РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),

клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн. г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр. галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 2. 2 изд. М., 1988;

Шарова И.Х. Зоология беспозвоночных. М., 1999.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракападобныя: 1 — калянус; 2 — капілія; 3 — марскі таракан мезідатэя; 4 — анандалеум японскі; 5 — вослік вадзяны; 6 — рак вузкапальцы; 7 — рак-шчаўкун альфеус; 8 — басміна даўгаротая; 9 — лептадора драпежная.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ,

1) у тэксталогіі — аднаўленне тэксту літаратурнага помніка на падставе аналізу асобных яго частак, што захаваліся, а таксама інш. блізкіх паводле складу, зместу, стылю твораў. Будуецца на комплексным даследаванні ўсіх крыніц і фактаў, што тычацца пэўнага помніка, яго ідэйна-маст. накіраванасці, месца і часу ўзнікнення, аўтарства і інш. У адрозненне ад кантамінацыі, у выніку якой ствараецца зводны, кампіляцыйны тэкст, Р. гіпатэтычна ўзнаўляе канкрэтны этап у гісторыі твора, па магчымасці дакладна рэальны тэкст. Найб. удалае аднаўленне помніка мінулага — Р. Троіцкага летапісу (пач. 15 ст.; рукапіс згарэў у час пажару Масквы ў 1812), зробленая рус. гісторыкам М.​Прысёлкавым. У бел. тэксталогіі Р. карыстаюцца пры аднаўленні, напр., згубленых частак «Хронікі Быхаўца», за аснову бяруць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага і Галіцка-Валынскі летапіс.

2) У лінгвістыцы — гіпатэтычнае аднаўленне моўных форм і сістэм, якія зніклі, на аснове іх больш позніх адлюстраванняў і з улікам магчымых шляхоў моўнага развіцця. Упершыню гэты метад ужыты ў сярэдзіне 19 ст. А.​Шлайхерам для Р. індаеўрап. прамовы. Р. аб’ядноўвае некалькі метадычных працэдур: знешнюю (ці «параўнальную») Р., унутраную Р. і філал. метад. Знешняя Р. аперыруе данымі шэрагу роднасных моў (напр., рэгулярнасць адпаведнасці паміж слав. b, герм. β, лац. f, грэч. φ, санскрыцкім bh, хецкім p у гістарычна тоесных каранях дазваляе рэканструяваць індаеўрап. bh, які па-рознаму развіваўся ў мовах). Унутраная Р. выкарыстоўвае даныя адной мовы; яна — адзін з асн. прыёмаў узнаўлення гісторыі мовы. Філалагічны метад Р. заключаецца ў сістэмным даследаванні стараж. пісьмовых помнікаў на мовах той ці інш. генет. агульнасці з устаноўкай на выяўленне больш архаічных моўных форм, чым тыя, якія прадстаўлены ў сучасных мовах; падыходзіць толькі для тых моўных сем’яў, дзе існуе стараж. пісьмовая традыцыя (для індаеўрап. моў гэта хецкая, стараж.-грэч., лац., стараслав. мовы, санскрыт і інш.).

Літ.:

Лихачев Д.С. Текстология. 2 изд. Л., 1983;

Сравнительно-историческое изучение языков разных семей: Теория лингвист. реконструкции. М., 1988.

В.​А.​Чамярыцкі (у тэксталогіі).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́,

