метадалагічны прынцып, прапанаваны Н.Борам (1927) у сувязі з неабходнасцю стварэння лагічна несупярэчлівай фіз. інтэрпрэтацыі квантавай механікі; метадалагічнае абагульненне неазначальнасцей суадносін.
Мікраскапічныя аб’екты (электроны, фатоны і інш.) у розных эксперым. умовах могуць паводзіць сябе як строга лакалізаваныя часціцы ці як хвалі. Аднак уяўленне пра суіснаванне карпускулярных і хвалевых уласцівасцей у адным і тым жа аб’екце звязана з неабходнасцю аб’яднання несумяшчальных паняццяў (напр., паняцце даўжыні хвалі ў пэўным пункце прасторы не мае сэнсу). У адпаведнасці з Д.п. пры тэарэт. апісанні мікраскапічных з’яў неабходна ўжываць 2 сістэмы макраскапічных паняццяў, бо выкарыстанне адной з іх выключае магчымасць адначасовага выкарыстання другой; абедзве ж яны аднолькава неабходныя для поўнага апісання квантава-мех. сістэм і з’яўляюцца нібыта ўзаемна дапаўняльнымі бакамі такога апісання. Бор прадэманстраваў таксама справядлівасць Д.п. ў дачыненні да апісання біял., псіхал. і сац. з’яў. З дапамогай Д.п. ўстанаўліваецца эквівалентнасць (раўназначнасць) паміж двума класамі паняццяў, што апісваюць супярэчлівыя сітуацыі ў розных сферах пазнання. У вузкім сэнсе Д.п. супадае з прынцыпам ням. фізіка В.Гайзенберга, які адзначаў, што пры пэўнасці каардынаты мікрачасціцы мае месца нявызначанасць імпульсу і наадварот. Часам Д.п. ацэньваецца як метадалогія, толькі знешне падобная на дыялектычную, або наогул як метафізічны падыход (мех. злучэнне процілегласцей). Фізікі капенгагенскай школы (П.Іордан, Дж.Франк) лічылі Д.п. чыста суб’ектыўным, цалкам абумоўленым слабасцямі пазнання, звязанымі з адсутнасцю спец. сродкаў адлюстравання цэласнасцей, вымушанасцю пазнання па частках.
Літ.:
Крымский С.Б., Кузнецов В.И. Мировоззренческие категории в современном естествознании. Киев, 1983;
Дополнительность и методология научного познания // Нильс Бор и наука XX в.: Сб. науч. тр. Киев, 1988;
Мировоззренческие структуры в научном познании. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),
форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.
Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш.); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАФРЫКАНІ́ЗМ,
міжнародны ідэйна-паліт. рух, які ўзнік на мяжы 19 і 20 ст. сярод негрыцянскага насельніцтва ЗША і Вест-Індыі. Напачатку знаходзіўся пад моцным уплывам М.Гарві, які лічыў, што негрыцянскае пытанне можна вырашыць толькі шляхам перасялення ўсіх неграў на «гіст. радзіму» — у Афрыку. Пасля 1-й сусв. вайны рух П. ўзначаліў У.Э.Б.Дзюбуа, пад кіраўніцтвам якога пачалася арганізаваная барацьба супраць расавай дыскрымінацыі, за роўныя правы для чорных і белых. У 1919, 1921, 1923 і 1927 адбыліся панафр. кангрэсы. З 1930-х г. усё большы ўдзел у панафр. руху прымаюць выхадцы з самой Афрыкі. Сенегалец Л.Сенгор прапанаваў канцэпцыю негрыцюду — самабытнасці афр. культуры. Адначасова ў П. ўзмацнілася сацыяліст. плынь на чале з Дж.Пэдмарам. У кастр. 1945 у Манчэстэры (Вялікабрытанія) адбыўся 5-ы Панафр. кангрэс, на якім прадстаўнікі Афрыкі, у т. л. будучыя дзярж. дзеячы К.Нкрума, Дж.Кеніята, Х.К.Банда, А.Авалова, мелі ўжо больш за палавіну месцаў. Кангрэс выпрацаваў паліт. праграму ліквідацыі еўрап.калан. сістэмы ў Афрыцы і стварэння незалежных афр. дзяржаў. Гэтым быў дадзены моцны штуршок стварэнню ў афр. калоніях мясц.паліт. партый і рухаў і працэсу дэкаланізацыі Афрыкі ў 1950—60-я г. Некаторыя радыкальныя прыхільнікі П. (Нкрума) заклікалі да стварэння адзінай афр. дзяржавы, але іх ідэі знайшлі ўвасабленне толькі ў стварэнні Арг-цыі афр. адзінства (1963) і шэрагу рэгіянальных афр. міждзярж. саюзаў. 6-ы Панафр. кангрэс (Дар-эс-Салам, 1969) канстатаваў моцныя рознагалоссі ў руху П. і знікненне яго як адзінага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СЕЛ (Russell) Бертран Артур Уільям, лорд (18.5.1872, Трэлек, Вялікабрытанія — 2.2.1970), англійскі матэматык, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін са стваральнікаў сучаснай матэматычнай логікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1894). Прафесар шэрагу ун-таў Вялікабрытаніі і ЗША. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1908). Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А.Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету. У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магутнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Быў адным з ініцыятараў Пагуашскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век. Нобелеўская прэмія па л-ры 1950.
