мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.
Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл. таксама Псіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЛЬСКІ Максім Тадзеевіч (19.3.1895, Кіеў — 24.7.1964),
украінскі паэт, вучоны. Акад.АН Украіны (1943), акад.АНСССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1915—18). У 1919—29 працаваў настаўнікам. З 1944 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі АН Украіны. Друкаваўся з 1907. Зб-кам вершаў «На белых астравах» (1910), «Пад асеннімі зорамі» (1918), «Сіняя далячынь» (1922), «Праз буру і снег» (1925), «Трынаццатая вясна» (1926), «Дзе сыходзяцца дарогі» (1929) уласцівы зварот да класікі, да лепшых узораў зах.-еўрап. паэзіі. У зб-ках «Знак шаляў» (1932), «Кіеў» (1935), «Лета» (1936), «Украіна» (1938), «Збор вінаграду» (1940) лірызм, філасафічнасць, асацыятыўнасць замяняюцца дэкларатыўнасцю, апавядальнасцю. Мужнасць, грамадзянскасць, патрыятызм характэрны для творчасці Р. перыяду Вял.Айч. вайны (зб-кі «Слова пра маці-радзіму», «Світальная зара», «Светлая зброя», усе 1942; Дзярж. прэмія СССР 1943). Гуманіст. ідэал чалавека і грамадства, духоўнасць, эстэтычнасць уласцівы кн. паэзіі «Ружы і вінаград» (1957), «Далёкія небасхілы» (1959, Ленінская прэмія 1960), «Зімовыя запісы» (1964). Аўтар даследаванняў па літ.-знаўстве, фалькларыстыцы, мастацтвазнаўстве, тэорыі перакладу. Перакладаў з інш. моў. За пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча Дзярж. прэмія СССР 1950. Беларусі прысвяціў цыклы вершаў «Шчодрасць» (1955), «На братняй зямлі» (1958), артыкулы пра Я.Купалу («Янка Купала», 1947, «Пра паэта-рыцара», 1957), Я.Коласа («Пра паэта і сябра», 1957), П.Панчанку («Салдат паэзіі», 1961). На ўкр. мову пераклаў творы Ф.Багушэвіча, Броўкі, В.Віткі, А.Вялюгіна, П.Глебкі, А.Зарыцкага, М.Калачынскага, К.Кірэенкі, Я.Коласа, А.Куляшова, Я.Купалы, В.Таўлая. Яму свае вершы прысвяцілі Броўка, Калачынскі, Я.Колас, артыкулы Я.Брыль, Н.Гілевіч, Т.Кабржыцкая, Р.Няхай. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, А.Бачыла, Броўка, Ю.Гаўрук, Вітка, Гілевіч, С.Грахоўскі, Х.Жычка, В.Зуёнак, Калачынскі, Кірэенка, М.Лужанін, П.Прыходзька, В.Рагойша, А.Русак, Н.Тарас і інш.Дзярж. прэмія Украіны 1971.
Тв.:
Твори. Т. 1—10. Київ, 1960—62;
Вибране. Київ, 1967;
Сонети. Київ, 1974;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1952;
Світальная зара: Вершы і паэма. Мн., 1985;
На братняй зямлі // Полымя. 1958. № 12.