традыцыйная ворная прылада. Выкарыстоўвалася ў лясной паласе Усх. Еўропы, Урала, Сібіры. На Беларусі С. з жалезным сашніком вядома з канца 1-га тыс. Паводле канструкцыі вылучаюць С.: палескую (літоўскую, падляшскую), віцебскую (рускую, перакладку), падняпроўскую (магілёўскую або беларускую). На ПдЗ Беларусі была пашырана палеская С., якая складалася з корпуса (рагача) са ствала дрэва, выкапанага з коранем, і рабочай часткі (расохі, плахі). Яна рабілася найчасцей з бярозы і мела раздвоены канец, на які набівалі жалезныя сашнікі. Была асіметрычнай: розная форма і пастаноўка сашнікоў і адвальных дошак (паліцы). Падобнага тыпу С. вядома і на Укр. Палессі, польскім Падляшшы, літ. Аўкштайціі. У Панямонні сустракалася С. больш лёгкая, з дзвюма паліцамі і аднолькавымі сашнікамі. Замест дышля яна мела кароткі градыль, да якога прыстасоўвалі аглоблі для коннай запрэжкі. У Паазер’і шырока выкарыстоўвалі С. віцебскага тыпу з перакладной паліцай для коннай запрэжкі з аглоблямі. На Падняпроўі выкарыстоўвалася С. з больш доўгай і стацыянарнай паліцай, замацаванай пад левы сашнік. Конь запрагаўся ў пастронкі, што мацаваліся да канца аглабель. Даўжынёй пастронка рэгулявалася глыбіня ворыва. На Палессі бытавала і С. без паліц. У Цэнтр. Беларусі сустракалася і С. з адной паліцай. У 19 ст. ў Барысаўскім і Ігуменскім пав. на сугліністых глебах выкарыстоўвалі С. палескага тыпу (паўзуха), на пясчаных завалуненых і лясных глебах — лёгкую С. колавага тыпу, т.зв. дрынду, з вузкімі трубчастымі сашнікамі і амаль вертыкальна пастаўленай расохай. Такія С., відаць, былі пашыраны ў эпоху сярэдневякоўя, пра што ўскосна сведчаць знаходкі трубчастых сашнікоў у стараж. слаях (11—13 ст.) Полацка, Мінска, Друцка. У 19 ст. колавая С. без паліцы выкарыстоўвалася пры першым узорванні папару, а пры ворыве пад сяўбу — С. з шырокімі сашнікамі і адвальным прыстасаваннем. С. без паліц выкарыстоўваюць пры акучванні бульбы і ў наш час у паўн. Беларусі.

В.​С.​Цітоў.

Палеская саха.
Падняпроўская (магілёўская) саха.
Віцебская саха.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМВО́ЛІКА,

1) арганізаваная сістэма сімвалаў, створаная чалавекам для спрашчэння перадачы інфармацыі. Характэрна для кожнай сферы матэрыяльнага і духоўнага свету чалавека: С. мовы, жэстаў, мастацтва, абрадаў, міфаў, паданняў, гульні, магіі і да т.п. Чалавек выступае ў якасці кіраўніка і каардынатара структурнай цэласнасці і функцыянальнасці С. У кожным грамадстве яна фарміруецца на пэўным этапе гіст. развіцця ў адпаведнасці з базавымі прынцыпамі канструявання ў грамадскай свядомасці касмалагічных і антрапалагічных вобразаў, уяўленняў пра мікра- і макракосм. С. падпарадкоўваецца прынцыпам паслядоўнасці (стварэнне на аснове аднолькавых перадумоў і матываў, агульных навук., эстэт. і этычных установак, што пануюць у грамадстве, сімвалаў, сінанімічных па змесце і форме), несупярэчнасці (адсутнасць сімвалаў, што маюць некалькі значэнняў, у т. л. процілеглых адно аднаму), усеагульнасці, абумоўленай сімвалічнай прыродай чалавечай культуры і заснаванай на неабходнасці мінімізацыі затрат пры апрацоўцы інфармацыі. На кожным з падраздзелаў С. (элементным, структурным, сістэмным) сімвал набывае семантычныя, стылістычныя і сэнсавыя нагрузкі. Чым больш строгая і менш скажоная сувязь паміж сімвалам і сутнасцю, якую ён сімвалізуе, тым вышэй роля семантычнага зместу ў функцыянальнай накіраванасці С. (напр., магічная і навук. С.). Чым больш складаныя і выразныя фармальныя якасці сімвала, тым вышэй значэнне стылістычных параметраў С. (напр., С. мастацтва і міфалогіі). Дамінаванне сэнсавага зместу сімвала выяўляецца ў дакладным адлюстраванні ў С. сац. норм і арыенціраў (напр., С. этыкету, рытуалаў, геральдыкі і інш.). Семантычная нагрузка С., адрозненне ад стылістычнай і сэнсавай, менш рухомая і з развіццём грамадства фактычна не мяняецца.

