ПА́ХМУТАВА (Аляксандра Мікалаеўна) (н. 9.11.1929, пас. Бякетаўка, цяпер у межах г. Валгаград, Расія),
расійскі кампазітар. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1984). Герой Сац. Працы (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Вядомасць набыла як кампазітар-песеннік. Творы вызначаюцца разнастайнасцю тэматыкі. Песні адзначаны шчырасцю, лірычнай пранікнёнасцю і рэльефнасцю меладычнага малюнка: «Песня пра трывожную маладосць», «Геолагі», «Арляняты вучацца лётаць», «Абдымаючы неба», «Пяшчота», «Мелодыя», «Белавежская пушча», «Якія маладыя мы былі», «Паклонімся», «Рускі вальс» і інш. Аўтар балета «Азоранасць» (паст. 1974), кантаты «Васіль Цёркін» (1953), уверцюр «Юнацтва» (1957), «Цюрынгія» (1958), «Рускае свята» (1967), канцэртаў для арк. (1971), трубы з арк. (1955), музыкі для дзяцей, да драм. спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзярж. прэмія СССР 1975, 1982.
Літ.:
Добрынина Е. А.Пахмутова. М., 1973;
А.Пахмугова. М., 1979;
Квасникова Л.А. Дорогами песен А.Пахмутовой. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГУЛЕ́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (10.3.1889, г. Гродна — 17.6.1958),
бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію (1907), Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 выкладчык Дзвінскай, у 1924—25 дырэктар Люцынскай бел. гімназій (Латвія). У 1926—34 заг.Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі, пасля займаўся журналістыкай. У 1940—41 інспектар Мін-ва асветы Латвіі. Пасля Вял.Айч. вайны на выкладчыцкай рабоце ў Рызе. Друкаваўся з 1924. Аўтар п’ес «Хамуты», «У трамваі», «Вечар пад Каляды», «Гідра», вершаў, апавяданняў. Склаў чытанку для бел. школ у Латвіі «Наш край» (1928). На лат. мову пераклаў камедыю Я.Купалы «Паўлінка» (паст. ў 1949 Латвійскім т-рам імя Я.Райніса). Апублікаваў у лат. друку шмат артыкулаў прабел. л-ру і тэатр, творчасць Я.Купалы і Я.Коласа. На бел. мову перакладаў творы лат. і чэшскіх пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КА ДЭ́ЛА МІРА́НДАЛА ((Pico della Mirandola) Джавані) (24.2.1463, Мірандала, каля г. Модэна, Італія — 17.11.1494),
італьянскі мысліцель і вучоны эпохі Адраджэння, гуманіст. Вучыўся ва ун-тах Балонні, Ферары, Падуі, дзе заснаваў схаластычную традыцыю арыстоцелізму і авераізму; разам з тым успрыняў культуру філал. гуманізму. Вывучаў у арыгінале Стары запавет і Каран, цікавіўся кабалой і «натуральнай магіяй». У сваіх «900 тэзісах» (1486) імкнуўся да ўсеагульнага «прымірэння. філасофіі»; лічыў, што ўсе рэліг. і філас. школы — прыватныя праявы адзінай ісціны. Папская курыя асудзіла 13 яго тэзісаў і яго самога. Пазней жыў у Фларэнцыі, далучыўся да гуртка Л.Медычы і фларэнційскіх неаплатонікаў на чале з М.Фічына (платонаўская Акадэмія), напісаў трактаты «Гептаплус» (1490), «Пра сутнае і адзінае» (1496). У творы «Супраць прадказальнай астралогіі» (1495) адмаўляў астральны дэтэрмінізм на карысць свабоды чалавечай волі. Яго працы паўплывалі на будучую натурфіласофію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НДАР (Pindaros; каля 518 да н.э., Кінаскефалы, каля г. Фівы, Грэцыя — каля 442 ці 438 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт; буйнейшы прадстаўнік харавой мелікі (лірыкі). Праславіўся эпінікіямі — гімнамі (па памерах — лірычныя паэмы) у гонар пераможцаў агульнаэлінскіх спарт. гульняў. З 17 кніг яго твораў захаваліся 4, якія ўключаюць 45 эпінікіяў. У іх роздум пра магутнасць багоў, міфічных герояў, продкаў пераможцаў, заклік да ўсебаковага развіцця закладзеных у чалавеку магчымасцей. Эпінікіі П. адметныя надзвычай складанымі сінтаксісам, метафорыкай, непрадказальнай асацыятыўнасцю. Яго стыль паўплываў на фарміраванне т.зв. піндарычнай оды ў еўрап. л-ры, а таксама філас. і духоўнага гімна ў вольных рытмах.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Античная лирика. М., 1968;
У кн.: Пиндар. Вакхилид: Оды. Фрагменты. М., 1980.
