КЛАЙВ ((Clive) Роберт) (29.9.1725, маёнтак Стайч, каля г. Сток-он-Трэнт, Вялікабрытанія — 22.11.1774),
дзеяч англ. каланіяльнай адміністрацыі ў Індыі. Генерал. На чале войск англ. Ост-Індскай кампаніі ў бітве каля Плесі (1757) разбіў войскі наваба Бенгаліі і заваяваў яе. У 1757—60 і 1765—67 англ. губернатар Бенгаліі. Увёў т.зв. дваістае кіраванне (грамадз. справы ў распараджэнні мясц. улад, збор падаткаў у Ост-Індскай кампаніі). Разрабаваў казну наваба. Пасля вяртання ў Англію абвінавачаны ў хабарніцтве. Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ТХСКІЯ КНЯ́СТВЫ,
княствы ў Індыі ў 18 — пач. 19 ст. У 1730—40-я г. з дзяржавы, створанай Шываджы і яго нашчадкамі, вылучыліся княствы Нагпур (дынастыя Бхонсле), Індур (Холкары), Гваліяр (Сіндхія), Барода (Гаэквары) і інш. Пасля разгрому афганцамі ў 1761 маратхскага войска пры Паніпаце М.к. фактычна сталі незалежнымі дзяржавамі, хоць намінальна прызнавалі старшынства дынастыі пешваў (гал. міністраў). Барацьба М.к. паміж сабой стала прычынай іх паражэння ў англамаратхскіх войнах канца 18 — пач. 19 ст. і заваявання англічанамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ДА, Нарбада,
рака ў Індыі. Даўж. 1250 км (па інш. звестках каля 1400 км), пл. басейна каля 102 тыс.км². Пачынаецца на схілах хр. Майкал, цячэ ў глыбокай даліне па паўн.-зах. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Камбейскі зал. Аравійскага м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 1260 м³/с, макс. ў час летніх мусонных дажджоў. У ніжнім цячэнні выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў эстуарыі. У даліне Н. — г. Джабалпур. Н. — «свяшчэнная» рака індусаў, прываблівае шмат паломнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНАЦВЕ́Т, восеннік (Colchicum),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Іране і на У — да Паўн.Індыі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрап. рэліктавы від — П. асенні (C. autumnale), занесены ў Чырв. кнігу Як дэкар. расліну вырошчваюць П. цудоўны (C. speciosum).
Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны з кароткім сцяблом. Лісце лінейнае або шырока-ланцэтнае. Кветкі (1—8) буйныя, рознай афарбоўкі, у некат. відаў паяўляюцца ў канцы лета ці восенню (адсюль назва). Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕТРО́БРАЗ»
(Petróbraz),
дзяржаўная нафтагазавая і нафтахім. кампанія Бразіліі. Праводзіць геолага-разведачныя работы, здабычу, перапрацоўку і збыт нафты і газу ўнутры краіны, а таксама знешнегандлёвыя аперацыі з гэтымі таварамі. Засн. ў 1954. Мае 87 даччыных і асацыіраваных кампаній, 11 нафтаперапр. з-даў, сетку нафтаправодаў, нафтасховішчы і танкерны флот. Вядзе пошукі на нафту ў Лівіі, Конга, Індыі, Іране, Анголе і інш. Аб’ём продажу 14,8 млрд.дол. ЗША, чысты прыбытак 765 млн.дол., занята 67 тыс.чал. (канец 1980-х г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДЫ (санскр. веда літар. веды),
ведычная літаратура, помнікі стараж.-індыйскай літаратуры (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Напісаны на стараж.-інд. (ведыйскай) мове. Адлюстроўваюць рэліг. ўяўленні і міфалогію стараж.інд. грамадства. Складаюцца з 4 зборнікаў гімнаў, малітваў і ахвярных формул і паэт строф: «Рыгведа» (Кніга гімнаў), «Самаведа» (Веда мелодый), «Яджурведа» (Веда ахвярапрынашэнняў), «Атхарваведа» (Веда заклінанняў), а таксама з тэалагічных трактатаў (брахманы, араньякі і упанішады). Веды — крыніца звестак па сац.-эканам. і культ. гісторыі стараж.Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДАМА́НСКІЯ АСТРАВЫ́,
архіпелаг на Пн Індыйскага ак. паміж Бенгальскім зал. і Андаманскім морам. Працягласць з Пн на Пд 350 км. Частка саюзнай тэр.Індыі (Андаманскія і Нікабарскія астравы). Пл. 6,5 тыс.км². Самыя вял. а-вы: Паўн. Андаман, Сярэдні Андаман, Паўд. Андаман, М. Андаман. Андаманскія астравы — вяршыні падводнага горнага ланцуга на прадаўжэнні хр. Ракхайн (з вулканамі Барэн і Наркандам), месцамі акаймаваны рыфамі. Нізкагорны расчлянёны рэльеф, выш. да 732 м (г. Садл-Пік). Клімат трапічны, мусонны. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Адзіны горад — Порт-Блэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГАДЗІ́Р (ням. Brigadier),
1) ва ўзбр. сілах Францыі ў 1667—1788 афіцэрскі чын камандзіра пяхотных ці конных брыгад, пазней чын мал. унтэр-афіцэра ў кавалерыі, артылерыі, жандарскіх, інж. часцях; у Германіі да 1674 назва (па пасадзе) камандзіра артыл. брыгады; у Расіі ў 1722—99 афіцэрскі чын, прамежкавы паміж палкоўнікам і генерал-маёрам; у ВКЛ да 1794 назва камандзіра артыл. ці кав. брыгады. У сучасных умовах званне брыгадзір прысвойваецца афіцэрам сухап. войск Вялікабрытаніі, Індыі, Егіпта і некаторых інш. дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЖАЯНА́ГАР,
феадальная дзяржава ў Паўд.Індыі ў 14—17 ст. Знаходзілася на Пд ад р. Крышна. Утварылася ў 1336 у выніку барацьбы мясц. феадалаў з Дэлійскім султанатам. Пры Дэвараі II [1422—46] Віджаянагар падначаліў усю Паўд. Індыю, яго войскі рабілі паходы на Цэйлон і ў Бірму, нанеслі паражэнне Бахманідскаму султанату. Найб. росквіту дасягнуў пры Крышнадэвараі [1509—29]. Віджаянагар пастаянна ваяваў з дзяржавай Бахмані, потым з утворанымі на яе тэр. султанатамі. Пацярпеў паражэнне ў 1565, прыйшоў у заняпад і да сярэдзіны 17 ст. распаўся на княствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАХАБА́Д,
горад у паўн.ч.Індыі, у штаце Утар-Прадэш, пры зліцці рэк Ганг і Джамна. 650 тыс.ж. (1981). Транспартны вузел. Харчасмакавая прам-сць, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Рэліг. цэнтр індуізму, дзе раз у 12 гадоў адбываюцца масавыя індуцкія рэлігійныя фестывалі «Кумбх-мела», святкаванні збана нектару бессмяротнасці (у рэках веруючыя змываюць з сябе грахі і хваробы). Каменная калона цара Ашокі (каля 242 да н.э., выш. за 10 м), інш.гіст. помнікі. Ун-т.