2) Навука, якая вывучае эвалюцыю семантыкі сімвалаў. Гал. праблемы С. — прырода сімвала; дынаміка ўзаемадзеяння сімвалаў у межах пэўнай сімвалічнай сістэмы; умовы супрацьстаўлення элементаў чужародных сімвалічных сістэм. Асн. прынцып С. — выкарыстанне прыёмаў і падыходаў сістэмнага аналізу. Гал. задача С. — выяўленне ступені скажэння значэння сімвалаў на кожным сістэмным падраздзеле (элементным, структурным і сістэмным). Часам у якасці сіноніма «С.» выкарыстоўваюць тэрміны «сімбалогія», «сімвалазнаўства», «сімволіказнаўства».

А.​Р.​Жаўняк, І.​І.​Мячыкава.

т. 14, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДА́НЫ СКАЗ,

поліпрэдыкатыўная сінтаксічная адзінка, арганізаваная з двух і больш простых сказаў, аб’яднаных у структурнае, сэнсавае і інтанацыйнае адзінства. У С.с. простыя сказы страчваюць уласцівую ім грамат., інтанацыйную, сэнсавую самастойнасць і ператвараюцца ў састаўныя ўзаемна звязаныя прэдыкатыўныя часткі, якія дапаўняюць або характарызуюць адна адну. Сінтакс. сувязь гэтых частак ажыццяўляецца злучнікавым або бяззлучнікавым спосабам, а таксама інтанацыяй і структурнымі іх суадносінамі.

Паводле сродкаў сувязі С.с. падзяляюцца на злучнікавыя, бяззлучнікавыя і камбінаваныя. Сярод злучнікавых вылучаюць складаназлучаныя і складаназалежныя сказы. У складаназлучаных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна раўнапраўныя, аб’яднаны злучальнымі злучнікамі і выражаюць спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя і розныя віды далучальных адносін: «Ці то сонца свеціць, ці то месяц ясны вам смяецца з неба весела і шчасна» (Я.​Купала). У адпаведнасці з будовай і характарам выражаных адносін складаназлучаныя сказы могуць мець адкрытую або закрытую структуру. У складаназалежных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна нераўнапраўныя, аб’яднаны падпарадкавальнымі злучнікамі і выражаюць працэсуальныя, суб’ектныя, аб’ектныя, атрыбутыўныя і розныя віды акалічнасных адносін: «Пад акном роўна шумелі старыя ліпы, якія жывой сцяной акружалі сад» (І.​Шамякін). Незалежна ад колькасці разнавіднасці прэдыкатыўных частак складаназалежныя сказы заўсёды маюць закрытую структуру. Бяззлучнікавыя С.с. арганізаваны з сінтаксічна раўнапраўных або нераўнапраўных прэдыкатыўных частак, аб’яднаных бяззлучнікавай сувяззю, якая рэалізуецца інтанацыяй, парадкам слоў, трывальна-часавымі суадносінамі выказнікаў і інш. лексіка-грамат. сродкамі: «Маўчала ноч па-над палянай, зялёны гай не гаманіў» (П.​Трус). У камбінаваныя С.с. ўваходзяць тры і больш прэдыкатыўныя часткі, якія па-рознаму пабудаваны і аб’яднаны рознымі відамі злучнікавай і бяззлучнікавай сувязі. У выніку іх аб’яднання звычайна ўтвараюцца С.с., якія арганізуюцца паводле мадэлі складаназлучаных, складаназалежных або бяззлучнікавых сказаў. «На дварэ цёпла — дзеці гуляюць каля хаты, а стане халадней — яны ідуць у хату» (З.​Бядуля).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;

Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя. Мн., 1987.

Л.​І.​Бурак.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВО́Й ХІ́МІІ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці, прадукцыя якой прызначана для гасп.-быт. патрэб. Выпускае больш за 100 найменняў тавараў і таварных груп, у якасці сыравіны выкарыстоўвае прадукцыю хім., нафтахім., харч. і інш. галін прам-сці і некат. с.-г. прадукты. Уключае вытв-сць сродкаў мыйных, паліравальных, клеючых, для чысткі, вывядзення плям, адбельвання, падсіньвання і падкрухмальвання вырабаў з тканін, барацьбы з быт. насякомымі і грызунамі, аховы с.-г. раслін ад шкоднікаў, догляду вырабаў са скуры і замшы, фотахімікатаў, лакафарбавых матэрыялаў, мінер. угнаенняў, вырабаў з пластмасаў, сухога спірту, парафінавых і ёлачных свечак, антыфрызу і інш.