Тв.:
Рус.пер. — Воздействие науки на общество. М., 1952;
Человеческое познание. Его сфера и границы. М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́НШАВАЯ РЭФО́РМА,
рэформа чыншавых сялян Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны, праведзеная царскім урадам паводле закона ад 9.6.1886. Чыншавыя пазямельныя адносіны ў сельскай мясцовасці гэтых рэгіёнаў былі ліквідаваны. Чыншавікоў пераводзілі на абавязковы выкуп. Выкупныя плацяжы іх былі, як правіла, вышэйшыя за плацяжы б. панскіх сялян. Пазыка за некат. выключэннямі выдавалася ў поўным аб’ёме. Чыншавікі захоўвалі за сабой сервітутнае права (гл.Сервітуты). Для доказу права на спадчынную арэнду зямлі яны павінны былі падаць пэўныя дакументы ці паказанні сведак. Чыншавікі, якія даказалі арэндныя правы на займаемыя займаныя* імі зямельныя ўчасткі, па добраахвотнай згодзе з памешчыкамі маглі на працягу 3 гадоў выкупіць іх або замяніць чыншавае трыманне простай арэндай. Чыншавікоў-мяшчан, якія перайшлі на выкуп, прыпісвалі да валасцей. Чыншавых правоў былі пазбаўлены арандатары, якія не мелі адпаведных дакументаў ці не падалі паказанняў сведак на спадчыннае карыстанне зямлёй, а таксама чыншавікі, што карысталіся ёй толькі на працягу апошніх 10 гадоў да рэформы 1886. Арандатараў, пазбаўленых гэтых правоў, памешчыкі зганялі з зямлі або замянялі чыншавае трыманне часовай арэндай. На Беларусі, у Літве і на Правабярэжнай Украіне з 58 тыс. чыншавікоў, якія атрымалі права выкупу, нават на канец 1903 больш за палову не выкарысталі яго. Да 1898 у 5 зах. губернях з 21 238 прашэнняў чыншавікоў ранейшыя правы на зямлю пав. чыншавыя камісіі прызналі толькі ў 3479 (16,4%) выпадках. Пераважная большасць чыншавікоў была пазбаўлена арандаваных імі зямельных угоддзяў.
Літ.:
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПРЫВО́Д,
сукупнасць крыніцы энергіі і прыстасаванняў для яе ператварэння і транспарціроўкі пры дапамозе вадкасці да прывадной машыны. Мэта ўжывання гідрапрывода — атрыманне патрэбнай залежнасці скорасці прывадной машыны ад нагрузкі, больш поўнае выкарыстанне магутнасці рухавіка, змяншэнне ўдарных нагрузак і інш.Як крыніца энергіі выкарыстоўваюцца эл. або цеплавы рухавікі, вадкасць пад ціскам і інш. У залежнасці ад віду гідраперадачы адрозніваюць гідрапрывод гідрастатычны (аб’ёмны), гідрадынамічны і змешаны (гл.Гідрастатычная перадача, Гідрадынамічная перадача).
