1) утварэнне адтуліны («прашыванне») у нагрэтым злітку для атрымання загатоўкі трубы.
2) Апрацоўка адтулін (каліброўка) для павышэння дакладнасці іх формы і памеру, памяншэння шурпатасці і ўмацавання паверхневага слоя. Робіцца ратацыйным дорнам на такарных, расточных і інш. станках. Асн. элемент ратацыйнага дорна — шарыкі (або ролікі) з загартаванай сталі, якія пры абкочванні бесперапынна прыціскаюцца да паверхні, што апрацоўваецца. На Беларусі комплекс ратацыйных дорнаў створаны пад кіраўніцтвам Я.Р.Канавалава (Залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы ў 1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЫНЯ́ СВАБО́ДНАГА ПРАБЕ́ГУ,
сярэдні шлях, які праходзіць часціца (малекула, атам і г.д.) паміж двума паслядоўнымі сутыкненнямі з інш. часціцамі. Для звычайных малекулярных газаў пры нармальных умовах Д.с.п. ~0,1 мкм, што прыкладна ў 100 разоў перавышае сярэднюю адлегласць паміж малекуламі. Паняцце «Д.с.п.» ўзнікла ў кінетычнай тэорыі газаў і абагульнена на выпадак слаба ўзаемадзейных часціц, якія ўтвараюць газападобныя сістэмы (электронны газ у металах і паўправадніках, нейтроны ў слаба паглынальным асяроддзі і інш.). Выкарыстоўваецца пры разліках розных працэсаў пераносу (гл.Пераносу з’явы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКЕ́ВІЧ (Мікалай Паўлавіч) (16.8.1852, в. Бяжоў, Жытомірская вобл., Украіна — 2.2.1908),
украінскі і расійскі гісторык і літаратуразнавец; прадстаўнік культ.-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літаратуразнаўстве. Акад.Пецярб.АН (з 1907). Скончыў Кіеўскі ун-т (1873), потым прафесар у ім. Даследаваў гісторыю Паўд. Расіі і ВКЛ, у т. л. Беларусі. Удакладніў храналогію некат. падзей, асветленых у Галіцка-Валынскім летапісе, выказаў здагадку, што летапісная Літва знаходзілася ў вярхоўі Нёмана. Аўтар прац пра рус. былінны эпас, творчасць рус. і ўкр. пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТЭРМІ́Я (ад гіпер... + грэч. thermē цяпло),
пераграванне, намнажэнне цяпла ў арганізме цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку перавышэння цеплапрадукцыі над цеплааддачай. Пры выяўленым напружанні фізіял. механізмаў тэрмарэгуляцыі (потавыдзяленне, расшырэнне скурных сасудаў і інш.) гіпертэрмія суправаджаецца ўзмацненнем і якаснымі парушэннямі абмену рэчываў, стратай вільгаці і солей, парушэннем кровазвароту і забеспячэння мозга кіслародам, што выклікае ўзбуджэнне, зрэдку сутаргі і непрытомнасць. Пры тэмпературы цела 41—42 °C можа здарыцца цеплавы ўдар. Штучная гіпертэрмія выкарыстоўваецца пры лячэнні некаторых нервовых і хранічных хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛО́БУС (ад лац. globus шар),
картаграфічны відарыс на паверхні шара, які захоўвае геам. падабенства контураў і суадносіны плошчы. Вылучаюць геагр. глобусы, якія адлюстроўваюць паверхню Зямлі, нябеснай сферы, Месяца і інш. Глобус геагр. адрозніваюць паводле тэматыкі (агульнагеагр., паліт., тэктанічныя, кліматычныя і інш.), маштабу і прызначэння. Выкарыстоўваюць пераважна як наглядныя навуч. дапаможнікі. Найб. выкарыстоўваюць зямныя глобусы ў маштабах 1:30 млн. — 1:80 млн. Лічыцца, што першы глобус быў зроблены ням. географам і падарожнікам М.Бегаймам (1492).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДБАХА ПРАБЛЕ́МА,
праблема тэорыі лікаў, паводле якой кожны цотны лік, большы за 4, можна запісаць у выглядзе сумы двух простых лікаў (бінарная Гольдбаха праблема), а няцотны лік, большы за 5, — у выглядзе сумы трох простых лікаў (тэрнарная Гольдбаха праблема). Выказана акад. Пецярбургскай АН К.Гольдбахам (1742). У 1930 Л.Г.Шнірэльман даказаў тэарэму, што любы цэлы лік ёсць сума абмежаванай колькасці простых лікаў. Тэрнарную Гольдбаха праблему даказаў у 1937 І.М.Вінаградаў; бінарная Гольдбаха праблема не даказана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ ЛІ́НІЯў матэматыцы і геадэзіі,
крывая, якая абагульняе паняцце прамой (ці адрэзка прамой) у эўклідавай геаметрыі на выпадак прастораў больш агульнага віду. Лакальна з’яўляецца найб. кароткай сярод крывых, што злучаюць 2 зададзеныя пункты; гал. нармалі да іх з’яўляюцца нармалі да паверхні; праз кожны пункт паверхні ў кожным напрамку праходзіць адзіная геадэзічная лінія. Напр., на плоскасці геадэзічнай лініі будуць адрэзкі прамых, на сферы — вял. акружнасці, на цыліндры — вінтавыя лініі. У картаграфіі і навігацыі геадэзічная лінія мае назву артадромія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФАЛЯ́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. folium ліст),
абязлісценне, перадуборачнае выдаленне лісця з раслін з мэтай паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэфаліянты, якія выклікаюць у раслін працэсы, падобныя да прыроднага лістападу: зніжаецца колькасць хларафілу і вады, парушаецца працэс утварэння арган. рэчыва, павялічваецца колькасць прадуктаў распаду бялкоў і інш. злучэнняў, якія перамяшчаюцца з ліставой пласцінкі ў чаранок, што выклікае адасабленне клетак каля асновы ліста і яго ападанне. Выкарыстоўваюць часцей на пасевах бавоўніку, лубіну, тэхн. сартоў вінаграду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ЖАЛЬЦЫ (halterium),
парныя булавападобныя або колбападобныя мініяцюрныя органы двухкрылых, самцоў вееракрылых і чарвяцоў. Уяўляюць сабой відазмененыя крылы — заднія ў двухкрылых і чарвяцоў або пярэднія ў вееракрылых. Аснова і галоўка Ж. маюць вял. колькасць органаў пачуццяў — сэнсіл (напр., у сляпнёў іх 565). Іх вял. колькасць у насякомых, якія добра лётаюць. У палёце Ж. вагаюцца (б’юць) з той жа частатой, што і крылы, але ў процілеглай фазе, і функцыянуюць як гіраскоп. Выдаленне Ж. (у эксперыменце) у мух парушае стабілізацыю палёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЖАЛЬ,
у беларускай народнай міфалогіі бог агню, апякун рамёстваў, найперш кавальскага. Яго ўяўлялі магутным дэманам, які пад зямлёй у вогненнай кузні куе зброю, каб скінуць Перуна. Ж. паважалі за мужнасць і непакорнасць, але баяліся яго. Былі ўпэўнены, што, калі ён доўга працаваў у кузні, перагравалася зямля і пачыналася засуха, гарэлі тарфяныя балоты і лясы. Калі Ж. выходзіў з-пад зямлі, Пярун у гневе кідаў у Ж. вогненныя стрэлы-маланкі. Не папаўшы ў Ж., маланка магла быць прычынай пажару.