Узнікненне і развіццё бытавой хіміі прамысловасці звязана са станаўленнем хім. прамысловасці. Асн. ч. прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці складаюць мыйныя сродкі. Сусветная вытв-сць іх у 1992 склала больш за 20 млн. т, каля 4 кг на душу насельніцтва (найб. у Бельгіі, 44 кг). У 10 найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць краіны Амерыкі, Еўропы і Азіі (гл. табл. 1). Найб. вядомыя ў свеце кампаніі па вытв-сці тавараў быт. хіміі «Проктэр энд Гэмбл» (ЗША), «Юнілевер» (Нідэрланды), «Міні Бэст» (Германія), «Кампазіл» (Бельгія), «Коніка» (Японія) і інш.

У Беларусі, як і ў інш. краінах б. СССР, як самаст. галіна аформілася ў 1965. Прадукцыю быт. хіміі выпускаюць больш за 30 прадпрыемстваў. Найб. з іх ВА «Брэстбытхім», Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Барысаўскі з-д быт. хіміі, Лідскае акц. т-ва «Лакафарба». У галіне дзейнічаюць ВА «Нафтан» (Наваполацк), Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Пухавіцкі з-д горнага воску, Пінскі з-д штучных скур, з-ды пластмасавых вырабаў (Гомель, Барысаў, Рудзенск), «Тэрмапласт» (Рэчыца), «Металапластмасы» (Ляхавічы), ВА «Белпласт» (Пінск), «Паліміз» (Барысаў), «Эмальпосуд» (Слуцк, Гомель), гумавых (Крычаў) і гумава-тэхн. вырабаў (Капыль), быт. хіміі (Калінкавічы), камбінаты буд. матэрыялаў (Пухавічы, Кобрын, Даманава) і інш. Удз. в. хім. прадукцыі сярод прадметаў ужытку (група «Б») складае 2,4% (1993). Пра асн. віды прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці ў Беларусі гл. табл. 2.

В.​М.​Сасноўскі.

Табліца 1
Найбуйнейшыя краіны-вытворцы сінтэтычных мыйных сродкаў (1992)
Краіна Агульная вытв-сць, тыс. т На душу насельніцтва, кг
ЗША 4000 16
Вялікабрытанія 1575 28
Францыя 1530 26
Італія 1500 27
Кітай 1462 1,3
Іспанія 1350 35
Японія 1055 9
ФРГ 930 13
Мексіка 880 10
Расія 511 3,4
Табліца 2
Вытворчасць тавараў бытавой хіміі ў Беларусі
Наменклатура тавараў гады
1985 1990 1994
Тавары быт. хіміі, у млрд. руб. 71,1 121,1 70,9
у тыс. т 104 271 29
у т.л. мыйныя сродкі 36 38 6
3 іх сінтэтычныя 30 31 5
сродкі для адбельвання, падсіньвання, падкрухмальвання вырабаў з тканін 2,6 3,5 1,0
сродкі для чысткі 7,2 9,6 3,1
сродкі догляду аўтамабіляў, матацыклаў і веласіпедаў — 3,5 2,4
сродкі супраць быт. насякомых, грызуноў і для дэзінфекцыі 1,5 1,1 0,1
сродкі для аховы раслін садоў і агародаў 0,5 1,1 0,1
мінер. ўгнаенні 26 162 0,7
лакафарбавыя матэрыялы 17 34 7
Да арт. Бытавой хіміі прамысловасць. Вытворчасць аэразольных прэпаратаў на Брэсцкім заводзе бытавой хіміі.

