МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Іван Васілевіч) (28.2.1913, г. Сатка Чэлябінскай вобл., Расія — 26.1.1998),

бел. мастак. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946). З 1947 працаваў у Вільнюсе, у 1951—54 выкладаў у Вільнюскім дзярж. маст. ін-це. З 1958 у Мінску, з 1959 гал. мастак горада, у 1967—69 рэдактар Мін-ва культуры Беларусі. Працаваў у афармленчым і тэатр.-дэкар. мастацтве, станковай графіцы, плакаце, арх. праектаванні. Аўтар шэрагу эскізаў святочнага маст. афармлення Мінска (1960—67), афармлення павільёна ВДНГ СССР у Маскве (1967), дзён культуры Беларусі ва Ульянаўску (1969) і інш. Стварыў серыі акварэльных і пастэльных пейзажаў «Па роднай краіне» (1936—81), «Самарканд» (1942—43), «Ленінград» (1945—46), «Вільнюс» (1947—58), «Мінск» (1958—83), партрэтаў бел. архітэктараў (1982—84) і інш.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ННІК ((Männik) Эдуард) (12.1.1906, г. Тарту, Эстонія — 30.1.1966),

эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1965). Друкаваўся з 1921. У сац.-крытычным рамане «Шэры дом» (1930), кнігах апавяданняў і аповесцей «Дваццаць гадоў назад» (1953), «За калючым дротам» (1954) падзеі грамадска-паліт. жыцця даваен. Эстоніі. Кнігі апавяданняў «Выпрабаванне сэрцаў» (1946), «Пятнаццаць крокаў» (1947, Дзярж. прэмія Эстоніі 1948), «Барацьба працягваецца» (1950), «Франтавыя апавяданні» (1962) пра вытокі гераізму і мужнасці народа ў Вял. Айч. вайну. Аўтар аповесці «Гісторыя аднаго кахання» (1954), зб. навел «Людзі на чашы шаляў» (1959) маральна-этычнай тэматыкі, кніг сатыры «Папыхваючы люлькай» (1964), «Голас пустой бочкі» (1965). Пісаў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Г.​Шупенька.

Тв.:

Рус. пер. — «Через горы» и другие рассказы. Таллин, 1959.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЯЦЕ́ЛІЦА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, характэрны 6-тактавыя перыяды. Тэмп хуткі. Упамінанні пра «М.» вядомы з пач. 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак (звычайна бойкага гумарыст. зместу, зафіксаваны ў працах М.​Федароўскага, П.​Шпілеўскага і інш.). У найб. пашыраным варыянце танца (запісаны П.​Шэйнам) выканаўцы трымаюць у руках ручнікі або паясы, часам і хустачкі. Асн. рух — крок-бег. Утвараючы розныя харэаграфічныя малюнкі, выканаўцы імітуюць мяцеліцу. На сцэне ўпершыню выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.​Манюшкі на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яскравыя сцэн. варыянты «М.» стварылі К.​Алексютовіч, А.​Ермалаеў (у балеце «Салавей» М.​Крошнера), А.​Апанасенка ў Дзярж, ансамблі танца Беларусі. Пашырана па ўсёй Беларусі. Падобны танец вядомы ў Расіі і на Украіне.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЬ ((Nagy) Імрэ) (7.6.1896, г. Капашвар, Венгрыя — 16.6.1958),

венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну трапіў у рас. палон (1916), уступіў у партыю бальшавікоў (1917). У 1921—28 у венг. сял. руху. З 1930 у СССР. У 1944—45 міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі, правёў зямельную рэформу (бязвыплатнае адчужэнне буйнога землеўладання). З канца 1940-х г. адзін з лідэраў кіруючай Венг. партыі працоўных (ВПП), узначальваў парт. апазіцыю курсу групоўкі 1-га сакратара ЦК ВПП М.Ракашы. У 1953—55 і ў час Венг. паўстання 1956 (гл. раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя) прэм’ер-міністр. Пасля паражэння паўстання вывезены ў Румынію, у 1958 вернуты ў Венгрыю, асуджаны на закрытым працэсе і пакараны смерцю. У 1989 рэабілітаваны, перапахаваны.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗАРБА́ЕЎ (Нурсултан Абішавіч) (н. 6.7.1940, в. Чэмалган, Алмацінская вобл., Казахстан),

палітычны і дзярж. дзеяч Казахстана. Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС і Карагандзінскі політэхн. ін-т. Працаваў рабочым на з-дзе, потым на камсам. і парт. рабоце. У 1969 2-і сакратар Тэміртаўскага гаркома Кампартыі Казахстана (КПК), з 1973 сакратар парткома Карагандзінскага металург. камбіната, з 1977 сакратар, 2-і сакратар Карагандзінскага абкома КПК. У 1979—84 сакратар ЦК КЛК. У 1984—89 Старшыня СМ Каз. ССР. У 1989—91 1-ы сакратар ЦК КПК, адначасова ў лют.крас. 1990 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Каз. ССР. З крас. 1990 прэзідэнт Каз. ССР, са снеж. 1991 прэзідэнт Рэспублікі Казахстан, у студз. 1999 зноў выбраны на гэту пасаду.