Аб’ёмны гідрапрывод дазваляе з высокай дакладнасцю падтрымліваць або змяняць скорасць машыны пры адвольным нагружанні, дакладна ўзнаўляць зададзеныя рэжымы вярчальнага або зваротна-паступальнага руху. Выкарыстоўваецца ў металарэзных станках, прэсах, сістэмах кіравання лятальных апаратаў, суднаў, цяжкіх аўтамабіляў, цеплавых рухавікоў, гідратурбін, часам — якгал. прывод на аўтамабілях, кранах. Дынамічны гідрапрывод дазваляе ажыццяўляць толькі вярчальны рух, частата вярчэння яго вядучага вала аўтаматычна мяняецца са зменай нагрузкі. Выкарыстоўваецца для прывода грабных вінтоў, сілкавальных помпаў ЦЭС, шахтавых пад’ёмных машын, вентылятараў і інш.Змешаны гідрапрывод выкарыстоўваюць у штамповачных прэсах (цэнтрабежная помпа падае вадкасць у гідрацыліндр, які прыводзіць у рух рабочы інструмент прэса), машынах для запуску газавых турбін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕР (ням. Lager паселішча, стаянка),
1) Л. ваенны — месца размяшчэння войск па-за населеным пунктам, абсталяванае для выканання баявых, навуч. і інш. задач.
У старажытнасці Л. ствараліся як умацаваныя баявыя пазіцыі, найб. пашырыліся ў Стараж. Рыме (гл.Лагер рымскі). На Русі ў 11—17 ст. уладкаванне Л. (станаў) дасягнула высокага ўзроўню. У Чэхіі ў 15 ст. і ва ўкр. казакоў у 16—17 ст. Л. (табар) акружаўся некалькімі шэрагамі павозак. Ваен. Л. былі паходныя і пастаянныя (агараджаліся ровам, валам, сцяной; некаторыя з умацаваных Л. пераўтвараліся ў крэпасці). З развіццём артылерыі і інш. сродкаў масавага паражэння Л. як умацаваныя стаянкі страцілі сваё значэнне. З 2-й пал. 19 ст. захаваліся толькі Л. для навучання войск у палявых умовах (у Расіі такія Л. ствараліся з канца 17 ст.). У Сав. Арміі навуч. Л. існавалі да 1960-х г. (іх замянілі навуч. цэнтры).
2) Часовае пасяленне, стаянка пэўнай групы людзей (лесарубаў, будаўнікоў, даследчыкаў).
3) Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы.
4) Месца ўтрымання ваеннапалонных, зняволеных, рэпрэсіраваных (гл.Канцэнтрацыйны лагер).
5) Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў.
6) Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для дзяцей школьнага ўзросту (напр., «Артэк», «Зубраня»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЭНД-АРТ (англ. land art мастацтва зямлі),
мастацтва трансфармацыі прыродных аб’ектаў; кірунак сучаснага мастацтва. Як від татальнага мастацтва імкнецца праз пераўтварэнне наблізіць рэальны ландшафт да жывапіснага пейзажу, да аднаўлення страчанай сувязі чалавека з прыродай. Узнік у 1960-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на экалагічныя праблемы і камерцыялізацыю мастацтва. Першапачаткова творы Л.а. ствараліся на т.зв. ускраінных прасторах (пустыні, астравы, аддаленыя ад жылых месцаў вадаёмы і інш.). Заснавальнікі кірунку (Д.Опенгайм, Р.Лонг, В. дэ Марыя, Р.Смітсан, М.Хейзер) ажыццяўлялі буйнамаштабныя праекты на вял. прыроднай прасторы: капалі равы, рабілі насыпы, праводзілі на зямлі барозны, лініі вапнай або камянямі і інш. Іх формы часта нагадвалі знакі культур стараж. плямён, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Пазней месцамі правядзення падобных акцый сталі пераважна лясныя гушчары, паляны, узбярэжжы рэк і азёр, дзе ствараліся інсталяцыі з прыродных матэрыялаў (ствалы дрэў, лісце, галіны, камяні, дзірван і інш.). У задуму твора ўключаюцца яго змены пад уздзеяннем атмасферных з’яў, росту раслін і інш. прыродныя працэсы. Твор звычайна ахоплівае вял. плошчу і цалкам бачны толькі з вял. вышыні. Найб. вядомы ўзор Л.