т. 3, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,

галіна энергетыкі, звязаная з распрацоўкай тэарэт. асноў, метадаў і тэхн. сродкаў для ператварэння ветравой энергіі ў эл., мех. і цеплавую. Займаецца таксама вызначэннем галін і маштабаў мэтазгоднага выкарыстання энергіі ветру ў нар. гаспадарцы. Ветраэнергетыка абапіраецца на аэралагічныя даследаванні, на базе якіх распрацоўваецца ветраэнергет. кадастр (па ім выяўляюць раёны са спрыяльным ветравым рэжымам). Аснова ветраэнергетыкі — ветраэлектрычныя станцыі (ВЭС).

Першыя ветрарухавікі (барабаннага тыпу) выкарыстоўваліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, у 7 ст. н.э. персы будавалі больш дасканалыя — крыльчатыя. Мяркуюць, што ветракі з’явіліся ў Еўропе і на Русі ў 8—9 ст., пашырыліся з 13 ст. (асабліва ў Галандыі, Даніі і Англіі), з 15 ст. — на Беларусі. Выкарыстоўваліся для пад’ёму вады, размолу зерня, прывода розных машын. У пач. 20 ст. М.Я.Жукоўскі распрацаваў тэорыю быстраходнага і высокапрадукцыйнага ветрарухавіка, пачалася прамысл. вытв-сць сродкаў ветраэнергетыкі. Былі пабудаваны першыя ВЭС: у Расіі каля Курска (1930, магутнасць 8 кВт), на Украіне каля Севастопаля (1931, 100 кВт), у Казахстане (пач. 1950-х г., 400 кВт). У канцы 1960-х г. у СССР створаны уніфікаваныя быстраходныя ветраэнергет. агрэгаты ВБЛ-3, ВПЛ-4, «Беркут» і інш., прызначаныя ў асноўным для пад’ёму вады на жывёлагадоўчых фермах, аддаленых пашах і інш. Перспектыўным лічыцца стварэнне магутных ветраэнергет. комплексных сістэм, якія спалучаюцца з дзейнымі энергасістэмамі і маюць эфектыўныя ветраагрэгаты (іх асаблівасць — паваротная вежа з двума ветраколамі, якія маюць 50-метровы размах лопасцей).

На Беларусі работы ў галіне ветраэнергетыкі пашырыліся з 1986. Уведзена ў дзеянне больш як 25 ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Распрацавана ВЭУ малой магутнасці БВ-305 (5,5 кВт, дыяметр ветраротара 8 м, макс. скорасць яго вярчэння 100 аб/мін, дыяпазон рабочых скарасцей ветру 3,5—20 м/с, гадавая выпрацоўка электраэнергіі 12—15 МВт∙гадз); доследная партыя зроблена на Мінскім НВП «Ветрамаш». Распрацоўваюцца ВЭУ магутнасцю 30 кВт для ацяплення аўтаномных аб’ектаў, ветрамех. ўстаноўка для перапампоўвання вадкасці з свідравін. Перспектыўныя ветраагрэгаты серыі ВТН (навук.-вытв. фірмы «Ветэн», Расія), прызначаныя для электразабеспячэння аўтаномных аб’ектаў: ВТН8-4 магутнасцю 4 кВт, для раёнаў з сярэднегадавой скорасцю ветру v ≥ 3,5 м/с; ВТН8-8 — 8 кВт, v ≥ 5 м/с; ВТН16-30 — 30 кВт, v ≥ 5 м/с. Эканам. работа ВЭУ забяспечваецца пры сярэднегадавых скарасцях ветру больш за 3,5 — 4 м/с на вышыні 10 м (на Беларусі 3—3,5 м/с у паўд. ч., 4—4,5 м/с у цэнтр., 4—5 м/с зімой у цэнтр. і паўн.-зах. ч.). Патрэбнасць Беларусі ў сродках ветраэнергетыкі на бліжэйшую перспектыву ацэньваецца ў 150 шт. агульнай магутнасцю 900 кВт. Найб. мэтазгодна камбінаванае выкарыстанне энергарэсурсаў — у гібрыдных устаноўках, дзе спалучаецца выкарыстанне энергіі ветру з энергіяй сонца, бія- і арган. паліва і інш.

Літ.:

Энергия ветра: Оценка технич. и экон. потенциала: Пер. с англ. М., 1982;

Шефтер Я.И. Использование энергии ветра. 2 изд. М., 1983.