Літ.:
Гринбаум Н.С. Язык древнегреческой хоровой лирики: (Пиндар). Кишинев, 1973;
Синило Г.В. Гёльдерлин и Пиндар // Весн. БДУ. Сер. 4. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАГІЯ́Т (ад лац. plagio выкрадаю),
наўмыснае прысваенне аўтарства на чужы твор літаратуры, навукі, мастацтва, на вынаходства або рацыяналізатарскую прапанову. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь П. разглядаецца як істотнае парушэнне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна і цягне адказнасць у крымінальным або цывільна-прававым парадку. П. прызнаецца выпуск у свет чужога твора без спасылкі на аўтара, апублікаванне створанага сумесна з сааўтарамі твора толькі пад сваім імем, а таксама незаконны перадрук ці распаўсюджванне чужога твора, прымус да сааўтарства або незаконнае выкарыстанне інш. аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Крымін. адказнасць за П. прадугледжана арт. 201 КК. Аўтар і яго правапераемнікі маюць права ў цывільна-прававым парадку патрабаваць унясення адпаведных паправак, публікацыі ў друку або інш. спосабам апавяшчэння пра дапушчаныя парушэнні, патрабаваць забароны выпуску твора ў свет ці спыніць яго распаўсюджванне і пакрыцця панесеных у выніку П. страт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕБЕ́І (лац. plebejus ад plebs просты народ),
адно з саслоўяў свабоднага насельніцтва Стараж. Рыма. Да 3 ст. да н.э., як прышлае і падпарадкаванае насельніцтва, стаялі па-за абшчынай, не маглі карыстацца абшчыннай зямлёй (ager publicus), а валодалі ёю на правах прыватнай уласнасці. Беззямельныя П. займаліся рамесніцтвам і гандлем. У выніку працяглай барацьбы з патрыцыямі дамагліся некат. правоў: запісаны Законы 12 табліц (451—449 да н.э.), якія абаранялі П. ад беззаконня патрыцыяў; уведзены пасады нар. трыбунаў (449 да н.э.), прыняты закон пра дазвол шлюбаў паміж патрыцыямі і П. (445 да н.э.), аднаго консула ўводзілі з П. (367 да н.э.), рашэнні П. па трыбах атрымлівалі сілу закона і П. ўключаліся ў склад рым. народа (287 да н.э.). Тэрмін «П.» з 3—2 ст. да н.э. стаў азначаць паўнапраўных грамадзян нязнатнага паходжання.
Літ.:
Нечай Ф.М. Образование Римского государства. Мн., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛОЦКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
выданне, орган Полацкай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся штотыднёва ў 1874—1917 у Віцебску на рус. мове. Прызначаліся для Полацкай праваслаўнай епархіі, якая тады тэрытарыяльна адпавядала Віцебскай губ. Мелі афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні кансісторыі; у неафіц. — матэрыялы, прысвечаныя гісторыі і традыцыям правасл. царквы на Віцебшчыне, гісторыі асобных храмаў і манастыроў, біягр. нарысы і ўспаміны працарк. дзеячаў, рэцэнзіі на асобныя працы і агляды друку па пытаннях царк. гісторыі і жыцця, агляды і рэкламы царк. і свецкай л-ры. Шмат увагі аддавалася паказу дзейнасці правасл.царк. брацтваў, што аднавіліся на Віцебшчыне ў 1860-я г., Віцебскага к-таправасл. місіянерскага т-ва, ролі правасл. царквы ў развіцці адукацыі на Віцебшчыне. У 1995 выданне адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,
сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.Купала).
Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ЎСКІ (Лявон Іосіфавіч) (9.1.1896, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.8.1979),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяд. «Зялёная Амерыка» (1927), «Сівапляс» (1928), аповесцей «Блудны д’ябал» (1928) «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Міхась Тухачэўскі» (1967) гіст. раманаў «Генералісімус Сувораў» (ч. 1—2, 1947), «Адмірал Ушакоў» (1952), «Кутузаў» (1960). У 1925 у газ. «Ленинградская правда» апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гарады. Пісьма з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку — усё па-людску» і інш.). Пераклаў на рус. мову п’есы «Паўлінка» Я.Купалы і «Вайна вайне» Я.Коласа, раман «Мінскі напрамак» І.Мележа, аповесць «Андрэйка» П.Кавалёва, апавяданні М.Лынькова, зб.апавяд. «Ніколі не забудзем!». На бел. мову яго аповесць «Канстанцін Заслонаў» пераклалі В.Рудава і У.Ідэльсон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́ ((Rameau) Жан Філіп) (25.9.1683, г. Дыжон, Францыя — 12.9.1764),
французскі кампазітар, арганіст, клавесініст, скрыпач, муз. тэарэтык. Служыў арганістам у саборах Францыі. З 1723 у Парыжы, набыў славу першага арганіста Францыі. З 1745 прыдворны кампазітар. Развіваў заснаваны Ж.Б.Люлі жанр лірычнай трагедыі. У оперы ўзмацніў эмацыянальную выразнасць музыкі, ролю аркестра, увагу да рэчытатыўна-арыёзнай сферы. Аўтар опер, опер-балетаў, балетаў, камедый-балетаў і інш., свецкіх кантат, матэтаў, канцэртаў для клавесіна і камернага ансамбля, п’ес для клавесіна, музыкі для спектакляў і інш. У «Трактаце пра гармонію...» (1722) абгрунтаваў тэрцавую будову акордаў, увёў паняцце «гарманічнага цэнтра» (тонікі), дамінантнай і субдамінантнай функцый.
Літ.:
Адамян А. Эстетика Рамо // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Выд. 2;
Брянцева В.Н. Ж.Ф.Рамо и французский музыкальный театр. М., 1981;