Літ.:
Крижанівський С. Максим Рильський. Київ, 1960;
Новиченко Л. Поетичний світ Максима Рильського. Київ, 1980;
Ахрыменка П. Максім Рыльскі і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТО́РЫКА (ад грэч. rhētorikē),
навука пра аратарскае мастацтва, або красамоўства. Узнікла ў Стараж. Грэцыі ў 5—4 ст. да н.э., склалася ў сістэму ў З—2 ст. да н.э., у Рыме — з 1 ст. да н.э. Дасягнула росквіту ў ант. л-ры (Арыстоцель, Цыцэрон, Квінтыліян). Ант. аўтары ўлічвалі 3 крыніцы красамоўства (прыродны дар, навучанне і практыкаванне) і 3 яго мэты — пераканаць, усхваляваць чытача і прынесці яму эстэт. асалоду. У сярэднія вякі і ў эпоху Адраджэння Р. набыла значэнне навукі пра ўсе віды выказвання (маст. і навук. проза, царк. казанні і дыспуты, судовыя і паліт. прамовы, дзелавая і сяброўская перапіска). Распрацоўвала стыліст. прыёмы маўлення і пісьмовых тэкстаў (іх вобразна-маст. выяўленасць) і была па сутнасці адной з ранніх форм нарматыўнай эстэтыкі і літ.-знаўства. У стараж.-рус. культуру Р. пранікла праз Візантыю, садзейнічала развіццю ва ўсх.-слав. рэгіёне аратарскага мастацтва і аратарскай прозы (творы Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча і інш.). У бел. рэнесансавай культуры вывучалася ў цыкле «сямі вольных мастацтваў», поруч з граматыкай, дыялектыкай, арыфметыкай, геаметрыяй, астраноміяй і музыкай. У канцы 16—17 ст. на Беларусі Р. вывучалі ў брацкіх, езуіцкіх і уніяцкіх школах. У перыяд рэліг. палемікі знайшла ўвасабленне ў творах палемічнай л-ры. Арыгінальныя трактаты па Р. у бел.-літ. рэгіёне стварылі М.К.Сарбеўскі, К.Каяловіч, С.Лаўксмін, рукапісныя лекцыі якіх сталі асновай курсаў у школах. У эстэтыцы барока Р. разглядалася як універсальная тэорыя ўсіх відаў «славеснага мастацтва», адначасова працягваліся традыцыі школьнай Р. як навукі пра красамоўства (рукапісныя трактаты М.Цяцерскага «Лекцыі па рыторыцы з прыкладамі», 1734; К.Нарбута «Кароткія ўводзіны да мастацтва рыторыкі» і інш.). З развіццём маст. прозы (канец 18 — пач. 19 ст.) мяжа паміж Р. і паэтыкай паступова знікала і яны склалі раздзелы літ.-знаўства. У працах Ф.Н.Галянскага «Пра красамоўства і паэзію» (1786), Э.Славацкага «Пра красамоўства» (1809—14, надрук. 1826), Л.Бароўскага «Заўвагі аб паэзіі і рыторыцы ў сэнсе іх падобнасці і розніцы» (1820) Р. і паэтыка разглядаюцца ў агульнаэстэт. плане як навукі аб прыгожых мастацтвах. У сучаснай тэорыі л-ры тэрмін «рыторыка» не ўжываецца, яе літ.-знаўчыя і лінгвістычныя праблемы сталі прадметам стылістыкі. Р. пакінула ў спадчыну нямала стыліст. прыёмаў, рытарычных і стылістычных фігур.
Літ.:
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ ДЭМАКРА́ТЫ,
у Расіі прадстаўнікі рэв. руху, ідэолагі сял. дэмакратыі. Іх ідэалогія зарадзілася ў 1840-я г. і стала вызначальнай у грамадскім руху 1860—70-х г. Паводле сац. становішча Р.д. — гал. чынам разначынцы, хоць сярод іх былі і дваране. Адзін з першых Р.д. — В.Р.Бялінскі. У 1850—60-я г. Р.д. на чале з М.Г.Чарнышэўскім, М.А.Дабралюбавым, А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым і інш. прапагандавалі свае ідэі на старонках час.«Современник» і «Колокол». Р.д. спалучалі ідэю сял. рэвалюцыі з ідэямі утапічнага сацыялізму; сялянства яны разглядалі як гал.рэв. сілу ў краіне; меркавалі, што Расія пасля знішчэння прыгоннага права шляхам сял. рэвалюцыі, мінаючы капіталізм, прыйдзе празсял. абшчыну да сацыялізму. Р.д. стварылі тайныя рэв. арг-цыі «Зямля і воля» 1860-х г., «Зямля і воля» 1870-х г. і інш. (гл.Народніцтва), Рас. сацыял-дэмакраты і сацыялісты-рэвалюцыянеры сваімі папярэднікамі лічылі Р.д.