Ю.​Дз.​Ільюхін, У.​М.​Сацута.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),

чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац. школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-за рэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галандыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.​Бэкана, Х.​Л.​Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.

Літ.:

Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;

Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;

Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.

В.​С.​Балбас.

Я.А.Каменскі.

т. 7, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі, найвыш. ч. Беларусі і Беларускай грады. Займае паўн.-зах. і цэнтр. ч. Мінскай вобл. Мяжуе з Ашмянскім узвышшам на З, Нарачана-Вілейскай нізінай і Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Пн, Аршанскім узвышшам на У, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ, Капыльскай градой і Верхнянёманскай нізінай на Пд і ПдЗ. Далінай р. Сэрвач (прыток р. Вілія) аддзелена ад Свянцянскіх град. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ больш як на 180 км, з З на У на 143 км, пл. 7,5 тыс. км². Найб. вышыні: самая высокая на Беларусі Дзяржынская гара (345 м) на Пд, Лысая гара (342 м) і Маяк (335 м) у цэнтр. частцы. Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі больш за 150 м. Частка Чарнаморска-Балтыйскага водападзелу.

М.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. ч. Беларускай антэклізы. Паверхню даантрапагенавых адкладаў, якія залягаюць у цокалі, утвараюць пароды верхняга пратэразою, сярэдняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады ўтвораны нараўскім, бярэзінскім, дняпроўскім, сожскім і паазерскім зледзяненнямі, а таксама ў міжледавіковыя перыяды (белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі, гл. адпаведныя арт.), вызначаюцца літалагічнай стракатасцю, нявытрыманай магутнасцю (100—300 м). М.ў. — складаны вузел краявых ледавіковых утварэнняў. Асн. роля ў фарміраванні рэльефу належыць сожскаму ледавіку. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі сілікатныя і будаўнічыя, торф, мінер. воды.

Рэльеф градавы і буйнаўзгорысты. Вылучаюцца больш дробныя ўзвышшы: Івянецкае, Радашковіцкае (уключае Аляхновіцкае), Лагойскае, Плешчаніцкае (гл. адпаведныя арт.), Докшыцкае, Валожынскае; Івянецка-Мінскі вуглавы (лёдападзельны) масіў і Валожынска-Лагойска-Докшыцкі франтальны пояс краявых ледавіковых утварэнняў. Пашыраны стараж. лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод (даўж. некалькі дзесяткаў кіламетраў, карытападобныя). Частка з іх выкарыстана далінамі рэк Бярэзіна, Іслач, Усяжа, Цна, Уса, Пціч, Свіслач, Гайна, Вілія, Ілія, Уша, Рыбчанка і інш. Скразныя даліны рэк Ілія—Гайна, Вілія—Поня злучаюць бас. Балтыйскага і Чорнага мораў. Трапляюцца стараж. лагчыны, якія не ўнаследаваны сучаснай гідрасеткай, т.зв. «мёртвыя» даліны. Да міжградавых дэпрэсій, лагчын сцёку, схілаў град прымеркаваны камы, камавыя масівы, озы і озавыя грады. Рачная сетка належыць да бас. р. Нёман (р. Вілія з прытокамі Сэрвач, Дзвінаса, Ілія; Бярэзіна, Іслач, Сула, Уса і інш.) і р. Дняпро (Бярэзіна з Поняй, Гайнай, Плісой, Свіслаччу; Пціч). Вадасховішчы на Свіслачы (Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды), на Вячы (Вяча). Пцічы (Воўчкавіцкае вадасховішча). У межах М.ў. праходзіць гал. канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Пераважаюць глебы дзярнова-палева-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам 10—20% тэрыторыі на Пд і 40—50% на Пн (буйныя масівы хваёвых лішайнікава-кусцікавых лясоў). У далінах рэк яловыя паўднёватаежныя лясы (шыракаліста-яловыя асацыяцыі з дубам, клёнам, ліпай і густым падлескам з ляшчыны, рабіны і інш.). Уздоўж рэк і ручаёў вольха чорная. Асн. частка балот асушана. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі. На М.у. ландшафтны заказнік рэсп. значэння — Прылуцкі.