Н.А.Назарбаеў.

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗДРЫ́Н-ПЛАТНІ́ЦКІ (Міхаіл Іванавіч) (н. 3.10.1932, в. Рухча 2-я Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1987), праф. (1988). Засл. работнік культуры (1976). Скончыў Ленінградскі фін.-эканам. ін-т (1956). З 1963 у Бел. дзярж. эканам. ун-це (у 1972—74 і 1988—97 прарэктар, з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах узнаўлення і павышэння эфектыўнасці асн. фондаў, выдаткаў вытв-сці, гасп. (камерц.) разліку, сукупнага грамадскага прадукту, удасканалення арганізац.-эканам. механізму кіравання вытв-сцю ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі.

Тв.:

Формирование оптимальной структуры общественного продукта в условиях НТР. Мн., 1983;

К экономике высшей эффективности. Мн., 1987;

Актуальные проблемы интенсификации общественного производства. Мн., 1988 (у сааўт.);

Основы экономической теории. Мн., 1999 (у сааўт.).

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ФТАВАЙ І ГА́ЗАВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВАДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУТ («БелНДПІнафта»),

Засн. ў 1991 у Гомелі на базе Гомельскага комплекснага аддзела (створаны ў 1967 пасля адкрыцця на Беларусі прамысл. радовішчаў нафты, 1964) ін-та «УкрДЗІПРАНДІнафта». Уваходзіць у склад ВА «Беларусьнафта» Бел. дзярж. канцэрна па нафце і хіміі «Белнафтахім». Асн. кірункі н.-д. дзейнасці: тэхніка і тэхналогія здабычы нафты; распрацоўка нафтавых і газавых радовішчаў; фізіка-хімія нафтавага пласта, новых метадаў павышэння нафтааддачы; ахова ад карозіі нафтапрамысл. абсталявання; пошук новых кірункаў геолага-разведачных работ, падлік запасаў нафты і газу; нафтавая гідрагеалогія і літагідрагеахімія; распрацоўка новых тэхналогій і тэхн. рашэнняў пры праектаванні буд-ва свідравін; інжынерна-геал. пошукі і падрыхтоўка да работы нафтавых радовішчаў; арг-цыя працы і вытв-сці; ахова навакольнага асяроддзя.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ДЗЕ (Якаў Іванавіч) (28.5.1876, г. Кутаісі, Грузія — 10.3.1951),

грузінскі скульптар; заснавальнік груз. рэаліст. скульптуры. Нар. маст. Грузіі (1946). Правадзейны чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы ў Маскве (1892—94), Адэскай рысавальнай школе (1894—98), у Парыжы (1899—1901 і 1904—10), дзе больш года працаваў у А.​Радэна. Адзін з заснавальнікаў (1922) і першых праф. Тбіліскай АМ. Творам уласціва імкненне да адухоўленасці вобраза. Аўтар помнікаў Э.​Нінашвілі (1911), А.​Цэрэтэлі (1914), К.​Леселідзе (1947) у Тбілісі, А.​Цулукідзе ў Кутаісі (1923), партрэта груз. паэта 12 ст. Чахрухадзе (1944), надмагілля Чаўчавадзе (1908—10). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948.

Літ.:

Урушадзе И.А. Яков Николадзе: Жизнь и творчество. М., 1968.

Я.Нікаладзе. Грузінскі паэт 12 ст. Чахрухадзе. 1944.

т. 11, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ (Андрыян Рыгоравіч) (н. 5.9.1929, с. Шаршэлы Марыінска-Пасадскага р-на Чувашскай Рэспублікі, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1970), лётчык-касманаўт СССР (1962), ген.-маёр авіяцыі (1970), канд. тэхн. н. (1975). Скончыў ваен. авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). З 1955 ваен. лётчык. З 1960 у атрадзе касманаўтаў (у 1963—68 яго камандзір). 11—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касм. караблі (КК) «Усход-3», 1—19.6.1970 з В.І.Севасцьянавым — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-9». У космасе правёў 21,6 сут. У 1974—94 першы нам. начальніка Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1981. Залатыя медалі імя Цыялкоўскага АН СССР і імя Гагарына. Імем Н. названы кратэр на Месяцы.

У.​С.​Ларыёнаў.

А.Р.Нікалаеў.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КІЙ (Nikias; каля 469 да н.э., Атыка — 413 да н.э.),

афінскі дзярж. дзеяч (Стараж. Грэцыя), палкаводзец. Пасля смерці Перыкла правадыр памяркоўна-кансерватыўнага крыла (партыя міру) афінскай дэмакратыі. У Пелапанескую вайну як стратэг узначаліў шэраг паспяховых аперацый у 427—421 (супраць Мегар, Меласа, Беотыі, Карынфа, Кіферы, на п-ве Халкідыкі). Дамогся ў 421 да н.э. заключэння Нікіева міру. У 415 да н.э. ўзначаліў сіцылійскую ваен. экспедыцыю Афін. У 413 пасля аблогі Сіракуз (скончылася паражэннем афінскіх войск) узяты ў палон і забіты.

Літ.:

Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;

Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;

Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994.

Я.​У.​Новікаў.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)