БЛАНШЫ́РАВАННЕ (ад франц. blanchir бяліць, абліваць кіпенем),
1) у харчовай прамысловасці — апрацоўка пладоў і агародніны гарачай вадой, парай. Засцерагае агародніну ад пацямнення і аблягчае варку варэння, ужываюць у вытв-сці він, пры вяленні вінаграду і інш. 2) У гарбарнай вытворчасці — зняцце з ніжняга боку скуры рэшткаў падскурнай клятчаткі. Бланшыраваннем надаюць паверхні гладкасць і выраўноўваюць таўшчыню скуры па ўсёй паверхні.
т. 3, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗКАДЗЕ́ЯННЕ,
канцэпцыя, паводле якой узаемадзеянні ў фізіцы паміж аддаленымі матэрыяльнымі аб’ектамі перадаюцца пры дапамозе «пасрэдніка» (гравітацыйнага, эл.-магн. ці іншага фіз. поля) ад аднаго пункта да другога з канечнай скорасцю. Напр., кожная эл. зараджаная часціца стварае вакол сябе эл.-магн. поле, якое дзейнічае на іншыя зараджаныя часціцы і распаўсюджваецца ў вакууме са скорасцю святла. Гл. таксама Далёкадзеянне.
т. 3, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ВАР, вінакурня, вінакурны завод,
традыцыйнае вытв. збудаванне, дзе варылі піва, гналі гарэлку.
На Беларусі вядомы з 16 ст. ў замках, сядзібах (звычайна размяшчаліся каля рэк, сажалак, зрэдку ў дварах), пры корчмах і аўстэрыях. Найчасцей гэта былі вял. драўляныя будынкі, накрытыя драніцай або гонтай, з мураванымі печамі ўнутры. Нярэдка ў склад бровара уваходзілі саладоўня з сушыльняй, варыўня, лазня, жыллё.
т. 3, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГРЫ́ ПУЧЭ́ННЯ,
мярзлотныя формы рэльефу круглаватай формы, якія ўтвараюцца пры прамярзанні моцна ўвільготненых тоўшчаў горных парод і павелічэнні іх аб’ёму ў выніку лакальнага намнажэння лёду. Развіты ў тундры і лесатундры. Бываюць да 30—40 м вышыні і 300—400 м у дыяметры асновы. Падзяляюцца на ўласна бугры і гідралакаліты. Мясц. назвы бугроў пучэння: «булгуннях» (як.), «пінга» (амер.) і інш.
т. 3, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАКА́МЕРА, камкордэр,
малагабарытная перадавальная тэлевізійная камера, аб’яднаная з касетным відэамагнітафонам для запісу тэлевізійных сігналаў. Бывае адна- і шматтрубкавая на відыконах, ПЗС-матрыцах. Мае аб’ектыў з пераменнай фокуснай адлегласцю, электронны відашукальнік, які выкарыстоўваецца для кантролю запісу пры здымцы (відэаманітор) і кантрольнага прагляду знятага матэрыялу адразу пасля здымкі, і сістэму аўтам. факусіроўкі. Адрозніваюць быт., паўпрафес. і прафес. відэакамеры.
т. 4, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ КПСС»,
навукова-палітычны часопіс, орган Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Выдаваўся ў 1957—91 у Маскве на рус. мове. Да 1963 выходзіў 6 разоў на год, пасля штомесяц. Друкаваў успаміны пра У.І.Леніна і яго паплечнікаў, асвятляў пытанні гісторыі КПСС і міжнар. камуніст. руху, кіруючай дзейнасці партыі, парт. будаўніцтва і інш.
т. 4, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЭСО́РНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад лац. accessorius дадатковы),
мінералы, якія ёсць у горных пародах у нязначных колькасцях (менш за 1%); заканамерная частка вывергнутых і асадкавых парод. Спачатку лічыліся выпадковымі дадатковымі мінераламі (адсюль назва). Тыповыя акцэсорныя мінералы гранітаў — апатыт, цыркон, турмалін, гранат і інш. Пры разбурэнні парод намнажаюцца ў россыпах. Па характары акцэсорных мінералаў можна выявіць роднаснасць, паходжанне і ўзрост горных парод.
т. 1, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́Д (ням. Allod),
свабодна адчужальная індывід.-сямейная зямельная ўласнасць у раннефеад. дзяржавах Зах. Еўропы. Прыйшоў на змену абшчынным формам уласнасці. З развіццём феад. адносін большасць дробных алодаў ператварылася ў залежныя сял. дзяржанні, а буйныя і сярэднія — у бенефіцыі і феоды. Як перажытак алод існаваў і пры развітым феадалізме. На Беларусі алоду ў некаторай ступені адпавядала вотчына.
т. 1, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФА́РА ((Alfaro) Элой) (1842 — студз. 1912),
дзярж. і паліт. дзеяч Эквадора. Лідэр Ліберальна-радыкальнай партыі. Генерал. У 1895 абвешчаны Нар. асамблеяй вярх. правіцелем краіны. У 1897—1901, 1906—11 прэзідэнт Эквадора. У 1906 урад Альфары прыняў канстытуцыю, якая замацавала дэмакр. свабоды. У 1909 пры падтрымцы Альфары скліканы 1-ы кангрэс працоўных Эквадора. Забіты ў г. Кіта.
т. 1, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФО́НС XIII (Alfonso; 17.5.1886, Мадрыд — 28.2.1941),
кароль Іспаніі [1886—1941]. З дынастыі Бурбонаў. Сын Альфонса XII. Да 1902 правіў пры рэгенцтве сваёй маці Марыі Крысціны Аўстрыйскай. У 1-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт краіны. Пасля перамогі на выбарах рэспубліканцаў эмігрыраваў (крас. 1931). У 1936 падтрымаў паўстанне нацыянал-фаш. сіл супраць рэспублікі. Адрокся ад прастола на карысць свайго сына Хуана.
т. 1, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)