М.​А.​Вальчык.

Мінскае ўзвышша каля в. Ратамка Мінскага раёна.

т. 10, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЧ,

найбольшае возера на Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне, на выш. 165 м. Пл. 79,6 км², даўж. 12,8 км, найб. шыр. 9,8 км, найб. глыб. 24,8 м, даўж. берагавой лініі 41 км. Аб’ём вады 710 млн. м³. Пл. вадазбору 199 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр і нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу, акруглай формы, асіметрычная. Сфарміравалася ў час утварэння Свянцянскіх град у перыяд паазерскага зледзянення. Схілы на Пн і ПнУ выш. 45—50 м, утвораны адгор’ямі Свянцянскіх град, сугліністыя і супясчаныя. На Пд да возера прымыкае больш спадзістая Паўд.-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, акумулятыўныя, з пясчанымі пляжамі, пясчана-галечнымі валамі (выш. да 1 м) і камяністымі косамі, месцамі забалочаныя, тарфяныя. На Пн і ПнУ абразіўныя берагі са стромымі абрывамі і мысамі (выш. 2—11 м). Каля паўн.-ўсх. берага востраў (пл. 6,2 га) — помнік прыроды (рэдкія звяры і птушкі, гнездаванне вял. крахаля — ахоўны від). Дно возера адносна роўнае (сярэдні нахіл 1°), на У больш складанай будовы (нахіл 5—6°), з чаргаваннем узгорыстых, градава-ўзгорыстых і плоскіх участкаў, месцамі мяліны. Паверхня дна глыб. да 2 м займае 17% пл. возера, да 5 м — 36%, больш за 20 м — 1,8%. Прыбярэжная водмель пясчаная, часткова заіленая, каля стромкіх берагоў галька і валуны. Глыбакаводная ч. выслана крэменязёмістымі і карбанатнымі сапрапелямі, глініста-пясчанымі адкладамі. Паўвостраў Наносы (канчаецца касой) падзяляе Н. на паўн.-зах. Малы плёс (глыб. да 18 м) і паўд.-ўсх. Вялікі плёс (глыб. 24,8 м). Ваганні ўзроўню за год да 35 см, у асобныя гады да 70 см. Сярэдні ледастаў 127 сутак (снеж.—красавік). Таўшчыня лёду 50—60 см, макс. да 90 см. Макс. т-ра прыпаверхневага слоя вады 22 °C у канцы ліп. — пач. жніўня. Зімовыя т-ры ў тоўшчы вады 2,5 °C. Вада насычана кіслародам, мінералізацыя да 250 мг/л, празрыстасць 7—9 м, колернасць 5—7°. Мезатрофнае. Упадаюць 17 ручаёў (Пронькі, Купа, Антонізберг, Сіманы і інш.) і пратока Скема з воз. Мястра, выцякае р. Нарач. Поўная змена вады адбываецца за 10 гадоў. Жыўленне: 62% ападкі, каля 29% паверхневае, каля 9% падземнае. Асн. ч. расходу вады (56%) — сцёк па р. Нарач. Іхтыяфауна рапушкава-сігавая, уключае 19 абарыгенных відаў. Прамысл. зарыбленне (еўрапейскі вугор, амурскі сазан, судак, сіг, пелядзь, сярэбраны карась і інш.). Гняздоўі птушак (лебедзь-шыпун, малая крачка, скапа, малая паганка) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. З 1946 вядуцца гідраметэаралагічныя назіранні і маніторынгавыя даследаванні (Гідрабіялагічная станцыя БДУ). На берагах курорт Нарач, біял. заказнікі Некасецкі і Пасынкі, на паўд.-ўсх. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, помнік прыроды — геал. агаленне Студзянец. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем пагаршаецца экалагічны стан Н.: памяншаецца празрыстасць вады, павялічылася колькасць фітапланктону, інтэнсіўна развіваюцца сіне-зялёныя водарасці, павялічваецца колькасць фасфатных злучэнняў у вадзе, развіваецца ачаг шыстаматознага цэркарыёзу.

З.​І.​Гарэлышава, Ю.​М.​Емяльянаў.

Возера Нарач.

т. 11, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)