ВАРО́Н (Марк Тэрэнцый) (Marcus Terentius Varro; 116 да н.э., г. Рыеты, Італія — 27 да н.э.),

старажытнарымскі пісьменнік і вучоны-энцыклапедыст. Паходзіў з саслоўя коннікаў, займаў паліт. і ваен. пасады. У грамадз. вайне 49 выступаў супраць Цэзара. У 47 пасля прымірэння з Цэзарам па яго даручэнні арганізаваў і ўзначаліў першую ў Рыме публічную б-ку. Аўтар гіст., геагр., філас., літ. прац, асн. з іх «Старажытнасці...» (41 кн., не захаваліся), «Пра лацінскую мову» (25 кн.), «Навукі», «Меніпавы сатыры» (150 кн.), «Пра сельскую гаспадарку» (3 кн.).

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1926—27 і 1938—59. Утвораны 8.12.1926 у складзе Рэчыцкай акр. Цэнтр — вёска, з 29.4.1950 г.п. Васілевічы. Пл. 980 км², 23 нас. пункты, нас. 16 993 чал. (1925). Падзяляўся на 15 сельсаветаў. З 9.6.1927 у складзе Гомельскай акр. 4.8.1927 скасаваны, яго тэр. далучана да Рэчыцкага і Хойніцкага р-наў. 20.2.1938 адноўлены ў Палескай вобл., уключаў 15 сельсаветаў. З 8.1.1954 у складзе Гомельскай вобл. Скасаваны 16.9.1959, тэр. раёна перададзена ў Калінкавіцкі і Рэчыцкі р-ны.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА ЯРАПО́ЛЧЫЧ,

князь драгічынскі і нурскі 12 ст. Сын бужскага кн. Яраполка Ізяславіча. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.​М.​Тацішчава пад 1182 як валадар гарадоў Драгічын і Нур на р. Зах. Буг. Захапіў Бярэсце (Брэст) у мінскага кн. Уладзіміра Валадаравіча, аднак той з дапамогай полацкіх войск вярнуў горад і ўварваўся ва ўладанні Васількі. Тады Васілька Яраполчыч ўцёк да цесця, польскага кн. Лешка, з яго дапамогай вярнуў свае землі, але быў выгнаны ўладзіміра-валынскім кн. Раманам Мсціславічам.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЕР (Міхаіл Львовіч) (Майсей Лейбавіч; 1857, г. Пінск — 1882),

удзельнік народніцкага руху. Скончыў гімназію ў Мінску, вучыўся ў Кіеўскім ун-це. З 1876 чл. Мінскага народніцкага гуртка М.​Г.​Рабіновіча-Чорнага. У 1877 арганізаваў у Мінску народніцкі гурток землявольскага кірунку. У 1878 уцёк за мяжу, жыў у Швейцарыі і Парыжы. У 1881 вярнуўся ў Расію, добраахвотна з’явіўся ў Мінскае губ. жандарскае ўпраўленне, жыў пад наглядам паліцыі. Яго кантакты з уладамі адмоўна ацэнены ў колах рэвалюцыянераў. Скончыў самагубствам.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́ГІН (Аляксандр Леапольдавіч) (н. 12.2.1949, г. Архангельск, Расія),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыўшы Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1977), працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў маст. Фільмы «Чужая вотчына» (1980, з Я.​Ігнацьевым), «Філіял» (1987), «Д’ябал» (1990), «Кветкі правінцыі» (1995) і інш., мультфільмы «Капрычыо» (1986), «З днём нараджэння!» (1996, аўтар сцэнарыя і рэжысёр), спектакль «Запіскі вар’ята» (Тэатр-студыя кінаакцёра, 1980). Жывапісным яго работам уласцівы глыбокі псіхалагізм («Аўтапартрэт», «Журба», абедзве 1994), рысы стараж. абраза («Замілаванне», 1996, і інш.).