На Беларусі Р.д. — прадстаўнікі радыкальнага кірунку ў нац.-вызв. руху, сац.-філас. думцы, маст. л-ры і публіцыстыцы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Цётка, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Іх ідэалогія адлюстроўвала істотныя тэндэнцыі працэсу фарміравання бел. нацыі і нац. культуры, стала яскравым сведчаннем развіцця нац. самасвядомасці беларусаў. Іх светапогляд фарміраваўся пад уплывам рас. Р.д. і народніцтва, а таксама польскага нац.-вызв. руху. Станаўленне рэв.-дэмакр. ідэй у грамадскай думцы Беларусі пачалося ў 1830—40-я г. (Ф.Савіч, Ю.Бакшанскі). Як самаст.ідэалаг. плынь аформіліся ў перыяд паўстання 1863—64, што было звязана з дзейнасцю Каліноўскага і яго прыхільнікаў. Найб. поўна дэмакр.-вызв. тэндэнцыі адлюстраваны ў пач. 20 ст. ў творчасці Цёткі, Я.Купалы, Я.Коласа, дзейнасці публіцыстаў бел. друку. Р.д. змагаліся за карэннае пераўтварэнне грамадскага ладу ў інтарэсах прац. мас шляхам сял. рэвалюцыі. Яны выступалі ад імя ўсяго народа, але былі выразнікамі пераважна інтарэсаў прац. сялянства. Аснову грамадскай паэзіі Р.д. складалі ідэі гіст. прадвызначэння прац. народа, тэндэнцыі наіўна-ўраўняльнага сял. сацыялізму, рашучае адмаўленне бурж.-памешчыцкага ладу. Іх грамадска-паліт. праграма ўключала патрабаванні ліквідацыі самадзяржаўя, дэмакратызацыі грамадскага жыцця, скасавання памешчыцкага землеўладання, надзялення сялян зямлёй, свабоднага развіцця нац. культуры. Ідэалы Р.д. ў пэўнай ступені ўвайшлі ў ідэалогію бел.паліт. партый левага кірунку пач. 20 ст.: Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНЦЫ́СКА (San Francisco),
горад на З ЗША, на ўзбярэжжы Ціхага ак., у штаце Каліфорнія. Знаходзіцца на ўзгорыстым п-ве, масты цераз зал. Сан-Францыска і праліў Залатыя Вароты злучаюць яго з прыгарадамі. 745,8 тыс.ж., з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (Окленд, Берклі, Аламеда, Дэйлі-Сіці, Саўт-Сан-Францыска і інш.) больш за 6,5 млн.ж. (2000). Буйнейшы порт ЗША на Ціхім ак., вузел транскантынент. чыгунак і аўтадарог. 3 аэрапорты, у т. л. міжнародны. Прам-сць: металаапр., суднабуд., швейная, харч., паліграфічная; у прыгарадах — ракетна-касм., радыёэлектронная, нафтаперапр., хім., металургічная. Праўленні буйнейшых банкаў і кампаній ЗША. Метрапалітэн. 16 ун-таў і каледжаў. Кансерваторыя. Ваенна-марская база.
У 1776 на месцы сучаснага С.-Ф. ісп. францысканцы засн. ўмацаванае паселішча Ерба-Буэна. З 1822 у складзе незалежнай Мексікі. У 1846 заняты амер. войскамі, перайменаваны ў С.-Ф. (1847). Адкрыццё ў 1848 радовішчаў золата ў Каліфорніі, развіццё ціхаакіянскага гандлю садзейнічала хуткаму развіццю горада (у 1848—500 чал., у 1850—25 тыс.чал., у 1880—234 тыс.чал.). У 1906 горад моцна пацярпеў ад землетрасення і пажару, да 1915 адбудаваны. Месца правядзення Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 і падпісання Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.
