. У маі 1917 налічваў каля 1560,9 тыс.чал. У тыле З.ф. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага (Магілёў).
У вер. 1915 войскі З.ф. вялі баі па ліквідацыі кав. групоўкі ворага, якая ў выніку Свянцянскага прарыву 1915 выйшла ў глыбокі тыл фронту і да кастр. 1915 адкінулі яе да лініі азёр Нарач—Свір. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—воз. Нарач—Баранавічы—Пінск. Войскі З.ф. ў сак. 1916, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у чэрв.—ліп. 1916 падтрымалі наступленне Паўн.-Зах. фронту Баранавіцкай аперацыяй 1916. Абедзве аперацыі скончыліся няўдачай. Паражэнні, бяссэнсавая гібель людзей, дрэннае забеспячэнне боепрыпасамі выклікалі незадаволенасць салдат, спрыялі разлажэнню рус. арміі. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 на 1.9.1917 на З.ф. дзейнічалі 7284 вайск. к-ты, у склад якіх было абрана 4825 афіцэраў, 1598 ваенных чыноўнікаў, 54 467 салдат. Наяўнасць гэтых арг-цый у войсках, а таксама пастаянны ўплыў Мінскага і інш. Саветаў фактычна стварылі на З.ф. двоеўладдзе. Паводле плана летняга 1917 наступлення рус. арміі войскі З.ф. сіламі 10-й арміі наносілі дапаможны ўдар у напрамку Вільні, але наступленне 9(22).7.1917 скончылася няўдачай. З.ф. адыграў важную ролю ў тым, што бальшавікі прыйшлі да ўлады. Сав. ўлада на З.ф. была абвешчана 20—25.11(3—8.12).1917 на 2-м з’ездзе армій Зах. фронту. Салдаты фронту актыўна адгукнуліся на прапанову Саўнаркома спыніць ваен. дзеянні, дагавор аб часовым прымірэнні быў падпісаны 21.11—(4.12).1917. У снеж. 1917 — студз. 1918 з З.ф. былі адпраўлены на франты грамадз.вайны каля 15 «найбольш моцных» палкоў пяхоты і Зартыл. брыгады, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Наступленне германскіх войск на З.ф. пачалося раніцай 18.2.1918. Пры адсутнасці неабходных сіл у войсках З.ф. пачаліся паніка і адступленне. З.ф. старой рус. арміі практычна спыніў сваё існаванне.
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991.
нелегальная камуніст.арг-цыя моладзі Зах. Беларусі ў 1924—38. Існаваў як тэр. аўтаномная частка Камуністычнага саюза моладзі Польшчы (КСМП). Яго дзейнасць накіроўвалі КСМП і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — ЦК. Пасля адыходу ў 1921 Зах. Беларусі да Польшчы разрозненыя камсамольскія арг-цыі пачалі адраджаць сваю дзейнасць. Скліканая ЦККПЗБ у студз. 1924 камсамольская канферэнцыя Зах. Беларусі прыняла рашэнне пра стварэнне адзінага саюза — КСМЗБ. У яго аснову быў пакладзены прынцып дэмакр. цэнтралізму, а ўся структура і дзейнасць рэгламентаваліся ў адпаведнасці са Статутам камсамола Польшчы. Нізавым звяном КСМЗБ былі ячэйкі (ад 3 да 7 чл.), якія аб’ядноўваліся ў раённыя (гарадскія), а тыя — у акр. арг-цыі. У розныя гады КСМЗБ падзяляўся на 6—10 акруг, аб’ядноўваў ад 1200 (1925) да 3500-4000 (1932) членаў; у іх ліку было 80% сялян, 83% беларусаў, каля 15% яўрэяў. КСМЗБ дапамагалі КП(б)Б і камсамол БССР. У Мінску з 1925 дзейнічала школа для парт. і камс. функцыянераў Зах. Беларусі; на тэр.БССР КСМЗБ правёў свой адзіны з’езд (сак. 1931, в. Сляпянка пад Мінскам) і III канферэнцыю (1932). КСМЗБ накіроўваў барацьбу сялянскай, рабочай, вучнёўскай моладзі за сац. і нац. вызваленне, за дэмакр. свабоды, за ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. супраць пагрозы вайны і інш. У сярэдзіне 1930-х г., ён дапамагаў КПЗБ праводзіць лінію па стварэнні адзінага антыфаш. фронту. Выдаваў свае газ. і час.: «Малады камуніст», «Малады змагар», «Пад сцягам камсамола», «Камсамолец» (на бел., польск., рус. і яўр. мовах) і інш. На працягу ўсёй сваёй гісторыі КСМЗБ праследаваўся ўладамі, да 73 яго членаў знаходзілася ў турмах. Кіруючымі дзеячамі КСМЗБ у розныя часы былі: В.З.Харужая, М.М.Дворнікаў, В.П.Ласковіч, Я.І.Скурко (М.Танк), П.Пестрак, І.Я.Дабрыян, С.В.Прытыцкі, Л.Р.Шайкоўскі і інш. КСМЗБ спыніў дзейнасць у 1938 у сувязі з беспадстаўным роспускам Камінтэрнам Кампартыі Польшчы, у т. л.КПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОС-А́НДЖЭЛЕС (Los Angeles),
горад на ПдЗ ЗША, у штаце Каліфорнія. 3448,6 тыс.ж., з прыгарадамі каля 7,8 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Канцавы пункт транскантынентальнай чыг. Нью-Йорк—Чыкага—Л.-А. Адзін з найб. партоў краіны. 7 аэрапортаў, у т. л. міжнародны. Важны прамысл. цэнтр краіны, вядучы эканам. і навук. цэнтр Захаду ЗША. Буйнейшы цэнтр авіяракетнай прам-сці (канцэрны Локхід і Дуглас). Прам-сць: радыёэлектронная (у т. л.вытв-сцьЭВМ і інш. абсталявання), прыладабуд., металаапр., аўтамаб., суднабуд., нафтаперапр., хім., паліграф., швейная, харч., гумавая, мэблевая. Здабыча нафты (на тэр. горада і шэльфа). Гал. цэнтр кінапрамысловасці і відэабізнесу (Галівуд). 3 ун-ты. Кліматычны марскі курорт. Турызм. Ваенна-марская база. Месца правядзення X і XXIII Алімп. гульняў (1932, 1984).
