КАМІ́ЧНАЕ (ад грэч. kōmikos смешны, вясёлы),

катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае неадпаведнасць паміж недасканалым, нежыццёвым зместам з’явы або прадмета і яго вонкавым выяўленнем, што прэтэндуе на паўнацэннасць, значнасць або маскіруецца пад іх. Вытокі К. ў гульнёвым, калектыўным самадзейным смеху, напр. у карнавальных гульнях. У ходзе развіцця культуры адасабляюцца віды К. — іронія, гумар, сатыра. Мае сац. характар, яго вытокі ў аб’ектыўных супярэчнасцях грамадскага жыцця. Суадносіцца з прыгожым, агідным, нізкім, процілеглае трагічнаму і ўзнёсламу, але здольнае да сінтэзу з імі (трагікамічнае, камічны аспект узнёслага). Для К., дзе адлюстроўваюцца супярэчнасці рэальнасці, важна гульня на ўтрыроўцы велічы прадметаў (карыкатура), на фантаст. спалучэннях (гратэск), збліжэнні далёкіх паняццяў (досціп). Разнастайнасць смешнага ў жыцці абумоўлівае шматграннасць выяўлення К. ў мастацтве. На К. заснаваны адзін з гал. відаў драмы — камедыя.

Літ.:

Дземидок Б. О комическом: Пер. с пол. М., 1974.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАТА́ЦЫЯ [позналац. connotatio ад лац. con (cum) разам + noto адзначаю, абазначаю],

дадатковыя семантычныя або стылістычныя адценні, якія накладваюцца на асноўнае значэнне моўнай адзінкі і служаць для стварэння экспрэсіўна-эмацыянальнай афарбоўкі выказвання (надання тону ўрачыстасці або зніжанасці, ласкі або іроніі і інш). Найб. выразна выяўляецца пры супастаўленні ацэначных слоў і выразаў з адпаведнымі ім стылістычна нейтральнымі сінонімамі («кляча» — худы заезджаны конь; «пражэкт» — неажыццявімы праект). У розных моўных кантэкстах адно і тое слова можа выяўляць розную К. Дадатковыя семантычныя і стылістычныя адценні могуць надавацца словам з дапамогай некат. афіксаў («дом — домік», «даміна — дамішча») або непасрэдна ўключацца ў лексічнае значэнне слова («абязлічка», «вярзці», «задзіра» і інш.).

Літ.:

Туроўская Ф.А. Канататыўныя значэнні «нейтральнай» лексікі // Бел. лінгвістыка. 1982. Вып. 21;

Телия В.Н. Коннотативный аспект семантики номинативных единиц. М., 1986.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕПТЫ́ЗМ (ісп. conceptismo ад concepto паняцце, думка),

адна з 2 асн. школ ісп. барока (разам з гангарызмам), пачатак якой паклаў ісп. паэт А. дэ Ледэсма Буйтрага («Духоўныя кансепты», 1600). Тэарэтычна абгрунтаваны ў эстэт. трактаце Б.Грасіяна-і-Маралеса. У аснове К. раскрыццё ўсёй складанасці, парадаксальнасці, шматасацыятыўнасці думкі. Паслядоўнікі К. займаліся пошукамі глыбінных і нечаканых сувязей паміж далёкімі прадметамі, з’явамі, паняццямі, імкнуліся да выяўлення парадаксальных заканамернасцей быцця, макс. выразнасці і сэнсавай насычанасці выказвання. Гэта абумовіла шматзначнасць слова, каламбуры, разбурэнне фразеалагізмаў, ужыванне іх у незвычайным кантэксце, метафары-кансепты, апрадмечванне метафар і ідыём. Стыль К. атрымаў назву «цяжкага стылю». Найб. поўна выявіўся ў т. зв. шахрайскім рамане Ф.Кеведа-і-Вільегаса і Л.Велеса дэ Гевары, спрыяў стварэнню гратэскна-сатыр., фантасмагарычнай карціны ісп. рэчаіснасці.

Літ.:

Гл. пры арт. Гангарызм.

Г.​В.​Сініла.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́Н I, Канстанцін Вялікі,

Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл. Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).

Літ.:

Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.

Канстанцін I. Фрагмент статуі. Каля 330.

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, Храм св. Сафіі,

помнік візант. дойлідства. Пабудаваны ў 532—537 у Канстанцінопалі (цяпер. г. Стамбул) Анфіміем з Тралаў і Ісідарам з Мілета. 3-нефавая купальная базіліка (даўж. 77 м). Купал (на ветразях; дыям. 31,5 м; адноўлены ў меншых памерах пасля зруйнавання ў 6 ст.) аб’яднаны з базілікальнай ч. пры дапамозе складанай сістэмы паўкупалаў, што надае інтэр’еру грандыёзнасць і пышнасць, гарманічнае адзінства. Унутры храм абліцаваны каляровым мармурам, аздоблены мазаікай (затынкавана туркамі, якія пасля 1453 ператварылі яго ў мячэць; частка мазаік 6—12 ст. расчышчана). Вонкавае манум. аблічча помніка скажонае тур. прыбудовамі 16—18 ст. (мінарэты і інш.). Цяпер музей. Разам з гіст. цэнтрам Стамбула ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Deichmann A Hagia Sophia. New York, 1974.

Канстанцінопальскі Сафійскі сабор.
Інтэр’ер Канстанцінопальскага Сафійскага сабора.