А.Верашчагін. Журба. 1994.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁРНЕР ((Wörner) Манфрэд) (24.9.1934, г. Штутгарт, Германія — 13.8.1994),

палітычны і дзярж. дзеяч ФРГ. Юрыст. Вучыўся ў Гейдэльбергскім, Парыжскім і Мюнхенскім ун-тах. Чл. партыі Хрысц.-дэмакр. саюз з 1956, чл. яе праўлення (з 1973). Саветнік у ландтагу (парламенце) зямлі Бадэн-Вюртэмберг (1962—64). Дэп. бундэстага (з 1965), чл. і старшыня (1977—82) яго камісіі па справах абароны. Міністр абароны ФРГ у 1982—88. У 1988—94 ген. сакратар НАТО (першы немец на гэтай пасадзе), садзейнічаў карэкціроўцы курсу блока (праграма «Партнёрства дзеля міру»).

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЖАЯНА́ГАР,

феадальная дзяржава ў Паўд. Індыі ў 14—17 ст. Знаходзілася на Пд ад р. Крышна. Утварылася ў 1336 у выніку барацьбы мясц. феадалаў з Дэлійскім султанатам. Пры Дэвараі II [1422—46] Віджаянагар падначаліў усю Паўд. Індыю, яго войскі рабілі паходы на Цэйлон і ў Бірму, нанеслі паражэнне Бахманідскаму султанату. Найб. росквіту дасягнуў пры Крышнадэвараі [1509—29]. Віджаянагар пастаянна ваяваў з дзяржавай Бахмані, потым з утворанымі на яе тэр. султанатамі. Пацярпеў паражэнне ў 1565, прыйшоў у заняпад і да сярэдзіны 17 ст. распаўся на княствы.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РТАНЕН ((Virtanen) Артуры Ілмары) (15.1.1895, Хельсінкі — 11.11.1973),

фінскі біяхімік; заснавальнік фінскай навук. школы тэхн. біяхіміі. Чл. Фінскай акадэміі навук і л-ры (1927). Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1916). У 1924—48 у Хельсінскім ун-це, адначасова з 1931 дырэктар Біяхім. ін-та. Навук. працы па біяхіміі кармоў. Распрацаваў метад кансервацыі зялёных кармоў падкісленнем сумессю кіслот (салянай і сернай) да pH 4, што спыняе бактэрыяльныя і ферментатыўныя працэсы («АІВ-метад» наз. па яго ініцыялах), метады кансервавання малака і малочных прадуктаў. Нобелеўская прэмія 1945.

А.І.Віртанен.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЕ́НТЭ, Вісенці (Vicente) Жыл (Хіль; каля 1470, г. Гімарайнш, Партугалія, ці Лісабон — каля 1536), партугальскі драматург і акцёр; заснавальнік партуг. нац. т-ра. Аўтар, акцёр і пастаноўшчык прыдворных відовішчаў, п’ес для карнавальных шэсцяў. Яго драмы, камедыі і фарсы насычаны ісп. і партуг. нар. муз. фальклорам, адметныя вальнадумствам, вострай сатырай, накіраванай супраць сац. загану: «Наведванне, ці Маналог пастуха» (1502), «Дзейства пра Сівілу і Касандру» (1503), «Трылогія пра лодку» (1517—19), «Фарс пра пагоншчыкаў мулаў» і «Свяшчэннік з Бейры» (1526) і інш.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-КАРАЛЕ́ЎСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў амер. калоніях Іспаніі ў 16 — пач. 19 ст., якою кіраваў віцэ-кароль. Першае віцэ-каралеўства — Новая Іспанія, створана ў 1535, у яго ўвайшлі тэр. Мексікі і большая ч. Цэнтр. Амерыкі. У Паўд. Амерыцы ў 1542 утварылася віцэ-каралеўства Перу, з якога ў 1739 вылучана віцэ-каралеўства Новая Гранада (тэр. Калумбіі, Панамы, Венесуэлы, Эквадора), у 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата (тэр. Аргенціны, Парагвая, Уругвая, Балівіі). Існавалі да Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)