У 19 ст. С.-Ф. атрымаў прамавугольную планіроўку. Пасля землетрасення 1906 горад амаль цалкам перабудаваны. Узгорысты рэльеф і разнастайнасць арх. стыляў надаюць яму своеасаблівае, маляўнічае аблічча. Захаваліся ісп.калан. пабудовы, у т. л. касцёл кляштара «Місія Далорэс» (1782—91). Малапавярховая забудова, скучаныя нац. кварталы («Кіт. горад», «Лац. квартал») спалучаюцца з вышыннымі будынкамі цэнтра. Найб. значныя пабудовы: паромны вакзал (1896), грамадскі цэнтр (1910—20), Палац прыгожых мастацтваў (1915, арх. Б.Мейбек), шпіталь Майманіда (1946, арх. Э.Мендэльзон), магазін В.Морыса (1948, арх. Ф.Л.Райт), дом страхавой кампаніі Дж.Хэнкака (1959, арх. фірма «СОМ»), небаскробы «Банк Амерыкі», «Трансамерыка карпарэйшэн», «Міжнар. будынак», гасцініца «Холідэй-ін», жылы комплекс Голдэн-Гейтуэй (усе 1950—70-я г.). Магутныя інж. збудаванні, што звязваюць ч.гар. агламерацыі — вісячыя масты: 2-секцыйны Окленд цераз заліў Сан-Францыска (1936, даўж. каля 13 км), цераз праліў Залатыя вароты (1937, даўж. сярэдняга пралёту 1280 м). Музеі: мастацтва, Цэнтр мастацтва і культуры Азіі, Каліфарнійскі палац Ганаровага легіёна (Музей прыгожых мастацтваў) і інш. Т-ры: Опера, «Спрынг-опера» і інш.
Дзелавая частка г.Сан-Францыска.Панарама г.Сан-Францыска.Мост праз праліў Залатыя вароты ў г.Сан-Францыска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),
аўтаномная вобласць Італіі. Займае в-аўСіцылія і суседнія астравы. Пл. 25,7 тыс.км². Нас. каля 5,5 млн.чал. (2001). Уключае правінцыі: Агрыджэнта, Кальтанісета, Катанія, Месіна, Палерма, Рагуза, Сіракуза, Трапаніі, Эна. Адм. ц. — г.Палерма. С. — эканамічна адна з менш развітых абласцей Італіі. Каля пал. плошчы вострава пад с.-г. ўгоддзямі, у т. л. пад ворывам каля 770 тыс.га, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі гаямі — 350 тыс.га, пад лугамі і пашамі — 130 тыс.га. Значныя плошчы арашаюцца. Больш за 50% таварнай прадукцыі дае садоўніцтва (апельсіны, лімоны, аліўкі, вінаград). Вырошчваюць пшаніцу (пераважна цвёрдых гатункаў), бабовыя, раннюю бульбу, артышокі, агароднінныя культуры, асабліва памідоры (у асн. на экспарт). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней, мулаў, аслоў. Рыбалоўства і промысел морапрадуктаў. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (сера, буд. матэрыялы, калійныя солі, нафта, прыродны газ), харч., дрэваапр., швейная, суднабудаўнічая. Новыя галіны: хім., цэм., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты Палерма, Аўгуста, Джэла. Праз Месінскі прал. С. злучана з Апенінскім п-вам паромам Месіна—Рэджа-ды-Калабрыя.