т. 7, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРАПУ́НКТ (ням. Kontrapunkt ад лац. punctum contra punctum літар. кропка супраць кропкі),

1) узгодненае спалучэнне 2 і болей самаст. меладычных ліній у шматгалосым цэлым. Адрозніваюць кансанансныя К. строгага (дысананс падрыхтоўваецца кансанансам і вырашаецца) і свабоднага (дысананс не патрабуе падрыхтоўкі, абавязковае толькі яго вырашэнне) пісьма; дысанансны К. 20 ст., дзе дысананс набывае амаль поўную самастойнасць. К. наз. простым, калі спалучэнне галасоў не прадугледжвае новага варыянта, і складаным, калі дапускае магчымасць новых спалучэнняў — варыянтаў пачатковага.

2) Тое, што поліфанія.

3) Мелодыя, што суправаджае меладычны голас, саступаючы яму ў індывід. выразнасці.

Літ.:

Танеев С.И. Подвижной контрапункт строгого письма. М., 1959;

Южак К. Некоторые вопросы современной теории сложного контрапункта // Вопросы теории и эстетики музыки. М.; Л., 1965. Вып. 4;

Друкт А.А. О композиционном строении двухголосных инвенций Баха. Мн., 1979.

А.​А.​Друкт.

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІ́НСКІ (Ісая) (? — 15.10.1640),

праваслаўны царк. дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст. Манах Кіева-Пячэрскай лаўры, адзін з арганізатараў Кіеўскай брацкай школы. З 1620 — епіскап перамышльскі, з 1628 — смаленскі і чарнігаўскі, у 1631—32/33 — мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. У крас. 1632 пры абранні каралём Уладзіслава IV намаганнямі архімандрыта Пятра Магілы адхілены ад пасады, у 1633 афіцыйна пазбаўлены сана і зняволены (да 1635). Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Аўтар зборніка маральных выслоўяў «Духоўная лесвіца», пасланняў да духавенства і прыватных асоб і інш. Творы К. значна паўплывалі на наступныя пакаленні бел. і ўкр. царк. мысліцеляў.

Літ.:

Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. М., 1991. Кн. 2. С. 72—78;

Мартос А Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990. С. 188.

А.​А.​Яскевіч.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЦЯ́ЕВА (Антаніна Дзмітрыеўна) (7.11.1909, прыіск Южны Зейскага р-на Амурскай вобл., Расія — 12.11.1991),

руская пісьменніца. Скончыла Літ. ін-т у Маскве (1947). Друкавалася з 1935. Аўтар аповесці «Калымскае золата» (1936), кн. нарысаў «Былі Алдана» (1937) пра жыццё і працу сібірскіх старацеляў, шахцёраў-гарнякоў. У раманах «Фарт» (1940), «Таварыш Ганна» (1946), «Дар зямлі» (1963), трылогіі «Іван Іванавіч» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Дружба» (1954), «Адвага» (1958) тэмы кахання, сям’і, грамадскага прызначэння чалавека, перамены ў сац. і духоўным жыцці народаў Поўначы. Гісторыка-рэв. раман «На Урале-рацэ» (кн. 1—2, 1969—78) прысвечаны падзеям грамадз. вайны. Дакументальна-публіцыстычныя нарысы К. у зб-ках «Па слядах Ермака. З дзённіка пісьменніка» (1972), «Палымяныя кветкі пустыні» (1982).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1972—75.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛІ́НГІ (лац. Carolingi, франц. Carolingiens, ням. Karolinger),

каралеўская і імператарская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 8—10 ст. Назва ад імя Карла Вялікага. Вылучыліся ў 6 ст. са знатнага роду рыпуарскіх (усходніх) франкаў. У 7 ст. замацавалі за сабой пасаду маярдомаў (правіцеляў) Аўстразіі (усх. ч. Франкскай дзяржавы), да канца стагоддзя фактычныя ўладары ўсёй дзяржавы. Узмацніліся пры Карле Мартэлу, сын якога Піпін Кароткі (каранаваўся ў 751) скінуў апошняга прадстаўніка дынастыі Меравінгаў. Найб. магутнасці дасягнулі пры Карле Вялікім. Пасля Вердэнскага дагавора 843 падзяліліся на 3 галіны: сярэднефранкскую (італьянскую; правіла да 905), усходнефранкскую (германскую; правіла да 911), заходнефранкскую (французскую; правіла да 987). Гл. таксама «Каралінгскае адраджэнне».

Літ.:

Лебек С. Происхождение франков, V—IX вв.: Пер. с фр. М., 1993;

Тейс Л. Наследие Каролингов, IX—X вв.: Пер. с фр. М., 1993.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я АРМЕ́НІІ, Дзяржаўная карцінная галерэя Арменіі. Засн. ў Ерэване ў 1921 як аддзел Дзярж. музея Арменіі, з 1931 аддзел Культурна-гіст. музея Арменіі, з 1935 Музей выяўл. мастацтва, з 1948 сучасная назва. У калекцыі каля 16 тыс. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога арм., рус., зах.-еўрап. і ўсх. мастацтва. У аддзеле арм. мастацтва творы І.​Айвазоўскага, С.​Агаджаняна, Э.​Шаіна, М.​Сар’яна, С.​Сцепаняна, А.​Саркісяна, М.​Асламазян, Э.​Ісабекяна, А.​Зардарана і інш.; у аддзеле рус. мастацтва работы К.​Брулова, І.​Рэпіна, В.​Сярова, К.​Сомава, А.​Бенуа, С.​Канёнкава. К.​Пятрова-Водкіна, В.​Кандзінскага, М.​Шагала і інш.; у аддзеле зах.-еўрап. мастацтва карціны П.​П.​Рубенса, Ф.​Друэ, Ж.​А.​Фраганара, Г.​Курбэ і інш.

Літ.:

Государственная картинная галерея Армении. Ереван, 1965.

т. 8, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)