адзіны заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы крымінальна-працэсуальнага права, што рэгулююць дзейнасць органаў дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры і суда па расследаванні і суд. разглядзе крымін. спраў. Першы КПК Беларусі прыняты паводле пастановы ЦВКБССР ад 30.3.1923, уведзены ў дзеянне з 15.4.1923. У 1927 і 1929 у КПК былі ўнесены змены і дадаткі. Дзеючы КПК Рэспублікі Беларусь прыняты 29.12.1960 4-й сесіяй Вярх. Савета рэспублікі, уведзены ў дзеянне з 1.4.1961. З часу прыняцця ў яго ўнесены шэраг змен і дадаткаў. КПК складаецца з 9 раздзелаў і 411 артыкулаў. У іх змешчаны агульныя палажэнні крымінальнага судаводства, вызначаны парадак узбуджэння крымін. спраў і дзейнасць па іх органаў дазнання і папярэдняга следства, парадак судаводства ў судах першай, касацыйных і нагляднай інстанцый, выканання прыгавораў і інш. Зыходзячы з таго, што многія нормы КПК патрабуюць удакладненняў і змен, адпаведнымі службамі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь падрыхтавана новая рэдакцыя КПК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КК),
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які ўстанаўлівае прынцыпы крымін. адказнасці, пералік грамадска небяспечных дзеянняў, што прызнаюцца злачынствамі, пакаранняў за іх і інш. мер прававога ўздзеяння на злачынцаў. Першы ККБССР прыняты 23.9.1928, уведзены ў дзеянне з 15.11.1928 (да яго прыняцця ў БССР дзейнічаў КК РСФСР 1922). Дзеючы КК Рэспублікі Беларусь прыняты 29.12.1960, уведзены ў дзеянне з 1.4.1961 (у яго неаднаразова ўносіліся змены і дапаўненні). КК складаецца з 2 частак — агульнай і асаблівай, у якіх змешчаны 16 глаў і 285 артыкулаў. Агульная частка ўключае агульныя палажэнні і задачы крымін. заканадаўства, вызначае падставы крымін. адказнасці, паняцце злачынства і інш. інстытутаў крымін. права; асаблівая частка — сістэматызаваны пералік канкрэтных злачынстваў з пазначэннем відаў і памераў пакарання за кожнае з іх. З прычыны таго, што многія ўстарэлыя палажэнні КК за апошнія гады неаднаразова мяняліся, пераглядаліся ці дапаўняліся, наспела неабходнасць у яго новай рэдакцыі. Адпаведныя органы Нац. сходу Рэспублікі Беларусь падрыхтавалі праект новага КК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́НЧЫК (Павел Сцяпанавіч) (17.9.1898, в. Едначы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.9.1975),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1918. Скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносін (1921). З 1927 віцэ-старшыня Слонімскай акр. управы, з мая 1929 чл.Гал. управы Таварыства беларускай школы. З 1928 дэп. польскага сейма. Уваходзіў у зах.-бел.к-т па падрыхтоўцы Еўрап. сялянскага кангрэса ў Берліне. Адзін з арганізатараў і чл.Гал. сакратарыята «Змагання». За рэв. дзейнасць у жн. 1930 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з вер. 1932 у СССР; на гасп. рабоце. 26.11.1935 арыштаваны органамі НКУСБССР. 1.4.1937 паводле пастановы Асобай нарады НКУССССР прыгавораны да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны Ваен. трыбуналам Бел.ваен. акругі 30.3.1956. Пасля адбыцця тэрміну пакарання жыў у Слоніме. Аўтар успамінаў «Як мы змагаліся за ўдзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯЭЛЕКТРО́НІКА (ад крыя... + электроніка),
крыягенная электроніка, адзін з кірункаў цвердацелай электронікі. Прылады К. характарызуюцца высокай адчувальнасцю, хуткадзеяннем, нізкім узроўнем цеплавых шумоў. Выкарыстоўваюцца для вымярэння магн. палёў, эл. напружанняў, інтэнсіўнасці інфрачырвонага выпрамянення ў вымяральнай і выліч. тэхніцы, ЗВЧ-апаратуры і інш.
