ВАЙНІЛО́ВІЧ (Антон Станіслававіч) (1801, Гродзенская губ. — 2-я пал. 1845),

дваранскі рэвалюцыянер. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. З 1819 у Чарнігаўскім пях. палку, з 1823 падпаручнік. Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826), забяспечваў яго правіянтам, узначальваў авангард палка ў час маршу. Камісіяй ваен. суда ў Магілёве прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена высылкай на вайсковую службу ў Сібір. Потым пераведзены на Каўказ, удзельнічаў у руска-персідскай вайне 1826—28. Загінуў у баі з горцамі.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ (Юрый Станіслававіч) (8.12.1920, г. Вял. Лукі, Расія — 7.12.1987),

бел. матэматык. Д-р фізіка-матэм. н. (1967), праф. (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1956). З 1956 у Ленінградскім аддзяленні Матэм. ін-та АН СССР. З 1958 у БДУ. Навук. працы па тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Адзін з заснавальнікаў сучаснай асімптатычнай тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў.

Тв.:

Лекции по математическому анализу. Ч. 1—2. Мн., 1974—78;

Дифференциальные уравнения. Мн., 1983 (разам з Ю.​Б.​Сыраідам).

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ (Зураб Іванавіч) (н. 12.4.1928, Кутаісі),

грузінскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1952), з 1971 выкладае ў ей (праф. з 1984). У 1952—59 і з 1970 саліст Т-ра оперы і балета імя Паліяшвілі (Тбілісі), у 1959—70 — Вял. т-ра. Сярод лепшых партый: Абесалом («Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі), Міндыя («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ). Дзярж. прэмія Грузіі 1971.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУ́РЭ (Apure),

рака ў Венесуэле, левы прыток р. Арынока. Даўж. 1580 км, пл. бас. 147 тыс. км². Пачынаецца з Кардыльеры-дэ-Мерыда, цячэ з З на У па раўнінах Льянас-Арынока, упадае ў Арынока некалькімі рукавамі. Паўнаводная ў перыяд дажджоў (з мая да лістапада). Бурныя паводкі. Сярэдні расход вады каля 2 тыс. м³/с. Суднаходная на 600 км, у перыяд дажджоў — на ўсім працягу. На Апурэ гарады Брусуаль, Сан-Фернанда-да-Апурэ.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ГАЗАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1972—76 за 23 км на ПдЗ ад г. Рэчыца Гомельскай вобласці. Перапрацоўвае спадарожны газ з нафтавых радовішчаў Беларусі. З 1972 у ВА «Саюзнафтагазаперапрацоўка», з 1983 у ВА «Укрнафтагазаперапрацоўка», з 1987 у ВА «Беларусьнафта». У 1982 рэканструяваны. У 1995 пушчана 1-я чарга тэхнал. устаноўкі па вытв-сці вуглевадародных прапелентаў — заменнікаў фрэону. Асн. прадукцыя (1995): сухі газ, вадкія вуглевадародныя газы (прапан, прапан-бутанавая сумесь, бутан тэхнічны, стабільны газавы бензін).

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ СВЯТАДУ́ХАЎСКАЯ ЦАРКВА́.

Існавала ў Віцебску ў 16—17 ст. Складаны па кампазіцыі мураваны будынак завершаны 5 шатровымі вярхамі з галоўкамі на светлавых барабанах. Бабінец унутры чляніўся на 2 ярусы: у верхнім размяшчаліся хоры, якія з боку гал. фасада асвятляліся вокнамі — 3 высокімі прамавугольнымі і 1 круглым. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАХ (Анатоль Аляксандравіч) (1917, Мінск — 1.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. і Варонежскім франтах. Сяржант Волах у жн. 1943 з групай разведчыкаў знішчыў у раёне г. Зянькоў Палтаўскай вобл. аўтамашыну з афіцэрамі, здабыў важныя дакументы. У вер. 1943 пры вызваленні г. Лебядзін Сумскай вобл. на браневіку сярод першых уварваўся ў горад і вёў бой з ворагам. Загінуў у разведцы на шляху да Дняпра.

А.А.Волах.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБКЛА́ДКА падземнага збудавання,

канструкцыя для замацавання падземных вырабатак і ўтварэння ўнутранай паверхні падземных збудаванняў. Форма і памеры абкладкі залежаць ад прызначэння збудавання: для метрапалітэна, вадавода, тунэля, падземнай ГЭС і інш. Бывае апорная (разлічана на ўздзеянне нагрузкі) і абліцовачная (для аховы горных парод ад разбурэння); з маналітнага бетону або жалезабетону, зборнага жалезабетону, металу, таксама і камбінаваная, з абліцоўкай дэкар. матэрыяламі.

Уніфікаваная зборная жалезабетонная абкладка тунэляў метрапалітэна: аз блокаў кругавога абрысу; бз прамавугольных блокаў.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НЫ КІСЕ́ЛЬ,

старадаўняя бел. мучная страва. Варылі з аўсянай мукі грубага памолу, часам з вотруб’я. Муку залівалі вадой і ставілі на ноч у цёплае месца. Раніцай выціскалі на рэшаце (сітку) і цэд варылі. Пасля разлівалі ў посуд і ставілі ў халоднае месца, каб кісель застыў. Елі з алеем, малаком, маслам, сытою. На посную куццю аўсяны кісель быў адной з абрадавых страў. Сыры цэд давалі дзецям ад глістоў. Вадкі аўсяны кісель наз. журам.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СЕЛЬ ((Bessel) Фрыдрых Вільгельм) (22.7.1784, г. Міндэн, Германія — 17.3.1846),

нямецкі астраном, геадэзіст і матэматык. Чл. Берлінскай АН (з 1812), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1814). З 1810 праф. Кёнігсбергскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі. Вылічыў арбіту каметы Галея. Распрацаваў тэорыю сонечных зацьменняў, тэорыю і метады ўліку інструментальных і інш. памылак пры астр. назіраннях, тэорыю спец. цыліндрычных функцый (Беселя функцый). Адзін з першых вызначыў зоркавы паралакс (1838), элементы зямнога сфероіда, масы планет.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)