Засн. ў 1781 іспанцамі як францысканская місія, вакол якой разбудоўваўся горад. З 1821 у складзе віцэ-каралеўства Новая Іспанія, потым Мексікі, з 1845 сталіца мекс. штата Каліфорнія. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты амер. войскамі, пасля вайны ўключаны ў склад ЗША Развіццё горада паскорылася пасля буд-ва транскантынент. чыгункі (1876—85), адкрыцця радовішча нафты (1892). У 1911 тут засн. першая кінастудыя, у 1930-я г. пачаўся росквіт кінавытворчасці.
У 19 ст. горад меў прамавугольную планіроўку з плошчай (пласа) у цэнтры. Захаваліся царква Нуэстра Сеньёра ла Рэйна дэ Лос Анхелес (1818, пасля перабудовы ў 1861 — Пласа-чорч) і 2-павярховы дом з адобы (сырцовай цэглы і рэзанай саломы) Луга-хаўс (1840-я г.). Сучасны Л.-А. мае строга рэгулярную планіроўку з малой шчыльнасцю забудовы, пранізаны шматлікімі аўтадарогамі са складанымі развязкамі. У забудове пераважаюць прыватныя вілы. Найб. значныя пабудовы 20 ст.: грамадскія цэнтры Бэнінг-хаўс (1911), Додж-хаўс (1915—16, абодва арх. І.Джыл), Барнсдэл-хаўс (Холіхак-хаўс, цяпер Муніцыпальная маст. галерэя, 1920), Сцёрджэс-хаўс (1939—40, абодва арх. Ф.Л.Райт), Ловел-хаўс («Дом здароўя», 1929, арх. Р.Нёйтра), царква Бетлем-чорч (1944, Р.Шындлер), комплексы Музея мастацтва графства Лос-Анджэлес (1965, арх. У.Перэйра) і Муз. цэнтра (1967, арх. У.Бекет), атэль «Сентрум» (1970-я г., арх. Р.Афлек, Р.Хосла).
Цэнтр Лос-Анджэлеса з высокаскараснымі дарогамі.Прыгарад Лос-Анджэлеса Беверлі-Хілс.Будынак ратушы ў Лос-Анджэлесе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКІРО́ЎКА (ад франц. masquer рабіць непрыкметным, нябачным для каго-небудзь),
1) (ваен.) комплекс мерапрыемстваў па ўвядзенні праціўніка ў зман аб наяўнасці, размяшчэнні, колькасці і складзе войск, іх дзеяннях і намерах.
Сродкі і прыёмы М. сталі актыўна ўдасканальваецца разам са з’яўленнем наразной агнястрэльнай зброі. М. асабліва шырока выкарыстоўвалася ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. пры падрыхтоўцы Беларускай аперацыі 1944. Сав. камандаванне скрытна рыхтавала войскі 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў для наступлення, адначасова імітавала канцэнтрацыю сав. войск у паласе 3-га Укр. фронту (тэр. Украіны). Гэтыя дзеянні стварылі ў ням. камандавання ілюзію падрыхтоўкі дапаможных удараў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі. У выніку з 30 танк. і матарызаваных ням. дывізій, якія знаходзіліся на сав.-герм. фронце, 24 былі дыслацыраваны на Пд ад Прыпяці, што стала адной з прычын катастрафічнага паражэння ням. войск летам 1944 на тэр. Беларусі. М. была найважнейшай умовай, спосабам і сродкам арганізацыі масавага партыз. руху і дзеяння сав. падполля ў гады Вял.Айч.вайны. Важную ролю ў М., размяшчэнні, манеўрах, баях і аперацыях бел. партызан адыграў лес.
У сувязі са з’яўленнем высокадакладнай зброі, інш. навейшых відаў узбраення і сродкаў разведкі роля М. вырасла, і М. стала важным відам забеспячэння баявых дзеянняў войск. У сучасных умовах паводле маштабу выкарыстання і характару задач М. падзяляецца на стратэгічную, аператыўную і тактычную. Спосабы М.: скрыванне, імітацыя, дэзінфармацыя і дэманстратыўныя дзеянні. Асн. віды М.: аптычная, цеплавая, радыёлакацыйная, радыётэхн., гідраакустычная і інш. Сродкамі М. з’яўляюцца: маскі-макеты, табельныя камплекты, прыстасаванні дымапуску, маскіравальныя адзенне, афарбоўка, расліннасць і інш.Найб. эфект дасягаецца пры адначасовым выкарыстанні М. супраць усіх сродкаў разведкі праціўніка.
2) Змена аблічча пры дапамозе маскі або інш. сродкаў.
3) (Пераноснае) паводзіны людзей, якія хаваюць ад іншых свае дзеянні, погляды, учынкі. У час войнаў або вял.сац.-эканам. і паліт. зрухаў М. была адным са сродкаў барацьбы за выжыванне людзей і этнасу, у т. л. ў бел. грамадстве.
Літ.:
Толочков М.И. Маскировка в современном бою. 2 изд. М., 1975;
Мацуленко В.А. Оперативная маскировка войск: (По опыту Великой Отеч. войны). М., 1975;
Степанов Ю.Г. Противорадиолокационная маскировка. М., 1968.