У старажытнасці в-аў Сіцылія насялялі плямёны сіканаў і сікулаў. У 8 ст. да н.э. С. — аб’ект фінікійскай і грэч. каланізацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. С. беспаспяхова імкнуліся захапіць Афіны. З 5 ст. да н.э. авалодаць востравам імкнуўся Карфаген. Барацьба з карфагенскай экспансіяй асабліва абвастрылася пры сіракузскіх тыранах Дыянісію I і Агафокле. У 241 да н.э. С. стала першай рым. правінцыяй, жытніцай Рыма; тут адбыліся Сіцылійскія паўстанні рабоў. У 5 ст.н.э. яе захапілі вандалы, у 6 ст. — остготы. З 535 належала Візантыі. У 11 ст. заваявана нарманамі, у 12—13 ст. увайшла ў Сіцылійскае каралеўства, якое пасля паўстання «Сіцылійская вячэрня» ў 1282 распалася. У 1302 на востраве ўмацаваліся каралі Арагона. Паводле Утрэхцкага міру 1713 С. адышла да Савойскага герцагства, паводле Лонданскага дагавора 1720 замацавана за Аўстрыяй. У 1735—1860 тут правілі ісп. Бурбоны (гл. Сіцылій абедзвюх Каралеўства). У перыяд напалеонаўскага панавання ў Італіі на С. знаходзілася рэзідэнцыя неапалітанскага караля Фердынанда IV (у 1799—1802, 1806—1814). У 1861 С. ўвайшла ў Аб’яднанае Італьянскае каралеўства. У канцы 19 — пач. 20 ст. С. набыла вядомасць як радзіма мафіі. У 2-ю сусв. вайну ў чэрв. 1943 тут высадзіліся англа-амер. войскі (гл. Сіцылійская аперацыя 1943). У 1947 атрымала абласную аўтаномію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАПЕ́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Сфарміравана ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў маёнтку графаў Пуслоўскіх (належаў ім да 1939) на беразе воз. Чорнае. Першапачаткова арх.-кампазіцыйнае ядро комплексу складалі сядзібны дом, стайня, размешчаны паміж імі «павільён руж», 2 мураваныя брамы пры ўездзе ў вёску і сядзібу. Пасля зруйнавання ў 1843 мураванага сядзібнага дома (пабудаваны ў канцы 18 ст. ў стылі класіцызму) уладальнікі прыстасавалі пад жыллё драўляны будынак стайні. Прамавугольны ў плане 1-павярховы будынак з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе, накрыты вальмавым дахам. Сцены атынкаваныя, вокны прамавугольныя з простымі ліштвамі. «Павільён руж» (не захаваўся) пабудаваны ў пач. 19 ст. з цэглы (па аналогіі з вядомай вілай-ратондай італьян.арх. А.Паладыо) — цэнтрычнае крыжова-купальнае 2-павярховае збудаванне, на яго гал. фасадзе масіўны 4-калонны порцік тасканскага ордэра з трохвугольным франтонам. Фрыз аформлены лепкай (атынкаваны ў 1863). Прасторавую кампазіцыю ўзбагачалі паўсферычны купал з ліхтаром і схілы сцен пры скрыжаванні аб’ёмаў. Фасады крапаваныя лапаткамі, паўцыркульнымі і прамавугольнымі нішамі, прафіляванымі карнізамі з сухарыкамі. Да будынка прымыкала вял. аранжарэя. Брамы выкананы ў рамант. формах сярэдневяковай готыкі. Паўночная брама — манум. збудаванне са стральчатым арачным праездам, фланкіраванае круглымі ў сячэнні 3-яруснымі вежамі і завершанае 2-ярусным зубчастым парапетам. Аздоблена стральчатымі нішамі, аркатурнымі і філянговымі паясамі, крыжамі, вузкімі шчылінамі-байніцамі, драўлянай імітацыяй зубчастай пад’ёмнай рашоткі. Па баках прыбудаваны нізкія каравулкі. Зах. брама (меншых памераў) вырашана ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольная ў плане, з цэнтр. арачным праездам (замураваны) і 2 бакавымі каравулкамі. Вуглавыя ч. аб’ёмаў крапаваны лапаткамі са стральчатымі нішамі, завершаны зубчастым парапетам. Пейзажны парк разбіты на схіле да возера, вакол 2 сажалак і каналаў, праз якія былі перакінуты масткі. На востраве адной з сажалак была альтанка. Па-за межамі парку размешчаны цагляны бровар у познакласіцыстычным стылі. У парку раслі клён серабрысты, дубы чырвоны і летні пірамідальны, ясень пенсільванскі, хвоя веймутава, таполі белая і чорная пірамідальныя, лістоўніца еўрап., граб, вяз гладкі і інш. З зах. боку размяшчаецца пладовы сад, адмежаваны ад парку букавай алеяй. На паўд. ускраіне ў канцы алеі пагорак, дзе на могілках стаяла капліца (засталіся рэшткі). Дэкар. элементам парку быў драўляны вятрак — цэнтрычнае, круглае ў сячэнні збудаванне з купальным пакрыццём, узнятае на тэрасу-каланаду і выкананае ў адзіным стылі з асн. будынкамі. У 1990 распрацаваны праект аднаўлення парку (арх. Л.П.Луцэвіч). Іл.гл. да арт.Рамантызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДА́Н (ад араб. Білад ас-судан — краіна чорных),
прыродная вобласць у Афрыцы ад паўд. межаў Сахары да прыэкватарыяльных раёнаў (4—8°паўн. ш.) і ад Атлантычнага ак. да Эфіопскага нагор’я. Працягласць з Пн на Пд больш за 1 тыс.км, з З на У каля 5,5 тыс.км; пл. каля 5 млн.км².
Размешчана ў межах Афрыканскай платформы. Яе сінеклізам адпавядаюць упадзіны сярэдняга цячэння рэк Нігер, Белы Ніл, катлавіна воз. Чад, запоўненыя антрапагенавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Пераважаюць выш. 200—500 м. На З прыбярэжная нізіна Сенегамбіі — апушчаная прыатлантычная ч. платформы (200 м ніжэй узр. м.). Узвышаныя ўчасткі адпавядаюць антэклізам — крышт. плато Джос, Дарфур і часткова перакрытае асадкавай тоўшчай Кардафан з астраўнымі гарамі. Стараж. вулканічныя конусы ў Сенегале і Дарфуры звязаны з неагенавымі разломамі (г. Мара — 3088 м, найб.выш. ў С.). Пашыраны рачныя даліны, сухія і паўсухія рэчышчы часовых вадацёкаў, азёрныя ўпадзіны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Летам значны ўплыў паўд.-зах. экватарыяльнага мусону, зімой — паўн.-ўсх. гарачага і сухога пасату. Колькасць ападкаў ад 100 на Пн да 2000 мм на Пд за год, вільготны сезон 2—10 мес. На Пд т. зв. зенітальныя дажджы. Сярэднегадавыя т-ры на З 23—24 °C, на У 26—29 °C. Найб. рэкі Ніл з Собатам, Нігер, Сенегал, Гамбія, Шары, Бенуэ, Бахр-эль-Газаль, Белая і Чорная Вольта. У бас.р. Нігер і Бахрэль-Газаль шмат невял. азёр. Найб. ў С. воз.Чад (пл. мяняецца і паступова скарачаецца). З Пн на Пд ярка выражана шыротная занальнасць змены ландшафтаў ад трапічных пустынь Сахары, праз паўпустыні і саванны да гілеяў экватарыяльнай Афрыкі. На Пн паўпустыня і сухая саванна, дзе пераважае калючкава-дрэвавая фармацыя. Кусты акацыі выш. 1—5 м. Большую ч. С. займае тыповая саванна са злакавым покрывам (віды барадачу, выш. 1—1,5 м). Трапляюцца асобныя або групы дрэў (парасонавыя акацыі, пальмы дум і веерная, баабабы, малачаі). На Пд высакатраўная саванна і лесасаванна. Лясныя масівы з густым падлескам прымеркаваны да далін рэк (галерэйныя лясы) і катлавін. Глебы пераважна чырв. фералітныя, алферытныя, чырв.-бурыя, чырв.