Прынцып дзеяння прылад К. заснаваны на фіз. з’явах у цвёрдых целах пры крыягенных т-рах, напр., фазавы пераход нармальны метал — звышправаднік, квантаванне магн. патоку, Джозефсана эфект. Развіццё К. пачалося ў СССР, ЗША і інш. са стварэння ў 1953 крыятрона (мініяцюрнай пераключальнай прылады) і на яго аснове трыгера і квантрона, дзе інфармацыя запісваецца адзінкавымі квантамі магн. патоку. Ячэйка Кроу (асн. элемент крыягенных запамінальных прылад), прынцып дзеяння якой заснаваны на незатухальных эл. токах у звышправадніках, дазваляе захоўваць інфармацыю з надзвычай высокай шчыльнасцю ўпакоўкі.
На Беларусі даследаванні па праблемах К. праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН і Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЭ ((Kube) Рыхард Паўль. Вільгельм) (13.11.1887, г. Глогаў, Польшча — 22.9.1943),
кіраўнік нямецкай цывільнай акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Берлінскі ун-т. Чл. Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі, у якой займаў кіруючыя пасады. Указам А.Гітлера ад 17.7.1941 прызначаны ген. камісарам Генеральнай акругі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка генацыду, рабавання і знішчэння нац. багаццяў Беларусі; па яго ініцыятыве і пры садзейнічанні створаны Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі корпус самааховы, Беларуская рада даверу, Саюз беларускай моладзі і інш. арг-цыі, праз якія да супрацоўніцтва з акупантамі была прыцягнута частка бел. інтэлігенцыі. У час яго кіраўніцтва (вер. 1941 — вер. 1943) на Беларусі была знішчана б.ч. яўрэяў, праведзена каля 100 карных аперацый супраць насельніцтва і партызан, выяўлены і жорстка пакараны многія ўдзельнікі антыфаш. падполля, у т. л. Мінскага. Знішчаны патрыётамі ў ноч на 22.9.1943 у выніку выбуху міны ва ўласнай кватэры ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТО́ДЗІЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (7.3.1878, г. Астрахань, Расія — 26.5.1927),
расійскі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1903), дзе вучыўся ў І.Рэпіна. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Чл. Саюза рус. мастакоў (э 1907), аб’яднання «Свет мастацтва» (з 1911), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1905—07 супрацоўнічаў з сатыр. часопісамі. З 1906 пісаў карціны на тэмы святочнага сял. і мяшчанскага побыту («Кірмаш», «Сялянскія святы», «Масленіцы», «Балаганы»), якія вызначаліся яркай шматколернасцю, жыццёвай дакладнасцю, блізкасцю да мадэрну. Стварыў збіральныя вобразы-тыпы купецкай Расіі: «Купчыхі» (1912), «Прыгажуня» (1915), «Купчыха за гарбатай» (1918) і інш. Распрацаваў жанр партрэта-карціны (аўтапартрэт, 1912; партрэты А.І.Анісімава, 1915; Ф.Шаляпіна, 1922). Аўтар інтымна-лірычных партрэтаў І.Кустодзіевай, Ю.Кустодзіевай з дачкой (абодва 1906) і інш. Звяртаўся да сав. тэматыкі («Бальшавік», 1920) і інш. Аўтар літаграфій, лінарытаў, кніжных ілюстрацый. Афармляў тэатр. спектаклі. У Нац.маст. музеі Беларусі 11 жывапісных і 16 графічных твораў К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУТШЭ́БА ((Kutrzeba) Станіслаў) (15.11.1876, г. Кракаў, Польшча — 7.1.1946),
польскі гісторык. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1898), з 1908 праф. гісторыі права ў ім. У 1926—39 ген. сакратар, у 1939 прэзідэнт Польскай АН у Кракаве. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагера Заксенгаўзен (1939—40), арганізатар падп. ун-та ў Кракаве (1942). Чл.Краёвай Рады Нарадовай (1945), удзельнік міжнар. канферэнцыі ў Маскве, у выніку якой створаны Часовы ўрад нац. адзінства. Даследаваў гісторыю дзяржавы і права Польшчы і Рэчы Паспалітай. Аўтар прац: «Суды земскія і гродскія ў сярэднія вякі» (1901—02), «Нарыс гісторыі дзяржаўнага і грамадскага ладу Польшчы» (т. 1—4, 1905—17), «Старажытнае польскае судовае права» (т. 1—2, 1921), «Гісторыя крыніц старажытнага польскага права» (т. 1—2, 1925—26). Выдаў зб. дакументаў: «Акты уніі Польшчы з Літвой 1385—1791» (1932, з У.Сямковічам), «Польскія вайсковыя палажэнні і артыкулы з XV да XVIII ст.» (1937) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮ́СЮ,