а. — «Спіральная дамба» Смітсана ў Вял. Салёным воз. ў ЗША (1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭІ́ЗМ (ад грэч. theos бог) рэліг. светапогляд, заснаваны на разуменні Богаяктрансцэндэнтнага разумнага пачатку, творцы, ахоўніка і ўладара сусвету. Тэрмін «Т.» уведзены ў навуку ў 1743 англ. філосафам Р.Кедвартам. Т. адрозніваюць ад пантэізму, які адмаўляе трансцэндэнтнасць Бога, і дэізму, паводле якога Бог толькі першастваральнік свету. Да тэістычных веравучэнняў адносяць хрысціянства, іудаізм і іслам. Філас. асэнсаванне Т. звязана з тлумачэннем Бібліі на аснове стараж.-грэч. філасофіі, у прыватнасці, платонаўска-арыстоцелеўскага вучэння пра саматоесную чыстую сутнасць. Асн. рысы Т. — прызнанне прысутнасці ў свеце разумнага Божага ўмяшання, што забяспечвае адпаведнасць існага Божаму прадвызначэнню (гл.Правідэнцыялізм), вера ў перманентную сувязь кожнага чалавека з Богам і ў магчымасць непасрэднага дыялогу паміж імі; акцэнтоўка ўвагі на веры, ступені яе глыбіні і шчырасці («жывая вера» ў каталіцызме, «сардэчная вера» ў праваслаўі), а не на знешніх, рытуальных формах рэлігійнасці. З канца 19 — пач. 20 ст. для эвалюцыі Т. характэрна падкрэсліванне персаналісцкіх аспектаў Т. (гл.Персаналізм), пераасэнсаванне тэістычнай анталогіі (У.С.Салаўёў, П.Тэяр дэ Шардэн, дыялектычная тэалогія, рэліг.экзістэнцыялізм), спробы тлумачэння тэістычных фундаментальных палажэнняў як міфалагічнай мовы (Р.Бультман), трактоўка эвалюцыі прыроды на аснове тэістычнага правідэнцыялізму (тэістычны эвалюцыянізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІВЕРСА́ЛІІ (ад лац. universalis агульны, усеагульны),
агульныя паняцці. Праблема анталагічнага і гнасеалагічнага статусу У. займае адно з цэнтр. месцаў у гісторыі філасофіі і звязана з пытаннямі пра сутнасць быцця, суадносін абстрактнага і канкрэтнага, агульнага і адзінкавага, мыслення і рэчаіснасці.
Вучэнне пра У. акрэслілася ў філасофіі Платона, які лічыў, што У. адпавядае сапраўднае (ідэальнае) быццё, а адзінкавыя, канкрэтныя рэчы эмпірычнага свету — вынік драблення і абмежаванасці ідэальнага пры яго ўзаемадзеянні з небыццём. Арыстоцель сцвярджаў, што агульнае мае другаснае значэнне і для пазнання выяўляецца толькі ў першасных сутнасцях (адзінкавых аб’ектах, даступных пачуццёваму вопыту). У сярэдневяковай схаластыцы ў вырашэнні праблемы У. вылучыліся 3 супрацьлеглыя кірункі: наміналізм, рэалізм і канцэптуалізм; т.зв. «спрэчкі пра У.» адыгралі важную ролю ў развіцці анталогіі, логікі і сістэматызацыі тэалогіі. Новы падыход да праблемы У. распрацаваў І.Кант, які разглядаў У. як элемент сінтэзу, што стварае прадмет пазнання, а не яксамаст. сутнасць. З 20 ст. ў распрацоўцы праблемы У. развіваюцца традыц. падыходы (наміналістычны ў неапазітывізме, кантыянскі ў фенаменалогіі, платонаўскі ў неарэалізме і інш.) і вылучаюцца новыя трактоўкі У., якія фіксуюць моўныя і сац.-камунікатыўныя (У. ван О.Куайн, Л.Вітгенштэйн) і культуралагічныя (Э.Касірэр, Ж.Дэлёз і інш.) аспекты У.