-карычневыя. Жывёльны свет належыць да Эфіопскай вобласці: антылопы, жырафы, слон, леў, бегемот і інш.; з птушак — страусы, балотны бусел, дрофы і інш. Зона саваннаў — тэр. актыўнага стараж. земляробчага асваення і жывёлагадоўлі. С.-г. дзейнасць прывяла да ўзмацнення працэсаў апустыньвання. На тэр. С. поўнасцю або часткова знаходзяцца дзяржавы: Сенегал, Гамбія, Гвінея—Бісау, Гвінея, Малі, Кот-д’Івуар, Буркіна-Фасо, Гана, Tora, Бенін, Нігер, Нігерыя, Камерун, Чад, Цэнтральнаафр. Рэспубліка, Судан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАДЫ́ЦЫЯ І НАВА́ТАРСТВА,
супрацьлеглыя і адначасова ўзаемадапаўняльныя тэндэнцыі ў развіцці маст. творчасці і культуры наогул. Традыцыя (ад лац. traditio перадача, паданне) у шырокім сэнсе — культ. спадчына народаў, сусв. і рэгіянальных цывілізацый, якія актуалізуюцца ў кантэксце сучаснасці, служаць асновай для развіцця нац. культуры і надаюць ёй цэласнасць і самабытнасць; У культуралогіі традыцыя — сукупнасць архетыпаў аўтэнтычнай нац. культуры, выяўленых у міфалогіі, рэлігіі, абрадах, фальклоры і інш., якія выступаюць у якасці ўзораў, норм паводзін і маральных імператываў. Наватарства (ад лац. novator абнавіцель, вынаходнік) характарызуе адкрытасць культуры для канструктыўных навацый і міжнац. культ. ўзаемадзеяння, змену яе парадыгмаў і сэнсавых значэнняў. Пераемнасць у развіцці культуры адбываецца праз дыялектычна супярэчлівае адзінства і ўзаемапераходы Т. і н. Канструктыўныя навацыі актуалізуюць традыцыю, уключаюць яе ў дынаміку сучаснага творча-культ. працэсу і паступова самі набываюць статус традыцыі. Суадносіны паміж Т. і н. — велічыня пераменная, неаднолькавая на розных этапах развіцця грамадства. Першую універсальную традыцыю маст. культуры стварыла ант. цывілізацыя. Сярэдневяковая культура, арыентаваная на сакральныя каштоўнасці, выступала ў якасці антытэзы да ант. традыцыі, але разам з тым дапасавала да хрысц. ідэалогіі развітыя формы ант. філасофіі, навукі, выяўл. мастацтва. Гэты «селекцыйны» працэс адмаўлення ўстарэлых форм традыцыі і трансфармацыі яе лепшых дасягненняў працягваўся ў эпоху Адраджэння, новага часу, рэалізаваўся ў культ. творчасці 20—пач. 21 ст.
Архетыпы бел.культ. традыцыі сфарміраваліся на стыку шматвяковай нар. культуры і хрысц. цывілізацыі. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. рэалізм і эстэтызм з напружанай хрысц. духоўнасцю (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, М.Сматрыцкі, гатычны і рэнесансавы стылі ў архітэктуры і выяўл. мастацтве). Барока як стыль эпохі выступіла ў якасці антытэзы да эпігонскай стылізацыі ў мастацтве і адначасова дапасавала да новага культ. кантэксту папярэднія адкрыцці ў галінах эстэтыкі, красамоўства, тэатр. і выяўл. мастацтва, стварыла бел. варыянт еўрап. мураванай архітэктуры, самабытны стыль драўлянага дойлідства 17—18 ст. Нарматыўная эстэтыка класіцызму вярнулася да ант. і рэнесансавых традыцый; сінтэз класічных і барочных традыцый выявіўся ў л-ры (М.К.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі), выяўл. і тэатр. мастацтве. Станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст., развіццё інш. відаў прафес. мастацтва на Беларусі ў 20 ст. адбываліся на аснове нац. традыцый і наватарскіх адкрыццяў польскай, рус. і агульнаеўрап. маст. культуры.