востраў на Пд Японіі. Пл. каля 42 тыс.км². Нас. 13,3 млн.чал. (1992). Абмываецца на У Ціхім ак., на ПнУ — Унутр. Японскім м., на З — Усх.-Кітайскім м.Усх. бераг прамалінейны, астатнія моцна парэзаныя бухтамі, залівамі. Паверхня гарыстая, выш. да 1788 м (вулкан Кудзю). На З і ПнЗ нізінныя алювіяльныя раўніны. Горы складзены пераважна з гранітаў, сланцаў, вулканічных парод; узгоркі і нізіны з пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы каменнага вугалю. Актыўна дзеючыя вулканы (Аса, Кірысіма і інш.). Шмат гарачых крыніц. Частыя землетрасенні (найб. моцныя ў 1909, 1961, 1968). Клімат субтрапічны, на Пд трапічны мусонны. Т-ра паветра ў гарах у студз. каля 0 °C, на прыбярэжных раўнінах 10 °C, у ліп. адпаведна 15 і 28 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Тайфуны. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння. Вечназялёныя і лістападныя лясы, лугі. Вырошчваюць рыс, збожжавыя, цукр. трыснёг, цытрусавыя, тытунь. Гарады: Кітакюсю, Фукуока, Кагосіма, Кумамота, Нагасакі. Нац. паркі: Асо, Кірысіма—Яку, Сайкай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПАТО́ (Георгій Паўлавіч) (н. 23.8.1924, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1995), чл.-кар.Рас.АН (1979). Д-ртэхн.н. (1976), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі энергет.ін-т (1952). З 1959 на Мінскім з-дзе ЭВМ. У 1969—72 дырэктар Мінскага філіяла Н.-д. цэнтра электроннай выліч. тэхнікі. З 1972 у НДІЭВМ (у 1972—87 дырэктар), адначасова ў Мінскім радыётэхнічным ін-це. У 1992—95 дырэктар навук.-інж. цэнтра «Нейракамп’ютэр», з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Навук. працы па распрацоўцы і вытв-сці ЭВМ сям’і «Мінск», ЭВМ Адзінай сістэмы, выліч. комплексаў, сістэм і сетак, аўтаматызацыі праектавання ЭВМ. Гал. канструктар ЭВМ «Мінск-1», шматмашынных сістэм «Мінск-222», сістэмы калект. карыстання «Нарач», шэрагу рухомых (бартавых ЭВМ), спец.выліч. комплексаў. Дзярж. прэмія СССР 1970.
Тв.:
Вычислительная техника в Белоруссии // Информационные технологии и вычислительные системы. 1997. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭ́НЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
старажытнарускі летапісны збор 14 ст. Перапісаны з больш даўняга спіса манахам Лаўрэнціем (адсюль назва), магчыма, у Ніжнім Ноўгарадзе або Уладзіміры. Збярогся ў пергаментным рукапісе 1377. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст) і летапісу 12—13 ст., прысвечанага гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Апошнія запісы датаваны 1305. Змяшчае таксама «Павучанне Уладзіміра Манамаха» (пад 1096), паданне пра Рагнеду Рагвалодаўну (пад. 1128), агіяграфічную аповесць «Жыццё Аляксандра Неўскага» (пад 1263). Данёс каштоўныя звесткі па гісторыі Русі і асобных яе зямель (Кіеўскай, Наўгародскай, Полацкай, Уладзіміра-Суздальскай), пра дзейнасць стараж.-рус. князёў, у т. л.Усяслава Брачыславіча, па гісторыі культуры і мастацтва ўсх. славян. Як літ. твор уяўляе сабой збор датаваных гіст. апавяданняў і дзелавых запісаў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці, аб’яднаных агульнай тэмай (гісторыя Русі), спосабам летапіснага адлюстравання мінулага і пагадовай формай выкладу. Упершыню апубл. ў 1846 у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 1). Зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.