Літ.:
Бушмин А.С. Преемственность в развитии литературы. 2 изд. Л., 1978;
Ладыгина А.Б., Гринин В.В. О преемственности в искусстве. М., 1982;
Степанцевич К.И. Новые тенденции в развитии белорусского музыкального искусства: (Конец 1950-х — первая половина 1970-х гг.). Мн., 1981;
На грани тысячелетий: Судьба традиций в искусстве XX в.: [Сб. ст.]. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБАЗВА́РАЧНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб метал., пераважна стальных, труб метадам зваркі ліста або паласы. Вырабляюць трубы дыяметрам ад 6 мм да 2 мфармоўкай (згінаннем ліста ці паласы ў трубу) і наступнай зваркай шва. Паводле размяшчэння зварнога шва адрозніваюць зварку падоўжную і спіральную. Зварныя трубы ў параўнанні з бясшвовымі маюць меншую таўшчыню сценкі. а трываласць шва не меншую, чым самога металу. Усе тэхнал. аперацыі робяцца на спец. агрэгатах — трубазварачных станах. Паводле спосабу фармоўкі яны бываюць бесперапынныя (фармоўка адбываецца паступова, па меры падоўжнага руху паласы) і перыядычныя (ліст згінаецца ў трубу на ўсю даўжыню адразу). Для зваркі існуюць станы пячной зваркі, зваркі токамі высокай частаты, кантактнай зваркі супраціўленнем, дугавой зваркі пад слоем флюсу ці ў асяроддзі ахоўных газаў. Пры пячной зварцы нагрэтую ў печы да 1300—1330 °C паласу згінаюць у роліках прафілёвачнага стана ў трубу ці працягваюць празспец. прыстасаванне (лейку) і адначасова зварваюць краі ўпрытык ці (радзей) у нахлёст. Выкарыстоўваецца для вытв-сці вода- і газаправодных труб дыяметрам 10—114 мм з падоўжным швом. Пры вырабе труб дыяметрам менш за 100 мм да трубазварачнага стану далучаецца рэдукцыйны стан, які павялічвае хуткасць выхаду трубы за кошт памяншэння яе дыяметра і таўшчыні сценак. На сучасных станах хуткасць выхаду пры дыяметры 10 мм складае 24 м/мін. Пры вырабе труб дыяметрам да 500 мм з падоўжным ці спіральным швом пашыраны станы, дзе зварка ажыццяўляецца ціскам з нагрэвам краёў, якія зварваюцца токамі павышанай і высокай частаты. На трубазварачным стане з дугавой зваркай вырабляюць трубы ад 500 да 1600 мм і больш.
На Беларусі наладжана вытв-сць стальных электразварных труб квадратнага, прамавугольнага і круглага сячэння. У 2001 Магілёўскі металургічны завод вырабляў стальныя профільныя трубы 22 мадыфікацый (ад 20 × 20 мм да 80 × 60 мм з таўшчынёй сценак 1,2—4 мм), прамашвовыя круглага сячэння — 18 мадыфікацый (дыяметр ад 16 да 89 мм), стальныя вода- і газаправодныя — 8 мадыфікацый (дыяметр ад 15 да 80 мм); Маладзечанскі завод металаканструкцый — профільныя 18 мадыфікацый (ад 50 × 50 мм да 220 × 120 мм з таўшчынёй сценак ад 2 да 8 мм) і круглага сячэння 8 мадыфікацый (дыяметр ад 76 мм да 219 мм); Баранавіцкае прадпрыемства «Аграбудмаш» — стальныя прамашвовыя круглага сячэння 3 мадыфікацый (дыяметр 26, 34 і 42 мм з таўшчынёй сценак да 2,5 мм) і прамавугольныя (30 × 20 мм).